Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Падрыхтаваўшыся, Мікола «змераў тэмпературу», адмоўна акрэсліў яе зусім ненавуковым тэрмінам, увайшоў па калені ў ваду i сказаў:

— Ну, вадалазы, пускай!

Маток шнура трымаў на руках Калодка. Сёння ў яго на галаве капой сядзеў падвойны клунак: свая i Міколава вопратка. Такі парадак у нас — першы плыве на разведку ўлегцы.

З пагардай да ўсяго, што супраць нас, Мікола крактануў i ціха даў нырца.

— Няхай здароў будзе, як бабёр, — зашаптаў Калодка, ужо танцуючы зубамі.

Мікола вынырнуў яшчэ цішэй. Паплыў, нацягваючы шнур. Седзячы на кукішках над самай вадой, я прапускаю шнур праз жменю, а Калодка з мядзведжым спрытам паварочвае працягнутыя рукі, з якіх бязгучна разматваюцца, сплываю ць петлі шпагату.

Я не зводжу вачэй з Міколы. Штораз, то меншай кропкай адсоўваецца ад нас яго галава, за якой на вадзе распаўзаецца штораз шырэйшы трохкутнік. Потым кропка, якая вядзе наперад гэты трохкутнік, знікае зусім, i, нарэшце, я адчуваю ў жмені тры штуршкі. Разведчык на тым беразе дае сігнал, тройчы тузаючы за шнур.

Я — з клункам свае вопраткі на галаве, i мне ныраць няможна. Ды не вельмі й ахвота. Плыву то пад шнурам, нацягнутым над самай вадой, то побач з ім, каб на кожны выпадак ён быў пад рукой. Вада, як заўсёды, без назвы, чужая, халодная… I, як заўсёды, трывожна, што ногі твае звядзе здрадлівая сутарга, — зімовы лагерны падарунак. Нагамі стрыжэш пад вадой, рукамі распорваеш пльшь асцярожна… Бліжэй да берага, калі ўжо бачыш сябра, робіцца весялей. Шнур, які ён трымае, ужо не патрэбен табе, аднак бачыць яго, нібы працягнутую, моцную руку, прыемна.

Адчуўшы дно, я ўстаю i брыду, a Мікола тым часам сігналіць адпраўленне Калодку. «Зноў крапіва!..» — лаюся ў думках, хіснуўшыся, як ад агню, ад роснага лазовага куста.

— Ну, кіта наструніў,— шэпча Мікола.

Ён цягне шнур, памагае Калодку, які цяпер ім апяразаны. Калодка плавае слаба, з пыхценнем.

— Глядзі, зараз плюхне нагой, хоць разок, — шэпча Мікола, i нябачная, добрая ўсмешка даходзіць да мяне праз дробны перастук яго зубоў.

I праўда, мядзведзь наш збіўся з такту, не змог танцаваць пад вадой. Плюхнула. Раз. I яшчэ раз.

— Харошы дзядзька, — шапчу я, нібы дзеля таго, каб апраўдаць Калодку.

— Нам бы толькі яго накарміць, — з той самай усмешкай у голасе кажа Мікола.

— А сам не еў бы?

— Сам? I сам я, браце, без вусам… Ну, усё. Калодка выходзіць з вады і, здымаючы свой падвойны клунак, шэпча:

— Ххол-лад-дна, тр-рас-цца яй-е ггал-лав-ве!

Гэта — чыстая, голая i да чорцікаў сцюдзёная праўда. Мы хутка апранаемся, i нам, як заўсёды ў такі момант, робіцца значна цяплей ад думкі, што вось i яшчэ адна перашкода — за намі.

А гэта ўсё ж такі была яшчэ Германія!

За лугам, калі пачаліся палі, пад нагамі ў нас шарахцела спачатку ржышча, пасля пачалося вялікае поле бручкі. Ужо сцямнела настолькі, што ў небе — навокал над намі — праявіліся першыя тысячы зорак. Не хапала толькі месяца, у святле якога — на вялікім абшары зямлі — халодна блішчала б роснае бручкавінне, як часта бывала раней, нейкіх дзвесце, не больш, кіламетраў за намі.

— Ну, вось… — сказаў Мікола, першы прыпадаючы да харчу. У голасе яго была i радасць галодных, i злосць на тое, што i яшчэ за адным вадзяным рубяжом краіна нашай няволі не скончылася…

Голад мы пакідаем тут жа, на месцы. Міколаў ножык пераходзіць з рук у рукі, i аблыселыя пры дапамозе яго галовы бручкі дзіка хрумсцяць пад нашымі зубамі. Па меры таго як напаўняецца халаднаватым i салодкім сокам наша нутро, я пачынаю заўважаць больш выразна, што мы адны пад высокімі зоркамі, што мы ляжым на зямлі, якая нават грэе нас, што мы нібы прыпалі да яе грудзей, каб нацягнуцца сілы.

— Пагрызём, а пасля i паскачам, як зайцы, — гаворыць Мікола.

Калі ўстаём ісці, Калодка выбірае яшчэ адну бручку, i мы, па прыкладу яго, робім тое самае. Потым доўга ідзём, як заўсёды, адзін за адным i на такой адлегласці, што шэптам гаварыць няможна.

Бручка, іржышча, бульбянік, ралля, зноўіржышча здаюцца мне менш дзікімі, чым лес i луг. Маленькія бабкі аўса, густыя рады якіх часта трапляюцца на шляху, здаюцца мне маленькімі дамамі, у якіх зусім нядаўна патухлі агеньчыкі. Мы — тры Гуліверы — ідзём па вуліцы гэтага казачнага пасёлка, i зманлівае адчуванне жылля так настойліва непакоіць мяне, што я нарэшце здаюся.

— Прывал, сябры мае, — кажу, i гэта ўспрымаецца як агульная думка.

Мы бяром адразу па нскалькі казачных домікаў за ix каласяныя стрэхі i абарочваем на кучу. Тады з асалодай лажымся на цёплых, яшчэ не астылых ад дзённага сонца, аўсяных снапах.

Бручку на гэты раз ямо больш культурна. Ачысціўшы сваю, Мікола разрэзвае яе на скрылікі, як галандскі сыр, i надзяляе нас па чарзе. Мы хрумстаем ляніва, нават з асалодай. Ды асалоды гэтай няшмат: поўнае не напоўніш, a даўні голад не ўдасца за раз супакоіць.

Я паварочваюся на спіну i пачынаю толькі слухаць i глядзець.

…У маленстве, калі ты вяртаўся з коўзанкі мокры, a маці — па-свойму вельмі правільна, а па-твойму зусім незаслужана — сустракала цябе пякучымі махрамі фартуха, ты найчасцей забіраўся на печ. Гэга была нібы крэпасць, дзе ты ў далейшым мог лічыць сябе амаль зусім недасягальиым. Гэта было найцяплейшае месца ў хаце, асабліва для тых, у каго ў такі час быў надзейны саюзнік — бабуля. У мяне яе не было, i я звычайна перажываў сваю крыўду адзін. Ляжаў, глядзеў на столь, спачатку хмыкаў, а потым пачынаў разглядаць, нібы нейкі цікавы малюнак, сукі i разводы слаёў на дошках. I крыўда праходзіла, асабліва тады, калі маці — цяпер ужо i па-твойму правільна — успамінала, што ты не еў амаль ад рання.

Маленства наша мінула даўно, назаўсёды. Ды засталіся не толькі ўспаміны аб ім. Я не забыўся любіць хараство, як калісьці любіў, упершыню пазнаючы яго i ў дробязях: праз пажаўцелы ліст, што ападаў з галля на галаву, i ў неабсяжнай, загадкавай велічы неба, якім захапляўся каля вогнішча першых начлегаў на пашы.

Я ляжу на аўсяных снапах, за многія сотні кіламетраў ад хаты, з якое пайшоў у жыццё. Я даўно не дзіця, i крыўда мая — не дзіцячая. Ды на зорную столь нада мной я гляджу з нейкай дзіўна-дзіцячай усмешкай. На другой злева зорцы сузор'я Вялікай Мядзведзіцы — мне здаецца — прысеў камар. Бедная зорачка міргае, міргае i ніяк не можа яго сагнаць… А можа, гэта не камар? Можа, яна падміргвае мне i сябрам, нібы хоча сказаць, што мы напэўна выплывем з шалёнага віру на родны прастор, туды, дзе нас любяць, дзе мы патрэбны будзем, як свае?..

Не міргай, зорачка! Прайшло не толькі маленства, — юнацтва мінула таксама. Яшчэ тры месяцы таму назад мы думал i пра родны край, як юнакі,— там спадзяваліся знайсці сунакой i матчыну ласку, думалі там адпачыць перад новай, сапраўднай i радаснай працай. Ды нашы мары абарваліся. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трьщцаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю i шчасце ўжо назаўсёды, забраўшы радзіму, якую мы любім даўно, хоць ні разу яшчэ не былі ў яе межах. Што ж гэта сталася з нашымі? Так адступаць!.. Як зразумець нам гэта?.. Не міргай, зорачка, — мы ідзём не спакою шукаць. Мы…

Поделиться с друзьями: