Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускiя народныя казкi

Народные сказки

Шрифт:

Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды так і так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы зь ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе-ж мне адгадаць тыя загадкі!

— А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка. Бацька сказаў.

— Нічога, тата, ня турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая, заўтра што-небудзь прыдумаем.

А багаты прыйшоў дадому і радуецца.

— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на сьвеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?

— Вось, дзіва! — усьміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на сьвеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто ня зможа бегчы: ён-жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!

— Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану.

Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.

— Ну, што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.

Багаты выйшаў наперад:

— Ды тут і адгадваць няма чаго: няма нікога і нічога на сьвеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей — за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй — за майго гнядога жарабца.

— А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў?

— Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людзкія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…

Правільна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзіць яму карову.

— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.

— Мая дачка-сямігодка.

Зьдзівіўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! І захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.

— Дзяўчына, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?

Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на дварэ, і кажа:

— Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.

Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Сьмяеццца, відаць, зь яго гэтае дзяўчо?

— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.

Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Ня гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтку ўцякай.

Пагаварыў пан зь дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.

Прыйшоў увечары бядняк да пана.

— Нічога, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё-ж разумнейшы.

Даў пан бедняку рэшата яек.

— На, — кажа, — занясі дачцы і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на сьнеданьне. А ня зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.

Прыйшоў бацька дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.

— Якую?

Бацька паказаў дачцы рэшата зь яйкамі.

— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на сьнеданьне. Хіба-ж гэта можна зрабіць?

Дачка падумала і кажа:

— Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.

Раніцай дачка кажа бацьку:

— На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят карміць.

Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.

Пан паскуб вусы, паморшчыўся і кажа:

— Разумная твая дачка, ды я ўсё-ж разумнейшы!

Узяў ён тры сьцяблінкі лёну, падаў бедняку:

— Скажы дачцы, каб яна да заўтра гэты лён сьцерла, спрала і выткала і пашыла мне зь яго кашулю.

Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:

— Што сказаў табе пан?

Падаў бацька ёй тры сьцяблінкі лёну і разказаў, што пан загадаў.

— Нічога, — адказвае дачка, — кладзіся, тата, спаць, заўтра што-небудзь прыдумаем.

Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:

— Занясі пану і папрасі — няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасьціць і зробіць снасьць для кроснаў, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць.

Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла.

Пачырванеў пан і кажа:

— Разумная твая дачка — нічога ня скажаш. Ды я ўсё-ж разумнейшы! Перадай-жа ты ёй, каб яна да мяне ні пехатою прыйшла, ні на кані прыехала, ня голая і не адзетая і каб падарунак мне прынесла, а я каб ня мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасьце, пані будзе! А ня зробіць — дрэнна ёй будзе…

Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.

— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе…

Расказаў ёй бацька, што пан загадаў.

— Нічога, тата. Як-небудзь абдурыш пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.

Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.

Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.

Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусьціла з рук зайца — сабакі і памчаліся за ім.

Падышла яна да пана.

— Лаві, — кажа, — свой падарунак: вунь ён у лес пабег.

Прышлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.

Паехаў неўзабаве пан за мяжу, а дзяўчынцы сказаў:

— Глядзі-ж, каб ты тут безь мяне ня судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.

Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Ляглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё, гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарабілася!»

Поделиться с друзьями: