Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
Спераду едзе фурманка. На ёй вінтоўкі, гранаты, тол. Дзядзька кленчыць у санях-развалах і нудна, як гэты хмарны, пануры дзень, маўчыць. Кабылка пляцецца абы-абы, а потым, калі яе сцёбаюць вераўчанымі лейцамі па сухім кантовым крыжы, трухціць і спатыкаецца, чапляючы падковай за падкову.
Міша расказвае нешта, а хлопцы смяюцца.
Ды Валя, бадай, не чуе яго. Яна і не слухае. Успамінаючы ноч з гэтым дзіўным сваім забыццём, яна нават рада, што ідзе ззаду і. Міша не бачыць яе. Да яе то зноў вяртаецца пастрой гэтых дзён — шчаслівае чаканне адзіноты, то сорам за тое, што ўчора раскісла.
«Няхай табе толькі не здасца, што буду сама набівацца», — думае Валя.
— Дзвіна, брат, не тое, што Нёман, — расказвае Міша. — Яна разліецца — мора! Ха-ха-ха! Успомнілася, хлопцы, ірундовіпа. Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах, а па крызе сядзіць, брат, чырвоны певень. Тут смерць на носе, а ён — ку-ка-рэ-ку!..
«Табе, голубе, бачыш, нічога, смяешся, а я…» — думае Валя.
— Пасмяяўся я з таго пеўня, а потым, хлопцы, аднойчы і сам…
Ды раптам ён спыняецца.
Перш чуваць збоку, зусім недалёка, ад дарогі, дзе хутар па ўзгорку, мяшаны вокліч: «гальт!» і «стой!»
Потым адтуль устаюць тры варожыя постаці: немец і два «бобікі»-паліцаі…
Дзядзька са зброяй ад'ехаў наперад пастолькі далёка, што ворагам значна бліжэй да яго. Зброя ў развалах, на шчасце, прыкрыла кажухом. Дзядзька, нібы азораны выратавальнаю думкай, бяжыць да немца і задыхана, часта гукае:
— Свой! Сво-ой!.. Мы з Лужы! З Лужы, паночку! Дальбог!..
Чорныя «бобікі» спакойна, упэўнена брыдуць па снезе амаль па калені і нават вінтовак сваіх не трымаюць напагатове.
Шэры немец — тропікі збоку і ззаду — цяжка набліжаецца да дзядзькі.
Насустрач паліцаям стаіць адзін Міша. Першы ішоў, а цяпер яшчэ выйшаў паперад. Рука ў кішэні кажушка, збялеў, толькі ноздрамі паварушвае, быццам гатовы да скоку.
Адзін паліцай адлучаецца, ідзе на яго. Другі — на Валодзьку. «Бобік» нешта крычыць, ужо гатовы заехаць прахожаму поўху. Калі ж ён падыходзіць зусім, Міша пытаецца, проста ў вочы:
— А ты, можа, і ўдарыць хочаш, сукін сын?
Паліцай перш бармоча, збялеўшы:
— Ды што вы, таварыш, завошта…
Потым адскоквае ўбок і хапаецца за рукаятку затвора. Міша выхоплівае з кішэні наган. Страляе. Паліцай, узняўшы рукі, валіцца назад.
За гэтым стрэлам, як водгук, грыміць паўнагучны вінтовачны стрэл: другі паліцай б'е па Мішу. Міша, здалося, хіснуўся, а потым страляе зноў, яшчэ, яшчэ раз. Другі паліцай перш асядае на снег, а потым лажыцца.
Немец строчыць з аўтамата па доўгім, зашмальцаваным канаусе дзядзькі і паварочвае наўцёкі.
Міша першы бяжыць да кабылкі, якая рада, што больш не сцёбаюць лейцамі, спакойна стаіць на дарозе. Міша бяяшць неяк дзіўна: улукаткі, бокам, задыханы. Ён цяжка падае ў развалы і крычыць:
— Гані!
Валя падае ззаду, якраз па яго, і пошта крычыць таксама.
Ды толькі Кастусь і Валодзька, дабегшы, паднімаюць кабылку на нейкі нядошлы галоп.
А тут з узгорка, з хутара — немец спыніўся, гад! — па іх лапоча аўтамат.
Валя не чуе, як блізка спяваюць кулі. Яна толькі адчувае «яго» і шчасліва, нарэшце шчасліва шэпча:
— Я не дам цябе больш, затулю…
На гэтым для Валі канчаецца ўсё.
…Зноў у лясную дзіч па дарозе пляцецца худая кабылка.
Цяпер ужо не дзядзька, а Кастусь кленчыць спераду.
На саломе пад доўгім кажухом ляжаць дзве маўклівыя постаці: Міша і Валя.
Дзядзька-падводчык і чацвёрты таварыш, Валодзя, засталіся ля хутара — назаўсёды…
За нізка навіслыя лапы ялін раз-поразу чапляе крывая вішнёвая дужка, і снег казытліва цярушыць на бледны твар «казачка». Вочы з чорнымі, доўгімі вейкамі заплюшчаны. Ды пад павекамі… жыве адчуванне жыцця. Праз боль у правым баку, няўмольны, перарывісты, туга зацягнуты кужэльным ручніком, яна часамі — вельмі здалёк — чуе ў хвіліну палёгкі высокую, белую песню палазоў і адчувае снег, быццам нечы гуллівы, пяшчотны дотык… Пасля яна нават расплюшчвае вочы і патроху з цяжкасцю пазнае, што шэра-зялёная сетка над ёю — гэта ельнік і неба…
На Валю шугае туманам, а потым побач з ёю родны голас кажа:
— Лепш табе трохі? Ну, вось і добра… Пашанцавала нам з табой нішто… Разам, дзеўка, і пакукуем…
Яна хацела б нешта адказаць. Але не можа.
Заплюшчыўшы вочы, толькі ўсміхаецца.
1946
АДЗІН ДЗЕНЬ
1
Пакуль Ліда Свірыд не спаткала ў пушчы трох партызан, маладзіцы здавалася, што ўжо загінула ўсё.
Гэтае «ўсё» пачыналася з хаты на хутары, свайго гнязда. Беднае было яе гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іх птушанё — дзевяцімесячная Берачка. Недалёка ад хутара была вёска Ляды, дзе Ліда таксама была калісьці птушанём, а потым вольнай птушкай. Там жылі цяпер — мама, якая спачатку прыходзіла вучыць Ліду купаць Верачку, і тата, які пасля смерці Андрэя памагаў… не памагаў, а проста ўрабляў, як сваю, і яе, удовіну, гаспадарку. Там быў Мікола, старэйшы, сямейны брат, былі сяброўкі і сябры маладосці, сваякі і суседзі. За Лядамі — Ямнае, Градкі, Зарэчча, Грачанікі — бліжэйшыя вёскі, у адну з якіх выйшла замуж Марыля, сястра, у другую — Зіна, найлепшая сяброўка, у трэцяй — дажывала веку добрая цётка Настуля…
Адным словам, — быў свой невялікі круг, родная частка вялікага свету, з сярэдзінай, сэрцам — Верачкай.
Перасякаючы гэты круг, з поўдня на поўнач плыў Нёман. Таксама родны, свой, аптаваны ўлетку, абкоўзаны зімой.
У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе, сяк-так накрытым бульбянікам, — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Цяпер былі толькі зямлянкі, павеці, азяроды, пад колас крытыя пагрэбнікі, абгарэлыя платы і неяк асабліва аголеныя і самотныя ліпы, высокія грушы-дзічкі, бярозы і клёны. Паміж зямлянак, дрэў, платоў і чорных струп'яў котлішч заўсёды на вачах стаяў гэты незвычайны зруб. І, толькі паглядзеўшы на яго, на душы рабілася лягчэй і спакайней — і за дзіця, і за сябе, і за добрых людзей. Начамі з пушчы за Нёман выязджалі разведчыкі, выходзілі ўзводы, часам цэлы атрад ці брыгада. І толькі пачуўшы, як гаманілі вясёлыя хлопцы, як коні іх фыркалі і грукацелі па дошках парома або плюхацелі вадою ў бродзе, добра было ад думкі, што вось і сёння Верачка ціха засне і сама адпачнеш, а ўранні зноў устануць усе ды возьмуцца за працу, амаль што таксама спакойна, як да вайны.
Гэтак было датуль, пакуль не пайшла па людзях гаворка пра вялікую, нечуваную бяду, якая называецца зусім новым і вельмі страшным словам — блакада…
І вось яна, тая бяда, падкралася непрыкметна.
Гэта сталася перад самай касавіцай. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. У Дуброве за Градкамі, дзе быў мост насупраць лагера брыгады «Сокал», бой разгарэўся надоўга. А ў Лядах заставу — пятнаццаць хлопцаў — разграмілі аж надта раптоўна.
Ліда толькі паспела ўсхапіцца з пасцелі, зірнуць у акно і выбегчы на двор, а людзі ўжо беглі, уцякалі ў пушчу: старыя, дзяўчаты, дзеці… Схапіўшы адно, чаго ёй нідзе і ніяк немагчыма забыцца — сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда.