Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

3. Адначасна паклікаць на службу ў Беларускай Краёвай Абароне ўсіх мужчын, народжаных у гадох: 1908,1909, 1910, 1911, 1912, 1913, 1914, 1915, 1916, 1917, 1921,1922, 1923 і 1924, вызначаючы пакліканьне іх у акругах, пералічаных у п. 2 на дзень 10 сакавіка 1944 г.

4. Пакліканьне ў акругах выканаюць намесьнікі Беларускай Цэнтральнай Рады, акруговыя начальнікі Беларускай Краёвай Абароны і старшыні паветаў.

5. Не пазьней як праз 3 гадзіны пасьля абвешчаньня гэтага загаду кожная асоба, падлягаючая пакліканьню,павінна ськіравацца на зборны пункт у воласьці, вызначаны старшынёй воласьці, адкуль яна будзе ськіраванаў паветавы цэнтр для мэдычнага агляду. Належыць узяць з сабой: вопратку і абутак у добрым стане, 3 пары бялізны, прылады для ежы і мыцьця (лыжка, ручнік), асабістыя рэчы.

6. Тыя, хто па атрыманьні гэтага загаду не зьявяццаў вызначаным часе і мейсцы, будуць уважацца за здраднікаў і будуць асуджаныя адмысловым судом на кару сьмерці.

7. Я як прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады буду асабіста наглядаць над арганізацыяй і пакліканьнем у Беларускую Краёвую Абарону. Ад імя Беларускай Цэнтральнай Рады я ўскладаю кіраўніцтва справамі пакліканьня на маёра Ф. Кушэля.

Я ўпэўнены, што кожны беларус выканае свой абавязак у справе хуткага ачышчэньня нашай бацькаўшчыны ад бальшавіцкіх бандаў, пасьля чаго асобы, пакліканыя гэтым загадам, змогуць вярнуцца да мірнай працы на гаспадаркак, фабрыках і заводах».

9 сакавіка ўвечары ў большай частцы Беларусі былі расклеяны вялікія абвешчаньні аб мабілізацыі. Наступнай раніцы мабілізацыйныя камісіі распачалі сваю працу. На будынках камісіяў былі ўзьнятыя беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі. Прызыўнікі масава пайшлі да мабілізацыйных камісіяў. З абшараў, занятых савецкімі партызанамі, прызыўнікі прабіраліся ляснымі сьцежкамі. Мабілізацыя спаткала партызанаў не прыгатаванымі. У некаторых мяйсцовасьцях яны варочалі прызыўнікоў назад да хаты. У іншых мейсцах яны казалі прызыўнікам ісьці ў БКА, браць зброю і біць немцаў.

На працягу трох дзён мабілізацыя дала вельмі добрый вынікі. Каля 28 000 чалавек прайшлі мабілізацыйныя камісіі. З іх было арганізавана 39 батальёнаў пяхоты, ад 500 да 600 чалавек у кожным. Батальёны былі разьмешчаныя па акруговых і паветавых цэнтрах. Адначасна былі арганізаваныя 6 сапёрных батальёнаў для патрэб направы дарогаў, чым у асноўным займалася нямецкая арганізацыя «Тодт». Сапёрный батальёны былі падпарадкаваныя нямецкай арміі 1 БЦР ня мела далейшага ўгляду ў справы гэтых фармацыяў. Яны атрымалі нямецкія ўніформы і узбраеньне, аднак моладзь не хацела ісьці туды, а жадала быць у баёвых батальёнах БКА. Сапёрныя батальёны былі разьмешчаныя: адзін у Барысаве, два ў Менску, два ў Слуцку і адзін у Баранавічах. Прадбачалася арганізацыя яшчэ пяці сапёрных батальёнаў, але гэта не было выканана.

Дзеля труднасьцяў з мяйсцовай аправізацыяй у хуткім часе БКА была забясьпечаная нямецкім вайсковым харчаваньнем. Вопратку мелі сваю і яна хутка зношвалася. Зброя была дастаўленая праз акруговыя аддзелы паліцыі,аднак дрэннай якасьці і ў малой колькасьці. Гэта былі італьянскія карабіны па 100 на батальён і 30 патронаў на карабін, некалькі польскіх або бэльгійскіх цяжкіх і лёгкіх кулямётаў, некалькі мінамётаў, трохі ручных гранатаў, ды пісталеты для афіцэраў. Пазьней былі дададзеныя францускія, галяндзкія, расейскія і польскія вінтоўкі. Аднак адна стрэльба прыпадала на 6 або 7 чалавек.

Батальёны праходзілі вайсковую падрыхтоўку з наяўнай зброяй. Прызначаныя прапагандовыя афіцэры праводзілі ідэялёгічную працу.

Было відавочна, што немцы ня мел! даверу да беларусаў і не хацелі дапусціць да стварэньня эфектыўнай беларускай збройнай сілы. Бо летам 1943 году добра ўзброеная, уключаючы артылерыю і танкі, апранутая ў нямецкія уніформы расейская брыгада пад камандай Родіонова, якая стаяла ў местачку Лужкі, абстраляла з артылерыі і спаліла местачка Каралеўшчына каля Глыбокага, разьбіла нямецкія абаронныя бункеры і перайшла на бок савецкіх партызанаў. Гэты факт меў для немцаў вялікую пераконваючую вагу.

Факт тварэньня беларускай збройнай сілы рабіў свой уплыў навакола. На заклік прэзыдэнта Астроўскага да партызанаў Случчыны пакінулі лясы і здалі зброю каля 4 500 мяйсцовых партызанаў.

У палове сакавіка 1944 году ў Менску распачаў працу курс перашкаленьня 50 афіцэраў і 200 падафіцэраў, а па сканчэньні яго, у канцы красавіка, распачаўся другі курс. Раўналежна з наступным трэцім курсам асобна была арганізавана афіцэрская школа для 280 маладых кадэтаў, якія яшчэ ня былі ў войску. Кіраўніком афіцэрскай школы быў прызначаны капітан Чабатарэвіч, а з нямецкага боку — капітан Шнайдэр.

25 сакавіка адбылася ўрачыстая прысяга БКА ў паасобных батальёнах. У Менску на Катэдральнай плошчы (плошча Волі) прысягу складалі курсанты афіцэрскай і падафіцэрскай школы ў прысутнасьці прэзыдэнта БЦР, гэнэральнага камісара Готтбэрга, прадстаўнікоў нямецкай арміі, цывільнай адміністрацыі і вялікага натоўпу народу.

Савецкія партызаны хутка распачалі начныя напады на паасобныя казармы БКА. У Варапаеве і Плісе Глыбоцкай акругі батальёны БКА былі заатакаваныя ў начы і разьбітыя, частка была ўзятая ў палон, а частка разьбеглася. У Шаркаўшчыне савецкія партызаны вялікімі сіламі напалі ў начы на ўвесь батальён і спалілі дзераўляныя казармы ды разагналі дзьве роты БКА. У мураваных казармах жаўнеры абараніліся і прагналі партызанаў. У Паставах Глыбоцкай акругі дзьве роты былі апанаваныя польскімі дывэрсантамі-афіцэрамі з сярэдзіны. Пад іх тэрорам гэтыя дзьве роты аднэй ночы пакінулі казармы і пайшлі са зброяй у лес да польскіх партызанаў. У Вялейскай і іншых акругах савецкія партызанскія напады на казармы ня мелі такіх посьпехаў, бо казармы былі ў гарадох.

Хутка падрыхтаваныя батальёны БКА ў паасобных акругах распачалі збройнае змаганьне з партызанамі. Большыя аддзелы БКА абходзілі свае паветы, заганялі партызанскія, банды ў глыбіню лясоў, даючы сялянам магчымасьць спакойна працаваць на сваіх гаспадарках. Пад канец красавіка батальёны БКА разам з нямецкімі аддзеламі змагаліся супроць савецкіх партызанаў у раёнах Плешчаніца і Бягомель. Беларускія батальёны выказалі вялікую вытрымаласьць і цьвёрдасьць у баёх.

У канцы траўня нямецкі штаб пастанавіў ужываць лепш падрыхтаваныя батальёны БКА для большых апэрацыяў супроць партызанаў. Першым быў 15-ты батальён з павету Гарадзішча, які стаяў у вёсцы Вольная. Атрымаўшы загад са штабу Готтбэрга, акруговы камандант нямецкай паліцыі Баранавіч зьвярнуўся да намесьніка БЦР, а той — да начальніка Галоўнага кіраўніцтва БКА па справе выкананьня загаду Готтбэрга. Начальнік БКА і намесьнік згадзіліся і батальён быў перавезены ў Менск, абмундзіраваны, пераўзброены і рэарганізаваны. Камандзір батальёну, Мануэй, быў мала ведамы Галоўнаму кіраўніцтву БКА, таму да батальёну быў прызначаны спэцыяльна ўпаўнаважаны ад Галоўнага кіраўніцтва БКА надлейтэнант У. Родзька. Батальён быў далучаны да апэрацыйнай акцыі, якая праводзілася пад камандай Готтбэрга, па ачышчэньні ад партызанаў абшараў у ваколіцах Лепеля і Барысава. У гэтай акцыі батальён БКА выказаў вялікую баёвую вартасьць. Па сканчэньні апэрацыі Родзька як фактычны камандзір быў узнагароджаны жалезным крыжам, а шмат іншых камандзіраў і стральцоў былі ўзнагароджаныя баявымі адзнакамі для ўсходніх народаў.

У палове чэрвеня 1944 году быў узяты ў акцыю супроць партызанаў 34-ты батальён БКА са Стоўпцаў, які папярэдня атрымаў сьцяг з рук прэзыдэнта Астроўскага і прыняў ягонае імя. Штаб Готтбэрга выслаў загад акруговаму каманданту паліцыі і той сам паехаў у Стоўпцы для перавозу батальёну. Не бачучы беларускага кіраўніцтва, жаўнеры разьбегліся. Прэзыдэнт Астроўскі заявіў прадстаўніку Готтбэрга, што без папярэдняга паведамленьня беларускага кіраўніцтва БКА батальёны БКА ня могуць быць забіраныя са сваіх казармаў. Да 34-га батальёну быў высланы маёр Мікула, які і выправіў яго ў акцыю. Батальён атрымаў нямецкае абмундзіраваньне, узбраеньне, эквіпунак і быў высланы на акцыю супроць партызанаў у Слонімшчыну. Ён разьбіў злучэньні савецкіх партызанаў, якія акружалі Пружанскі батальён БКА і пагражалі яму зьнішчэньнем.

Наваградзкі батальён у другой палове чэрвеня 1944 году прымаў удзел разам з нямецкімі аддзеламі ў акцыі супроць партызан на паўночны ўсход ад Глыбокага.

Урад СССР рабіў захады для параліжаваньня вызвольнай барацьбы беларускага народу. Шостая сэсыя Вярхоўнага Савету БССР у лютым 1944 году ў Гомелі прыняла пастанову аб стварэньні Народнага Камісарыяту замежных спраў БССР згодна з папярэдня прынятым законам СССР. Гэтым актам маскоўскі ўрад імкнуўся нейтралізаваць вызвольныя імкненьні беларусаў, а адначасна выкарыстоўваў БССР нібы «сувэрэнную» дзяржаву ў сваіх міжнародных махінацыях.

Поделиться с друзьями: