БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
У красавіку 1944 году да Гэнэральнай акругі Беларусі былі далучаныя Пінская і Берасьцейская акругі. Сынод Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы прыняў у сваю юрысдыкцыю арх. Іоана як галаву Палескай і Берасьцейскай епархіі ўжо на пачатку красавіка 1944 году. 12 траўня 1944 году сабор япіскапаў Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы пастанавіў прыняць у Беларускую мітраполію мітрапаліта Палескага і Пінскага Аляксандра.
Беларуская Цэнтральная Рада прызначыла сваіх намесьнікаў у новадалучаныя акругі. У папярэднюю пару, калі Пінская і Берасьцейская акругі былі далучаныя да Гэнэральнага камісарыяту Украіны, там сьведама праводзілася палітыка ўкраінізацыі беларусаў. Характэрныя мэтады былі застасаваныя ўкраінцамі адносна беларускага батальёну № 104, які стаяў у Кобрыне.
Гэты батальён, арганізаваны нямецкім акруговым камісарам Берасьцейшчыны на пачатку 1943 году для аховы парадку і барацьбы супроць савецкіх партызанаў у гэтай акрузе, быў укамплектаваны з мяйсцовых людзей, беларусаў. Камандаваў ім беларус Ляўковіч, лейтэнантамі былі беларусы з Косава Луцэвіч, Тарашчык і іншыя. У хуткім часе батальён налічваў каля 1000 чалавекаў. Нутраной мовай у батальёне была беларуская. Батальён быў поўнасьцю ўзброены вінтоўкамі, кулямётамі, мінамётамі і гранатамі. Адначасна батальёну ахоўвала шлюзы Каралеўскага каналу; другая хадзіла на ачышчэньне акругі ад савецкіх партызанаў; трэцяя навучалася валоданьню зброяй. барацьбе супроць танкаў і іншай цяжкай зброі.
Па некаторым часе ў 1943 годзе да гэтага батальёну быў далучаны аддзел украінцаў з Галіцыі ў сіле 150 чалавекаў афіцэраў і жаўнераў. Трэба прыпушчаць, што гэтае далучэньне адбылося па захадах украінскага цэнтру, супрацоўнічаючага з немцамі, каб украінізаваць гэты беларускі батальён. Беларускае камандаваньне батальёну засталося бяз зьменаў, а ўкраінцам былі прызначаныя падпарадкаваныя становішчы. Украінцы распачалі прыдаваць батальёну ўкраінскі характар. Яны вывешвалі на ўрадавай дошцы абвесткі на ўкраінскай мове і аб украінскіх справах. Да гэтага часу ўсе абвесткі рабіліся на беларускай мове. Беларусы зрывалі і нішчылі абвесткі на ўкраінскай мове і жадалі захаваньня беларускай мовы ў нутраным жыцьці батальёну.
Нацыянальныя спрэчкі былі даведзеныя да ведама нямецкага каманданта паліцыі і акруговага камісара. Немцы над сваім кантролям правялі галасаванне аб нацыянальным складзе ўсяго батальёну, якое выявіла 91,5% беларусаў і 8,5% украінцаў. На гэтай аснове нямецкае кіраўніцтва вырашыла, што батальён павінен захаваць беларускі характар. Нямецкі акруговы камандант заявіў, што немцы ня могуць змусіць беларусаў стацца ўкраінцамі.
Трэба адзначыць, што ў часе гэтага галасаваньня групы ОУН (Арганізацыя Украінскіх Нацыяналістых) абыходзілі жыхароў і загадвалі ўсім запісвацца і галасаваць, што яны ўкраінцы. У адваротным выпадку іх чакала смерць.
Беларусы радзілі ўкраінцам перайсьці ўва ўкраінскія батальёны, але бяз посьпеху. Калі ўкраінцы пераканаліся, што ня возьмуць у свае рукі кіраўніцтва над 104-м батальёнам, то, праўдападобна, - пастанавілі справакаваць яго ліквідацыю. У траўні 1943 году батальён быў пераведзены ў местачка Драгічын. Тут зьявілася моцная група савецкіх партызанаў, рабуючых местачкі Гарадзец і Антопаль. На ачышчэньне гэтых абшараў ад савецкіх бандаў быў пасланы з батальёну зьвяз у складзе чатырох беларускіх лейтэнантаў і 150 стральцоў, куды было ўключана некалькі ўкраінцаў. Пасьля выкананьня акцыі супроць партызанаў аддзел вяртаўся ў Драгічын. Калі зьвяз праходзіў дарогай праз лес, то ўкраінцы, якія шлі паперадзе, пачалі страляць у беларускіх лейтэнантаў. Адразу пасьля гэтага ўсе ўкраінцы са зьвязу ўцяклі ў лес. Рэшта ўкраінцаў, якая засталася ў батальёне ў Драгічыне, таксама ўцякла з батальёну ў гэты самы дзень. Скора пасьля гэтага батальён № 104 быў зьліквідаваны, а людзі падзеленыя на часткі і пераведзеныя ў іншыя беларускія батальёны.
Украінскі тэрор супроць беларусаў на Палесьсі прыняў значныя і жорсткія памеры. Праваслаўны сьвятар Міхаіл Ражановіч і яго сямья былі беларусамі і служылі добрым прыкладам для сваіх прыхажанаў. Каб прысьпешыць украінізацыю аколіцы, група ОУН зарэзала яго трох дарослых сыноў. Наймалодшы сын схаваўся і ўцалеў, а сьвятара ў гэтую ноч ня было дома, таму ён і застаўся жывым.
У часе вайны і партызаншчыны на Беларусі працавалі з перабоямі пачаткавыя школы. На абшарах цывільнай адміністрацыі ў пачатку 1944 году былі наступныя колькасьці пачаткавых школаў па акругах:
Баранавіцкая 445 Менская (уключаючы Менск) 638
Вялейская 429 Наваградзкая 311
Ганцавіцкая 117 Пінская 126
Глыбоцкая 479 Пінская (украінскіх) 39
Лідзкая 397 Слонімская 224
Слуцкая 341
На абшарах вайсковай адміністрацыі існавалі наступныя колькасьці пачаткавых школаў па акругах:
Бабруйская 314 Гомельская 342
Барысаўская 147 Магілеўская 298
Віцебская 367 Смаленская 296
Сярэднія школы былі арганізаваныя ў абмяжаванай колькасьці, з націскам на прафэсыйныя школы. Сярэднія мэдыцынскія школы былі ў гарадох Баранавічы, Менск і Смаленск.
Гімназіі і матуральныя курсы былі ў гарадох Смаленск, Віцебск, Рудня, Орша, Магілеў, Быхаў, Баранавічы, Наваградак, Бранск, Гомель, Клінцы і Старадуб.
Гандлёва-адміністрацыйныя школы дзеінічалі ў гарадох Баранавічы, Валожын і Маладэчна.
Настаўніцкія сэмінарыі былі ў Нясьвіжы, Паставах, Наваградку, Манастыршчыне (Смаленская акруга), Слоніме, Вялейцы, Ганцавічах і Маладэчне. Рамесьніцкія школы існавалі ў гарадох Баранавічы. Клецк, Магілеў, Віцебск, Слонім, Слуцк і Быхаў.
Прагімназіі былі ў Баранавічах, Наваградку, Слоніме, Смаргоні і Глыбокім.
Мэдычны Інстытут быў адчынены ў Магілеве, а пазьней пераведзены ў Новую Вялейку.
XXXVI
Другі Усебеларускі Кангрэс, яго прабег ды пастановы.
Упаўнаважаньне Беларускай Цэнтральнай Рады як народнага прадстаўніцтва, атрыманае ад нямецкіх акупацыйных уладаў, з абмяжаваным абсягам дзейнасьці, акрэсьленым у накінутым з гары Статуце, не адказвала беларускім нацыянальным імкненьням. Імкнучыся да адраджэньня беларускай самастойнай дзяржаўнасьці, БЦР хацела стварыць аўтарытэтнае нацыянальнае прадстаўніцтва, паходзячае з волі беларускага народу. Такая рэпрэзэнтацыя пры наяўнасьці собскай збройнай сілы магла-б быць дзейнікам, з якім нямецкія акупацыйныя ўлады мусілі-б лічыцца як з саюзьнікамі, а заходні сьвет — як з самастойным беларускім дзяржаўным фактарам. 3 гэтымі мэтамі БЦР звярнулася да немцаў з прапановаю аб скліканьні Другога Усебеларускага Кангрэсу перад прыняцьцем ад іх паўнамоцтваў. Фактычна кангрэс меў даць агульнанароднае паўнамоцтва для БЦР, уневажняючы гэтым нямецкі мандат. Неабходнасьць правядзеньня кангрэсу беларусы аргумэнтавалі важнай для немцаў у тым часе прапагандовай антысавецкай роляй кангрэсу Як прабег кангрэсу, так і ягоныя пастановы праектаваліся яго арганізатарамі ў духу і напрамку беларускіх нацыянальных патрэбаў бягучага часу.
Кангрэс быў скліканы Беларускай Цэнтральнай Радай на 27 чэрвеня 1944 году ў сталічным горадзе Менску. Паседжаньні кангрэсу адбываліся ў Менскім гарадзкім тэатры. Уваход у тэатр быў аздоблены беларускім дзяржаўным гербам «Пагоня» і беларускімі нацыянальнымі сьцягамі. У зале, над прэзыдыюмам, быў вялікі напіс: «3 Цэнтральнаю Радаю — за Вольную Беларусь!» Будынак тэатру пад час кангрэсу знаходзіўся пад аховай Беларускай Афіцэрскай Школы.
Кангрэс адчыніў прывітаньнем і пажаданьнем посьпехаў у працы прэзыдэнт БЦР Астроўскі. Прэзыдэнтам кангрэсу быў выбраны Яўхім Кіпель, шматгадовы вязень савецкіх канцэнтрацыйных лягероў, а цяпер кіраўнік навуковага аддзелу БЦР. Віцэ-прэзыдэнтамі былі выбраныя інж. Іван Касяк, намесьнік Глыбоцкай акругі, і Васіль Рагуля, былы сэнатар польскага сэнату. Сакратарамі былі выбраныя судзьдзі Менскага акруговага суду Леанід Галяк і Бранавіцкі.
Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель у сваім прывітальным звароце сьцьвердзіў, што толькі два разы прадстаўнікі беларускага народу ўсёй Беларусі былі ў стане сабрацца і выказаць сваю волю: на Першым Усебеларускім Кангрэсе дваццаць шэсьць гадоў таму назад і цяпер. Бальшавіцкія зьезды на Беларусі не былі беларускімі народнымі прадстаўнікамі, таму што вялікая бальшыня ўдзельнікаў іх былі не беларусамі. Прэзыдэнт кангрэсу заклікаў дэлегатаў быць самаахвярнымі і мудрымі пры вырашаньні спраў, каб дапамагчы беларускаму народу выйсьці з гора і нядолі на вольны шлях да сьветлай будучыні.