Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
I прыйшоў мой Васіль, што ездзіў з дзядзькам Раманам у Мір, прадаваць вішні, i вось якраз — як жа дарэчы! — вярнуўся.
Васіль таксама многа чытаў. Днямі ён з нейкай, як заўсёды, выпадковай кнігі (цяпер не памятаю ўжо, з якой) вычытаў мянушку для мяне, яшчэ ад ну, нязлосную i толькі нашу, смешную для нас двух.
— Ганс-бублік, — сказаў ён, — не плач! Толя жьь вы. Адно па лобе трошкі шкрабанула. Уставай!
Толькі тады я заплакаў.
…Якое шчасце! — я не забіў, ён i сёння жыве, толькі з ледзь-ледзь прыкметным рубчыкам на разумным ілбе матэматыка. Мы сустракаемся рэдка, але прыемна. Толькі ні разу за сорак гадоў не сустрэліся ў нашай вёсцы, дзе ўжо нікога ў нас абодвух не засталося, a ўсё тут, у горадзе, дый то больш па тэлефоне. Адносіны ў нас сталыя, бо i яму ўжо за пяцьдзесят, але ж i сёння ў мяне, нібы калісьці з Васілём, ёсць, i толькі сваё, патаемнае. Не сказаць жа яму, што падлеткам я быў закаханы ў ягоную маці, цяпер даўно ўжо бабулю, што дажывае недзе пры адной з вясковых дачок.
«Быў закаханы…» A ці ж яно — усё тое — зусімзусім прайшло?..
Вось жа i сёння я не той свой жах успомніў адразу, a ці не раней за яго — тую ўсмешку, хоць i не мне, праз дзверы, што зачыняліся з сярэдзіны.
Чаму ён, гэты ўспамін, які мне зрэдку пабліскваў калісьці ў маладзейшай памяці, цяпер паўтарыўся, нібы зусім не паблеклы ад часу?
Учора бачыў я хлопчыка на руцэ ў маладзенькай i маладосцю сваёй сімпатычнай мамы. Мы стаялі ў магазіне самаабслугоўвання, у чарзе да касы. У правай руцэ маладой гаспадынькі, што стаяла перада мною, быў металічны кошык з хлебам, маслам i пакетам малака, а на левай яна трымала малога. Яго чарнявая галоўка была, над маміным плячом, навернута тварыкам да мяне, а мама не азіралася, i твару яе я не бачыў. Толькі профіль мільгнуў разы два.
Малы, які пакуль што ведае, відаць, адно-два-тры першыя словы, так пільна прыглядаўся да мяне, i смех так міла хадзіў па ягоных губах i вачах, што я, ледзь не міжволі, падміргнуў яму. I ён, нарэшце, усміхнуўся. А мне прыгадалася раптам яшчэ падлеткам сустрэтае ў Лермантава: «Воздух чист и свеж, как поцелуй ребенка». I любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйнакраплісты дождж на траву i лістоту, вярнулася да мяне.
Маладзенькая маці малога мне, вядома ж, не ўсміхнулася. Мне гэта ўчора як быццам i не патрэбна было. Зрэшты, твару яе я так i не ўбачыў, a ўсмешку хлопчыка, адрасаваную мне, не бачыла яна.
Затое праз усмешку, чыстую i свежую, як пацалунак дзіцёнка, — як ні дзіўна, а то i недарэчна, няскромна здасца каму-небудзь, — я зноў убачыў усмешку тое матулі, нашай вясковай суседачкі Зосі, убачыў амаль па-юнацку хвалююча, сёння здаецца — усё-такі чыста.
1983
СУМЛЕННІЦА
Новая хата, у якой мы часова жывём, чыстая i абстаўлена, як i ў многіх у гэтым пасёлку, «па-гарадскому»: з сервантам, канапай, тэлевізарам. На вялікіх вокнах — крухмальная пругкасць i снегавая бель гардзінаў, за якімі высока чырванеюць вяргіні, а далей відаць зялёнае — грады, яблыні, лес.
Туды, па чабор, пайшлі мае жанчыны, жонка з малою ўнучкай. А я сяджу, нарэшце, за сталом. Як быццам пішацца, нешта жывое пачаў… I не пачуў, як хтосьці за сцяною ўвайшоў, двойчы легка рыпнуўшы дзвярыма, з двара на ганак, а з ганка ў кухню. Пачуў я ўжо толькі го лас адтуль, жаночы:
— Ёсць тут хто ці нікога няма?
З прыкрасцю адарваўшыся ад работы, выходжу насустрач. Незнаемая цётка, хутчэй бабуля, з кошыкам яек. Вітаемся.
— Ваша хадзяйка да мяне, на мой хутар, заходзі ла. Заплаціла за чатыры дзесяткі, a толькі два ўзяла, бо якраз не было. Курачкі зноў наняслі, а яна не ідзе колькі дзён. Дык я во свежанькіх, яшчэ два дзесяткі.
Па цётцы відаць, што ёй не толькі трэба доўг аддаць, але ж i пагаварыць — i ёсць пра што, i хочацда. I праўда, не паспеў я запрасіць яе прысесці на белай табурэтцы каля кухоннага стала, накрытага вясёленькай цыратай, як цётка прысела сама i мне сказала, нібы гаспадыня:
— Сядзь, мой родны, ды паслухайце мяне.
Адразу так — i на «ты», i на «вы».
— Цяпер яно во як — вы чулі, відаць, — калі ў каго на фронце нехта загінуў, дык да пенсіі пяць рублёў дадаюць. Я ca сваім жыла за польскім часам тры гады нявенчаная. Тыя разы казалі пра мяне: «Вунь пайшла сумленніца». Мы з Іванам нейкія трохі сваякі былі, ужо далёкія, можна было павянчаць. А поп то вянчае, то не вянчае. Мы з дзедам жылі Іванавым, так! ўжо стары, што хоць запалкі ад яго хавай. Павязем таго дзеда да бацюшкі, а дзед усё лічыць i далічыцца не можа, трэцяя мы стрэча ці другая. I ўжо толькі тады… Не, перад гэтым яшчэ, як Саветы прыйшлі першы раз, улетку мы павянчаліся.
Гаворыць цётка — як сабе самой, пра сёе-тое трэба здагадвацца. I я, тутэйшы, здагадваюся. «Прыйшлі першы раз» — гэта верасень трыццаць дзевятага, другі раз — ліпень сорак чацвёртага, другое вызваленне.
Значыцца, павянчаліся.
— Дык на табе, — вядзе цётка далей, як загадзя падрыхтаваўшыся да гутаркі са мной, — цяпер тое кнігі царкоўнае ў загсе няма! Няма во, не знайшлі. Майго забілі не там, дзе на той Берлін ішлі, а збоку. Ён са шваграм Яўхімам быў, кулямётчыкі. Швагра пад вечар ранілі, сем месяцаў у госпіталі праляжаў. А мой яшчэ зранку крыкнуў яму: «Я ўжо гатоў!..» А звяшчэння я ніякага, мой родны, не палучыла. Сяджу ў таго ваянкома. Маёр такі. Харошы, відаць, чалавек. Колькі ж гэта во, кажу, пасля вайны ўжо? Трыццаць пяць гадоў, кажа ён. А божачка, кажу, я за гэты час зарабіла сабе пенсію, дваццаць восем рублёў, а ён колькі там зарабіў, мой Іван? Пяць рублёў мне прыслаў. Дый тыя я, тую дабаўку, паку ль палучаць буду, колькі яшчэ валакіты! А ён жа ў мяне во i ў грудку калісьці быў…
Тлумачэнне патрэбна зноў. «Быў у грудку» — значыцца, у гуртку стотысячнай Сялянска-работніцкай грамады. Дый потым, відаць, калі пілсудчыкі разграмілі яе, чалавек усё волі хацеў, жыцця чалавечага.
— Ён усе кнігі чытаў. I тоненькія, i таўсцейшыя. Араць паедзе, ляжа пад возам ды чытае. Або ноччу слепіцца, газоўку на акне паставіўшы. Колькі яго, мой родны, у тым пастарунку біла паліцыя! А цяпер я сказала б яму: «Во заслужыў, Іванка, — пяць рублёў. Ды яшчэ i хадзіць колькі трэба!..»
Дзве няўвязкі з гэтай дабаўкай: двух дакументаў няма. Аднаго — што не толькі яна жыла з мужам, як гаварылася ў той далёкі ўжо час «напавер», але ж i ўзаконіла потым сваю любоў, сваю дружбу вянцом. Пра такую ўзвышанасць — любоў ды дружба — яна не гаворыць. Не называв, не можа назваць i тую паперку, што так звычайна, калі яна ёсць, называецца: «Пасведчанне аб шлюбе». А тую страшную паперыну, якую цётка з фронту чамусьці не атрымала, як іншыя салдаткі, яна называв «звяшчэннем». Таксама не можа яе прад'явіць — няма i гэтага дакумента.
— Дурная баба, што вы хочаце, — з крывой усмешкай прыплачу кажа яна. Нават i торкае сябе пальцам у лоб, ужо ў баразёнках, пад белай хусцінай, завязанай «пад бараду». — Кажу во я таму суддзі: я ж у Карэлічах, колькі жыву, ні разочку раней не была. Хай сабе сорак кіламетраў, але ж аўтобусы цяпер. А тады ж, за польскім часам, толькі на возе ці пехам. Тыя разы не пра Карэлічы, а пра наш Мір, дзесяць тых кіламетраў, i то малому табе кажуць: «Чаго ты прэшся, чаго кавэнчышся на той кірмаш? Там жа, хто першы раз прыедзе, трэба, гэта ж во, пацалаваць старую, замурзаную Гнэсю, што каламазь прадае…» Кажу я так, а ён смяеццадой суддзя. Харошы, відаць, чалавек. А на дзевак тых накрычаў: «Чаго вы бабу гэтую валнуеце! Дайце ёй спраўку!» I далі, нябось. А то ж не давалі! Кожная ж хоча цяпер, каб ёй што даў, ці цукерак якіх, ці грошай сунуў…
Цётка змоўкла, як быццам сказаўшы ўсё. Здаецца, пойдзе ўжо. А яна памаўчала, сама сабе ўсміхнулася:
— Сяджу. I ты сабе думаеш: а чаго яна, гэтая баба, расселася? Там жа ж карова з ранак прыйдзе, на веснікі будзе раўці. I свінчо галоднае заскавычацца.
— А вы што — адна жывяце?
— Адна, мой родны.
Зноў памаўчала. А потым:
— Дачка ў мяне… Ужо ж i пра гэта вам раскажу. Гэта калі вайна пачалася, дык той дзіцячы дом, што быў тут у нас, дзе раней панаў маёнтак быў, увесь разбегся. Дзеткі сабе, i тыя, што ix даглядалі, сабе. А малая дзевачка адбілася ад усіх, адна хадзіла па хатах. Хто што дасць. I не просіць, а стане, беднае, i глядзіць, i маўчыць… Летам дык яно ж кожны кусцік начаваць пусціць, а пачалася восень — ніхто малую ўзяць не хоча. У каго i сваіх хапае, а хто i баіцца, каб немцы не прычапіліся. Яны ж, i самі вы, мой родны, можа, ведаеце, чапляліся да ўсяго. Hi за што ні пра што чалавека застрэляць або здароўе адбяруць. I яны, i тыя іхнія паліцаі. Мой таксама ж баяўся, можа, больш за каго. Усё праз тыя свае грудкі ды праз кнігі — што камуніст. Але ж ён будзе мне так казаць: «Як гэта — каб дзіця, ды так пакутавала!..» А я, не буду вам ілгаць, я браць чужое не хацела. Яшчэ ўсё думала, што будуць i свае. Бо колькі ж мы былі пражыўшы — толькі два гады.
А потым узялі. I ён наважыў, i я ўжо згадзілася. Стаіць бедная ўся ў лахманах, i вошы з яе капаюць… Божачка ж мой, пакуль я яе ад той нечысці, ад той каросты адмыла, адмазала!.. А такое ж, мой родны, дзіцятка было! «Папка» ды «мамка»… Усё паможа табе. Сама ніколі нічога не возьме. Маруся…
Цётка змаўкае, як не ўсё сказаўшы. То нібы ледзь не заплакала, то зноў вось усміхаецца. I я пытаюся:
— А дзе ж яна цяпер?
— Дзе, кажаце, цяпер? Дзе усе. Мая ж не горшая за ўсіх — у Мінску. Медсястрою! У той бальніцы робіць, што адразу, як з аўтобуса. Грэх, мой родны, сказаць што на яе. У каго дык i роднае не такое. Калі дома, са мною была, дык i ў хаце ўсё, i ў агародзе, i ў калхоз, калі трэба, хадзіла. Прыеду цяперака да ix, дык не ведае, дзе мяне пасадзіць, чым мяне частаваць. Целавізяр гляджу, дык яна мне талерку нясе або чай, каб я ўжо не адрывалася. I дзеткі да мяне, i Лёня, i Жаначка, i сам яе чалавек вельмі добры. Валодзя. Слесарам ён. Самастаяцельны такі, спакойны, i чарцы не жадзён, як гэта сённячы другія. Хораша жывуць.