Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Пакуль мы з бацькам малое падбеглі туды, паспела адбыцца самае цікавае, самае вясёлае ў гэтай гісторыі.

Белы бычок прыгнуў лабастую галаву, наблізіў вільготную казытлівую пысу да твару свае сяброўкі і панюхаў яго, а дзяўчынка працягнула загарэлыя рукі, узялася за рогі бычка, адкінула назад светлавалосую галаву і, смеючыся, устала.

— Ой, татачка! — гаварыла яна і, не могучы дакончыць, звонка смяялася і паўтарала: — Ой, татачка! Ой!

І мы смяяліся ўтраіх, — так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і… прачнуўся.

1956

ГАСПАДАРЫ

У клубе добрага калгаса сход. У будзень, але святочны. Больш за сто цётак i дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.

Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з-паміж радоў на праход, няёмка ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета, «так, як i ўсе», ківае галавой i кажа «дзякуй». Дзяўчаты не надта прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу ж, толькі сеўшы, i радасна, як дзеці, усміхаюцца.

Сухенькая, смяшлівая бабка:

— Ну вось, счас i я ўкрашу сваю грудзь!..

Ідзе, a ўсе дабрадушна смяюцца.

Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як i бабка, культурна: «клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі…»

Толькі адна кабеціна — пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнант, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску — гаварыла коратка i пасвойму:

— Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.

Пасля сходу, вядома, танцы. I льнаводкі, i маладыя настаўніцы мятуць польку — не наглядзішся.

1956

КАР'ЕРА

Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазной Польшчы пяць год сядзеў у турме «за камуну», у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення — з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства — узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.

Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета i нарэшце старшынёй сельпо.

Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.

— Што ты мне тутака плявузгаеш! — грымеў ён на бухгалтара. — Я падпісаў — усё. А мала табе раз — другі раз падпішу!..

У нарыхтоўчай канторы ён сам, i вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.

Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкама.

— Ну, я ж усё ж такі яго начальнік, — апраўдваўся Пётр Пятровіч. — Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз — не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў!..

У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам.

Не так замурзаўся самахоць, як замурзалі памагатыя.

І вось ён памёр недзе ў турме ці ў лагеры. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры…

A маці, якой «Бог смерці шкадуе», увесь свой век пакутніца пры такім сыне, ідзе цяпер за дваццаць кіламетраў у райцэнтр, каб, можа, пенсію якую за Пятра далі…

1956

ПАРЫЖ, КАФЭ «МАДРЫД»

За шкляною сцяной мноства хвалістых папугайчыкаў. Цалуюцца сабе пры людзях, як сапраўдныя французы. Афіцыянткі ў брэтонскіх нацыянальных касцюмах. Ветлівы малады дырэктар добра гаворыць па-нямецку; скромна хваліўся, што ведае рускую літаратуру, гутарку пра якую пачаў з Дастаеўскага.

Старая, кульгавая, з кіёчкам, у дарагім футры, хоць па дварэ пагодлівы, цёплы кастрычнік, мадам прыходзіць есці вельмі акуратна. Есць доўга, старанна глытаючы процьму вустрыц, старанна фарбуючы губы: пасля яды…

Адной з афіцыянтак я падарыў некалькі маляўнічых паштовак з аўтографамі пашай турысцкай групы. Яна знайшла на адвароце паштоўкі серп і молат, паказала на іх пальчыкам, усміхнулася і ўзняла кулак: «Рот фронт!» Пры дапамозе дырэктара расказала нам, што брат яе, рабочы сцэны пры «Камэдзі Франсэз», быў летась у Маскве. Слова «брат» яна сказала па-французску, па-англійску і, за мной, па-нашаму… Мілая, баявая чарнушка.

Тым часам да старой мадам за суседнім сталом падсела другая. Гэтае «брат», «рот фронт!» і ўсё шчабятанне дзяўчыны з намі абурыла абедзвюх мадам. Яны паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі па яе, дакараючы. Пасля паклікалі дырэктара. Злёгку і з годнасцю схіліўшыся, ён слухаў іх з прафесійна ветлівай цярплівасцю: кліенткі, мусіць, даўнія.

Дзяўчына — каля нашага стала — усміхалася, нават і падміргнула мне на тых, а на развітанне дэманстратыўна ўсім нам паціснула рукі і зноў з мілай усмешкай узняла кулачок — «Рот фронт!».

1951

АСКОЛАЧАК ВЯСЁЛКІ

«…Дзед біў, біў — не разбіў, баба біла, біла — не разбіла…»

Юрку не біў ніхто. Усе яго прасілі. Сястрычкі наперабой паказвалі, як гэта робіцца. Мама злавала, што ён яе — нават яе! — не слухае. Прасіў сам бацька. Сарамаціў свайго Юрася, гаворачы з ім, як мужчына з мужчынам. Прасіла, нарэшце, госця-бабуля — вельмі заслужаны дзеяч найвышэйшага мастацтва, нястомная вясковая работніца, што нібы так сабе, нібы між іншым выгадавала сямёра дзяцей i дзевятнаццаць унукаў. Дваццатаму ўнуку яна гаварыла:

— Ну, зрабі ўжо, каток, зрабі. Пакажы ты нам гэтае дзіва, а то паеду заўтра дахаты i не ўбачу. Ну, вось, глядзі!

Пляскаючы ў такт сухімі, дрыжачымі рукамі, яна пачынала кволым старэчым голасам тую несмяротную песню, якой захапляліся i яшчэ будуць захапляцца мільёны сястрычак i брадікаў, мамаў i татаў, бабуль i дзядоў:

Ладкі-ладушкі, Прыляцелі птушкі…

I гэтак далей. А можна i зноў ад пачатку. Усё роўна будзе аднолькава хораша. Каб толькі песні той дапамагалі маленькія ручкі з растапыранымі пальцами, каб быў па вушы раскрыты ад радасці рот ды каб смяяліся вачаняты.

Вучыцца Юрка не хоча.

Ён стаідь у сваім ложку (ад сцяны — дыван, ад хаты — сетка), трымаецца аберуч за жалезны прут i то смяецца адназубым роцікам, то робіць тое, што ўжо добра завучыў: зусім як бацька, ляскае языком.

— От нехарошы! Мы цябе больш насіць не будзем, ні Алеся, ні я…

— Дурань! — злуецца мама.

I ўсім гэта смешна, нават самому Юрку. Ён смяецца залівіста, яшчэ раз ляскае языком, а потым надзімае губы i, зверху ўніз шмаруючы па ix кулачком, вельмі задаволена робіць «брр!».

Поделиться с друзьями: