Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
Падняўшы капот, ён заглянуў у цёплы, супакоены матор, пасля паволі абышоў машыну, акінуў вокам груз і дзелавіта кашкануў ботам правую заднюю пакрышку. Усё ў парадку.
Груз на машыне — не зусім звычайны: вялікая, дваццацігадовая ліпа з карэннем у скрыні са свежых дошак, падобная на вялізны, паложаны ў кузаве вазон. Пераязджае ліпа з далёкага лесу ў Мінск, дзе ўжо многа такіх, як яна, і шумяць, і цвітуць, і жаўцеюць, нібы і выраслі там — на абочынах новых вуліц, на новых бульварах і ў парках.
Шануючы хустачку, якой ён не без пэўнай важнасці карыстаўся на людзях, Сцяпанавіч з цыганскім фасонам, пры дапамозе аднаго, а потым другога вялікага пальца, голасна прадзьмуў нос і зноў прыслухаўся і паглядзеў з-пад кепкі ўздоўж шашы.
Нічога не відаць і не чуваць…
Тыдні са тры таму назад, апынуўшыся ў такім становішчы, Сцяпанавіч дастаў бы з кішэні цыгарэткі, з няменшай важнасцю, чым ён нядаўна прадзімаў свой нос, прадзьмуў бы чырвоны, тоўсты муштук… Чорт вазьмі! — ён нават галавой закруціў, уявіўшы, адчуўшы на смак і пах тытунёвы дымок. Ды пра курэнне наогул не магло быць і гутаркі: Сцяпан Сцяпанавіч чалавек цвёрды. А прылегчы на сонейку, пакуль падыдуць машыны, ён не хацеў: Сцяпан Сцяпанавіч службіст. Каржакаваты, дзябёлы начальнік калоны пайшоў насустрач сонцу па абочыне, з рукамі глыбока ў кішэнях сініх галіфэ, прыкметна выставіўшы жьюоцік і мармычучы нейкую песню.
Што за песня — не сказаў бы ён і сам. I не таму, што не любіць або не можа спяваць, — наадварот, Сцяпанавіч, калі часамі прыме чарку, ахвотна спявае песні, складзеныя самастойна і тут жа, на месцы.
Спявае нават і без слухачоў, для асалоды ўласнае душы. Гучыць яно прыблізна так:
А сёння ў нас была зарплата, I мы ўзялі паўтаратоначку з прычэпам, Інцярэсна, што скажа на гэта жана?..Музыка, таксама як і словы, — свае работы. Нарэшце з-за ўзгорка на даляглядзе паказаўся грузавік.
«Паўзуць, балаголы», — з пагардлівай усмешкай падумаў Сцяпанавіч.
Ён спыніўся і, з рукамі ў кішэнях, прыглядаўся з-пад кепкі да набліжэння дзвюх машын, пакуль першая з іх не спынілася за яго машынай, ледзь не ткнуўшыся шклом кабіны ў голле ліпы.
У гэтай машыне быў Недасек, заіка Васіль, якога Сцяпанавіч недалюбліваў.
— Чаго ты прэшся на самае дрэва, чаго? — закрычаў ён. — Што табе — фары трэба мяняць?
Недасек, як толькі заглох матор, адчыніў кабіну і, больш убачыўшы, чым пачуўшы, што Сцяпанавіч нешта гаворыць, спытаўся:
— Г-га? Н-ні-чога не чую.
— Га, га… Дыеганцыю трымай!
— А што — м-мой б-бычок п-пагрызе т-тваю ліпу? Васіль ужо стаяў перад начальнікам з усмешкай на сваім румяным прастадушным абліччы, і злавацца на яго далей было немагчыма. Заіка — хлопец спраўны і вясёлы. Бычком называў ён свой новы грузавік маркі Мінскага аўтазавода — адзіную ў калоне машыну, на капоце якой блішчыць серабрысты, горда набычаны зубр.
За рулём наступнай машыны, якая ўжо таксама спынілася, сядзеў Санька Будай, самы малады і, відаць, самы любімы ў калоне хлопец, хоць ён і прыйшоў у яе толькі месяц таму назад. Выйшаўшы з кабіны, чарнявы, стройны Санька з асалодай, да хрусту ў касцях, пацягнуўся, а потым, гледзячы на лес, гукнуў:
— Елкі зялёныя! Не паветра, а проста… журавінавы напітак!
— Шва, Будай, трошкі лепш, — з усмешкай і смакаваннем у голасе, а ўсё ж такі важна прамовіў Сцяпанавіч.
— Піва я не люблю, — адказаў Санька. — Яно мне, як мая маці кажа, не пануе. А ты, Сцяпанавіч, у добрым месцы спыніўся.
Абапал дарогі — нешырокай асфальтавай паласы — дзвюма сценамі ўздымаўся лес. З гушчару дрэў найбольш выдзяляліся яліны і бярозы, — яліны сваёй цёмнай зеленню, на фоне якой асабліва пры-гожа выглядала сонечная жаўцізна дробнага бярозавага лісця. Паблізу, амаль да самага кювета, падышла маладая асіна, нявопытная модніца ў бурачковым уборы, і Саньку відаць было, здаецца, як трымцяць яе лісты — нібы ад сораму за свой дзікаваты колер, нібы ад нейкага затоенага хвалявання… Сонца стаяла над лесам трохі правей ад таго месца, дзе шаша ўніралася ў далягляд, і на абочыне шашы, дзе спыніліся машыны, за кюветам прывабліва зелянела мяккая травяная пасцель, засланая ласкавым сонечным святлом. Па вершняку хадзіў лагодны, мілагучны пошум, а нізам слаўся водар цёплай восені, з якога найбольш выдзяляўся сыраваты, смачны пах грыбоў.
— Як хораша, хлопцы, га? — сказаў Санька. — I сапраўды — залатая пара…
Санька вярнуўся з арміі летась увосень. Хлопец перажываў цяпер найбольш, відаць, шчаслівую пару маладосці, нібы адгульваў адпачынак перад клопатамі сямейнага жыцця, якое хутка мела пачацца. Ен быў адзіным сынам у маці-ўдавы, якую Санька з самага маленства ведае работніцай інструментальнага завода, дзе мама робіць непрыкметную, ды вельмі неабходную работу — прыбірае цэх. Жывуць яны ў адным з пакойчыкаў драўлянага дома на ўскраіне. Цеснавата, але гэта — як Санька думае цяпер — зусім ужо часова. Хутка ён нрывядзе дамоў сваю Ірачку, з-за якой цяпер, кажучы словамі маці, не бачыць белага свету. Ірачка — тэхнік на аўтамабільным заводзе, і хутка яна атрымае кватэру. Як толькі яны пяройдуць туды — няхай сабе адзін пакой, ды кухня затое свая! — мама адразу пакіне працаваць, а будзе глядзець хату. Так гаварылі пакуль што яны толькі самі, хаваючы ад маці радасную неспадзяванку. Мама ўжо ведае Ірачку, якая сама папрасіла Саньку назнаёміць іх, завесці яе ў іхні пакойчык. Дабрадушная і вясёлая сваёй ціхай, зычлівай для людзей весялосцю, старая работніца адразу ўпадабала светлакосую, разумную дзяўчыну і ў той жа вечар, рыхтуючы ім вячэру, ціхенька ўсхліпнула каля пліты, успомніўшы Міхася, свайго старэйшага, які загінуў у вайну… Усхліпнула, а потым, за сталом, міжвольна назвала Іру дачушкай. Сказала і схамянулася, а «дачушка» пачырванела, зірнула на Саньку, які таксама пачырванеў, і абое яны засмяяліся. А маці так і стала называць яе — то Ірачка, то золатка, то зноў дачушка. I ў светлым вобразе дзяўчыны, якую палюбіў яе сын, а за ім і яна, і ў самым пачуцці гэтым — узнагародзе за нялёгкае ўдовіна жыццё, было і сапраўды нсшта сонечнае, яснае, залатое… Аднак… Ну, што ж, і яна ўжо адчула сябе свякроўю, адчула рэўнасць да дзяў-чыны, што вось прыйшла і забрала, хоць не ўсяго пакуль што, а забрала ў яе сынка. Ну, што ж, яна — маці, хутчэй бы ёй — за ўсе турботы, за ўсю ціхасць яе — дачакацца таго, каб у сям'ю прыйшло яшчэ адно золатка, якое ўжо можна будзе любіць без рэўнасці, усім аднолькава!.. А Санька, нібы на злосць старой, марудзіў, не жаніўся. Ходзіць толькі ды ўсміхаецца.
Усмешка ў Санькі харошая. Заіка Васіль усміхаецца так, нібы заўсёды просіць прабачэння: «Эх, сказаў бы я вам нешта в-вясёленькае, д-ды вось не выйдзе…» А Санька ўсмешкай сваёй абяцае: «Я вам зараз такое скажу… ну, такое, што проста!..» I так ён будзе абяцаць усё жыццё. Прыемна глядзець на такую ўсмешку, бо ўсе мы заўсёды чакаем і хочам радасці.
Васіль і Санька ўжо дружылі, хоць і пазналіся нядаўна.
— Т-ты ўсё д-дыхаеш, Саня, д-дыхаеш, б-брат, — сказаў Васіль. — З-закурым м-мо, няхай начальнік н-нам п-пазайздросціць.
Сцяпанавіч, усё яшчэ з рукамі ў кішэнях штаноў, прыжмурыўшы пад кепкай малыя шэрыя вочы, глядзеў уздоўж шашы, пад сонца, як палкаводзец, і прыкідваўся, што нічога не чуе.
— Дыхаю, брат Васіль, — гаварыў Санька, беручы ў Недасека махорку. — Дыхаю і ніяк пе нацешуся. Што, давай паляжым?
Яны пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу паляглі на траву. Цела прыемна ныла, адпачываючы пасля трохгадзіннага сядзення за рулём, натруджаныя вочы з асалодай адпачывалі на ласкавай зеляніне.
— Чорт вазьмі —не відаць! — з прыкрасцю прабурчаў за канавай Сцяпанавіч.
Насустрач яму замест чаканых грузавікоў імчала-ся «Пабеда».
— Т-твой н-начальнік, Б-будай, — кіўнуў на яе Недасек. — Ідзі, б-брат, павітайся!
— А што ты думаеш? — усміхнуўся Санька. I ён гукнуў: — Сцяпанавіч! Зірні на нумар: можа, мой?
«Пабеда» шуганула каля трох грузавікоў і Сцяпанавіча, і Малыя зоркія вочы яго, прывычна прыжмурыўшыся, злавілі на жоўтай шыльдачцы чатыры лічбы.
— Дванаццаць шэсцьдзесят сем!
— Эх, чорт, не мой! — Санька махнуў рукою і перакаціўся на спіну.
Сцяпанавіч пакінуў углядацца і, канчаткова паддаўшыся спакусе, салідна гоцнуў цераз канаву.
— Што, спадзяваўся, што твой? — спытаўся ён у Санькі, кладучыся побач з ім.
— А што т-ты д-думаў — т-толькі т-ты ў яго н-на-чальнік? — падміргнуў Васіль. — А т-ты, Б-будай, н-на д-дарозе стаяў бы д-ды п-павітаўся б: м-можа п-пазнаў бы цябе…
— Ну, я яго, вядома, пазнаў бы, а ён мяне — не. З машыны яно горш відаць…