Блізкае і далёкае
Шрифт:
Неўзабаве Кавалевіч пачуў, што ў суседні пакой, бразнуўшы клямкаю, нехта ўвайшоў. Дзверы між пакоямі былі зачынены, i хто ўвайшоў, яму не было відаць, аднак ён пазнаў крокі Гаўрыльчыка. Гаўрыльчык хутка прабег праз пакой да печы, дзе поркалася Арына. «Зачакалася, мусіць, перапёлачка? Не?! Ой, няпраўда: не паверу… Я замаркоціўся без цябе…» — дайшло да Кавалевіча. Арына лагодна папракнула: «Маўчы, пасароміўся-б чужога чалавека — там-жа ўсё чуваць».
«Чуваць! Што там чуваць… баязліўка ты мая!» — каб пацешыцца над Арынінай асцярогай, знарок мацней прагаварыў Рыгор. Арына, мусіць, закрыла яму рот. Кавалевіч, чуючы ўсё гэта, не мог стрымаць усмешкі.
Потым Рыгор прыадчыніў дзверы ў Кавалевічаў пакой.
— Можна да вас?
— Заходзь.
На маладым абветраным твары Гаўрыльчыка асабліва выдзяляліся лагодныя карыя вочы, падобныя на два спелыя жалуды. Ён быў апрануты ў суконны пінжак, з-пад якога віднелася вышываная чырвоная сарочка; сінія армейскія штаны былі запраўлены ў кароткія, з шырокімі халявамі, старыя боты.
— Ну, накіраваў людзей па сена, — сказаў ён павольна, з выразам заклапочанага нечым чалавека. — Сёння адправілі сем падвод. Паехалі далека, аж у Церамоскае. Адсюль кілометраў сем, мусіць, будзе… Што гэта вы так рана ўсхапіліся, Іван Савіч?
Куточкі строгіх, рэзка акрэсленых вуснаў госця ледзь прыкметна задрыжэлі ад затоенай усмешкі: няўжо перад ім той самы гарэзны хлопец, які толькі што жартаваў з жонкаю. Паважнеў, нахмурыўся…
— Ты-ж яшчэ раней устаў, — адказаў Іван Савіч.
— Раней, то раней. Але мне нельга спаць, Іван Савіч, я на рабоце. У мяне клопаты. Тут, здаецца, рад паспаць-бы яшчэ гадзінку, дык думкі розныя раскатурхаюць да часу. Падымаюць самі, як кажуць: каму прырупіць — вочы пралупіць. А вы — госць, птушка вольная, прыехалі ў адпачынак, пагуляць, дык гуляйце.
«З майго атрада», — падумаў мімаволі Кавалевіч. Ен раптам заўважыў, што з учарашняга дня, з сустрэчы, стаў неяк асабліва ганарыцца тым, што Гаўрыльчык з яго атрада. Баклан i Гаўрыльчык былі ў адной групе, першы — камандзірам, a другі — байцом. Гаўрыльчык таксама лічыўся ў атрадзе някепскім падрыўніком, хоць i не было ў яго паводзінах такой кідкай адвагі i шумлівасці, як у яго камандзіра. Ён усё рабіў ціха, проста, нічым не вылучаючыся з дзесяткаў другіх, такіх-жа малапрыкметных, людзей…
Арына паклікала снедаць. Кавалевіч прыпыніў Рыгора.
— Баклан яшчэ не прыехаў?
Па тым, як камандзір запытаў, Гаўрыльчык здагадаўся, што той нецярпліва чакае Баклана.
— Не… няма, — вінавата адказаў Рыгор, нібы ён быў вінен, што Баклан не прыехаў.
Пасля снедання пайшлі на поле паглядзець, ці добра ідзе малацьба. Кавалевіч прыехаў сюды не толькі для таго, каб пабачыцца з Бакланам, — яму таксама хацелася даведацца, як жывуць яго таварышы-партызаны, як цяпер выглядаюць мясціны нядаўніх баёў.
Быў хмурны асенні дзень. Здавалася, што збіраўся дождж, — паветра было насычана вільгаццю; нізка плылі кашлатыя цёмныя хмары. Поле пласталася голае, аднастайна-пустое, але цяпер гэта не кідалася так у вочы, як адразу пасля жніва, — надышоў лістапад. Там-сям чарнелі шырокія лапіны ворыва.
Малатарня стаяла сярод поля, каля двух сціртаў. Адна з ix, стромкая i высокая, накрытая саломаю, была яшчэ не распачата, а другую ўжо больш чым папалову змалацілі. На ёй завіхалася некалькі жанчын, падаючы спапы да малатарні.
Людзі, што працавалі на зямлі, пабачыўшы каля малатарні Гаўрыльчыка i Івана Савіча, прывіталіся. Жанчыны, якія стаялі на сцірце, крычалі штосьці вясёлае, прыветнае, але Кавалевіч не мог разабраць нi аднаго слова, бо замінаў гул трактара i стукат малатарні. Былога камандзіра тут добра ведалі — у яго атрадзе было многа калгаснікаў з гэтай вёскі.
Малатарня ні на хвіліну не спынялася. Сноп за снопам глытала прагная зяпа машыны, людзі ледзьве ўпраўляліся накарміць гэтую ненажэру — усё падавалі ды падавалі. Сочачы за калгаснікамі, што спрытна ўвіхаліся каля малатарні, Кавалевіч нібы набіраўся новых сіл, адчуваў сябе маладзейшым i дужэйшым. Трывожныя думы пра Баклана непрыкметна развеяліся.
Адначасна Кавалевіч з цікавасцю назіраў за намеснікам. Гаўрыльчык, хоць i быў вельмі рады, што Кавалевіч задаволены тым, як працуюць пры малатарні, не выказваў гэтага.
На людзях Гаўрыльчык знарок марудзіў, стрымліваючы прыродную жвавасць, якая толькі зрэдку авалодвала ім, стараўся паказаць сябе сталым i разважлівым чалавекам. З выгляду непрыкметны i простадушны, з наіўным позіркам адкрытых вачэй, ён падпарадкоўваў усіх спакойнай упэўненасцю i развагай, якія прыходзяць толькi з гадамі i вопытам.
«Як ён пасталеў!» — не адзін раз падумаў Іван Савіч, назіраючы задаволена за былым падрыўніком. Ён памятаў, якім быў Гаўрыльчык у атрадзе, i ўсё не мог звыкнуцца, што з таго зялёнага хлопца вырас такі чалавек.
III
Непрыкметна гадзіна за гадзінаю прамінула поўдня. За гэты час яны пабылі на полі, каля Чорнага лесу — праверылі, як трактарыст арэ іржышча… Кавалевіч да ўсяго ўважліва прыглядаўся, нібы ён быў не госцем, а гаспадаром.
Спачатку з раніцы Іван Савіч шкадаваў, што не застаў старшыню дома. Аднак новае знаёмства з Гаўрыльчыкам, той светлы працавіты настрой, які перадаўся яму ад калгаснікаў i не пакідаў увесь час, — усё гэта неспадзявана ператварыла яго вымушанае, здавалася-б, непрыемнае чаканне ў радасць. Ён так захапіўся тымі праявамі, якія бачыў навокал, што непрыкметна для сябе амаль забыўся пра Баклана.
Толькі раз, калі абодва ішлі з іржышча, Іван Савіч ні з таго, ні з сяго запытаў:
— Дык як вы жывеце з Бакланам цяпер… пасля вымовы?
— Як жывем?!. Вядома, — пакрыўдзіўся ён. Іван Савіч, амаль перастаў са мной гаварыць. А я — што, хіба я што злое меў да яго? — сказаў Гаўрыльчык, нібы апраўдваючыся. — Мне i самому, паверыце, шкада яго, — я-ж ведаю, які быў Баклан…
— I дарэмна шкадуеш… — адгукнуўся нездаволены бас Івана Савіча. — Няхай крыўдзіцца.
Пад вечар Рыгор павёў Кавалевіча да зруба, каля якога цесляры збівалі кроквы. Зруб быў складзены, відаць, зусім нядаўна: жоўтыя ачэсаныя бярвенні яшчэ не паспелі ні пацямнець, ні патрэскацца. Дзе-ні-дзе на ix выступілі светлыя, клейкія, падобныя на ягадкі, бурштынавыя пацеркі смалы.
Заставалася паставіць кроквы, накрыць хату ды зрабіць, як кажуць будаўнікі, «сталярку» — вушакі, рамы, дзверы.
— Для Кацярыны будуем, — сказаў Рыгор. — Помніце, у Марцінавай роце быў Гаравец Васіль — то яе чалавек… Загінуў, калi мы бралі Балачанскі гарнізон…
Пад нагамі весела трашчэлі свежыя, яшчэ вільготныя, трэскі. Каля сталюгі некалькі цесляроў, нагнуўшыся i расставіўшы ногі, цясалі бярвенні. У паветры стаяў модны, казытлівы пах смалы. Каля цесляроў хадзіў белагаловы хлопчык гадоў дванаццаці, — ён збіраў у кошык трэскі. Напэўна, маці прасіла прынесці, каб падпальваць дровы ў печцы…