БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Сьцяпан Баторы добра разумеў адмоўныя бакі наступу каталіцтва на Беларусь і ўзвышаньня яго, а паніжаньня праваслаўя і таму стараўся злагодзіць разгорнутае рэлігійнае змаганьне. Каб-жа ўзвысіць значаньне праваслаўя, Сьцяпан Баторы пацьвердзіў тыя граматы Вітаўта Вялікага і Казіміра, якія давалі правы на агульную дзейнасьць праваслаўнай царкве. Далёка горш сталася па сьмерці Баторага; калі быў абраны за караля Польшчы і Вялікага Княства Жыгімонт Ваза, што ў Польшчы лічыўся III, а ў Вялікім Княсьцьве IV і панаваў ад 1587 да 1622 г. Ваза, будучы каталіком, спрыяў каталіком і дазваляў крыўдзіць праваслаўе. Тымчасам жыхарства Беларусі ў бальшыні было праваслаўным. Каталікі спатыкаліся толькі дзе-нідзе.
Каталіцтва на Беларусі пачало шырэй распаўсюджвацца ад 1387 г., калі яго прыняла Жмудзь. Тады шмат і беларускіх магнатаў, разам з вялікім князем Ягайлам, з праваслаўя перайшло на каталіцтва. Ад гэнага часу каталіцтва мірна распаўсюджвалася на Беларусі і было ў згодзе з праваслаўем. Тлумачыцца гэта тым, што тады каталіцкія і праваслаўныя духоўнікі былі беларусамі, аднолькава зацікаўленымі ў развоі сілы народу і гаспадарства.
Рэлігійны падзел беларускага народу выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах суседзі Беларусі. Гэта ім удавалася тым лягчэй, што беларуская праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл з гледзішча ерархічнага лучылі ў залежнасьць ад чужых рэлігійных цэнтраў — Масквы і Польшчы. Каб ня даць ворагам магчымасьці выкарыстоўваньня гэткага стану, беларуская гаспадарсьцьвеная думка імкнулася да вызваленьня царквы і касьцёлу ад гэтай ерархічнай залежнасьці. За часоў Альгерда ўжо была створаная беларуская мітраполія, якую таксама падтрымваў Вітаўт, але яна пасьля заняпала, у выніку чаго царква лучыла ў ерархічную залежнасьць ад Масквы. Гэта дало апошняй магчымасьць мяшацца ў беларускія нутраныя справы ў якасьці няпрошанай апякункі праваслаўнае веры.
З мэтай рэлігійнага задзіночаньня беларускага народу ўсьцяж паўстала думка аб вуніі, г. зн. злучэньні праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу пад уладай рымскага папы. Спробы ўвядзеньня вуніі практычна, аднак, не ўдаваліся, і рэлігійны падзел заставаўся надалей.
У пачатку XVI ст. на Беларусі пачаў вельмі шырыцца рэфармацыйны pyx. Pyx гэты быў разьвіты перадусім у Нямеччыне, Італіі і Чэхіі ды скіраваны супроць універсальнага панаваньня каталіцкае царквы і папы рымскага і за стварэньне нацыянальных царкоўных арганізацыяў з багаслужэньнем у роднай мове, Такім парадкам паўсталі цэрквы лютаранскія і кальвінскія (пратэстанцкія). Лютаранства і кальвінства сталіся запраўднымі рэлігійнымі навінкамі і ахоплівалі шырокія колы магнацтва і залежнага ад іх баярства. Аб пашырэньні рэфармацыйнага руху між вышэйшымі пластамі беларускага народу можа сьведчыць факт, што з 600 праваслаўных шляхоцкіх фаміліяў у Наваградзкім ваяводзтве засталіся вернымі сваёй старой рэлігіі толькі шаснаццаць. Пратэстанты мелі сваю багатую рэлігійную літаратуру і шмат друкарняў. З іхнага асяродзьдзя выйшла шмат выдатных беларускіх патрыётаў, як, прыкладам, Цяпінскі, Будны. Для пашырэньня пратэстантызму на Беларусі асабліва шмат прычыніўся князь М. Радзівіл Чорны. Ён хацеў зрабіць пратэстанцтва беларускай нацыянальнай верай, што ня была-б падпарадкаванай ані Варшаве, ані Маскве.
Рэфармацыйны рух, аднак, не агарнуў шырэйшых пластоў народу, а трымаўся толькі на вярхох грамадзянства. Другім слабым бокам пратэстанцтва было разьбіццё яго на сэкты. Гэтых сэктаў на Беларусі налічвалася да 70. Кажная уважала толькі сваю веру за праўдзівую і выступала супроць іншых. I гэта было адмоўнаю зьяваю ў жыцьці народу, бо распальвала ў ім рэлігійныя спрэчкі, якія прыймалі часам надта войстры характар.
Асабліва востра супроць рэфармацыйнага руху выступалі каталіцкія манахі з закону езуітаў. Сьцягнуў іх сюды з Польшчы віленскі біскуп Валяр'ян Пратасэвіч дзеля змаганьня з пратэстанцтвам. Усе бадай езуіты былі палякамі. Таму яны, апрача рэлігійнай нецярплівасьці, прынесьлі на Беларусь і першыя асымілятарскія тэндэнцыі і ў надта вострай форме. Польскія езуіты ўтоесамлявалі каталіцтва з польскасьцяй і не сароміліся гэта публічна прапаведваць. Дзякуючы рэлігійнай свабодзе ў Беларусі яны пачулі дасканальны грунт для свае дзейнасьці. Дзейнасьць гэтая ня мела характару запраўднай рэлігійнай працы, а насіла ўсе адзнакі польскага ваяўнічага каталіцызму. Каб уявіць сабе абраз гэтае дзейнасьці, досыць сказаць, што выдатны польскі езуіт Петра Скарга, выступаючы ў Полацку і Вільні, ня ўмеў ці не хацеў адрозьніць каталіцкае рэлігіі ад польскае нацыянальнасьці. Рэлігійны сьветапагляд тагачаснай Польшчы стаяў на тым самым прымітыўным узроўні, як і Масквы, дзе цёмныя праваслаўныя ерархіі таксама не адрозьнявалі праваслаўнай рэлігіі ад маскоўскае нацыянальнасьці.
Польскія езуіты імкнуліся апанаваць касьцёл на Беларусі, зрабіць з яго сродак палёнізацыі. Ведаючы, што пакуль у каталіцкім касьцёле на Беларусі будуць духоўнікі беларусы, датуль гэтая мэта дасягненая ня будзе, яны выкарыстоўвалі факт ерархічнае залежнасьці каталіцкага касьцёлу на Беларусі ад духоўных уладаў у Польшчы і імкнуліся паставіць тут духоўнікамі палякоў. Прадметам іхнай атакі сталася віленская беларуская каталіцкая катэдра. Тут, пасьля пераводу біскупа Юр'я Радзівіла ў Кракаў, польская каталіцкая ўлада хацела паставіць за біскупа паляка Бэрнарда Маціеўскага. Але каталіцкае жыхарства Вільні, у якім гады яшчэ быў моцны нацыянальны дух, спрацівілася прыняць за біскупа цаляка. Пачалося змаганьне. Трывала яно ад 1595 да 1605 г. і на працягу яго віленская біскупская катэдра заставалася незанятай. Гэтае змаганьне набывала штораз вастрэйшых формаў. У міжчасьсі, аднак, езуітам удалося навярнуць на каталіцтва беларускіх магнатаў і ладную частку шляхты, што прыймала гэты каталіцызм у ягоным польскім выданьні, г. зн. не адрозьняваючы каталіка ад паляка. Пры дапамозе гэных магнатаў езуіты здолелі паступова замяняць беларускіх каталіцкіх духоўнікаў польскімі і здабываць каталіцкі касьцёл на Беларусі дзеля сваіх асыміляцыйных мэтаў.
Рэлігійныя спрэчкі ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім з цягам часу паглыбляліся. Праваслаўе хоць і было рэлігіяй вялізарнае бальшыні жыхарства, але яно было слабым. Праваслаўнае духавенства было мала адукаваным, часта і зусім няпісьменным. Догматаў свае веры ў масе ня ведала, а абмяжоўвалася вывучэньнем і адгаворваньнем патрэбных малітваў. Матар'яльна яно чулася блага, а на сяле нічым ня розьнілася ад сялянства. З гэтых прычынаў яму цяжка было вытрымаць напор адукаванага, матар'яльна добра пастаўленага каталіцкага і пратэстанцкага духавенства.
Падобнае палажэньне праваслаўнае царквы падсунула польскім езуітам думку лёгкага апанаваньня яе пры дапамозе г. зв. вуніі. Рэлігійная вунія тэарэтычна мела палягаць на злучэньні праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу пад прыматам папы, з тым, аднак, што новай вунійнай царкве пакідалася царкоўна-славянская мова і абрады праваслаўнае царквы. Езуіты разглядалі вунію як мост да пераходу праваслаўных у каталіцтва і ніколі не трактавалі новае вунійнае царквы як самастойнай і роўнараднай.
З другога боку, найлепшыя патрыёты краю, будучы сьведкамі рэлігійнага падзелу ў народзе, спагадна паставіліся да думкі аб злучэньні царквы і касьцёлу, манячыся пры дапамозе вуніі засыпаць гэты падзел І стварыць з яе беларускую нацыянальную царкву. Яны разумелі вялікую ролю рэлігіі ў свой час як духовага дзейніка ў нацыянальным вырабленьні народу, аб чым сьведчылі жывыя прыклады, бо XVI стагодзьдзе ў Эўропе — гэта пара паўстаньня розных нацыянальных касьцёлаў. Мікалай Радзівіл Чорны думаў зрабіць нацыянальным касьцёлам у гаспадарсьцьве кальвінства, што яму, аднак, не ўдалося. Іншыя, прыкладам Лявон Сапега, хацелі бачыць гэткі касьцёл у вуніі.
У 1595 г. у Берасьці, пры ўдзеле езуітаў, каталіцкага і часткі праваслаўнага духавенства (еп. еп. Цярлеіікі, Пацей) адбыўся сабор. У ім бралі ўдзел і тыя беларусы, што, як зазначана, разглядалі вунію як спробу стварэньня нацыянальнага касьцёлу. Вунія была пастаноўленая і папа Клімэнт VIII з радасьцяй даў на яе сваю згоду і багаслаўленьне. Гаспадар Жыгімонт IV Ваза выдаў дэкрэт аб злучэньні цэркваў.
Новая вера хутка ахапіла праваслаўную ерархію, якая ў масе не разумела існасьці прынятых дагматычных зьменаў, для яе станоўкім быў вонкавы бок новай царквы, а ён застаўся той самы, што і ў праваслаўнай царкве. Для пашырэньня новае царквы ў вялікай меры прычыніліся вуніяцкія ерархі: Кунцэвіч і Руцкі. Дзякуючы ім пасьля двух дзесяткоў год вунія неспасьцярожна, запраўды ахапіла блізу ўсё праваслаўнае духавенства. Праваслаўныя епіскапы аўтаматычна сталіся вуніяцкімі. Усе праваслаўныя цэрквы фармальна былі перададзеныя вуніятам.
Тым, хто ў новай веры хацеў бачыць беларускую нацыянальную царкву, давялося хутка расчаравацца, бо вунія апынулася ў руках польскіх езуітаў і нясла небясьпеку для гаспадарства. Таму прыхільнае ў пачатку дачыненьне да вуніі было зьмененае на варожае. Між іншым войстра выступаў супроць яе канцлер Лявон Сапега, хоць сам быў каталіком. Сапега стараўся не дапусьціць да ўмяшаньня палякоў у беларускія рэлігійныя справы, а разьвязаць апошнія навагай і собскімі сіламі беларускага гаспадарства. Ізноў-жа Кунцэвіч далей праводзіў вунію і барацьбу супроць праваслаўя. Сілаў беларускіх патрыётаў было ўжо замала, каб спыніць рэлігійнае змаганьне. Яно разгаралася ўсё вялікшым полымем, аж пакуль ня зьнішчыла гаспадарсьцьвеннага будынку.
Пашыраная царкоўная вунія ахапіла вялізарную бальшыню праваслаўных беларусаў. Яна, аднак, не знайшла прызнаньня з боку польскага каталіцкага духавенства. Каталіцкая Польшча глядзела на яе як на веру «ніжэйшую», «хлопскую», як на мост да пераходу ў каталіцтва і сродак да шырэньня палёнізацыі, калі-ж гэтая вунія набірала беларускага характару, дык палякі ставился да яе варожа. Вуніяцкае духавенства бачыла гэта і замкнулася ў сваім собскім коле. Гэтая акалічнасьць, з аднаго боку, а славянская мова і багаслужэньні, царкоўныя абрады, беларуская мова ў казаньнях, цесная сувязь вуніяцкага духавенства з народам, з другога, паступова зрабілі з вуніі запраўды беларускую нацыянальную" царкву. Але калі гэта ўжо сталася фактам, вунія гвалтам нішчылася.
Пачынаючы ад 1620 г. ва ўсёй Беларусі ішла вострая рэакцыя супроць новае веры. Выклікалі яе розныя прычыны. У гэным годзе, праездам з Масквы, Беларусь наведаў канстантынопальскі патрыярх Тэафіль. Ён зразумеў небясьпеку з боку вуніі для праваслаўнае царквы і ўжыў захады да змаганьня з ёю. Усюды, дзе былі ўжо вуніяцкія біскупы, ён устанавіў праваслаўных, выбіраючы людзей энэргічных, адукаваных, адданых праваслаўю. Патрыярх Тэафіль выясьніў розьніцу між вуніяй і праваслаўем і зьвярнуў увагу на канечную патрэбу выдаваньня процівунійнае праваслаўнае літаратуры. Гэтым ён палажыў аснову рэлігійнага змаганьня між праваслаўем і вуніяй. I запраўды, адразу пасьля ягонага ад'езду ў Канстантынопаль на Беларусі пачаўся масавы адварот ад новае веры і запраўдныя народныя выступленьні супроць яе. Усе важнейшыя гарады (прыкладам, Полацк, Віцебск, Магілеў, Ворша, Вільня і іншыя), дзе ўжо, здавалася, вунія запанавала, раптам выступілі адкрыта супроць яе і вуніяцкага духавенства. На дапамогу праваслаўнаму духавенству прыйшлі праваслаўныя брацтвы, якія перанялі ў свае рукі кіраўніцтва ў новым рэлігійным змаганьні.