Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Шрифт:
Значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння BKЛ з’яўляецца атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Літвы. Аднак гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад уласна Літвой у XI–XIII стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і якая побач з імі з’яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Менавіта яна была далучана да Новагародка спачатку ў 50-х гадах XIII ст. літоўскім перабежчыкам Міндоўгам, а пасля ў 60-х гадах XIII ст. канчаткова яго сынам Войшалкам. Гэта было першым звяном у пашырэнні ўлады Новагародка, які дасягнуў к таму часу значнага эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, на іншыя беларускія і балцка-літоўскія землі. Толькі гэтым і можна вытлумачыць, чаму Новагародак стаў першай сталіцай ВКЛ. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, пайшла назва новай дзяржавы як Літоўскай. Трэба таксама памятаць, што першая яе сталіца — Новагародак быў заснаваны князем Яраславам Мудрым пасля заваявання ім у 1044 г. Літвы, г. зн. на яе тэрыторыі, і таму па традыцыі лічыўся літоўскім горадам. У свой час М. Надзеждзін вельмі трапна адзначыў, што перамагла не Літва, а імя Літвы. А такія выпадкі ў гісторыі не рэдкія, што было бачна на прыкладзе Прусіі.
Тое, што ўтварэнне ВКЛ суправаджалася заваяваннем балцка-літоўскіх земляў (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцверджанне, што ўзнікненне гэтай дзяржавы дыктавалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. Цікава, што Э. Гудавічус у сваім артыкуле пра маю кмігу «Па слядах аднаго міфа», змешчаным у некалькіх нумарах часопіса «Voruta» за 1994 г., сцвярждае, што я пад міфам разумею тое, што ў той час сучасная Літва таксама называлася Літвой. Гэта пытанне я закранаў па ходу майго даследавання, аднак галоўная мая ўвага была ўдзелена выкрыццю міфа аб літоўскім заваяванні Беларусі. I зрабіў указаную падмену Э. Гудавічус невыпадкова. Аспрэчваючы мой тэзіс аб адсутнасці літоўскага заваявання, ён павінен быў бы прывесці факты яго, а іх то і няма. I таму Э. Гудавічус і рашыў замаўчаць гэта пытанне. Паколькі ўтварэнне ВКЛ было найперш вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб’яднання беларускіх земляў, то гэты гістарычны працэс быў у інтарэсах беларускіх феадалаў. Таму становіцца зразумелым, чаму ў ВКЛ пануючае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова. Усё адзначанае поўнасцю адхіляе вельмі пашыраны ў навуковай літаратуры тэзіс аб уваходжанні Беларусі ў склад ВКЛ. Нічога падобнага не было, бо менавіта адна з тэрыторый Беларусі — Верхняе Панямонне — і была ядром утварэння ВКЛ.
Час Трайдзеня
Недастатковая інфармацыя крыніц да канца XIII ст. дала глебу для з’яўлення вельмі супярэчлівых сцверджанняў аб сутнасці і характары паасобных падзей у гэтай новай дзяржаве. Найперш нам нічога не вядома пра час у прамежку 1268–1270 гг. паміж амаль адначасовай смерцю Войшалка і Шварна і ўкняжэннем Трайдзеня. Б. Антановіч лічыў, што гэты час быў запоўнены барацьбой літоўска-язычніцкага элемента з руска-хрысціянскім і перамогай першага над другім, улада якога працягвалася звыш 20 гадоў. Аднак гэтая думка грунтуецца на непаразуменні. Справа ў тым, што мы фактычна не ведаем, адкуль узяўся Трайдзень, ці паходзіў ён з роду Міндоўга, ці належаў да іншага роду. Праўда, у «Хроніцы Быхаўца», як і ў іншых беларускіх летапісах XVI ст., ён і лічыцца сынам вялікага князя Рамана, ці Ромунга, які ў сваю чаргу нібыта быў сынам вялікага князя Гілігіна. Аднак у гэтых крыніцах гісторыя Трайдзеня вельмі заблытаная і ўяўляе сабой «сумесь падзей, якія адбываліся ў розныя часы, і ўласных домыслаў складальнікаў летапісаў». І ўсё ж некаторыя з іх заслугоўваюць таго, каб іх адзначыць. Гэта найперш тое, што Трайдзень да таго, як стаў вялікім князем у Новагародку, быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі к гэтаму часу сваіх князёў і лёгка паддаліся яго ўладзе. Трайдзень, стаўшы вялікім князем яцвяжскім і дайноўскім, збудаваў над р. Бобр горад, які назваў Райгорадам. Найперш гэта можа быць сведчаннем таго, што ўжо ў 60-я гг. XIII ст. да Новагародка была далучана частка яцвягаў, якія жылі па р. Бобр, а гэта значыць, што новая дзяржава пашыралася і на захад, што ў далейшым і прывяло да сутычак з польскімі князямі. Па-другое, тое, што Трайдзеню прыпісваецца заснаванне горада з яскрава славянскай назвай, побач з іншым, аб чым мы будзем гаварыць ніжэй, абвяргае сцверджанне, што Трайдзень быў літоўцам і язычнікам і што, наогул, укняжэнне яго азначала перавагу літоўска-язычніцкага пачатку ў новай дзяржаве, што было рэакцыяй на ранейшую перавагу руска-хрысціянскага пачатку. Трэба зазначыць, што імя «Трайдэн», з якім гэты князь фігуруе ў навуковай літаратуры і якое ў немалой ступені дае нам уяўленне аб ім як літоўцу, не адпавядае крыніцам, дзе гэтае імя мае розныя формы (Тройдзень, Трондень, Troidzien, Траждень), але сярод іх няма формы «Трайдэн». А ўсё гэта таксама сведчыла аб славянскім паходжанні Трайдзеня. Дарэчы тут нагадаць, што гэты князь у некаторых беларускіх летапісах лічыцца сынам вялікага князя Рамана. Сапраўды, прыкладна з 1254 па 1258 г. новагародскім князем быў Раман, але ён з’яўляўся сынам галіцкага князя Данілы, а не міфічнага Гілігіна, аб чым ужо гаварылася вышэй.
У язычніцтва Трайдзеня таксама цяжка паверыць, калі ўлічыць, што ўсе яго браты Борза, Сірпуцый, Лесій і Свелкеній (усе імёны славянскія) былі хрысціянамі. У. Пашута не меў рацыі, калі лічыў, што адмоўная характарыстыка Трайдзеня як язычніка, які па сваёй жорсткасці параўноўваўся з такімі біблейскімі асобамі, як Антыох, Ірад і Нерон, узята з «Літоўскага летапісу», аўтар якога быў нібыта незадаволены ўсталяваннем у Новагародскай дзяржаве ўлады язычніка Трайдзеня. Усё, як убачым далей, было наадварот. Асабліва незадаволенымі Трайдзенем былі галіцка-валынскія князі, якія шмат ваявалі з ім, і таму іх летапісец і даў яму такую знішчальную характарыстыку. Менавіта так і растлумачыў гэта пазнейшы летапісец, адзначаючы, што Трайдзень атрымаў такое непаважлівае параўнанне з лютымі людзьмі, што быў «окрутный и валечный» (ваяўнічы). Зазначым, што ў тыя часы было звычаем сваіх ворагаў называць беззаконнымі, паганымі, нехрышчонымі, язычнікамі незалежна ад таго, былі ці не былі яны такімі. Напрыклад, Пскоўскі летапіс паганымі называў нямецкіх крыжакоў і ўсіх лацінянаў.
Усё сказанае дае падставу меркаваць, што з Трайдзенем у Новагародскай дзяржаве запанавала новая княская дынастыя, якая ў адрозненне ад папярэдняй Міндоўгавай была славянскага паходжання. I гэта заканамерна. Цяпер, калі Літва была заваявана і супраціўленне яе феадалаў было канчаткова зломлена Войшалкам, Новагародку не было больш патрэбы ў князях літоўскага паходжання. Цяпер можна было мець свайго князя, і ім стаў Трайдзень.
У крыніцах зусім мала звестак аб унутранай палітыцы Трайдзеня. Але і тое, што ёсць, паказвае, што ён, як і Войшалк, клапаціўся аб далейшым унутраным умацаванні Новагародскай дзяржавы. Калі Літва змірылася са сваім падначаленым становішчам, то гэтага, відаць, не было ў іншых балцкіх землях, заваяваных Войшалкам, у прыватнасці ў Нальшчанах, дзе ўслед за Войшалкам Трайдзень працягваў руйнаваць апорныя пункты праціўнікаў адзінства дзяржавы. Калі ад Войшалка ўцёк князь Даўмонт у Пскоў, то ад Трайдзеня — буйны феадал Суксе ў Рыгу. Канчатковае падначаленне Нальшчанаў асабліва было важна для дзяржавы, бо іх тзрыторыя адгароджвала астатнія балцка-літоўскія землі ад Новагародка і Полацка. Такім чынам, па-ранейшаму супраціўленне дзяржаўнай уладзе адбываецца з боку феадалаў балцкіх земляў, тым часам як гэта не заўважаецца з боку феадалаў беларускіх земляў. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што і Трайдзень дзейнічаў у інтарэсах апошніх.
Зусім беспадстаўнай з'яўляецца думка У. Пашуты, што «палітыка ўрада Трайдзеня ў паўднёва-заходняй Русі была накіравана на захоп і ўтрыманне Чорнай Русі» і што «яго ўлада пашыралася на Гродна і амаль на ўсю Чорную Русь». Як бачым, тут Чорная Русь выступае не цэнтральнай дамінуючай часткай дзяржавы, а залежнай ад Аўкштайціі (усходняй часткі сучаснай Літвы), выразнікам інтарэсаў феадалаў якой і паказаны Трайдзень. Як мы ўжо ведаем, усё было наадварот. Невядома, адкуль даследчыкам узята, што Чорная Русь была заваявана, як можна зразумець, галіцка-валынскімі князямі. Перадача Войшалкам княжання Шварну — сыну Данілы Галіцкага — ніколькі не азначала гэтага, бо ў такім выпадку яна не выклікала б такой бурнай адмоўнай рэакцыі ў галіцкага князя Льва Данілавіча, які і забіў за гэты ўчынак Войшалка. Чорная Русь заставалася па-ранейшаму свабоднай ад заваявання краінай, тэрыторыя якой з’яўлялася дамінуючай у дзяржаве. Доказам асаблівых клопатаў Трайдзеня аб ёй можа быць факт пасялення ім тут беглых прусаў і борцяў, якія ўцякалі з Памор’я ад нямецкага наступлення. Гэтым самым ён павялічваў насельніцтва гэтай зямлі, а разам з тым і рост яе прадукцыйных сіл і асабліва, як убачым далей, абароназдольнасці.
Незразумела таксама, чаму У. Пашута лічыў, што сталіцай Трайдзеня ў 70-х гг. XIII ст. быў Кернаў. Тое, што, паводле Лівонскай Рыфмаванай хронікі, Кернаў у 1273–1279 гг. упамінаецца як горад, што ляжаў у зямлі Трайдзеня, яшчэ не характарызуе яго як сталіцу. Сам жа У. Пашута, гаворачы аб падзеях 70-х гг. XIII ст., зазначыў, што ў іх «Новагародак выяўляецца для данай пары як асноўны цэнтр літоўскай улады». 3 разгледжанага вышэй відаць, што і раней, і тым больш пры Трайдзені ніякай літоўскай улады ў Новагародку не было і не магло быць.
Значна больш засталося ў крыніцах сведчанняў пра знешнія абставіны дзяржаўнага жыцця Новагародка ў гэты час. Паколькі Новагародская зямля была ядром, а гэта значыць і дамінуючай часткай дзяржавы, то натуральна, што і знешняя палітыка мела перш за ўсё на мэце абарону тэрытарыяльных інтарэсаў Новагародка. Гэта тым больш зразумела, што як і пры ўтварэнні BKЛ, так і цяпер галоўнымі праціўнікамі яго засталіся галіцка-валынскія князі. Таму і барацьба з імі складала галоўны змест вайсковай дзейнасці Трайдзеня.
Паколькі першае паведамленне аб пачатку яго княжання ў Галіцка-Валынскім летапісе з’явілася пад 1270 г. і тут жа дадзена вядомая ўжо нам зласлівая характарыстыка Трайдзеня, то можна думаць, што ўжо раней, не будучы вялікім князем, ён вёў барацьбу з галіцка-валынскімі князямі. I сапраўды, з паведамлення гэтай самай крыніцы пад 1274 г. мы даведваемся, што ў войнах з валынскім князем Васількам (ён памёр у 1271 г.) загінулі тры браты Трайдзеня. Менавіта гэтым летапісец і тлумачыў, чаму Трайдзень не хацеў мірыцца з валынскім князем Уладзімірам, бацька якога забіў яго трох братоў. Зразумела, што ўказаная летапісцам прычына гэтай барацьбы не галоўная. Большае значэнне мела тое, што Валынская зямля знаходзілася бліжэй да Новагародскай, і таму аслабленне яе шляхам частых нападаў на яе невялікімі атрадамі было найбольш важным для Трайдзеня. А каб вынікі гэтай барацьбы былі больш паспяховымі, ён жыў у вялікай згодзе з галіцкім князем Львом, перасылаючыся з ім дарамі і гэтым самым раз’ядноўваючы адзінства Валынска-Галіцкай зямлі. Аднак гэта цягнулася нядоўга. Трайдзень, «забыўшы любоў Львову», парушыў мір з апошнім, напаўшы ў 1274 г. на Вялікдзень сіламі гараднянаў на Драгічын, знішчыўшы шмат яго жыхароў «от велика до мала». Летапісец тут упамінае нейкага Трада, які добра ведаў Драгічын і як лепш яго захапіць. Магчыма, што гэта быў галіцкі перабежчык, пакрыўджаны на радзіме, за што і адпомсціў ёй. Вядома, тут ідзе гаворка пра Драгічын на Падлессі. Вось з-за гэтай вобласці і разгарэлася цяпер барацьба паміж Трайдзенем і Львом Галіцкім. Відаць, апошні і ператварыў Драгічын у апорны пункт для ўмацавання ў Падлессі. Становіцца зразумелым, чаму Трайдзень менавіта гараднянаў паслаў на Драгічын. Бо гэта было найперш у інтарэсах Горадзенскага (Гродзенскага) княства, якое непасрэдна межавалася з Падлессем і ў валоданні якім яно было найперш зацікаўлена. I вось тут напрошваецца адно меркаванне: а ці не быў Трайдзень да таго, як стаць вялікім князем, князем у Горадне. На гэтую думку наводзіць тое, што, як адзначалася вышэй, у беларускіх летапісах XVI ст. ён паказваўся яцвяжскім князем. А ім лягчэй за ўсё было стаць з Горадна. Таму не выключана, што, калі Трайдзень стаў вялікім князем, яго месца ў Горадне заняў брат Сірпуцый. Што Горадзен быў прадметам асаблівых клопатаў Трайдзеня, гаворыць і тое, што ён сяліў у гэтым горадзе беглых прусаў. I ўсё гэта невыпадкова. Велікакняскае становішча не здымала з Трайдзеня клопатаў аб сваёй вотчыне.
Але напад гараднянаў на Драгічын выклікаў выключна жорсткую помсту Льва Данілавіча. Ён звярнуўся па дапамогу да татарскага хана Менгуцімера, які не адмовіў яму ў гэтым, што і зразумела, бо татарам адкрывалася тым самым магчымасць яшчэ раз пасля нападу Бурундая ў 1258 г. парабаваць, а то і заняволіць адну з беларускіх земляў, што адзіныя ва ўсёй Усходняй Еўропе былі свабодныя ад іх ярма. Даўшы Льву раць на чале з ваяводам Ягурчынам, Менгуцімер адначасова прымусіў ісці залежных ад яго рускіх князёў, з якіх у летапісе адзначаны Раман Дабраньскі, Алег і Глеб Смаленскія. Апроч таго, разам з галіцка-валынскімі князямі ішлі пінскія і тураўскія князі. Як бачым, нягледзячы на ўмацаванне сувязяў Пінска і Турава з Новагародкам, яны па-ранейшаму адчувалі моцны ціск галіцка-валынскіх князёў, з’яўляючыся для іх плацдармам дпя непасрэднага нападу на Новагародскую дзяржаву, паколькі шлях іх ішоў «мимо Турова к Случку». Тут яны, злучыўшыся з татарамі, пайшлі на Новагародак. Вельмі паказальна, што за напад на Драгічын цярпелі не гарадняне, якія непасрэдна ажыццяўлялі яго, а Новагародак. Гэта яскравае сведчанне таго, што Горадзен знаходзіўся пад уладай Новагародка, адкуль і ішла ініцыятыва нападу на Драгічын, што добра разумелі галіцка-валынскія князі і таму накіравалі свой удар супроць Новагародка.
Трэба зазначыць, што гэтая падзея досыць падрабязна асветлена летапісцам. Так, мы даведваемся, што, злучыўшыся каля Слуцка, рускія і татарскія войскі спешна пайшлі да Новагародка. Не дайшоўшы да р. Сэрвеч, спыніліся на ноч. А назаўтра, рана ўстаўшы, перайшлі раку і рашылі чакаць світання. Калі стала ўзыходзіць сонца, пачалі строіцца палкі і ісці да Новагародка. Татары знаходзіліся на правым флангу, побач з імі ішоў Леў са сваім войскам, а на левым флангу рухаўся Уладзімір са сваім валынскім войскам. Аднак татары ў скорым часе прыслалі да Льва і Уладзіміра сваіх ганцоў, якія паведамілі, што за бліжэйшаю гарой ужо стаіць войска праціўніка і пара ідзе з яго коней. Аднак калі паслалі людзей разведаць, то тыя ўбачылі, што ніякага войска там не было і што пара ішла з крыніц, якія цяклі з гары і выдзялялі пару на вялікім марозе (як бачым, паход адбываўся зімой). Пасля гэтага замяшання войскі падышлі да горада і сталі каля яго. Далей летапісец зазначыў, што не ўсе войскі тут былі. Так, Мсціслаў ад Копыля павярнуў на Палессе, якое ваяваў. Гэты факт дае падставу меркаваць, што частка Палесся была ўжо пад уладаю Новагародка. Не было тут і задняпроўскіх князёў. I толькі адзін Алег (сын Рамана Дабраньскага) прыйшоў да татараў, а яны вельмі яго чакалі. I вось у гэты час Леў, утаіўшыся ад сваіх стрыечных братоў — валынскіх князёў Уладзіміра і Мсціслава, — першым з татарамі напаў на Новагародак і захапіў яго акольны горад, а назаўтра і дзяцінец. Няма чаго казаць, што абрабаванне было галоўнай мэтай нападнікаў, і таму зразумела, што Леў і татары, першымі ўварваўшыся ў Новагародак, як мы ўжо ведаем, вельмі багаты горад, мелі найбольшую здабычу і мала альбо нічога не пакінулі іншым саюзнікам, чым і выклікалі іх вялікі гнеў. А гэта і расстроіла далейшыя планы ўдзельнікаў паходу. Раней было дамоўлена, што, узяўшы Новагародак, яны пойдуць на Літву. На гэта апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Між іншым, А. Краўцэвіч у сваёй кнізе гаворыць, што гэта летапіснае паведамленне абвяргае маё сцверджанне аб знаходжанні Старажытнай Літвы ў Верхнім Панямонні. Маўляў, галіцкія войскі і татары прайшлі праз тую тэрыторыю, якую я паказваю як Літву, да Новагародка, а пасля сабраліся ісці на Літву. Аднак ён не звяртае ўвагі на тое, чаму галіцка-валынскія князі, просячы дапамогі ў татараў для паходу на Літву, ідуць на Новагародак. А гэта значыць, што іх шлях ішоў праз Літву. Што тут яна знаходзілася яскрава сведчыць тое, што каля р. Сэрвеч, дзе заначавалі рускія і татарскія войскі, знаходзіцца тапонім «Літоўшчына». Гэтак жа і ў 1254 г. галіцкія войскі ішлі тым жа шляхам, а менавіта на Літву, на Новагародак.