Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускiя народныя казкi

Народные сказки

Шрифт:

Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.

А меншы сын такі гультай удаўся, хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж ані не бярэцца. Наловіць жменю пяшкуроў ці яршоў, — якая ад іх карысьць? Хіба што кату паласавацца.

Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але меншы сын ня слухае бацькі, бо вядома, ахвота горш няволі.

А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.

Стралец расказвае:

— Сяньня з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб выстраліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў выляцеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казьлянятамі кусаць… Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзьведзь. Бурчыць сярдзіта ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў зь яго чмяліны рой. У такі час мядзьведзь вельмі злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзьведзь ня сышоў…

Рыбак расказвае:

— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Я за вудзільна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак віль хвастом і будзь здароў… Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамі ўхапіць, ды ня ўстрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.

Слухае бацька сыноў ды толькі галавою круціць:

— Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочыцца.

Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкі, але нічога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач.

Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.

— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасьць ніякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе…

Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.

Назаўтра бацька кажа сыном:

— Вось што, сынкі, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.

Сабраўся і пайшоў.

Засталіся сыны гаспадарамі.

Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і ў рот палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, а праўды так і не знайшлі.

Толькі вось празь некаторы час зноў зайшоў да іх той стары жабрак.

Ну, вядома, трэба пакарміць падарожнага чалавека. А ў братоў ані кавалка хлеба.

Стралец дакарае брата:

— Няхай-бы ты хоць якую людзкую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.

Рыбак адказвае стральцу:

— Няхай-бы ты хоць якое казьлянё падстрэліў…

Паслухаў іх жабрак і кажа:

— Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсьць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.

Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачостку ад жабрака, ды голад ня цётка.

Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.

— Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасьце якое ці што?

Браты цяжка ўздыхнулі:

— Зусім прапала наша гаспадарка…

— А як-жа вы раней жылі?

— Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.

— А што ён, ваш бацька: малады ці стары?

— Ды зусім стары ўжо…

— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і бяз хлеба галееце…

Брыдка стала братом, радзей пачалі яны із стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.

Мінуў год, і зажылі яны зноў, як трэба.

Тым часам вярнуўся бацька з гасьцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён і кажа да сыноў:

— Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.

Сіняя сьвіта налева пашыта

Жыў-быў цар-чараўнік. Клікнуў ён кліч па ўсяму царству: «Хто схаваецца ад мяне, таму поўцарства аддаю!». Знайшоўся такі ахвотнік — Сіняя сьвіта налева пашыта. Прыходзіць ён да цара-чараўніка:

— Я, — кажа, — бяруся схавацца так, што ты мяне ня знойдзеш.

— Добра, — кажа цар. — Калі схаваешся — поўцарства табе, а не — галава з плеч. Расьпішыся.

Расьпісаўся Сіняя сьвіта і давай хавацца. Перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам.

Як бегчы, так бегчы — забег у трыдзевятае царства.

А ў тым царстве быў дужа вялікі луг. Прыбег ён на той луг і перакінуўся ў тры кветкі.

На другі дзень цар устаў, паглядзеў у свае чараўнічыя кнігі і кажа:

— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег на вялікі луг у трыдзевятае царства і перакінуўся ў тры кветкі розных колераў.

Паклікаў цар слуг і загадаў ім схадзіць у тое царства і прынесьці зь вялікага лугу тры кветкі розных колераў.

Пайшлі слугі. Доўга ішлі ці нядоўга, але дайшлі да вялікага лугу, сарвалі тыя кветкі, загарнулі ў хустачку і прынесьлі цару.

Цар разгарнуў хустачку і сьмяецца:

— А што, Сіняя сьвіта, ці схаваўся ты ад мяне?

Сіняя сьвіта перакінуўся ў чалавека і кажа:

— Дазволь мне, цар, схавацца яшчэ раз.

Цар дазволіў.

Сіняя сьвіта налева пашыта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. А ў тым царстве быў такі мох, што зьверху балота, а пад нізам возера. Зайшоў ён у мох, перакінуўся рыбай-вокунем, забраўся на самае дно возера і сядзіць там.

Раніцай цар устаў, паглядзеў у свае чараўнічыя кнігі і кажа:

— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства і схаваўся ў мохавым балоце, перакінуўся ў рыбу-вокуня!

Загадаў цар сваім слугам ісьці ў трыдзесятае царства ачысьціць мохавае балота і злавіць там вокуня.

Слугі так і зрабілі: ачысьцілі балота, закінулі невады і злавілі вокуня. Загарнулі яго ў хустачку, прынесьлі цару.

Поделиться с друзьями: