ЖАНРЫ

Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Цікавы лёс двух нальшчанскіх перабежчыкаў Суксе і Даўмонта, якія, ратуючыся ад Трайдзеня і Войшалка, уцяклі з радзімы: першы — у Рыгу, другі — у Пскоў. Яны сталі вернымі служкамі сваіх новых айчын і заклятымі ворагамі сваёй зямлі. Вось што гаворыць пра Суксе нямецкая хроніка: «Суксе нарадзіўся ў Літве, прыняўшы хрысціянства, ён жыў сярод ордэнскіх рыцараў, вызначаючыся храбрасцю і богабаяззю. Загінуў у час паходу на Літву».

Гэтаксама вядзе сябе ў адносінах да Літвы і Даўмонт, абраны ў 1266 г. пасля прыняцця ім хрысціянства пскоўскім князем. Вось некалькі вытрымак з Наўгародскага I летапісу: «В лето 6774 (1266). Вложи бог в сердце Довмонту благодать свою… отомстити кровь крестьянскую, и поиде с пльсковичи на поганую Литву, и повоеваша много… и пособи бог князю Довмонту с пльсковичи и множьство много их (літвы) побиша, а иние в реце нстопиша… Того же лета на зиму ходиша пльсковичи на Литву с князем Довмонтом. В лето 6775 (1267)… ходиша новгородцы с Ельферьем Сбысловичем и с Доумонтом с пльсковичи на Литву, и много их повоеваша».

Прыклад Даўмонта паказвае, што з’яўленне ў той ці іншай рускай зямлі князя з Літвы не можа быць доказам заваявання яе Літвой, бо ён мог быць там не як заваёўнік, а як перабежчык ці наёмнік. Адсюль вынікае, што абранне ў сярэдзіне XIII ст. у некаторых рускіх землях князёў літоўскага паходжання было сведчаннем не ўзмацнення Літвы, а, наадварот, яе распаду і аслаблення, бо яны былі там не яе стаўленікамі, а яе ворагамі.

Такім перабежчыкам, па ўсім відаць, быў і Міндоўг, бо паводзіны яго цалкам нагадваюць паводзіны іншых літоўскіх перабежчыкаў. Важна зазначыць, што ўсе папярэднія звесткі пра Міндоўга характарызуюць яго выключна як наёмніка. Першы раз ён упамінаецца ў дагаворы 1219 г., дзе разам з іншымі балцка-літоўскімі князямі абавязаўся перад галіцка-валынскімі князямі ваяваць супраць палякаў. Гэтак жа сама і ў 1237 г. ён, паводле жадання Данілы Галіцкага, ваяваў з Конрадам Мазавецкім. У 1245 г. Міндоўг зноў на баку Данілы Галіцкага ў яго барацьбе з чарнігаўскім князем Расціславам. Дзесьці ў прамежку 1245–1246 гг. ён быў запрошаны куронамі на дапамогу ў змаганні з немцамі. Аднак пад крэпасцю Амботэн ён пацярпеў страшэннае паражэнне і вымушаны быў адступаць. Крыжакі напалі на яго ўладанні і хаця не ўзялі ўмацавання, аднак нанеслі вялікія спусташэнні і разбурэнні яго зямлі. Гэта не магло не прывесці да аслаблення пазіцый Міндоўга ў Літве, што і выкарысталі яго праціўнікі. У міжусобнай барацьбе, якую яны развязалі супраць Міндоўга ён пацярпеў паражэнне і быў вымушаны ўцякаць у суседні Новагародак. Яўны намёк на ўсё гэта ёсць у Іпацьеўскім летапісе, дзе гаворыцца, што Міндоўг пазней выгнаў літоўскіх князёў «за ворожьство с ними». Значыць, Міндоўг помсціў за варожыя адносіны да яго.

Для кожнага перабежчыка з Літвы было абавязковым прыняцце хрысціянства: у Ордэне — заходняга, каталіцкага абраду, у старажытнарускіх землях — усходняга, праваслаўнага. Тое ж самае зрабіў і Міндоўг. Густынскі летапіс пад 1246 г. паведамляе: «Миндовг принять веру христианскую от Востока со многими своими бояры… непомнозе же сын его Войшелк пострижеся во иночество». На жаль, гэта летапіснае паведамленне застаецца па-за ўвагай даследчыкаў. I гэта невыпадкова, бо факт прыняцця Міндоўгам хрысціянства «от Востока» пацвярджае тое, што ён не заваяваў Новагародак, а быў абраны тут князем, як пазней Даўмонт у Пскове. Яму як заваёўніку не патрэбна было б прымаць праваслаўе. Характэрна, што як Даўмонт уцёк у Пскоў «с 300 литвы», так і Міндоўг у Новагародку з’явіўся з многімі баярамі, якія таксама прынялі хрысціянства. Гэта дадатковае сведчанне, што Міндоўг быў адным з перабежчыкаў, якія ўцякалі з Літвы з усім сваім родам і акружэннем.

Хаця Густынскі летапіс — і пазнейшая крыніца (XVII ст.), але адзначанае паведамленне, бясспрэчна, заслугоўвае поўнага даверу. Справа ў тым, што ўсе падзеі, пра якія гаворыцца тут, а менавіта гібель аўстрыйскага герцага Фрыдрыха, смерць князя Яраслава Усеваладавіча (бацькі Аляксандра Неўскага) і прыбыццё пасольства ад папы рымскага да татараў, сапраўды адбыліся ў 1246 г. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу строгае захоўванне летапісцам храналагічнай паслядоўнасці ў перадачы падзей: першая з іх адбылася 15 чэрвеня, другая — 30 верасня, трэцяя — увосень. Паколькі паведамленне пра Міндоўга пастаўлена апошнім, то можна думаць, што яго хрышчэнне адбылося дзесьці позняй восенню, ці ў пачатку зімы, г. зн. у канцы года (тады сакавіцкага, на пачатку 1247 г.). Менавіта ўказанне дакладнай даты з’яўлення Міндоўга ў Новагародку і складае важнейшую каштоўнасць гэтага паведамлення, якога няма ў іншых крыніцах. I таму ў адных даследаваннях гаварылася, што Міндоўг з’явіўся ў 30-я гады, у другіх — у 40-я, у трэціх — у 30–40-я гады XIII ст. Вось чаму нельга ігнараваць гэту крыніцу, тым больш што ўказаная ў ёй дата стасуецца з датамі далейшых падзей. Прыняцце Міндоўгам праваслаўя трэба лічыць пачаткам яго княжання ў Новагародку ў канцы 1246 г. ці пачатку 1247 г. Мы не ведаем, хто быў князем у Новагародку непасрэдна перад Міндоўгам. Як ужо адзначалася, у летапісе пад 1237 г. упамінаўся новагародскі князь Ізяслаў, але нічога невядома пра далейшы яго лёс: дакуль княжыў тут і чаму перастаў княжыць. Пазней, у 1256 г., упамінаўся нейкі князь Ізяслаў у Свіслачы. Магчыма, што гэта — былы новагародскі князь. Новагародскія феадалы добра ведалі Міндоўга як князя суседняй Літвы. Галоўнай мэтай выбрання Міндоўга новагародскім князем была задума выкарыстаць яго для заваявання Літвы, што ўваходзіла ў планы багатых новагародскіх феадалаў як першае звяно пашырэння сваёй улады на іншыя суседнія землі і аб’яднанне іх. У гэты час для Новагародка склаліся спрыяльныя ўмовы. Самая з іх важная тая, што Новагародскай зямлі ўдалося выйсці з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў у першую чаргу таму, што іх зямля была аслаблена мангола-татарскім нашэсцем. I гэта адбылося недзе на пачатку 40-х гадоў XIII ст. Ва ўсякім выпадку ўсе далейшыя дзеянні Новагародка выяўляюць у ім самастойную сілу, што, натуральна, і выклікала супраць яго адпаведную рэакцыю галіцка-валынскіх князёў. У той жа час Літва як наёмная сіла значна аслабела. Як адзначалася, у летапісе пад 1237 г. гаварылася аб тым, што Даніла Галіцкі «наведе Литву Мнндовга Йзяслава Новогородского на Конрада Мазоветского». I гэта паведамленне тлумачыцца так, што з Літвой Міндоўга ішоў і Ізяслаў Новагародскі, дзеля чаго паміж гэтымі асобамі ўстаўляецца злучнік «і», хаця яго ў тэксце няма. I таму гэты тэкст трэба разумець як тое, што «Літва Міндоўга» была ў залежнасці ад Новагародка, што, як мы ведаем, пацвярджаў i М. Стрыйкоўскі. Менавіта яна і выкарыстоўвалася Новагародкам для вайсковай дапамогі галіцкаму князю, гэтым самым зберагаючы свае сілы. Таму і страта Міндоўгам сваіх уладанняў азначала і для Новагародка страту Літвы Міндоўга. У такой сітуацыі Міндоўг для новагародцаў быў добрай знаходкай. Пакрыўджаны сваімі суайчыннікамі, ён лепш, чым хто-небудзь, з большай зацікаўленасцю і рашучасцю мог заваяваць сваю былую радзіму. Гэты вопыт Новагародка быў эфектыўным, таму яго пазней паспяхова выкарысталі полацкія і пскоўскія феадалы. Яны таксама далі прытулак выгнанцам з Літвы і выбралі іх сваімі князямі.

Неўзабаве Міндоўг і прыступіў да заваявання Літвы, г. зн. да выканання таго, дзеля чаго ўзялі яго новагародцы. Іпацьеўскі летапіс пад 1252 г. (фактычна пад 1248 г.) сведчыць: «В то же лето нзгна Миндовг сыновца сваего Тевтевила и Едивида, пославшю ему на войну его со вуем своим со Выконтом, на Русь воевать ко Смоленьску и рече: «Што кто приемлеть собе держить», вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, поимана бе вся земля Литовьская и, ла на не вои свое хотя убити я». Тут, як і далей у летапісе, нібы ў люстэрку, адбілася гістарычная праўда. Як бачым, Міндоўг пайшоў на хітрасць. Падгаварыўшы сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Едзівіда з іх дзядзькам Віконтам ісці пад Смаленск, ён паслаў наўздагон сваё войска, каб забіць іх. Відаць, Міндоўг паабяцаў ім дапамагчы, бо як інакш, не выклікаючы падазрэння, ён мог паслаць за імі сваё войска. У. Пашута гэты факт тлумачыць тым, што Міндоўг сапраўды паслаў іх ваяваць да Смаленска і нават абяцаў аддаць ім усё, што яны возьмуць. Больш таго, спасылаючыся на Суздальскі і Наўгародскі летапісы, кожны з якіх называе розныя даты (1248, 1245), а таксама на папскага пасла Плана Карпіні, які падарожнічаў па Русі ў 1245–1246 гг., гэты даследчык сцвярджаў, быццам паход жамойцкіх князёў сапраўды закрануў полацка-віцебскія землі і паўночную частку Смаленшчыны. Але далей У. Пашута прызнаў, што фактычна Міндоўг «нзгна» жамойцкіх князёў.

Значыць, Таўцівіл, Едзівід і Віконт (ці Вікінт) былі выгнаны з Літвы. Гэта адбылося ў выніку таго, што Міндоўг «Литву зане, паимана бе вся земля Литовьская». Прачытаеш гэтыя словы і здзіўляешся з-за таго, што бясконца гавораць і пішуць пра заваяванне Міндоўгам так званай Чорнай Русі, у той час як у сапраўднасці ён «Литву зане». Гэтыя словы з выключнай яскравасцю пацвярджаюць, што Міндоўг быў перабежчыкам у Новагародку, а не яго заваёўнікам. Бо калі б ён з Літвы заваяваў Новагародак, дык навошта яму было займаць Літву? Словы «паимана бе вся земля Литовьская» гавораць, што Міндоўг да гэтага не валодаў ніводнай часткай яе. Значыць, ён прыбыў у Новагародак, страціўшы Літву.

У свой час М. Дашкевіч заўважыў, што даследчыкі не растлумачылі словы «вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане». I гэта зразумела, бо ў такіх словах заключалася абвяржэнне міфа пра заваяванне Міндоўгам Новагародскай зямлі, які быў узяты на ўзбраенне афіцыйнай гістарыяграфіяй. Сам М. Дашкевіч таксама не рызыкнуў парушыць казённае адзінадушша ў гэтым пытанні. У навуцы таксама не ставілася пытанне, чаму беларуска-літоўскія летапісы, перапоўненыя байкамі пра розных міфічных жамойцкіх князёў, якія нібыта княжылі ў Новагародку, ні слова не гавораць пра гістарычна праўдзівага князя Міндоўга, які сапраўды быў тут. I толькі «Хроніка Быхаўца» перадае звесткі Іпацьеўскага летапісу пра Міндоўга, аднак выкінуўшы адтуль словы пра заваяванне ім Літвы, бо яны закрэслілі б байкі гэтага летапісу пра заваяванне літоўскімі князямі Новагародка і Полацка. Характэрна, што і У. Пашута, пераказваючы гэта месца Іпацьеўскага летапісу, таксама апусціў словы «Литву зане» і ніяк не каменціруе словы «поимана бе вся земля Литовьская».

Гэтыя словы летапісу ясна паказваюць, што ўтварэнне ВКЛ пачалося не з заваявання Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваявання Новагародскай зямлёй Літвы. Гэтую заваёву новагародскія феадалы ажыццявілі сваімі сіламі пры дапамозе перабежчыка з Літвы Міндоўга. Апошні, помсцячы князям Літвы за іх «ворожьство» да яго, адбіраючы ад іх «бесчисленое нмение их», дзейнічаў у інтарэсах новагародскіх феадалаў. I таму не дзіўна, што феадалы Літвы аказалі ўпартае супраціўленне Міндоўгу. Адсюль яскрава бачна, што дзеянні Міндоўга вызначаліся інтарэсамі Новагародка, а не Літвы. Сапраўды, калі прыняць супрацьлеглы пункт погляду, дык становіцца незразумелым, чаму ўтварэнню Літоўскай дзяржавы ўвесь час перашкаджаюць не беларускія, а літоўскія феадалы.

У. Пашута не меў рацыі, калі гаварыў, што «ўсё ішло адносна гладка, пакуль Міндоўг дзейнічаў у межах Аўкштайціі, але яго наступленне на правы жамойцкіх князёў выклікала феадальную вайну». Гэта супярэчыць фактам. Мы ўжо не будзем казаць, што У. Пашута прымаў летапісную Літву за Аўкштайцію, да якой Міндоўг не меў ніякіх адносін. У летапісе нічога не гаворыцца пра Жамойцію. У ім сказана, што Міндоўг заняў Літву. Словы ж «поимана бе вся земля Литовьская» сведчаць пра захоп не толькі «Літвы Міндоўга», але і правабярэжнай Літвы. Аднак паняцце «вся земля Литовьская» ў той час не пашыралася на Жамойцію. Калі пасля забойства Міндоўга Транята стаў князем Літвы і Жамойціі, летапіс гэта і зафіксаваў: «Тренята нача княжити во всей земле Литовьской и в Жемоти». Пра Міндоўга ж там ні разу не сказана, і таму няма ніякіх падстаў сцвярджаць, быццам ён наступіў толькі на правы жамойцкіх князёў. Невядома таксама, чаму У. Пашута называў Таўцівіла і Едзівіда жамойцкімі князямі. Яны былі сынамі брата Міндоўга Даўспрунга, а той у дагаворы 1219 г. названы князем Літвы. Вікінт — жамойцкі князь, але ён быў выгнаны таму, што разам з пляменнікамі пайшоў у паход. Потым ён сапраўды быў у Жамойціі. Такім чынам, няма падстаў сцвярджаць, што толькі жамойцкія князі аказалі супраціўленне Міндоўгу. У першую чаргу і галоўным чынам яму супрацьстаялі князі Літвы, інтарэсы якіх перш за ўсё закрануў ён.

Таўцівіл, Едзівід і Вікінт, як і іншыя выгнаннікі з Літвы, страціўшы апору на сваёй зямлі, былі вымушаны звяртацца па дапамогу звонку. Даведаўшыся пра намер Міндоўга забіць іх, яны ўцяклі да галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васілька, ведаючы, што прымуць іх там з радасцю. I не памыліліся.

Захоп Новагародкам Літвы не мог не выклікаць трывогі ў галіцка-валынскіх князёў. Узмацненне Новагародка ў выніку пашырэння яго ўлады на Літву давала яму магчымасць узяць першынство ў аб'яднанні заходнерускіх земляў. А на гэту ролю прэтэндавалі самі галіцка-валынскія князі. Даніла Галіцкі даўно добра разумеў геапалітычнае значэнне Літвы. Нездарма ён быў жанаты з сястрою Таўцівіла і Едзівіда. I вось калі Міндоўг апынуўся ў Новагародку і заваяваў Літву, ён ператварыўся з ранейшага саюзніка галіцка-валынскіх князёў у іх заклятага ворага, і таму яны адразу ацанілі ўсю сур’ёзнасць становішча. У здзяйсненні іх далейшых намераў наступіў падыходзячы момант для ўмяшання ў справы Новагародскай дзяржавы. Даніла Галіцкі адразу адправіў паслоў да польскіх князёў са словамі: «Яко время есть хрестьяном на поганее, яко сами имеють рать межу собою». Гэты выраз тлумачыць, чаму ў Галіцка-Валынскім летапісе адсутнічае паведамленне аб прыняцці Міндоўгам праваслаўя ў 1246 г.: яно б супярэчыла прыведзеным словам Данілы Галіцкага і рабіла б бяссэнсавым яго заклік да барацьбы з паганымі. Але справа, вядома, была не ў паганстве, бо менавіта са збеглымі феадалам-іязычнікамі галіцка-валынскія князі ішлі на саюз.

Збеглыя князі Літвы накшталт іншых перабежчыкаў з яе з’яўляліся паслухмянымі служкамі новых гаспадароў. Тыя паслалі іх у Ордэн і Рыгу, у Жамойцію і да яцвягаў з мэтай стварэння кааліцыі супраць новай дзяржавы, што ўрэшце і ўдалося зрабіць шляхам подкупу. Аднак калі гэтым удзельнікам кааліцыі адводзілася другарадная роля, дык на сябе галіцка-валынскія князі ўзялі галоўную задачу — барацьбу з Новагародкам як цэнтрам новай дзяржавы. Гэтым самым яны зноў паказалі, што для іх галоўным ворагам было не паганства, а хрысціянская Новагародская зямля, і разгарнулі супраць яе шырокі наступ адразу ў трох кірунках — на Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, у выніку чаго «паідоста к Новугороду» і «поимаша грады многи», «возвратишеся в домы». 3 гэтага бачна, што галіцка-валынскія князі не ставілі сваёй задачай на той час заваяванне Новагародскай зямлі: яны яе разбуралі і рабавалі і гэтым самым знясільвалі.

Поделиться с друзьями: