Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
Але тут…
Ох, так, не ўсё ў жыцці збываецца!.. На тратуары перад Юркам стаяў Святланін тата, дзядзя Толя.
— А ты, браток, куды? — спытаўся ён. — Куды ж гэта ты адзін?
— Там… фашысты дзядзю пакрыўдзілі… Дзядзя харошы, а яны яго кулямі пастралялі! I ён ляжыць…
— Дзе ляжыць? Што ты выдумаў?
— Я не выдумаў. Ён — партызан. Ён праганяў іх, а яны…
— Э, браток, нічога мы з табою тут… Пайшлі на месца злачынства. Вядзі!
Юрка згадзіўся. Калі яго ручка, азяблая без рукавіцы, апынулася ў дужай, цёплай руцэ дзядзі Толі, ён канчаткова адчуў, што справядлівасць хутка пераможа. I без салдат. Дзядзя Толя сам вялікі!..
Аднак на двары іх чакала поўнае расчараванне.
Дзядзькі таго ўжо не было.
I Мішка ўжо не стаяў каля плота, а ішоў сабе па с. цежцы. Нават і без кіёчка.
— Ну? — спытаўся дзядзя Толя. пусціўшы Юркаву руку. — Як ты мне, браток, усё гэта растлумачыш? Дзе твой дзядзя і дзе фашысты?
Юрка стаяў разгублены.
А Міша стаіць і ўсміхаецца.
— Што, румяны? — спытаўся ў яго дзядзя Толя. — Як жа ты, браце-салдаце, на варце стаяў? Дзе ж ты падзеў таго дзядзьку?
I Мішка расказаў:
— Пгысёў дгугі дзядзя… дзядзя з кацельні і зябгаў дзядзю… Дзядзі пайсі туды!
Ён паказаў рукавіцай на дзверы ў падвал іхняга дома.
— Усё ясна, — сказаў дзядзя Толя. — У Кіпеня госць. А ты тут, Юрка, трывогу ўзняў.
Ды Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці.
— А фашысты ж дзядзю пакрыўдзілі!
— Ды гэта, браток, было ўжо даўпо. I трэба думаць, што больш не паўторыцца.
— А дзядзя той харошы. Ён партызан! I ён герой!
— Ну, так ужо і герой?
— У яго, дзядзя Толя, зорка на спражцы! Во тут. I вялікая! I Мішка, дзядзя Толя, бачыў!
Дзядзя Толя дастаў з кішэні паліто папяросны карабок і запалкі.
Як гэта добра — быць вялікім!..
Пакуль ён вымаў з карабка папяросу, а потым запальваў запалку, прыкурваў, зацягваўся — за сценамі дома, далёка на плошчы, вясёлым маршам грымелі трубы, а тут за рухамі ягоных рук хадзілі дзве пары вочак. Цікаўных, зайздросных, захопленых!..
— Ну, арлы, — сказаў дзядзя Толя. — Як бы там ні было, а вы, беручы аб'ектыўна, таксама героі. Абараняць пакрыўджаных — гэта па-нашаму. Гуляйце далей. Нават — выходзіць — пад музыку. О, чуеце? Прывітанне!
А ён пайшоў і не ведае, дзядзя Толя, што Юрась і Мішка нават трохі пабіліся… Ну, і няхай не ведае ніхто.
— Я больш не буду, Мішка, цыклопам, — сказаў старэйшы. — А ты не будзь кракадзілам. Дай мне ручку! Хадзем пад гараж — я табе нештачка пакажу…
1960
СЦЕЖКА-ДАРОЖКА
Ц. Г. Дуднікаву
Снег толькі што пайнюў, ціхі і спорны, калі яна пачыналася, белая сцежка. Пачаў яе слядамі сваіх ботаў гаспадар. Сляды тыя трымаліся нядоўга, іх зацярушвала дрыгатлівая густая мякката, што безупынна і ласкава асядала на зямлю. Зайшоўшы ад хлява ў гумно, гаспадар вяртаўся адтуль, нёс каню, зноў сцелючы на снезе след, Потым пайшоў яшчэ раз, прынесці карове, і зноў вяртаўся, а след яго ніяк не рабіўся сцежкаю.
Толькі пад вечар, калі той снег нарэшце нацешыўся, гаспадар зноў двойчы прашнураваў з хлява ў гумно і назад, і ўжо тады яна, сцежка, стала прыкметная.
Гаспадар быў малады. Калі ён ішоў з гумна, на гэта праз акно іх хаты глядзелі яго старая маці і маленькая дачка. Дзяўчынка ў ніцяных лапціках стаяла на лаве і, перавешваючыся цераз бабуліну руку, час ад часу ўпіралася лобікам у запацелую шыбу. I ўсё гудзела штосьці весела і заклапочана. Старая слухала, як пад рукой яе тукае маленькае сэрца, і га-варыла:
— А вунь, Любачка, наш бацька ідзе! А вунь!..
Нявестка сядзела на прасніцы, трохі воддаль ад таго акна. Але яна і так усё бачыла — што ў хаце, што і за акном. Бачыла, чула і ціха ўсміхалася. I ўсё, нягледзячы на прыцемак, завіхалася прасці, нібы толькі што ўсмак увайшла.
Калі сын старое, Шурка Іванішын, быў малады, дык нявестка Жэня — зусім маладзенькая. Яна прыйшла ў гэтую хату два гады таму назад, яшчэ, здаецца, па-дзіцячаму румянай дзяўчынкай. і вельмі саромелася свякрові…
Пра Іваніху нават і ў Жэнінай, няблізкай вёсцы гаварылі, што баба яна — суровая. Рана, яшчэ ў тую, «мікалаеўскую», вайну аўдавеўшы, сама і гаспадарыла баба, сама і дзяцсй гадавала, адмовіўшыся ад двух ці ажно трох прымакоў. I дачок тым часам абедзвюх па-людску выдала, і сына алсаніла, найменшага. А сама, глядзі, яшчэ і цяпер справілася б і не з адной, і не з адным — і за кроснамі, і за плугам. Толькі што здароўя не хапіла на ўвесь век — ужо гадоў некалькі накульгвала Іваніха ад расшырэння вен, і чым далей, тым горш. Ды цяпер ужо ёй што — хочаш, дык трохі тупай па хаце, а не, дык цёплай печы пільнуйся. Ды на табе, як усім добрым людзям, най-лепшы падарунак на старасць — унучку.
Жэня спачатку так саромелася і сапраўды суровай з выгляду Іваніхі, што прынясе тыя разы вядро вады, паставіць, апусціць рукі ды пытаецца:
— А што цяпер рабіць?
— Сядзь, ткаля, ды пасядзі, што ж ты будзеш рабіць, — гаварыла старая.
I маладзічка, бывала, сапраўды паслухмяна прысядзе на лаве і пасядзіць. Нядоўга. Бо зноў работа нейкая знойдзецца. Зробіць і тое, і зноў пытаецца:
— А што цяпер рабіць?
Але патроху прывыкла Жэня да чужое хаты, дзе пачалося яе патаемнае, сарамлівае шчасце, дзе прыйшлі пасля салодкая трывога чакання, страшная ноч пакут і Любачка, без якое — ну, невядома проста, як яна раней і жыла!.. Прывыкла і да свякрові. Бо яна толькі так, пакуль яе добра не ведаеш, здаецца злоснаю. Рабілі яны ў хаце ўсё звычайна ўдзвюх, і свякроў паказвала нявестцы многае, чаго яе не паспела навучыць маці. Праўда, пакажа, а як не хутка пяроймеш, дык і пабурчыць, не без таго. Аднак, калі яна, Жэня, пачала хадзіць Любачкай, калі ёй многае пачало здавацца цяжэйшым, старая часцей і неяк іначай стала гаварыць ёй:
— Ціха, дзеткі мае, памалей. А гэта — і зусім улсо не для цябе. — I яна прыкрыквала на Шурку: — Эй ты, бацька! Вады пайдзі прынясі. Два вядры.
А выйдзе ён, дык яна нават і такое:
— Ты глядзі цяпер, — кажа, — асцерагайся. А яму, здаравілу такому, нічога не зробіцца. Ён і цабрамі вады той мог бы прынесці!.. Мужыку, дзеткі, не трэба лішне патураць, а то прывучыш, дык і будзе за цябе хавацца. Хопіць бабе і так — уга, як хопіць! За два вякі і то ўсяго не пераробіш.
Так спакваля ды непрыкметна пачалася іх дружба. Калі ж нарадзілася Любачка і свякроў узялася вучыць маладую матулю, як і спавіваць, і карміць, і купаць, і лячыць іх непадзельнае шчасце. Жэня ўжо не толысі па закону называла Іваніху найдаражэйшым словам — мама, а часам нават ледзь-ледзь не таксама шчыра, як і родную маці, што жыла, дарэчы, за сем кіламетраў і, абкідаўшыся дзетварой, прыходзіла не вельмі часта.
Яшчэ, здаецца, больш непрыкметна, чым дружба са свякроўю, прыйшло да Жэні другое — жаночая сталасць. Ды ўжо не спакваля, як тая дружба, а пасля пераломнай, вялікай у яе жыцці падзеі. З нараджэннем Любачкі ў душы маладзіцы адбылося нешта такое, што назусім узаконіла яе пераход у мужаву хату, што дало ёй поўнае права лічыць сябе, нягледзячы на няпоўныя дваццаць гадоў, гаспадыняй.
Кахаць свайго Шурку яна і цяпер кахала не менш, вядома. чым раней, аднак — ужо трошкі інакш. Нітка ўжо не проста ішла за іголкай — яна адчула, што і іголка ад яе цяпер нідзе не дзенецца I ўжо часам мож-на было пачуць, як нітка патузвала: