Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларускiя народныя казкi

Народные сказки

Шрифт:

Схапіла яна Галю ды засадзіла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблык, можа, ён закахаецца ў яе…

Падышла Юля да яблынькі, а тая — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору.

Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі.

А тут якраз па дварэ хадзіў пеўнік. Ускочыў ён на плот і кукарэкае:

— Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды выйсьці замуж за пана…

Пачуў гэта гусар, зьлез з каня і пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зірнуў на яе, дык вачэй ня можа адарваць: так яна яму спадабалася.

— Дзеўка-дзявіца, — пакланіўся ёй гусар. — Сарві мне на памяць залаты яблык з сваёй яблынькі.

Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног.

Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапіў яе, пасадзіў на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў.

Дома яны згулялі вясельле і сталі жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзіўся ў іх сын, ды такі прыгожы, што бацькі не наглядзяцца на яго.

Тым часам злая мачыха не магла спаць ад зайздрасьці, чаму гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. І ўсё думала, як яе ізь сьвету зьвесьці.

Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ:

— Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госьці. Пакліч яе з сабою купацца ды ўтапі…

Паслухала Юля маткі, пайшла ў госьці да сястры. Падгаварыла яе купацца. На рэчцы кажа ёй:

— Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю.

Села Галя на кладцы, а Юля ськінула яе ў ваду і пабегла дахаты.

Чакаюць дома Галю — няма. Малы сын плача, ніхто суцешыць ня можа. Узяла яго нянька на рукі, пайшла ўздоўж рэчкі гукаючы:

— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча. Куры сьпяць, гусі сьпяць, адзін ён ня ўсыпаецца, маткі не дачакаецца…

І чуе яна голас з вады:

— Ой, цяжка мне выйсьці да сына: камень ногі падбівае, вада вочы залівае…

Пачуў малы сынок матчын голас і яшчэ мацней заплакаў.

— Ой іду, сынок, ой бягу, — адгукаецца маці. — Слухаць плач твой, сынок, не магу.

Выйшла маці з вады, накарміла сына, ён і заснуў. А сама назад пайшла.

Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкі.

Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык і сына ды пайшоў да рэчкі. Прыйшоў на бераг і гукае:

— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча…

Пачула маці плач сына і адказвае:

— Ой, іду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу.

Выйшла яна на бераг, пакарміла сына, — ён і заснуў. Тады муж дастаў зь кішэні залаты яблык і даў жонцы. І як толькі ўкусіла яна залаты яблык — адразу апрытомнела.

Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталі яны зноў жыць добра і шчасьліва.

А злую мачыху і яе дачку больш да сябе і на парог ня пускалі.

Паляшукі й Палявікі

Было ў бацькі дванаццаць сыноў, усе рослыя ды ўдалыя хлопцы.

Жылі яны на вялікай палянцы, між цёмнага лесу. Вялі там сваю гаспадарку, палявалі на дзікіх зьвяроў і птушак.

Стары бацька, сівы, як голуб, сядзеў сабе ў кажушку зімой і ўлетку ды толькі камандаваў. І былі ў той сям'і лад ды згода.

Суседзі жылі ад іх далёка і не рабілі ім шкоды, бо баяліся дружнай сям'і.

Пажаніліся сыны, пайшлі ў іх свае дзеці. Вялікая вырасла сям'я. Ды ўсе слухалі старога бацьку, і кажны рабіў сваю работу.

Але вось па некаторым часе памёр бацька, і пачаліся ў сям'і нялады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, пгго й мужыкі нічога зрабіць ня могуць. Крычаць жонкі, хочуць дзяліцца.

«Ну, што-ж, — думаюць браты, — трэба дзяліцца».

Пачалі дзяліцца. Ды справа гэта не такая й лёгкая, як ім здавалася. Сяк-так з крыкам ды зыкам падзялілі дабро й жывёлу. А як дайшло да зямлі, дык тут ледзь адзін аднаго не пазабівалі: ніяк ня могуць падзяліць сваю палянку, каб нікому крыўды ня было. Перасварыліся браты з-за зямлі і сталі адзін аднаму ворагамі.

Толькі два малодшыя браты жылі між сабою ў вялікай згодзе: куды адзін, туды й другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі за зямлю, пакінулі бацькаву хату ды падаліся ў сьвет шукаць іншага прытулку.

Зрабілі браты з двух дубоў вялікія сані, запрэглі ў іх шэсьць пар валоў, наклалі дабро, пасадзілі жонак зь дзяцьмі ды паехалі на санях па пяску. А каровы і дробная жывёла ззаду за імі пайшлі.

Працягнулі крыху валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укопаныя. Калёс тыя браты ня мелі і нічога пра іх ня ведалі, бо нікуды яны з свайго лесу ня толькі ўлетку, але і зімою ня езьдзілі.

Пачалі браты адпілоўваць круглыя калодкі ды падкладваць пад палазы. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад.

Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкі пад палазы, вось ён і кажа большаму:

— Давай зробім такую прыладу, каб калодкі самі круціліся пад палазамі.

І зрабілі яны першыя ў тым краі калёсы. Лёгка пайшлі цяпер валы, так што браты і самі паселі на воз. Едуць і дзівяцца, як яны да гэтага часу абыходзіліся без калёс.

Ехалі яны, ехалі, даехалі да вялікай ракі. Агледзелі раку — усюды глыбока, нідзе няма зручнага месца, каб пераехаць уброд. А тут такая навальніца ўсхадзілася, што лес, як зьвер, раве. Ломіць навальніца дрэвы, як саломінкі, ды шпурляе ў раку. Плывуць яны па вадзе цэлымі сьціртамі.

Паглядзеў на іх малодшы брат, падумаў і здагадаўся, як перабрацца цераз раку.

Налавілі яны з братам дрэў, ачысьцілі гальлё, калоды зьвязалі адну з аднэй і зрабілі моцны плыт. А як сьціхла навальніца, узьвезьлі свой воз на плыт. Самі стаяць на плыце ды кіруюць доўгімі жэрдкамібусакамі, а плыт плыве, як параход.

Убачылі каровы, што валы паплылі на другі бераг, кінуліся ў раку ды за імі наўздагон. Толькі свіньні і авечкі не адважыліся скакаць у ваду. Стаяць на беразе, рохкаюць, мэкаюць. Вярнуліся потым браты з плытам назад і забралі іх.

Гэтак усе і пераправіліся праз шырокую і глыбокую раку.

Паехалі яны далей і забраліся ў такую пушчу, што й канца ёй няма.

Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масьціць грэблі. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусьцей, а ў ім такія нетры, што й выбрацца нельга.

Большы брат змарыўся, аслабеў.

— Застануся, — кажа ён меншаму брату, — я тут, бо ня хопіць у мяне сілы з гэтага лесу выцерабіцца.

І застаўся з сваёю сям'ёю жыць у лесе.

З таго часу і яго самога і ўвесь яго род пачалі зваць паляшукамі.

Поделиться с друзьями: