Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Песню сваю дзяўчынка цалкам не ведала, — праспяваўшы дзве першыя страфы, яна зноў завяла ад пачатку:

Ту p'ojdziesz g'ora, Ту p'ojdziesz g'ora, A ja dolina.

A голас — амаль зусім дзіцячы яшчэ — да болю сардэчна расказваў аб тым, як цяжка расцвітаць калінаю ў няволі.

Я меў няпоўных дваццаць чатыры гады, тры з якіх забралі панскія казармы i гітлераўскія лагеры. Столькі было тугі па свабодзе i мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы!.. I вось яна ідзе — ужо не проста сябар нядолі, палонны, ужо не фашыст з аўтаматам, а першая ўсмешка свабоды!.. Так мне здалося, ледзь не да слёз… Дзяўчынка амаль параўнялася з бярозай, за якой я стаяў. Трэба было гаварыць, а я ніяк не мог пачаць. I ўжо тады, калі застаўся ёй апошні крок, пасля якога мой голас быў бы вокрыкам ззаду, — першае слова з натугай сарвалася з майго языка.

— Дзяўчынка, — ціха сказаў я на-польску. I, перш чым яна паспела спалохацца, дадаў мацней: — Я свой. Не бойся.

А яна ўсё ж такі спалохалася. Загарэлыя тонкія ногі занылі, здаецца, зусім прыкметна. Ды ненадоўга. На вуснах i вачах малое паказалася нясмелая ўсмешка, амаль зусім прыкметна праясніла твар, i вось, як апошні доказ, што дзяўчынка прызнала ва мне свайго, яна сказала:

— Дзень добры!

Я працягнуў руку. Малая не задумвалася нават на момант: маленькая далонь, на якой я адчуў мазалі, i ўсе пяць малых i цёплых пальчыкаў схаваліся ў маёй бруднай, вялікай жмені.

— Пан ест наш. Пан уцека з няволі. Позналам адразу.

Вялікія светла-блакітныя вочы глядзелі па-дзіцячаму даверліва, наіўна. А словы яе «позналам адразу» казалі аб тым, што падлетак пачаў уваходзіць ва ўзрост, якому да твару бывае няшкодная, мілая мана. Бо не адразу малая пазнала мяне, — адразу яна проста спалохалася.

Яна спалохалася зноў, калі ў кустах, дзе сядзелі Мікола з Калодкам, пачулася шамаценне.

— Ой, што там? Што там, проша пана?..

Я не паспеў супакоіць яе. З-за куста паказаўся мядзведзь-Калодка.

— Дзень добры, цурка, дзень добры! — уголас гаварыў ён, падыходзячы. — Не бойся нас — свае! Ну, як жывеш, як маешся?

Малая павіталася з Калодкам за руку і, выглянуўшы з-за яго на новы шорах у кустах, убачыла Міколу.

— О, ешчэ едэн пан! — сказала з усмешкай.

— А божа мой, які ён пан! — здзівіўся Калодка, — Хлопец ледзьве ногі цягае, а яно кажа — пан. Голад, мая каханая, не цётка.

Мікола быў прыкметна нездаволены такім акрэсленнем яго выгляду. Па-свойму спрытна, ён павітаўся з дзяўчынкай, як кавалер.

— А як паненачку завуць?

— Ядзя. А пана?

— Галодныя каторы дзень ідзём, — умяшаўся Калодка, — а тут, у лесе, дрэва ці траву не будзеш грызці. Чловек усё ж такі, а не быдла…

Ядзя, знаёмячыся з Міколам, была не вельмі падобная на дарослую. Ва ўсмешцы, з якой яна называла яму сваё імя i хацела пачуць у адказ імя «пана жолнежа», больш было проста дзіцячай цікавасці. А цяпер, пачуўшы Калодкавы словы пра голад, яна нібы схамянулася i раптам нашмат пасталела.

— Добжэ, — сказала яна. — Вы пачакайце тут, а я пайду i прынясу вам хлеба.

— О, гэта дык гэта! — амаль ускрыкнуў Калодка. — Эх, не было б гэта сваё. Ідзі, цурка, ідзі!..

Дзяўчынка трошкі падумала.

— Вы пахавайцеся, — сказала зусім сур'ёзна. — А я, як прыйду, скажу так.

Яна зусім па-дзіцячаму наставіла губы i ціха закукавала:

— Ку-ку, ку-ку!..

— А то яе разумніца мая! — зусім расплыўся Калодка. — Ты нам ку-ку, i мы табе з кустоў ку-ку. Ты толькі хлеба нам нясі пабольш. I хлеба, i да хлеба!..

Апошняе было ўжо сказана ўдагон.

A галоўнае так i не ўспомнілі — не спыталіся, Польшча ўжо ці яшчэ ўсё Нямеччына?

Я ледзь не крыкнуў услед дзяўчынцы «пастой», але ўспомніў адразу, ужо з адкрытым ротам i ўзнятай рукой, што i тут небяспечна крычаць. I ў гэты момант яна апошні раз мільганула ў зелені кустоў. А на момант пазней мы пачулі зусім недалёка смех…

Засмяяўся нехта не там, куды пабегла дзяўчынка, a ў тым баку, адкуль мы прыйшлі. Спакойна разважаючы, можна было падумаць, што на ўсіх мовах людзі смяюцца аднолькава: засмяяца за дрэвамі мог i не вораг. Ды мы за два гады прызвычаіліся да думкі, што падняволенай Гітлерам Польшчы было не да смеху. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела i моцна адказаў… па-нямецку!

Мы шыбанулі ў лес.

Мікола бег першы. Ён паспеў нават па-нашаму ціха крыкнуць: «Бягом!» Следам за мной трашчаў галлём i грукатаў Калодка.

Метраў праз дзвесце ці трыста я ўспомніў, што з гэткім шоламам нам не прайсці. Я сігануў на ўвесь цырісуль, дагнаў Міколу i, параўняўшыся з ім, загадаў:

— Пачакай!

Мікола зразумеў мяне таксама, як мы перад хвілінай зразумелі ягоны загад.

— За мной — Калодка, ты — за ім. I — ціха.

Мы пастаялі момант i рушылі павальней, аднак амаль зусім нячутна.

Наша найлепшая сяброўка — ноч — ішла насустрач нам вельмі павольна. У ельніку яна асела ценямі, у шэрай гушчы якіх мы адчувалі сябе лепш. Ды ельнік спачатку радзеў, потым яго патрохі змяніла бярозавае драбналессе. Стала святлей. Па верасах, сям-там збіваючы капелюшы затоеных грыбоў, мы, не змаўляючыся, пайшлі шпарчэй, а за намі, i спераду нас, i абапал нячутна ішла небяспека…

I вось я нарэшце спыніўся.

Праз рэдкія кусты i бярозкі прылеску мы ўбачылі луг. ён рассцілаўся шырока ў бакі i наперад, а светла-шэрае неба над ім гаварыла, што ноч яшчэ не прыйшла. Маленькія кравецкія машыны конікаў усё яшчэ сакаталі ў роснай атаве, — бязлікія, нястомныя краўцы яшчэ ўсё шылі, нават прыцемкам. Дзень датляваў на захадзе бяскроўнай палоскай зары. Зорак яшчэ не было. Асцярожныя прыгажуні сарны яшчэ не выйшлі на ўскраіну лесу. Нават i з гушчару не чутно яшчэ хрыпатых поклічаў ix фанабэрыстых, раўнівых дзецюкоў, галасы якіх надоечы да сцішнаты нагадалі нам брэх аўчарак.

Ісці далей ці начакаць?

На лузе толькі сцеледца, нібы ўздымаецца з травы, туман. Над лугам адно бязмежнае, ціхае неба.

I мы пайшлі.

Шорах роснай травы пад нагамі. Маўчанне i думкі, якіх ніхто з нас не хоча выказваць. Усё не новае, усё зразумела i так.

Новае прыйшло толькі недзе на самай сярэдзіне лугу. Гэта была рака.

Толькі пазнаўшы яе пад градою туману, дзе мы ўжо навучыліся здалёк пазнаваць непрыемны, дрыготкі холад вады, я спыніўся, сябры падышлі, i Мікола сказаў:

— Ну, вядома…

Адзін за ўсіх нас, ён з прыціскам адпусціў на свабоду зусім зразумелую, шчырую лаянку.

Гэта не быў адчай, а проста прыкрая злосць. Не ўпершыню наш шлях перагароджвала вада. Не ўпершыню найлепшы наш плывец, Мікола, моўчкі садзіўся на беразе i першы пачынаў распранацца.

Так пайшло i цяпер. Мікола зняў цераз галаву сваю сумку i сеў.

Кожны раз мы рыхтаваліся да пераправы хутка, не чакаючы нават, пакуль абсохне пот. I справа гэтая заўсёды выглядала аднолькава. З клункамі ўсёй нашай збруі, прывязанымі на галаве, мы падыходзілі да вады, i першаму, хто тыцнуў скручанымі пальцамі нагі ў раку, належала права акрэсліць тэмпературу словам «нічога» або, у праціўным выпадку, якім-небудзь больш красамоўным выразам. Незалежна ад гэтага Мікола апяразваўся цераз плячо канцом нашага шнура, а я ці Калодка надзявалі на працягнутыя рукі маток. Шнур гэты мы звілі на першай днёўцы ca шпагату, вялікі клубок якога Мікола прыдбаў на заводзе. Шнур быў доўгі, метраў сто, i надзейны, у тры шпагаціны.

Поделиться с друзьями: