Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
А мы? Здаўшы Шуру на «раманаўскі» воз, пад апеку іхняга фельчара, мы далучыліся да пяхоты, якая ішла напрасткі, цераз нашу цвярдыню…
Ды справа не ў гэтым.
Наша бабуля таксама ў той дзень адступала. Аднак яна спачатку пахавала ў жыце нашы сёдлы, а тады ўжо адкроіла ад бохана акраец, наліла ў збанок малака, перахрысцілася на покуць i — што ўжо будзе, то будзе, не прывыкаць — патэпала на загуменне, у лес. Мы яе там, на балоце, i сустрэлі. Там яна нам i сказала, як маці дзецям, што бягуць дахаты з пашы ці ад ракі, а сама яна ў поле ідзе:
— Сёдлы, хлопчыкі, у жыце. Каля Марылінай сцяны. A коні дзе хадзілі, там i ходзяць. А чаму ж гэта Шуркі няма?..
Колькі б разоў ні сустракаліся, — калі i помнік адкрывалі, i ў дваццаць пятую гадавіну, i ў тридцатую, — заўсёды хлопцы, нарэшце, пасварацца. Хоць трохі. Не ўсе, вядома, а некаторыя. I не адразу, a ўжо за ста лом ці пасля. Хто раней прыйшоў у атрад, хто больш зрабіў, а менш узяў… А то i не за самога сябе, а «за праўду» крычыць… Наогул мне часамі здаецца, што партызаны хваляцца болыи, чым тыя, што ваявалі на франтах. Нібы ў адных быў абавязак, a ў другіх — толькі геройства. Можна сказаць таксама, што як хвалько, дык хвалько — i партызан, i франтавік. Ды ўсё ж я бываю з гэтым нязгодны. Дый сам не лепшы: забудзешся іншы раз i таксама пачнеш.
А потым возьме ды ўспомніцца…
Шуру тады адправілі самалётам на Вялікую зямлю. Вярнуўся ён толькі пад восень сорак пятага. Яшчэ раз, трохі лягчэй паранены, i з Чырвонаю Зоркаю. Толя Грыб загінуў пад Кёнігсбергам. Добры наш «Павел Іванавіч» узяў ды памёр, ледзь не адразу пасля вайны. I тады стала ясна, што ён пра сэрца сваё перад намі маўчаў. Іншых хлопцаў — Раджаба, Шынкарэнку i Нікіціна — раскідала па ўсёй краіне: у Харог, на Палтаўшчыну, за Урал. Hi разу яшчэ не сабраліся разам.
А так жа хацелася б, слухаючы найгарчэйшую хвальбу, падміргнуць каму-небудзь з нашай разведкі з намёкам, а потым i выпіць за светлую памяць бабы Кастусіхі, за той акраец i збанок.
Бабуля таксама памерла. Даўно. Што ж, трыццаць год — гэта, бывае, цэлы чалавечы век. А яна ўжо i тады была старэнькая.
1975
КОСЮ, МОЙ КОСЮ…
Спачатку была Садоха. Не наша, бо мы тады тольri што вярнуліся з бежанства i свайго каня яшчэ не купілі. Прыехаў паараць сваяк з другое вёскі. Ён называет майго тату дзядзькам, а сам называўся дзядзька Сцяпан.
Садоха — белая, вялізная, як слон у кнізе, большая за ўсіх коней, якіх я перад ёю бачыў. Гэта, відаць, таму, што яна была першая, да якое я падышоў так блізка, на якую потым i сеў — ca Сцяпанавых рук.
Калі аралі агарод, кабыла цяжка дыхала, а мне было так цікава глядзець — на яе, на дзядзьку Сцяпана i на зямлю, што за плугам рабілася новай, чарнейшай.
Другі конь быў ужо наш. Дэраш, сібірачок, які тут застаўся з царскай вайны. Калі ён што цягнуў, дык гэтак жа бедніўся, што хоць ты з літасці бяры яго адразу выпрагай. А выпрагуць, дык ён падбрыкнуў ды пабег. Яшчэ i пакачаецца, на снезе або на раллі, пафыркае, патрасецца.
Да той далёкай вёскі, куды мы часамі ездзілі ў госці, лічылася ажно семнаццаць вёрст. Па дарозе былі яшчэ дзве вёскі з нашымі сваякамі. Дэраш ведаў, што мы туды заязджаем, ведаў нават, у якую браму паварочваць. У першай вёсцы, датупаўшы да сваяцкай хаты, ён, нібы так тут i трэба, паварочваў з вуліцы ў двор. Яго тузалі ляйчынай: «А ты гэта куды?» Нават i растлумачвалі: «Заедзем вечарам». Дэраш круціў галавою i тупаў далей. У другой вёсцы, яшчэ праз тры вярсты, ён паварочваў у двор наступнага сваяка. Аднак яго тузалі зноў, а то i папраўлялі пугай. Дэраш не толькі круціў галавой, але i ўздыхаў, а то i лаяўся ў душы, па ваеннай, абознай прывычцы. Ясна, цяпер ужо ўсё — заставаўся найбольшы кавалак дарогі.
Трэцяй была магутная, з чорнай грывай на два бакі, злосная Машка, якую нашай маме, тады ўжо ўдаве, i прадалі, хутчэй за ўсё таму, што кабыліца злосная. Заказырыцца нечага — у хлеў ніхто не зойдзе. Пугаю выганялі, зверху, з бэлькі. Яе хвошчуць адтуль, а яна то на дыбы, то іўкае — калі не зубамі, дык капытамі хоча дастаць. Найбольш не любіла жанчын. Не заўсёды, часамі, калі занаровіцца. А то бывае i доўга спакойная. Асабліва паспакайнела жарэбная.
Тады яе трэба было што дня праводзіць, i гэта часцей за ўсё даручалася мне, пасля школы. Маці cnaчатку баялася за мяне, а потым неяк, калі старэйшы брат падсадзіў смаркатага казака i я ўжо меўся рушыць з двара, яна сказала:
— Стары сабака ніколі дзіцяці не ўкусіць. I гэтая, бачыш, таксама.
Адзін з такіх маіх выездаў быў не так сабе па дарозе, а з невялікай нагрузкай. Трэба было заехаць у суседнюю вёску, да цёткі, узяць «трохі воўны». Там я з кабылы не злазіў, цётка вынесла воўну, дала яе дзядзьку, i дзядзька падаў мне той лёгкі клуначак… А мне было зверху смешна, што цётка ведае Машку, блізка не падыходзіць.
Адчуванне вышэйнасці на гэтым не закончылася. Мне было мала спяваць на пустой, з раз'езджаным снегам дарозе, уяўляць сябе рыцарам з прачытаных кніг, нават рыцарам, закаханым у Соньку з пярэдняй парты. Я палажыў свой клуначак на шырокім Машчыным крыжы i прылёг на яго галавою. I тут ужо Машка іўкнула так, што я i клуначак шчасліва зваліліся ў снежную гразь, кожны ў свой бок, а яна, ужо зусім не па-жарэбнаму, ірванула галопам.
Мяне сустрэлі. Перапалоханы брат i маці, якая не паспявала за ім. I я, вядома ж, расказаў ім не ўсё.
Зрэшты, я хачу не пра тое.
Трохі раней, у тую самую зіму, Машка здзівіла нас сваім розумам. Брат паехаў у лес, купіў сажань дроў, зараз ix не забраў i цераз дзень меўся ехаць па рэшту. У лес тады нашы ездзілі вельмі далека, выязджалі добра такі зацемна. У тую ноч я прачнуўся, відаць, не толькі ад лямпы i прыцішанай гутаркі. Я пачуў, як Miкола, увайшоўшы з двара, папрасіўся:
— Мамо, можа, я лепш не паеду? Вельмі ж круціць. Свету не відно.
Мусіць, таму, што я ўжо тым часам у гадах, а брат без пары памёр, мне яго стала цяпер, калі пішу гэта, па-бацькоўску шкада. Хоць ён i быў тады на сем гадоў старэйшы за мяне.
Маці сказала:
— Пайдзі да Паўлюка ды паглядзіце. Дзе тыя дровы дзенуцца.
Паехалі яны ажно праз тыдзень, бо ўсе тыя дні была завіруха. I брат, смаркаты гаспадар, збіраючыся, бедаваў, што дровы недзе занясло — не знойдзеш. А мама пацяшала, што «кабыла знойдзе».
Так i было.
Як сёння, помню — Мікола вячэрае i, румяны, крыклівы ад радасці, ужо не першы раз расказвае камусьці новаму, хто зайшоў, як гэта Машка падышла да дроў сама. Па глыбокім цаліку, да зусім занесеных дроў, па чэрава ў снезе, дабралася i — стала. Адкопвай, бяры.
…Дзіўна i сумна ад таго, дзе, па якой прычыне я гэта ўспомніў. Амаль праз цэлага паўстагоддзя. У замежным архіве, у яшчэ больш замежнай кнізе, наткну ўшыся на такое:
«Захопленыя коні могуць зрабіць вельмі добрую паслугу пры разведцы дарогі да партызан, бо, як паказалі апошнія выпадкі, коні беспамылкова прыводзяць у партызанскія лагеры, якія мы даўно шукаем».
Цытую са «Справаздачы пра баявы вопыт», падпісаны оберфельдфебелем Шрадэ, з 283-й ахоўнай дывізіі фашысцкіх карнікаў. Надрукавана гэта ў тоўстым томе гісторыі савецкай партызанскай вайны, які раскошна выдадзены ў акадэмічным Гетынгене пяць гадоў таму назад.
Я не адразу, чытаючы гэта, успомніў белую, вялізную i добрую Садоху, хітраватага Дэраша, ветэрана першай сусветнай вайны, нораў i кемнасць красуні Машкі…
Адразу мне прыгадалася адчыненае акно нашай нізкай хаты, a ў ім — галоўка малой Буланкі, пяшчотнае жарабячае ржанне.
— Ах, мая долечка! Жабянятка маё, а я ж пра цябе i забылася!
Гэта — мама. У тую раніцу яна i сапраўды забылася наліць у місу сырадою i сказаць мне:
— Занясі ўжо таму ягняці.
Машка прывяла не па сабе, а па кані. Танканогае, буланае кабылянятка. «Будзеш на ёй скакаць цераз плот! Гаспадар! Трэба ж было выбраць такога жарабца…» Вадзіў Мікола Машку ў князеў двор. Маці то наракала, то пакеплівала, але ж ніколі не забывалася пра сырадой для малое. Тры разы ў дзень. Адразу, яшчэ пеністы. А тая i сама прывыкла так, што прыходзіла ў сенцы ці ў кухню.