Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
Шрифт:
– Сядай.
– Што я зрабiў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.
– Пакiнь дзяцiнiцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымi галаву.
– Дазволь мне пайсцi, - шапнуў Ларэнца.
– Пасля.
Зноў узяў збан i выпiў вiно да дна.
– Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблiвую прывiлею, спадзяюся, ты здолееш ацанiць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабiста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго i маё даручэнне.
Хвiлiну стаяла цiшыня.
– Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння ранiцай зрабiў гэта, быў той чалавек.
– Радрыга, скажы...
– Нiякiх пытанняў, Ларэнца!
Ён адсунуў плячом стол i цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былi змучаныя i таксама чырвоныя.
– Ларэнца, свет наш - куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нiчога не перажыў, нiчога не ведаеш. Абернешся - убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нiкчэмных пiгмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялiкi, якi я быў дурань! Чалавек, якi лiчыў мяне сябрам i ў якiм я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой iнквiзiцыi. Дзякуючы мне, разумееш? I я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабiў я правiльна. Што такое повязi сяброўства i ўсе пачуццi ў параўнаннi з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?
– Сказаў, - шапнуў Ларэнца.
– Ты малады, прыгожы, у тваiх вачах, як у люстэрку, адбiваецца чысцiня тваёй душы, але ведай, што хоць i моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калi заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкi, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры i адданасцi, я першы зраблю ўсё, каб знiшчыць цябе, як нiшчаць ворага. Сцеражыся мяне!
Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелi. Дон Радрыга паглядзеў на яго i голасна, нечакана звонка засмяяўся.
– Шчанюк, нават думак сваiх не ўмееш хаваць. Па вачах тваiх бачу, што падумаў. Ты падумаў: i ты мяне сцеражыся.
Ён яшчэ з хвiлiну смяяўся, пасля раптам замоўк i кароткiм рухам рукi загадаў:
– Iдзi, хачу пабыць адзiн.
Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны i з цёмнымi вачыма, службiста выпрастаўся.
– Так, дастойны капiтане, - сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.
Пасля беззаганна зрабiў устаўны паварот i выйшаў з цэлi, трошкi замоцна бразнуўшы дзвярыма.
Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзiну, у Санта Марыя ла Анцiгуа прыехаў iнквiзiтар Святога трыбунала ў Валадолiдзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамiнiканец. На дзядзiнцы госця вiтаў прыёр Санта Марыi, ссiвелы падрэ Аўгусцiн д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падалiся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыi, якi памятаў даўныя i слаўныя часы караля Альфонса VI, госця чакалi капiтан фамiльянтаў i брат Дыега.
Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва - ён кульгаў на левую нагу, увайшоў шпаркiм крокам i, абыякава агледзеўшы строгi пакой, нецярплiва глянуў на прысутных.
– Даўно не быў у гэтых святых мурах, - сказаў да прыёра.
– I вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклiкаў мяне. Чаму так позна?
Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цянi якой стаяў.
– Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэннi.
– Так, - коратка сказаў падрэ Галвез.
– Вялебны айцец сапраўды выклiкаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамi асабiста, бо ўвесь свой час аддае малiтвам i роздуму.
– Цяпер?
– гнеўна здзiвiўся падрэ Галвез.
– Адкуль такое рашэнне? Што тут робiцца? Чаму вы прыехалi ў сталiцу ноччу, нiкога не папярэдзiўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец нi з кiм не хоча гаварыць?
– Прабач, вялебны ойча, - спакойна адказаў пан дэ Кастра, - я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.
Падрэ Галвез хуткiм паглядам акiнуў постаць маладога рыцара.
– Хто вы?
– Капiтан фамiльянтаў Вялiкага iнквiзiтара, - сказаў пан дэ Кастра.
Пасля, паказаўшы на Дыега, якi стаяў непадалёк, сказаў:
– А прысутны тут брат Дыега - асабiсты сакратар вялебнага айца.
Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.
– Вiншую, мой сыне. У табе несумненна асаблiвыя цноты i здольнасцi, калi, такога маладога, паставiў цябе вялебны айцец так блiзка ля сваёй асобы.
Брат Дыега схiлiў галаву.
– Вялебны айцец наказаў таксама прывiтаць вас i перадаць вам сваё дабраславенне. I разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымi абавязкамi вы павiнны, i неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай i балеснай.
Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазiраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцiстыя бровы. Раптам выпрастаўся.
– Сядзем, - сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.
I першы парывiстым крокам пайшоў да стала, якi стаяў у глыбiнi рэфекторыя, i, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.
– Слухаю, - сказаў.
Брат Дыега, якi сцiпла сеў аподаль, устаў i амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў i залажыў далонi ў рукавы сутаны.
– Гэта ўсё?
– спытаўся падрэ Галвез.
– Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, - адказаў брат Дыега.
– Так, - згадзiўся той абыякава.
– I што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?
Сiвы прыёр не хаваў прыгнечанасцi i заклапочанасцi.
– Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, - сказаў дрыготкiм голасам чалавека, зламанага няшчасцем.
– Бог?
– здзiвiўся падрэ Галвез.
– Ужо цi не лiчыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў вiно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведамiць?
Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукi.
– Усё?
– крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале.
– Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалi падступны i таемны ўдар, у самы мозг i сэрца, а ты нiчога не ведаеш, нiчога не бачыш, сляпы, глухi? На якiм жывеш свеце? Толькi малiцца i ўмееш? З анёламi i са святымi толькi гавэнды разводзiш? Розум на старасцi страцiў? Далiбог, калi б не твая ўсiм вядомая святасць i набожнасць, iнакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.
Стары прыёр не спрабаваў баранiцца. Унурыўшыся ў вялiкiм крэсле, пад градам абвiнавачанняў ён усё нiжэй схiляў сiвую галаву. I, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. "Вось якая яна, сiла страху", - падумаў Дыега. I хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць i старасць, усё-такi зласлiва ўсмiхнуўся. I апамятаўся толькi тады, калi, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, якi ў бляску сваёй залацiстай зброi сядзеў па другi бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэлiся i адразу разышлiся. Брат Дыега апусцiў павекi. "Божа!
– падумаў, не вельмi разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклiчам. Разгубiўшыся на хвiлiну ад сваiх думак, адчуў, як яго перапоўнiлi смутак i адначасова раптоўная салодкая туга.
– Навошта? Дзеля чаго?" Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусцiна, нахiлiўся да Дыега, якi, выведзены голасам айца iнквiзiтара з задуменнасцi, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.
– Ты сказаў, мой сыне, - сказаў падрэ Галвез, - што пан дэ Сiгура пад выглядам адбытай споведзi спрабаваў спачатку адмовiцца каштаваць ежу вялебнага айца.
– Так было, вялебны ойча, - пацвердзiў брат Дыега.
– Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькi я ведаю, вялiкай славай хрысцiянскага рыцара. Праўда ж?
– Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць i недаступнасць.
– Ён быў ганарысты?
– Думаю, што не ад вялiкай сцiпласцi неахвотна выказваў перад людзьмi свае думкi.