Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Яна якраз карміла «вельмі распусную» ўнучку, якой не сядзелася ў бабулі на каленях. Удзвюх яны нагадалі мне i маю, таксама калісьці нямоглую ды з унучкай. I стала добра, гаркавата на душы… Усе яны i ўсюды так падобныя.

Светлая трохгадовая дзяўчынка пішчала, тузалася з калень, ад місачкі з малочнай кашай. Вырасце — будзе бабу сваю, магчыма, памятаць. Але ці так, каб зразумець, адчуць, якая яна сама была цяжкая для гэтых сухіх, дрыготкіх рук, для каленяў, для сэрца, што жыло, сяк-так трымалася яшчэ ўсё абавязкам мацярынства?..

А хто ж такі «Иван Апанасав 1940 г»?

Мы спыталіся, i бабуля растлумачыла. Пра ўсю сям'ю. Сямён — гэта яе першы чалавек. Марыя, Ева, Ганна — гэта ix дзеці. Апанас i Вера — дзевер з жонкаю. A Іван Апанасаў — іхні малы. «Якраз такі во быў, як гэтая». Што на каленях.

Расказаць пра той страшны дзень мы бабулю не так угаварылі, як спакваля разварушылі пытаннямі. А зняцца з унучкай — ледзь упрасілі. Можа, i не згадзілася б, але прыйшла з фермы нявестка, румяна-ўвішная маладзіца. Узяўшы малую ў пакой, яна завіхнулася там, i хвілін праз некалькі адтуль у кухню пачулася:

— Дзядзь-ка, а во!

Гэта — мне, бліжэйшаму, каго яна заўважыла праз шчыліну ў вясёленькай шырме.

Малая стаяла ўжо ў новай сукеначцы. I прычасаная. З усмешкай, за якую ім даруецца ўсё. Яе «а во!» якраз i значыла: «Глядзі, якая я, любуйся!»

Спачатку мне прыгадалася народнае, мужчынскае: «Во, браце, бабскае насенне!» А потым я гэтую ўсмешку малое — ад мамы, ад бабулі — міжволі, жудасна перанёс туды, пад бярозы.

Дзе такі самы, як яна, Іван.

1975

ПОЛЫМЯ

Над рэчкай на лясной паляне — вогнішча. Рыбацкае, у летнім прыцемку.

Хлопчык, які не хоча спаць, сваёю радасцю напамінае мне маю былую чысціню дзіцячага захаплення агнём — такім раскошным відовішчам, такою таямнічай з'явай.

Туды, у тыя даўнія адчуванні, мне ўжо цяпер свабодна не прайсці: свабодзе перашкаджае нядаўні ўспамін.

…Дзяўчына выкручвае з калодзежа ваду. Калодзеж прытаіўся пад буйным вішняком. Ад белых пялёсткаў вясною i пажаўцелага лісту ўвосень ваду ў сцюдзёным прадонні ахоўвае круглая драўляная будачка з дзверцамі. Дзяўчына круціць спраўную корбу лёгка. Толькі ледзь-ледзь, рытмічна падрыгваюць пад квяцістай кофтачкай яе пяшчотныя плечы i грудзі ды прынапружваецца поўная, высока загарэлая рука. Дзяўчына маладзенькая, румяная i незвычайна, «не па-сучаснаму» сарамлівая.

— Тата i мама ў хаце.

І больш ні слова. Што ж, нам толькі бацька яе i трэба.

Немалады мужчына расказвае.

Звычайнае: кал i прыйшлі яны — ён не мог не пайсці. Яны — гэта фашисты, а ён — савецкі партызан. Па-салдацку, не на жыццё, а на смерць. A ў ix было многа зусім не салдацкай подласці. Яны спалілі яго дом, а жонку i дзяцей нават не ў хаце спалілі, a ў хлеўчуку.

— Меншы, дванаццаць гадоў, быў тады з камандзірскім рэменем, — расказвае бацька. — І рэмень той не дагарэў. Так ён, мой хлопец, i ляжаў… з гэтым сваім гулянием у руцэ… A ў большага, на два гады старэйшага, у роце было поўна саломы. Душыўся ад агню, ад дыму… Я яе павыцягваў…

Бацька змаўкае, відаць, успомніўшы, што i ў чатырнаццаць гадоў — чалавек яшчэ ўсё дзіця.

— Ён не хацеў крычаць.

Гэта ўжо сказана як пра дарослага…

Мы заціхаем у горкім маўчанні.

На сцяне — партрэт жанчыны, былое жонкі гаспадара. Я пазнаю гэта па тым, што яна не адна на партрэце, а побач з ім, гаспадаром, у свой час маладым.

Пад гэтым парным партрэтам, на канапе сядзіць мажная, мілавідная жанчына, вельмі прыкметна маладзейшая за гаспадара. I не пытаючыся, можна здагадацца, што гэта яна нарадзіла яму дужую, сарамлівую дачку-красуню.

Іншых партрэтаў на сцяне няма. Хлопцы былі малыя, да Слуцка далекавата… А можа, проста згарэлі ix фота, не захаваліся, як маміна i татава, у сваякоў.

Мужчына доўга маўчыць. Па той, па тых. А гэтая, другая жонка, можа думаць… Не, гэта не яна — я за яе падумаў, што рэўнасці тут — няма. Ёсць толькі боль сястры i маці. I разуменне, хоць i нялёгкае яно, што тое i тых не заступіш сабой i дачкой, якая яна ні харошая…

Хлопчык каля начнога рыбацкага вогнішча рад i не хоча лажыцца. Шчабеча, падкідае ламачча і, зноў заварожаны, моўчкі глядзіць, як весялее полымя.

Я сам пакуль што не гару ў тым полымі,— я не магу такога да канца ўявіць. Гарыць той хлопец, з саломай у роце… Не, i другога я не забыўся, таго, які гарэў з «гулянием» у руцэ. Якраз яго i нагадаў мне наш, што радуецца каля вогнішча. Ды толькі ж той, з саломаю, што «не хацеў крычаць», як дарослы, ці проста душыўся ад дыму i агню, яшчэ ўсё як дзіця, — той мне здаўся цяпер, на момант, не толькі сынам, — i нейчым, i маім адразу, — але i мною самім…

Мне засталося толькі нема закрычаць у полым!. Не ў гэтым, каля якога мы цяпер стаім, a ў тым, з якога нельга было вырвацца — хоць пад кулі.

КАЛЫСКА

Старая маці сказала б: «Наўда якая — унучка ў яго. Няхай здарова гадуецца». Але i рада была б, вядома, хоць у яе гэта ўжо, як i праўнучка, не наўда, а дзесятая, палічыўшы ва ўсім нашым родзе. Была б…

…Прадвесне з апошнім, няшчодрым сёлета снегам. Сонца ўзыходзіць. У яркім святле за акном вагона — густая, вечная зеляніна ельніку ахоўнай паласы. A ў зеляніне гэтай — голенькія, стракатыя бярозкі. Нібы ў чарзе па таксама залёнае, толькі святлейшае.

А мне чамусьці ўспамінаецца стол на вялікім, ярка квяцістым дыване i светленькая, толькі што з цёплай калыскі, у кароткай кашульцы наша наўда. Яна смяецца i крычыць. Так жа нядаўна авалодала першай паўсотняй слоў, a ўжо загадвае:

— Дзед, па-ба-зя-лі!

Мы бегаем вакол стала, я не магу яе дагнаць, i гэта вельмі весела.

A хіба ж ёсць што-небудзь прыгажэйшае, чым галоўка соннага дзіцяці на белай падушцы нармальнага чалавечага маленства?..

…З дома, што на гары, з акна чацвёртага паверха відаць чыстае крымскае неба, пад небам — ціхае мора, а яшчэ ніжэй, пад акном, вострыя кіпарысныя верхавіны.

Выходжу i іду з гары па свежым ранішнім парку.

Малым уранні спіцца асабліва соладка. Ажно шкада часамі, калі такую ці такога нясуць або вядуць, цягнуць за ручку няшчасна-соннага ў яслі ці ў садок. Але ж i хораша гэта, што вось так рана, а яны ўжо тут, пад кіпарысамі ды кедрамі, каля кветак, на шорсткай i рэдкай паўднёвай траве. Малеча ўжо не сонная, у шчэбеце, што весела пераклікаецца з тым шчабятаннем ды ціньканнем, якога так шмат навокал, у духмянай зеляніне.

Адна працягнула да мяне маленькую далонь, на якой малюсенькі слімак.

— Во што знайшла! — паведаміла з радаснага дзіцячага сусвету.

Другая — яшчэ смялейшая. Распасцерла перада мною ручкі i праспявала ca смехам, які пакуль што ў вачах:

— А не пуш-чу, не пуш-чу!..

Прыйшлося падняць. Высока, вы-со-ка!

І яшчэ раз. Гэта, вядома ж, спадабалася. Іншым — за ёю — таксама. Пасля дзевятай прыйшлося проста ўцякаць.

І прыгадалася… Ну, тое самае, што i цяпер, у вагоне, гледзячы на стракатыя бярозкі ў першай чарзе па зялёнае.

Поделиться с друзьями: