Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
Шрифт:
Заснаваўшы манастыр і для прыліку пасяліўшыся ў ім, Войшалк перайшоў да ажыццяўлення галоўнай мэты — вызвалення ад галіцка-валынскай залежнасці. Але, каб зрабіць гэта, трэба было знайсці іншага саюзніка. Тут Войшалк звярнуў увагу на Полацк, дзе ў той час княжыў Таўцівіл.
Калі і як з’явіўся ён у Полацку? Адны лічаць, што Таўцівіл быў залежным ад Міндоўга і дзякуючы яму стаў княжыць у Полацку. Другія сцвярджаюць, што Таўцівіл пашырыў сваю ўладу на Полацк у той час, калі пасля прыбыцця ў Рыгу яму абяцалі дапамагаць «божии дворяне и бискуп и вся воя рижская». Аднак ніводнай з гэтых спрэчных думак нельга даць веры. Таўцівіл ніколі не мірыўся з Міндоўгам, ніколі не залежаў ад яго і ні з яго дапамогай, ні з дапамогай рыжан не пашыраў сваёй улады на Полацк. Верагодней за ўсё, што Таўцівіл (як і Едзівід) быў князем у правабярэжнай Літве, шчыльна звязанай з Полацкай зямлёй. Вось чаму ён больш за ўсё і быў незадаволены ўладай Міндоўга і адыграў у далейшым вядучую ролю ў перамозе над ім і выгнанні яго з Літвы. Не дзіўна, што Міндоўг, стаўшы новагародскім князем, вырашыў перш за ўсё з ім расправіцца. Таўцівіл, як вядома, у сваёй барацьбе з Міндоўгам уступіў у саюз з галіцка-валынскімі князямі. Але тыя, дасягнуўшы сваёй мэты — раз’яднання Новагародка і Літвы, страцілі ўсялякую цікавасць да Таўцівіла і не падумалі дапамагчы яму ўсталявацца ў Літве. Ды ў летапісе і сказана, што Даніла на Таўцівіла «гнев имеюшу». Таму зразумела, што ён, затаіўшы гнеў на свайго былога саюзніка, вымушаны быў шукаць сабе іншых гаспадароў. I знайшоў іх у асобе полацкіх феадалаў. Яны не маглі не бачыць, што Літва дажывае апошнія дні свайго палітычнага існавання. Толькі было няясна, каму дастанецца яна. Правабярэжная Літва ўжо даўно была ў залежнасці ад Полацка, адкуль ён чэрпаў матэрыяльныя сродкі і вайсковую сілу. Але адкрыта далучыць яе да сябе Полацк не рашаўся. На Літву, апроч яго, было яшчэ некалькі прэтэндэнтаў: Новагародак, Валынь, Жамойція. Таму захоп яе мог выклікаць вялікія ўскладненні: прыклад Новагародка быў яшчэ свежы ў памяці. Заставалася чакаць зручнага моманту. А пакуль, каб умацаваць свае пазіцыі ў гэтым складаным саперніцтве, Полацк вырашыў па прыкладу Новагародка прыдбаць законнага спадкаемца Літвы. У гэтым галоўная прычына з’яўлення Таўцівіла на полацкім пасадзе. Немалое значэнне яго ў выбранні полацкім князем мела і тое, што Таўцівіл меў пэўны ўплыў у Літве, пра што сведчыць і летапіс: «Литовьская земля в руку бе их». А полацкім феадалам асабліва патрэбна была ў гэты час немалая вайсковая сіла, і, беручы да сябе Таўцівіла, яны разлічвалі на яго ўплыў у Літве, у чым і не памыліліся. У паходзе 1258 г. на Смаленск удзельнічалі аб’яднаныя сілы Полацка і Літвы. Абранне Таўцівіла полацкім князем пацвердзіла і тое, што ён быў з правабярэжнай Літвы і меў цесныя сувязі з Полацкам і, магчыма, сваяцтва з яго князямі.
Войшалк быў упэўнены, што атрымае дапамогу ад Таўцівіла, бо той быў зацікаўлены ў аслабленні Галіцка-Валынскай зямлі, чаму садзейнічала вызваленне з-пад яе залежнасці Новагародка. Акрамя гэтага, Войшалк ведаў, што ён лёгка дамовіцца з Таўцівілам і таму, што той захаваў гнеў да галіцка-валынскіх князёў. Дзякуючы Таўцівілу і праз вераломства Войшалк схапіў Рамана Данілавіча (і, магчыма, забіў яго), стаўшы такім чынам паўнапраўным гаспадаром Новагародскай зямлі. Адбылося гэта ў 1258 г., незадоўга да паходу Бурундая і Васілька на Літву. Апошні ў час паходу шукаў Рамана па гарачых слядах.
Толькі зараз галіцка-валынскія князі ўбачылі далёкасяжныя планы Войшалка і зразумелі, якую яны зрабілі памылку, адпусціўшы яго. Вядома, дзеянні Войшалка яны не пакінулі без пакарання. Даніла Галіцкі пайшоў на Новагародскую зямлю, захапіў Ваўкавыск, марна шукаў ворагаў сваіх — Войшалка і Таўцівіла. Пасля паслаў атрад на Зэльву, а сына Льва — на Гарадзен. Аднак галіцка-валынскія князі не мелі сіл, каб справіцца з Войшалкам і вярнуць сабе Новагародскую зямлю. Яны ўсё больш падпадалі пад уладу татара-манголаў, якія ў гэтым самым 1258 г. прымусілі іх удзельнічаць у паходзе на Літву, куды і пайшоў Васілька. Цікава, што Бурундай, ідучы на Літву і разграміўшы яе, пакінуў у спакоі Новагародскую зямлю. У гэтым таксама нельга не бачыць дыпламатычнага поспеху Войшалка, які, відаць, звярнуў увагу Бурундая на тое, што новагародцы, па сутнасці, сарвалі паход Данілы Галіцкага на Кіеў праз Вязвягль, накіраваны супраць татараў.
На гэты час прыпадае пачатак адкрытай варожасці паміж Войшалкам і Міндоўгам. Летапіс адзначае, што, пасля таго, як Войшалк стаў княжыць у заснаваным ім манастыры, «отец же его Миндовг укоревашеться ему по его житью, он же на отца своего не любовашеть вельми». У. Пашута тлумачыў гэту варожасць тым, што Войшалк прыняў хрысціянства. Але, па-першае, Войшалк быў хрысціянінам, прынамсі, ужо з 1246 г., а летапіс гаворыць пра псаванне адносін паміж імі пасля заснавання Войшалкам манастыра, г. зн. пасля 1258 г. Па-другое, трэба ўлічваць, што варожасць была ўзаемная. Вядома, яе карані не ў рэлігійных разыходжаннях. Яе прычынай было нарастанне варожасці паміж Новагародкам і Літвой. Міндоўг не мог не бачыць, што манастыр, заснаваны Войшалкам на мяжы з Літвой, прызначаўся для яе хрышчэння, якое магло ажыццявіцца толькі пасля яе захопу.
3 другога боку, тонкі палітык, Войшалк не мог не бачыць нетрывалага становішча Міндоўга, хоць знешне здавалася, што Міндоўг дасягнуў сваёй мэты — аб'яднання паасобных балцка-літоўскіх земляў. Сапраўды, пасля перамогі ля воз. Дурбе ў 1260 г. Жамойція ўзнялася на барацьбу з Ордэнам, звярнуўшыся да Міндоўга па дапамогу, пры гэтым згаджаючыся прызнаць яго ўладу. Зазначым, што Міндоўг заўсёды станавіўся зброяй тых, хто яму прапаноўваў уладу: яшчэ ў 1246 г. ён па волі новагародцаў стаў у іх князем, а ў 1251 г., апынуўшыся ў крытычным становішчы, прыняў каралеўскую карону і ўступіў у саюз з Ордэнам, які выкарыстаў гэта ў барацьбе з Жамойціяй. Цяпер Міндоўг таксама не адмовіўся ад прапановы жамойцкага князя Траняты прыняць уладу над Жамойціяй. Ён парывае з Ордэнам, адракаецца ад хрысціянства і зноў пераходзіць у язычніцтва. Пад яго ўладай апынуліся ўсе балцка-літоўскія землі. Вось гэты час і меў на ўвазе летапісец, гаворачы пра Міндоўга: «…И нача княжити один во всей земле Литовьской и нача гордети вельми и вознеся гордостью и славою великою и не творяшу противо себе никакого же». Гэтыя словы прыводзяцца заўсёды даследчыкамі як сведчанне вялікай дзяржаўнай сілы Міндоўга. Аднак гісторыя на гэтым не спынілася, і яе далейшы ход паказаў зусім адваротнае. Тут будзе дарэчы нагадаць словы Л. Любаўскага, што ў літоўскіх землях «абазначыўся ўжо сацыяльны падзел грамадства, з’явіліся зародкі дзяржаўнай улады, але ўсё гэта пакуль было простым фактам, не набыло цвёрдага юрыдычнага характару і таму было хісткім і зменлівым». Далейшыя падзеі яскрава пацвердзілі гэта. Сапраўды, Міндоўг стаў ахвярай палітычнай камбінацыі Траняты, якому была патрэбна не столькі ўлада Міндоўга, колькі дапамога Літвы ў барацьбе з Ордэнам. I калі гэта барацьба скончылася перамогай Жамойціі, адразу ж пачалося саперніцтва феадалаў Жамойціі і Літвы, знешняй праявай чаго была ўзаемная варожасць паміж Транятам і Міндоўгам.
Транята зрабіў усё, каб аслабіць Міндоўга. Так, ён падбіў апошняга на паход зімой 1261–1262 гг. у Лівонію, абяцаючы, што на дапамогу яму прыйдуць рускія, а лівы і латышы паўстануць супраць немцаў. Аднак нічога гэтага не адбылося. Міндоўг вымушаны быў ні з чым вярнуцца з Лівоніі. Здрада Траняты была відавочнай, і Міндоўг павінен быў выслухаць дакоры нават сваёй жонкі за тое, што ён «дарэмна слухае такую малпу, як Транята», які прадае яго, што ён дарэмна адрокся ад каталіцтва і парваў сувязі з Ордэнам. Міндоўг мусіў прызнаць, што зрабіў неразумна, але вяртацца назад не можа.
Сапраўды, саюз з Ордэнам і быў галоўнай сілай, якая трымала Міндоўга, бо ён не меў цвёрдай унутранай апоры нават у сваёй Літве. Таму, парваўшы з Ордэнам, ён убачыў хісткасць свайго становішча і міжволі павінен быў, як ён сам сказаў, выконваць указанні Траняты і жмудзінаў, якія не маглі дараваць яму саюз з Ордэнам і не хацелі мірыцца з яго ўладай. У асяроддзі жамойцкіх феадалаў узнікла змова з мэтай забіць Міндоўга. На бок Траняты перайшоў і нальшчанскі князь Даўмонт, у якога Міндоўг забраў жонку. Без саюза з Нальшчанамі, якія знаходзіліся паміж Літвой і Жамойціяй, Транята, вядома, і не мог марыць пра авалоданне Літвой. Нальшчаны, як адзначала адна нямецкая хроніка, былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Жамойціяй і Літвой (гэта сведчанне, дарэчы, можа ўказваць на тое, што Аўкштайцію паглынала назва Жамойціі). Таму, згаварыўшыся з нальшчанскім князем Даўмонтам, Транята атрымаў вялікую перавагу над Міндоўгам.
Міндоўг бачыў усё гэта і вырашыў у барацьбе з жамойцкімі і нальшчанскімі феадаламі выкарыстаць такі ж прыём, што і ў 1248 г. у барацьбе з Таўцівілам, Едзівідам і Вікінтам. Ён паслаў многіх з іх, у тым ліку і Даўмонта, ваяваць за Дняпро, пад Бранск, мяркуючы расправіцца са сваімі ворагамі. Аднак змоўшчыкі перахітрылі яго. Даўмонт вярнуўся з дарогі назад, дагнаў Міндоўга, забіў яго і двух ягоных сыноў. Так бясслаўна закончылася жыццё Міндоўга. Яго значэнне ў гісторыі як стваральніка ВКЛ выключна перабольшана. Прыведзеныя намі гістарычныя сведчанні паказваюць, што ён быў толькі наёмнікам Новагародка, які выкарыстаў яго для заваяванмя пакінутай ім Літвы, з чым ён не справіўся. Жамойція выкарыстала яго таксама як наёмніка для барацьбы з крыжакамі. Але калі Новагародак адпусціў яго жывым, то па жаданні Жамойціі ён быў забіты. Вось гэта толькі і звязвае Міндоўга з сучаснай Летувой. I таму ён беспадстаўна ўслаўляецца тут як яе выдатны гістарычны дзеяч. Забойства Міндоўга азначала крах справы аб’яднання ўсіх балцка-літоўскіх земляў вакол летапіснай Літвы.
Стаўшы князем «во всей земле Литовской и Жемоти», Транята не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Новагародку сядзяць такія ж самыя, як і ён, законныя спадкаемцы Літвы. Таму ён вырашыў расправіцца паасобку з Таўцівілам і Войшалкам. Першага ён выклікаў да сябе пад выглядам запрашэння дзяліць «землю и добыток Миндовгов». Намер быў просты: забіць Таўцівіла, захапіць полацкіх баяраў, якія прыехалі з ім, і, карыстаючыся гэтым, навязаць Полацку сваю волю і князя. Усім балцка-літоўскім землям, аб’яднаным пад уладай аднаго князя, гэта было цяпер пад сілу.
Таўцівіл паехаў да Траняты з такім самым контрнамерам: забіць Траняту, завалодаць яго княскім пасадам і далучыць Літву да Полацка. План гэты быў, бясспрэчна, прадыктаваны Таўцівілу полацкімі феадаламі. Дзеля гэтага яны ўзялі яго да сябе. Не дзіўна, што Таўцівіла суправаджала цэлая світа полацкіх баяраў, каб трымаць яго пад сваім кантролем і дапамагчы ў ажыццяўленні забойства Траняты. Аднак гэтаму плану не суджана было збыцца: Транята апярэдзіў. Намер Таўцівіла выдаў полацкі баярын Пракоп. Таўцівіл быў забіты, а полацкія баяры захоплены. Рабілася спроба захапіць і забіць сына Таўцівіла, які знаходзіўся ў Полацку, але палачане дапамаглі яму ўцячы ў Ноўгарад. Гэты факт пацвярджае меркаванне, што Таўцівіл у свой час не быў пастаўлены ў Полацку Міндоўгам, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, а быў добраахвотна выбраны полацкім вечам, якое лічыла яго законным князем, і таму палачане не выдалі яго сына.
Палачане, апынуўшыся ў складаным становішчы, павінны былі пайсці на часовую ўступку Траняту і прыняць ад яго князя. Наўгародскі I летапіс, адзіная крыніца, якая паведамляе пра гэта, не называе імя стаўленіка Траняты ў Полацку. Выказвалася меркаванне, што гэтым князем быў Гердзень, сын полацкага князя Давыда Расціславіча. Значыцца, Транята фактычна пасадзіў у Полацку не літоўскага князя, а полацкага князя. Гэта магло б быць яшчэ адным сведчаннем на карысць таго, што палачане нават у цяжкі момант сваёй гісторыі не бралі да сябе князёў іншых дынастый. Аднак катэгарычна сцвярджаць, што гэтым князем быў Гердзень, нельга, бо ў крыніцы аб гэтым не сказана.