Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
Чуў я аднойчы на Сажы, як пасажыры параходзіка, мінаючы плыты, гукалі плытнікам: «Дзядзь-ка-а, можа, вады даць?!» А тыя нават галавы не паварочвалі — такая сумота была, здаецца, на доўгіх, павольных «лавах» бярвенняў…
Нам таксама хапала вады. Вады, зеляніны і сонца. Спёка стаяла ўвесь дзень на саменькай мяжы вялікай навальніцы. Навокал, нізка над даляглядам, як быццам хмурылася, пагруквала, таямніча і насця-рожана, а дождж усё не ішоў. I рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Упэўненасць наша была растрачана хутчэй, надзея — больш павольна. I не было каму гукнуць з другога берага ці з лодкі:
— Дзядзька-а, а можа, рыбы даць?!
А юшка была нам вельмі патрэбна. Бо не маглі ж мы так сабе адправіць гэтых мілых, дружных юнакоў, што аддалі нам столькі ўвагі дома, правялі нас сёння ажно сюды… I вядома ж, як толькі з-за сітняку да нас падсунуліся на чоўне два мясцовыя рыбакі, што правяралі гэты бераг трыгубіцай, мы, амаль не змаўляючыся, дружна пайшлі на ганьбу… Словам, абед быў рыбацкі.
Тады ўжо, добра-такі пад вечар, з адносна лёгкім сэрцам адпусцілі мы з Андрэем нашых гасцей на аўтобус, а самі заселі ў завоіне з вудамі.
I іменна тады, як на злосць, пачала брацца рыба. Плоткі. На хлеб.
Блаславёнае люстра спакойнай, глыбокай вады. Самаробны, з гусінага пяра, або блакітна-белы куплены паплавок. Яго трывожнае, хвалюючае торканне. Рашучы момант падсечкі і — вяршыня рыбацкай радасці — жывое супраціўленне!.. Як добра, што ўсё гэта так свежа і здорава хвалюе цябе ад самага пастушынага маленства, дае так многа ціхай радасці, нават і не пытаючы: сапраўдны ты рыбак ці проста пэцкаль?! I рэчка, і неба, і гуллівы, несціханы шчэбет птушак ці самавіты, высокі гул самалёта, ідылічны покліч пастушынай трубы ці голас заўсёды чамусьці няўпэўненага і хрыпатага піянерскага горна — усё цяпер наноўнена вялікім і глыбокім сэнсам, радасным рытмам вечна маладой бадзёрасці, зноў і бясконца свежай прыгажосцю.
Час ад часу з кручкоў у глыбокую траву лажыліся шалпатлівыя шюткі.
А штосыіі ўсё нам замінала… Пад вялікім лазовым кустам, справа ад нашай завоіны, штосьці ўсё плюхацела, булькала, фыркала… Што за чорт?! Андрэй асцярожна палез у куст, моўчкі панароў у той шолам сухой галінай, паціснуў плячыма, плюнуў. Тут пад узгоркам, на якім я сядзеў, пачулася шорганне. Нехта ноўз пада мною, шалпочучы нечым сухім. Потым той нехта аціх. I я чакаў яго амаль з кашэчай насцярожанасцю. Зноў шалпочацца!.. Ціха. Андрэй сядзіць зноў ля вуды. I вось пад кустам той самы нехта зноў пачынае сваю работу — нібы пялёнкі палошча, а нотым нібы купаецца, плавае ціха і весела, лішне не плёхаючы, намагаючыся не засмя-яцца з недаўмення насцярожаных рыбакоў.
— Выдра, — сказаў нарэшце Андрэй.
Не лічачы заапаркавых клетак, мне толькі раз давялося бачыць яе жывую і амаль што зблізку. Я ляжаў у траве, задумана гледзячы на раку; каля аеру стаяла на прывязі лодка; і вось на лодку яна выбегла, відаць, упэўненая, што нікога няма. Прабегла краем борта да самага носа і ціха, не па-бабрынаму ціха нырнула.
Ёсць нешта незвычайна прыемнае ў такім вось маўклівым сузіранні. Так падкрадаўся я калісьці, юнаком, да кулікоў на бродзе. Нават апавяданне пра гэтае шчасце пачаў. Яно прапала ў вайну, і я ўспамінаю яго, міжвольна і даволі часта, з нейкім салодкім сумам, нібыта штосьці беззваротна дарагое…
Паказацца — ну, гэтай раскошы выдра нам не дала. Дый нас яна, відаць, не бачыла. Бо не сціхла пад кустам да самай ночы. I здорава абрыдла нам, нягледзячы на ўсю яе экзотыку.
А плоткі браліся, не зважаючы на выдрынае плюханне. Да самага змяркання браліся, пакуль і гэтае шчасце нас не здаволіла. Выпатрашыўшы свой сёнпя зусім нечакана багаты ўлоў, мы разлалсылі яго на роснай траве і накрылі мокрым аерам — да раніцы.
З начлегам таксама пашанцавала. Недалёка ад нашай багатай завоіны мы яшчэ днём заўважылі месца нядаўняй, хутчэй за ўсё піянерскай, стаянкі — два логавішчы з сухога ўжо аеру ды галля і цэлая горба алешніку, не спаленая добрымі людзьмі за ноч. Адно логавішча мы пакінулі, а другое, расцерабіўшы, падцягнулі да горбы ламачча. Зашугала вясёлае, фантастычна прыгожае вогнішча.
Зноў была добрая гутарка. Зноў было непустое маўчанне. I радасць пазнавання — свету і людзей.
Амаль на кожным двары сохне бясконцае павуцінне рыбацкіх сетак. Амаль на кожным хляве ці на хаце — буслянка. Бусляняты, раскрыўшы яшчэ не чырвоныя дзюбы, разморана, бездапаможна хекаюць ад спёкі, а бусла, здаецца, можна, прыўстаўшы на пальчыкі, пагладзіць рукою: і гнёзды нізка, і бусел тут — ледзь не хатняя птушка.
У гэтай лясной, лугавой, балотна-пясчанай, як можна падумаць, патрыярхальшчыне радасным дзівам выглядае звычайнае: новая школа-адзінаццаці-годка.
Малады энергічны дырэктар паказвае нам класы, кабінеты і майстэрні. I мне здаецца, што яму і нялёгка і радасна змагацца з жаданнем хоць намякнуць як-небудзь, што ён не прыйшоў сюды з інстытута на гатовенькае… Але ён і намёку не робіць.
Выходзім на двор. Загарэлы, у блакітнай тэнісцы і ў саламяна-залатым капелюшы гаспадар адчыняе гараж, з немалою затратай свае зайздроснай энергіі заводзіць стары грузавік, бярэ ў кабіну Андрэя, і вось — па шырокай пясчанай вясковай вуліцы — мы ўлятаем у лес.
Пасля ўчарашняга дажджу, прыгрэты руплівым з самага ранку сонцам, лес хмельна пахне прэласцю і жывіцай. Голле гарэзліва намагаецца сцябаць нас па тварах, але мы нагінаемся ў час і ахвотна — Генадзь, Мікола і я.
Цёплы духмяны вецер фурчыць у вушах, малодзіць шчокі і весела плюшчыць вочы.
Лес пераходзіць у поле, лясная духмянасць змяняецца хлебнай. Якое добрае жыта! Як роўна падняліся на тарфяніках каноплі! Пахадзіць бы ў іх гушчары так праз месяц, калі яны ўзнімуцца казачным лесам, падыхаць бы тады іх водарам… За тарфянікамі — лугі, перасечаныя ўпоперак нашай грэблі вадзяною стралой канала. Што тут за прагля была калісьці? Зноў пачынаецца лес. А вунь і вёска, таксама з бусламі ды сеткамі.
Тут мы спыняемся каля святочнай чарады мужчын, дырэктар наш па-свойму хутка дамаўляецца з матарыстам, той забягае ў хату, пасля лезе да нас у кузаў, і вось мы едзем зноў, да возера.
Бывалы грузавік сціпла становіцца ў цяньку — як быццам гэта не ён так хвацка прымчаў нас сюды. На беразе, каля доўгіх падмосткаў, прывязаны чатыры вялікія лодкі.
Матарыста завуць Раман. Гэта маладжавы, азёмкаватай дужасці мужчына ў гумавых ботах і ў скураной шапцы. Ён адмыкае свой «склад», проста будку з аполкаў, удвух з дырэктарам яны выносяць і прыладжваюць матор. Адпіхаем лодку на глыбейшае, сядаем. Капітан наш гаворыць нешта, узмахваючы рукой, але мы ўжо не чуем яго з-за грукату…
Маторы добра слухаюць палешукоў!.. Гэтая думка весела прыходзіць да мяне ўжо на поўным хаду, на люстраным і цёплым, здаецца, бязмежным прасторы.
Вогнішча наша раскошна гамоніць на лузе над ціхай і шчодрай Ясельдай. Не ціхнуць птушкі ў зарасніку. Настойліва лютуюць камары. У паднябесеі час ад часу прамармыча самалёт.
Холадна было б нам тут, у зялёнай і мокрай пустыні, пад касмічным бяздоннем, — холадна і журботна!.. Ды ў нас ёсць вогнішча, і мы — у гутарцы — не здзіўляемся, чаму гэта наш далёкі, ахутаны ў злубянелыя скуры продак мог пакланяцца, як першаму богу, агню. У нас ёсць дружба, і мы то грэемся словам, то дружна маўчым, кожны па-свойму, але не самотна. У нас ёсць родная зямля і роднае жыццё, і мы то гаворым пра гэта, то думаем, кожны сабе і канкрэтна, — успамінаючы новую, свежую прыгажосць і мясцін, і людзей.