БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Кангрэс прыняў прапанову запрасіць у прэзыдыюм удзельнікаў Першага Кангрэсу, пасьля чаго некалькі дзесяткаў дэлегатаў занялі мейсцы ў прэзыдыюме, а сярод іх прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі, былы пасол у польскім сойме Фабіян Ярэміч з Вільні, д-р Я. Станкевіч з Прагі, палкоўнік Канстанцін Езавітаў з Рыгі.
Наступна прэзыдэнт Астроўскі даў шырокую справаздачу з дзейнасьці БЦР за мінулыя шэсць месяцаў. На пачатку ён падаў гістарычны нарыс падзеяў на Беларусі ад часу Першага Кангрэсу да стварэньня БЦР. Падзел Беларусі Рыскім трактатам паміж Савецкай Расеяй і Польшчай у 1921 годзе прынёс чужацкую акупацыю і вельмі цяжкі прасьлед і вынішчэньні беларускаму народу. Аднак народ ператрываў іх і ў зьмененых абставінах распачаў працу і барацьбу за свае нацыянальныя інтарэсы. Вялікім асягненьнем у гэтай барацьбе зьяўлялася стварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады, якая задзіночыла нацыянальныя сілы. У гэты час уся Беларусь, за выняткам гарадоў, ужо ёсьць апанаваная партызанамі, і для перамогі над імі патрэбная барацьба ўсяго беларускага народу. Таму і была праведзеная мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, паасобныя батальёны якой ужо змагаюцца з савецкімі партызанамі.
Па акругах арганізаваныя намесьніцтвы БЦР, якім падпарадкаваныя аддзелы культуры і навукі, школы, сацыяльна-грамадзянская апека і Беларуская Народная Самапомач. У бліжэйшым часе да БЦР будзе перададзеная палата здароўя і Саюз Беларускай Моладзі. Кожны з аддзелаў БЦР прарабіў паважную працу ў сваёй галіне, аб чым прэзыдэнт падаў інфармацыі.
Наступна прэзыдэнт злажыў паўнамоцтвы свае і БЦР у рукі кангрэсу, які павінен вырашыць аб далейшым лёсе Беларусь
У дыскусыі над справаздачай прэзыдэнта прамаўлялі Эмануіл Ясюк, старшыня Стаўпецкага павету і Мікалай Дзямідаў, прадстаўнік беларусаў з Ліды. Ясюк падкрэсьліў вагу арганізацыі БКА як беларускай нацыянальнай збройнай сілы, пажадаў БЦР далейшых посьпехаў у працы. Дзямідаў зьвярнуў увагу на асягненьні БЦР у галіне беларускіх школаў і заклікаў да падтрымкі БЦР.
Прэзыдэнт кангрэсу Кіпель адзначыў асягненьні БЦР у розных галінах і прапанаваў уважаць БЦР за беларускі нацыянальны ўрад. Далей ён падаў да ведама паступіўшую ў прэзыдыюм наступную прапанову: «Другі Усебеларускі Кангрэс сьцьвярджае, што з гэтага моманту БЦР з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале зьяўляецца адзіным правамочным прадстаўніцтвам беларускага народу». Прапанова была прынятая кангрэсам аднагалосна.
Наступна былі выбраныя мандатныя і рэзалюцыйная камісіі, якія неадкладна прыступілі да сваёй працы, а пленум кангрэсу ў тым часе заслухаў пісьмовыя і вусныя прывітаньні. Па адчытаньні прывітальнага ліста ад гэнэральнага камісара Беларусі фон Готтбэрга кангрэс прыняў тэкст ліста ў адказ на прывітаньне. З прывітаньнем ад БКА выступіў капітан В. Чабатарэвіч, пісьмовыя прывітаньні паступілі ад Кэнігсбэргскага аддзелу БНС і ад жаўнераў Службы парадку з усходняга фронту. Кангрэс таксама віталі ад Саюзу Беларускай Моладзі Міхаіл Ганько ў асысьце д-ра Надзеі Абрамавай і групы юнакоў і юначак; ад сялян, работнікаў і інтэлігэнцыі настаўніца Апалёнія Савёнак; ад беларускага праваслаўнага духавенства архіяпіскап Філафей; ад баптыстых прэсьвіцер Дзекуць-Малей; ад рыма-каталіцкага духавенства кс. Пётра Татарыновіч.
Справаздачу мандатнай камісіі адчытаў праф. Іван Жарскі. У кангрэсе прымалі ўдзел 1039 дэлегатаў ад усёй Беларусі і замежных беларускіх арганізацыяў. Прысутнічалі дэлегаты ад акругаў Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і ад вайсковай зоны, уключаючы Смаленскую, Бранскую, Чарнігаўскую, Арлоўскую, Берасьцейскую, Пінскую, Гомельскую і іншыя. Беларускія тэрыторыі, далучаныя да іншых краёў, як Вялейшчына, Беласточчына і Дзьвіншчына, таксама прыслалі дэлегатаў на кангрэс. Прыехалі прадстаўнікі ад беларускіх арганізацыяў з Рыгі, Варшавы, Лодзі, Кракава, Кэнігсбэргу, Бэрліна і Вены. Паводля прафэсыі было: настаўнікаў 276, сялянаў 245, работнікаў 142, службоўцаў 234, інжынераў 31, юрыстых 25, журналістых 14, аграномаў 13 і розных іншых 34. Паводля веравызнаньня было: праваслаўных 903, рыма-каталікоў 125, эвангэлікаў 5, старавераў 5 і магамэтанаў 1.
Наступна выступіў першы віцэ-прэзыдэнт БЦР М. Шкялёнак з дакладам на тэму «Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу». Ён адзначыў, што ўсе пастановы і трактаты ўрадаў СССР і былой Польскай дзяржавы адносна Беларусі і ейнага народу рабіліся бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і былі накіданыя Беларусі гвалтам чужынцоў. Беларускі народ ніколі не ўважаў іх за акты права, але за акты чужацкага паняволеньня. У сучаснасьці вайна зьмяла з Беларусі ранейшыя польскія і бальшавіцкія дзяржаўныя парадкі і дала магчымасьць стварэньня новага ладу, пры якім беларускі народ хоча быць суб'ектам права. Аднак як урад СССР, так і польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане імкнуцца зьвярнуць сваё ранейшае панаваньне на Беларусі, паклікаючыся на свае ранейшыя дагаворы. Таму Другі Усебеларускі Кангрэс павінен на ўвесь сьвет заявіць аб запраўдных жаданьнях і волі беларускага народу.
Крыніцамі расейска-польскіх прэтэнзыяў да Беларусі ёсьць звычайнае захопніцтва і гвалты. А вынікам іхняга панаваньня на Беларусі зьяўляюцца нязьлічаныя шкоды для беларускага народу ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах. Разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, падзел Беларусі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай трактатам у Рызе ў 1921 годзе былі актамі супольнага гвалту расейскіх пралетараў і польскіх паноў. Такім самым гвалтам была акупацыя Заходняй Беларусі савецкімі арміямі ў 1939 годзе. Цынічнае санкцыянаваньне гэтага гвалту праз галасаваньне бязвольнага Народнага Сабраньня ў Беластоку ня можа зьмяніць сутнасьці насільля. Мы адкідаем назаўсёды ўсе ланцугі чужацкай няволі і адмаўляем ім у праве дзеіць ад імя беларускага народу.
У дыскусыі над рэфэратам Шкялёнка выступалі гэнэрал К. Езавітаў і д-р Я. Малецкі. Езавітаў сьцьвердзіў рост беларускай нацыянальнай сьведамасьці і імкненьняў да незалежнасьці беларускага народу за 25 гадоў, праўшоўшых ад часу Першага Усебеларускага Кангрэсе. Пануючы сягоньня погляд — гэта дзяржаўная незалежнасьць для Беларусі, чаго ня могуць зламіць ні ранейшыя, ні новыя дагаворы, — зазначыў ён. Малецкі заявіў, што Маскоўшчына і Польшча заўсёды былі ворагамі Беларусі, •а іх трактаты — варожыя. Беларускі народ заўсёды пратэставаў супроць іх і цяпер яны для яго зьніклі.
Пасьля перапынку на абед далейшае паседжаньне кангрэсу распачалося дакладам Аўгена Калубовіча, сябра БЦР, «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Рэфэрэнт зрабіў кароткі агляд падзеяў на Беларусі ад Першага Усебеларускага Кангрэсу, падаючы акт 25 сакавіка 1918 году, які абвесьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, як і збройную барацьбу Слуцкага паўстаньня ў абароне незалежнасьці. Аднак Савецкая Расея, працягваючы калёніяльную палітыку царскай Расеі, не дапусьціла да самастойнай беларускай дзяржавы. Яна стварыла Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, маскоўскую фікцыю дзяржаўнасьці. Дзейнасьць усіх дзяржаўных органаў БССР накіроўвалася дзяржаўнымі органамі СССР з Масквы. У БССР ня было наркаматаў абароны, замежных спраў, замежнага гандлю, шляхоў зносін, сувязі (пошта, тэлефон, радыё), авіяцыйнай прамысловасьці, боепрыпасаў, узбраеньня і г. д. Беларусь трактавалася як нутраная калёнія ў межах СССР. Абшар Беларусі Масква дзяліла і перадзельвала паводля сваіх меркаваньняў. Даўшы спачатку эканамічную і нацыянальную перадышку пад час нэпу, ад 1928 году маскоўскі ўрад распачаў пагром палітычнага і нацыянальна -культурнага, а ад 1929 году і эканамічнага жыцьця. Беларусы былі звольненыя з высокіх дзяржаўных і навуковых становішчаў і замененыя небеларусамі. Пад час калектывізацыі сельскай гаспадаркі было арыштавана, расстраляна або дэпартавана ў Сібір і Казахстан звыш 1 500 000 апорных сялянаў. Арыштаваныя і дэпартаваныя ў канцлягеры беларускія вучоныя і інтэлігэнцыя: настаўнікі, лекары, пісьменьнікі і паэты. Арыштаваныя і дэпартаваныя ў сібірскія канцлягеры ў 1938 годзе былыя паслы польскага сойму і іншыя ўцалелыя беларускія дзеячы навукі, культуры і грамадзкага жыцьця. Усё кіраўніцтва на Беларусі ахапілі небеларусы. Яны выкарчоўвалі беларускасьць і пашыралі расейшчыну, бальшавізм і інтэрнацыяналізм. Замест беларускай мовы ў школах, адміністрацыі, публікацыях, прэсе і г. п. была ўведзеная расейская мова.Былі зьнішчаныя вялічэзныя беларускія бібліятэчныя і архітэктурныя багацьці. Нават Барысаў Камень з XII стагодзьдзя пад Талачыном быў узарваны камсамольцам Хайкіным.
Рэлігійнае жыцьцё было гвалтоўна разбурана, усе 1600 цэркваў і манастыроў былі зачыненыя, 8 япіскапаў і каля 1400 сьвятароў былі арыштаваныя, замораныя голадам, турмамі або дэпартаваныя ў канцлягеры.
Самі беларусы ніколі не нішчылі-б сваёй лепшай часткі народу і не разбуралі-б свайго нацыянальнага і культурнага жыцьця. Кангрэс павінен прызнаць, што БССР — гэта чужацкая маскоўская форма дзяржаўнасьці; што голас Масквы ў беларускіх справах не павінен мець ніякай праўнай сілы; што твораныя Масквой урады БССР не маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў.
У дыскусыі над прамовай Калубовіча выступілі А. Комар — старшыня гораду Менска, Анішчык-Чэмер — публіцысты і Лявон Случчанін — настаўнік.
У сваіх выступленьнях яны заявілі, што беларусы не жадаюць нічыёй «апекі», а тым больш апекі з боку Масквы і Варшавы, саюзьнікам можа быць толькі той, хто дапаможа парваць ланцугі векавой няволі і выйсьці да жыцьця ў вольнай і незалежнай Беларусі. Усе іншыя намеры ў адносінах да нашай Бацькаўшчыны вызнаюцца варожымі і патрабуючымі адпору.
Наступна ад рэзалюцыйнай камісіі выступіў К. Езавітаў, які прачытаў праект рэзалюцыі: «Другі Усебеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску праз чвэрць стагодзьдзя пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу і выслухаўшы даклады аб падзеях на Беларусі ў часе паміж абодвума кангрэсамі, аднагалосна пастанавіў:
1. Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,якая, маючы паўнамоцтвы Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году, на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 году ўрачыстай 3-й Устаўнай граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай у ўсіх яе формах.
2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі ня прызнаваў, ня прызнае цяпер і ніколі ня прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.