ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Зазначым таксама, што ў «Сказании о князьях владимирских», складзеным у першай палове XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве, Віцень (яго імя тут «Віцянец») паказаны як адзін са смаленскіх князёў, якому ўдалося выратавацца ад татарскага пагрому і ўцячы ў Жамойцію (так тут называецца Літва). Беларускія гісторыкі XIX ст. М. Без-Карніловіч i А. Кіркор выказвалі думку, што Віцень, як і Гедзімін, быў сынам полацкага князя Гердзеня. Пры такой разнастайнасці звестак і думак аб паходжанні Віценя зноў такі вырашальнае значэнне мае яго славянскае імя.

У адносінах Віценя, як і Трайдзеня, вельмі мала захавалася сведчанняў пра яго унутраную палітыку. Дарэвалюцыйныя гісторыкі (Б. Антановіч, М. Дашкевіч, М. Любаўскі) супрацьпастаўлялі нібыта літоўска-язычніцкай палітыцы Трайдзеня руска-хрысціянскую палітыку Віценя і Гедзіміна, але і тыя адзінкавыя факты без ніякага выключэння гавораць, што Віцень, як і ранейшыя князі, змагаўся за ўнутранае ўмацаванне дзяржавы, праціўнікамі чаго былі феадалы балцка-літоўскіх земляў, у прыватнасці Жамойціі. Нямецкія крыніцы захавалі і прозвішча аднаго з заклятых ворагаў Віценя — Пялюзы. Ён як быццам з'яўляўся нават сынам Трайдзеня, скінутым з княскага пасада Лютуверам (па іншых звестках ён быў сынам Даўмонта, што больш верагодна). Пасля гэтага ён у 1286 г. уцёк да крыжакоў і на працягу многіх гадоў рабіў свае разбойніцкія напады на пагранічныя землі былой радзімы. У адзін з такіх набегаў у Нальшчанах ён захапіў і забіў 70 старэйшын, якія сабраліся на вяселле. Важна падкрэсліць, што справа тут не ў асабістых амбіцыях Пялюзы, але, гэта галоўнае, у падтрымцы яго з боку жамойцкіх вярхоў. Яму нават удалося схіліць да здрады трох вайсковых начальнікаў (Драйка, Спуда і Світрыла), якія здалі свае крэпасці крыжаносцам. Толькі ў 1314 г. Пялюза быў захоплены Гедзімінам і пакараны смерцю. Або вось яшчэ больш яскравы факт. У 1294 г. у час нападу крыжакоў на Жамойцію яе старэйшыны схілялі народ да саюзу з немцамі і паднялі паўстанне супраць Віценя. Хоць яно і было задушана, аднак Віценю так і не ўдалося схіліць жамойтаў да згоды і супольнай барацьбы з крыжакамі.

Як бачым, па меры далейшага прасоўвання Новагародскай дзяржавы ў глыб балцка-літоўскіх земляў працягвалася і іх супраціўленне. У той жа час як пры Міндоўгу, Войшалку, Трайдзені, так і пры Віцені мы не знаходзім у крыніцах ніводнага факта супраціўлення ўладзе вялікіх князёў у беларускіх землях.

Паколькі дзейнасць (і выключна вайсковая) Віценя адбівалася толькі ў заходніх крыніцах, то мы ведаем у цэлым толькі пра яго барацьбу з крыжакамі і часткова з палякамі. Менавіта першае ўпамінанне пра Віценя ў 1291 г., калі ён не быў вялікім князем, і гаворыць пра яго паход на Польшчу. Там сказана, што Лютувер паслаў яго супроць палякаў у зямлю Берасцейскую. Берасце ў гэты час знаходзілася ва ўладзе валынскага князя Мсціслава. Трэба зазначыць, што ён перад гэтым вёў упартую спрэчку са сваім пляменнікам Юрыем Львовічам за Берасце. Жыхары гэтага горада выказалі былі сваю сімпатыю да яго саперніка, і яны былі за гэта пакараны. Мсціслаў, не хочучы праліваць іх крыві, вырашыў абкласці іх цяжкай данінай, аб чым і загадаў пісцу запісаць у летапіс: «…уставляю ловчее на Берестьяны и в векы за их коромолу: со ста по две лукне меду, а по две овце, а по пятннадесять десятков льну, а по сто хлебов, а по пяти цебров овса, а по пяти цебров ржи, а по 20 куров, а по горожаны 4 гривны кун, а кто мое слово порушить, а станет со мною перед богом. А вопсал есмь в летописець коромолу их». Вядома, усё гэта не магло выклікаць прыхільнасці берасцянаў да валынскіх князёў і ў далейшым мела ўплыў на ўваходжанне Берасцейскай зямлі ў склад BKЛ. Іпацьеўскі летапіс пад 1291 г. апавядае аб дапамозе Льва Галіцкага польскім князям Баляславу, Кандрату, Лакотку пад Кракавам, але там Віцень не ўпамінаецца. Аднак магчымасць барацьбы Віценя за Берасце нельга выключыць. Берасцейская зямля, у склад якой уваходзілі апроч Берасця Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, клінам урэзвалася паміж Мазовіяй і новагародскімі ўладаннямі, і таму барацьба за яе была жыццёва неабходнай для дзяржавы. Да таго ж гэтая зямля была адгароджана ад Валыні балотамі і пушчамі. Усё гэта аблягчала яе ўключэнне ў склад ВКЛ, што і адбылося ў 1315 г. Цікава, што ў познім Васкрасенскім летапісе ў заслугу Віценю, які там называецца сынам Трайдзеня (Прайдзеня), і ставіцца якраз тое, што ён «прибавил земли Литовские много и до Бугу». Магчыма, што далучэнне Берасцейскай зямлі было найбольшым тэрытарыяльным прырашчэннем у час Віценя. На жаль, крыніцы не даюць магчымасці ўстанавіць, ці пашыралася ўлада Віценя на Тураўскую і Пінскую землі.

Пра паход Віценя супроць Польшчы гаворыцца і пад 1293 г., калі ён стаў вялікім князем. Уварваўшыся з вялікім войскам у Сандамірскую зямлю, ён спачатку меў вялікі поспех, захапіўшы багатую здабычу і тысяч шэсць палону, але пасля адыходу пацярпеў паражэнне.

Ужо адзначалася, што ў ВКЛ беглі, ратуючыся ад крыжакоў, прусы, дзе іх прымалі і сялілі найперш у раёне Горадна. Так, напрыклад, адзін з апошніх прускіх старэйшын Скурда з усімі сваімі людзьмі пакінуў радзіму. Для рассялення іх каля Ліды была адведзена зямля (в. Кержышкі). Вось гэтым і тлумачылася, чаму Прускі ордэн і пачаў свае набегі на Гарадзенскую зямлю. У 1284 г. рыцары і напалі на яе. Яны аблажылі Горадзен, пасля жорсткага бою авалодалі яго акольным горадам (самога цэнтра не змаглі ўзяць), пабілі безліч людзей і пасля са здабычай, якую нарабавалі па навакольных вёсках, вярнуліся назад. Гэта быў толькі пачатак. Шматпакутная Горадзеншчына цярпела ад нападаў рыцараў у 1295,1296,1305,1306 (двойчы), 1311 (тройчы), 1314, 1324 і 1328 гг.

Аднак не ўсе гэтыя паходы прыносілі ўдачу агрэсару. У 1314 г. крыжакі нечакана рушылі на Новагародак, узялі яго і спалілі, а пасля сталі штурмаваць замак. I вось тут упершыню вызначыўся выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч і палкаводзец Давыд Гарадзенскі. Гэта быў чалавек, надзелены незвычайнай энергіяй, прадпрымальнасцю і вайсковымі ведамі, таму карыстаўся высокай пашанай і займаў пасля вялікага князя першае месца ў дзяржаве. Нездарма ж пасля Гедзімін аддаў за яго замуж адну са сваіх дачок. Будучы гарадзенскім старастам, ён займаў адно з ключавых месц у абароне дзяржавы з боку Мазовіі і Тэўтонскага ордэна.

Палкаводчы талент Давыда Гарадзенскага ўпершыню яскрава выявіўся пры абароне Новагародка ў 1314 г., калі ён са сваім войскам з’явіўся на выручку крэпасці, якую аблажылі крыжакі. Ён авалодаў іх лагерам, перабіў у ім варту, захапіў коней і харчовыя прыпасы. Крыжакі вымушаны былі адступіць, але на зваротным шляху яны не знайшлі ў пэўных месцах сваіх складоў з правіянтам, бо яны былі загадзя разбураны Давыдам. Крыжацкае войска, церпячы голад, рассыпалася і амаль загінула ў непраходных лясах.

Цяжка сказаць, ці быў яшчэ ў гэты час Новагародак сталіцай дзяржавы. Пісьмовыя крыніцы пра гэта маўчаць. Праўда, у летапісах XVI ст. гаворыцца, што Гедзімін стаў княжыць «на прастоле бацькі свайго Віценя ў Кернаве». Аднак гэтаму цяжка паверыць, бо пасля мы даведваемся, што Гедзімін княжыў у Вільні, і таму значэнне Кернава як сталіцы дзяржавы пасля Новагародка не мае пад сабой падставы. Але незалежна ад таго, ці знаходзіўся Віцень у Новагародку, дамінуючая роля яго і яго зямлі ў дзяржаве стала відавочна падаць. Найперш прычынай гэтага былі вельмі неспрыяльныя знешнія ўмовы. Калі ў 50–70-х гг. XIII ст. Новагародскай зямлі прыносілі разбурэнні і спусташэнні галіцка-валынскія войскі, то пачынаючы з 80-х гг. яна становіцца аб’ектам узмоцненых нападаў прускіх крыжакоў, што не магло не падарваць эканоміку, а разам з тым і палітычнае значэнне зямлі. Трохразовы захоп, абрабаванне і разбурэнне Новагародка ў 1274, 1277 і 1314 гг. таксама не маглі не падзейнічаць адмоўна на лёс яго як сталіцы дзяржавы.

У той час як роля Новагародскай зямлі ў дзяржаве паніжалася, усё больш узрастала зноў значэнне Полацкай зямлі. На жаль, інфармацыя аб ёй пасля яе аб’яднання з Новагародкам таксама вельмі бедная. 3 гэтага часу да пачатку XIV ст. захаваліся толькі лічаныя і разрозненыя звесткі аб полацкай гісторыі.

Адным з такіх сведчанняў з’яўляецца невялікі літаратурны твор пад назвай: «Семена епископа тферского наказание». Змест яго вельмі важны і выразны, і мы таму яго прывядзём поўнасцю і ў арыгінале: «Константин князь Полоцкий, нарицаемы Безрукий у собе в пиру, хотя укорите тивуне своего о чем, рече попу пред всеми: владыко, где быти тивуну на оном свете? Семен поп отвечае: где и князю. Князь же не улюбив того, молвит попу: тиун неправду судит, мзду емлет, люди продает, мучит, лихое все деет, а аз что даю? И рече поп: аще будет князь добр, Богобоин, жалует людей, правду любит, избирает тиуна или коего волостеля мужи добре и богобойне, страха божия помне, разумна, праведна, по закону божию всё творяша и суд ведуша — и князь в рай и тиун в рай. Будет ли князь без Божия страха христиан не жалует, сирот не милует и вдовицам не печалуется, поставляет тивуна или коего волостеля — человека зла, бога не бояшася и закона Божия не ведуще, и суда не разумеюще, только того деля, абы князю товара добывал, а людие не шадил, аки бешена человека пустил на люди, дав ему меч, тако и князь, дав волость лиху человеку избити люди, — князь во ад и тиун с ним во ад».

Гэты твор з’яўляецца адзіным сведчаннем пра полацкага князя Канстанціна. Паколькі тут выведзены Сімяон, які з’яўляўся цвярскім епіскапам з 1271 па 1289 г., то гэта можа арыенціровачна ўказваць на час, калі княжыў Канстанцін. Відаць, Бязрукім яго празвалі таму, што ён быў у сапраўднасці такім, хутчэй за ўсё ў выніку ўдзелу ў вайне. Не выключана, што ў яго асобе мы маем таго ж самага Канстанціна, які княжыў у Полацку ўжо раней, перад Гердзенем як стаўленік Траняты і прыйшоў зноў да ўлады пасля Ізяслава.

Хоць твор напісаны ў форме размовы князя з епіскапам, мае багаслоўскі характар, тым не менш ён — адзін з вельмі рэдкіх дакументаў, у якіх знайшлі сваё адбіццё сацыяльныя парадкі таго часу, у прыватнасці сваволле цівуноў, якія, атрымаўшы ўладу ў воласці, «не па праўдзе судзяць, бяруць хабары, людзей прадаюць, мучаць, ліхое ўсё дзеюць», і ўсё гэта толькі дзеля таго, каб «князю прыбытак здабыць, а людзей не літаваць». Што ж, даволі дакладная замалёўка грамадскага зла, тыповага не толькі для Полацкай зямлі, як лічыў В. Данілевіч, але і для ўсіх земляў, дзе панавалі феадальныя парадкі. I ўжо калі тыя цівуны-ліхадзеі былі ў такога унікальнага на той час князя, якім з’яўляўся Канстанцін Бязрукі, то можна ўявіць, якімі былі яны ў іншых князёў, дзеля карысці якіх найперш і тварыліся бясчынствы. Можна думаць, што калі Канстанцін не абмяжоўваўся толькі нараканнем на несправядлівасць такіх парадкаў, а імкнуўся іх выкараніць, то наўрад ці мог ён доўга сядзець на княскім пасадзе. Роля белай вароны яўна не пасавала князю, і ўсе тыя цівуны-валадары, якіх ён так асуджаў, не маглі не паставіць яго перад выбарам: або змірыцца з тым, што яны тварылі, або развітацца з княскім пасадам. Магчыма, што апошняе і адбылося з Канстанцінам, і ён апынуўся ў Віцебску, дзе пазней быў князем, як можна меркаваць, яго сын Міхаіл Канстанцінавіч.

Была выказана думка, што дзесьці ў другой палове XIII ст. полацкім князем мог быць Яраслаў Ізяславіч, грамата якога Барысаглебскаму манастыру захавалася. Сапраўды, такі князь мог быць, даводзячыся сынам Ізяславу, які княжыў у Полацку пасля Гердзеня. I ўсё ж гэтае меркаванне адпадае, бо ў грамаце ясна сказана, што яна дадзена ў 1396 г.

Але самай цёмнай і заблытанай з’яўляецца гісторыя, што захавалася ў нямецка-лацінскіх крыніцах і ў М. Стрыйкоўскага аб князю, імя якога засталося невядомым і які нібыта быў у Полацку недзе ў канцы XIII ст., і аб падзеях, што адбыліся пасля яго смерці. Тут паведамляецца, што гэты князь з'яўляўся язычнікам, г. зн. літоўцам, але, захапіўшы Полацк, прыняў каталіцтва і паколькі быў бяздзетным, то завяшчаў Полацкую воласць крыжакам, і яны пасля смерці яго ў хуткім часе нібыта захапілі Полацк, наваднілі яго рознымі каталіцкімі служкамі, якія прымушалі пераходзіць у іх веру праваслаўных палачанаў, што ў дадатак да гэтага цярпелі ўціск і ад лівонскіх рыцараў. Усё гэта вывела палачанаў з цярпення, і яны нібыта звярнуліся каля 1307 г. да літоўскага князя (імя яго не называецца) з просьбай дапамагчы ім вызваліцца ад улады немцаў, на што ён ахвотна згадзіўся і лёгка расправіўся з крыжакамі, карыстаючыся тым, што яны былі ўцягнуты ва ўзаемную барацьбу.

Поделиться с друзьями: