Беларускiя народныя казкi
Шрифт:
Сіўка заржала, на правую дарогу паказала.
Цэлую ноч ехалі яны цёмнаю пушчай па правай дарозе. Раніцай выехалі на луг, бачаць — перад імі шаўковы шацёр стаіць, а каля яго трое жарабкоў пасецца. Сіўка весела заржала і павезла Алёнку зь ведзьмай проста да шатра.
Алёнка зарадавалася:
— Гэта тут напэўна мае браты жывуць!
Ведзьма злосна цыкнула на яе:
— Маўчы лепш. Тут жывуць не твае браты, а мае!
Пад'ехалі да шатра. Выходзяць адтуль тры статныя хлопцы-малайцы — твар у твар, волас у волас, голас у голас.
Ведзьма саскочыла з возу і да іх:
— Як маецеся, браткі? Я ўвесь сьвет звандравала, сваю галоўку стурбавала, усё вас шукала…
— Дык гэта ты наша малодшая сястра? — пытаюцца браты-асілкі.
— Але, — кажа ведзьма, — ваша родная сястра…
Кінуліся браты да яе, давай цалаваць, на руках падкідаць. Так рады, што і сказаць ня можна.
— Бач, — дзівяцца яны, — як доўга мы ваявалі: сястра за гэты час ня толькі вырасла, а і пастарэла… Ну, ды нічога: усіх ворагаў мы пазьнішчалі; засталася толькі адна ведзьма Бабарыха. Як знойдзем яе — спалім і тады дахаты паедзем.
Пачула гэта ведзьма, і аж ухмыльнулася: цяпер паглядзім, хто каго спаліць!..
— А якая гэта, сястрыца, дзяўчынка з табою прыехала? — пытаецца старэйшы брат.
— Гэта мая наймічка, — адказала ведзьма Бабарыха. — Яна ў мяне за хурмана езьдзіць і маю кабылку пасе.
— Добра, — кажуць браты, — яна і нашых коней пасьвіць будзе.
Павярнулася ведзьма, гукнула срогім голасам да Алёнкі:
— Чаго сядзіш? Выпрагай Сіўку ды вядзі пасьвіць!
Заплакала Алёнка, пачала Сіўку выпрагаць. А браты падхапілі ведзьму Бабарыху на рукі, панесьлі ў шацёр, пачалі частаваць-трактаваць.
Есьць ведзьма Бабарыха, п'е, а сама сабе думае: «Як палягуць спаць, дык я іх усіх і парэжу…»
Тым часам Алёнка сядзіць на лузе каля коней і сьпявае, плачучы:
Сонейка, сонейка, Сырая зямліца, Дробная расіца, А што-ж мая мамка робіць?Зямля і сонца адказваюць:
Кросны тчэ, Кросны тчэ, Залатым паяском Павівае Дочку Алёнку З братамі чакае…Выйшаў меншы брат з шатра, заслухаўся. Вярнуўся назад і кажа:
— Ведаеш, сястрыца, ведаеце, браткі, ці то птушка на лузе шчабеча, ці то дзяўчына сьпявае. Але так жаласна, што аж за сэрца хапае.
— Гэта мая наймічка, — кажа ведзьма Бабарыха, — яна на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая.
Выйшаў тады сярэдні брат паслухаць, хоць ведзьма ня пускала яго.
Паслухаў ён жаласную песьню Алёнкі, а потым чуе, як сабака Лысун зацяўкаў:
Цяў, цяў! Ведзьма Бабарыха У шатры сядзіць, На чужых братоў Гадзінай глядзіць. Булкі есьць, віны п'е, Мёдам запівае, Родная-ж сястрыца Сьлёзы пралівае…Вярнуўся сярэдні брат і кажа да старэйшага:
— Пайдзі ты паслухай.
Пайшоў старэйшы брат, а сярэдні вока зь ведзьмы Бабарыхі ня спускае…
Паслухаў старэйшы брат Алёнчыну песьню, паслухаў, што сабака Лысун сказаў пра ведзьму Бабарыху, і аб усім здагадаўся.
Пабег ён тады да Алёнкі, схапіў яе на рукі і прынёс у шацёр.
— Вось, — кажа да братоў, — хто наша сапраўдная сястра! А гэта подманшчыца: ведзьма Бабарыха!
Расклалі браты вялікае вогнішча, спалілі на ім ведзьму Бабарыху, попел па чыстым полі разьвеялі, каб і духу яе ня было. А потым згарнулі шаўковы шацёр ды вясёлыя паехалі з Алёнкай да старых бацькоў.
Разумная дачка
Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прышлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасьцей частаваць?
Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама і ня ўстане.
Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:
— Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць.
Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.
— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.
— Дык яна-ж зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла.
— Нічога, можа як і выгадуем. Падрасьце дачка — будзе ёй малако.
Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.
Падужэла тая, расьце, як на дражджах. І дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.
Выгадавалася з лысенькай цялушкі слаўная карова.
Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасьвіць карову.
Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.
— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.
Бядняк і разказаў яму ўсё, як было.
— Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выгнаў яе — ня думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад…
Зажурыўся бедны чалавек.
— Я-ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая.
Не згаджаецца багаты:
— Не аддасі дабром — пойдзем да пана на суд.
Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.
Багаты падаў пану руку, прывітаўся: вядома, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму:
— Садзіся ў мяне.
Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць у парозе, шапку зьняўшы. Пан на яго і не глядзіць.
— Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.
— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае…
Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:
— Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на сьвеце сыцей за ўсё, што на сьвеце саладзей за ўсё, што на сьвеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і застанецца карова. А цяпер ідзіце дахаты, падумаўце. Заўтра прыдзеце з адгадкамі.