Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

Ці то ад начной прахалоды, ці то ад хвалявання панна Марыя адчувала, як яе кідае ў дрыжыкі. Баючыся паварушыцца, яна сядзела і прагна прыслухоўвалася да Янавых слоў. У цемры здавалася, што з ёй вельмі шчыра размаўляе сам лёс. Яна разумела, што павінна спыніць Яна, ды не змагла. Ёй было прыемна яго прызнанне.

— Я не магу больш трываць, — нарэшце адазвалася яна. — Калі б я валодала хоць нейкай доляй улады над сабой! У мяне няма ні бацькі, ні маці. Няма з кім нават і параіцца.

— А вы слухайце сама сябе, — адказаў Ян. — Слухайце сваё сэрца. Яно і ёсць галоўны ваш падказчык. У мяне таксама няма бацькоў. І гэта навучыла мяне слухаць самога сябе… Часта я бачу адзін і той жа сон. Быццам плыву я кудысьці адзін на караблі. Не ведаю, ці ёсць наперадзе зямля, але адчуваю, што не памыляюся, і таму не зварочваю з курсу. А іншым разам я бачу жаданы бераг, дзе на ўзгорку стаіце вы ў белай сукенцы. Мне не ўдаецца наблізіцца да таго берага: я змяніў курс — аднак усё без пэўных вынікаў. Я, як тая камета: лячу да Зямлі, ды так да яе і не дакрануся…

З хвіліну яны сядзелі моўчкі, нібы прыслухоўваліся да цішыні. Панну Марыю вельмі ўразіла шчырае Янава прызнанне.

— Пра што гэты сон? — спытала яна. — Няўжо, кахаючы адно аднаго, мы будзем вечна паасобку?

— Ва ўсякім разе — у гэтым жыцці,— упэўнена адказаў хлопец.

Панна Марыя зноў задумалася. У тым, што гаварыў Ян, яна адчувала супярэчлівасць. Выхаваная халопамі і не зведаўшы пагарды да іх, яна прывыкла лічыць сваёй блізкай амаль што кожную жабрачку. І таму яна адчувала сваім сэрцам, што свет недасканалы. Да таго ж яна добра памятала прыклад сваёй маці, дачкі князя, якая выйшла за маламаёмаснага шляхціца. Панна Марыя не разумела, чаму яны з Янам павінны ўтойваць сваё каханне… Яна яшчэ мацней задрыжэла. Ян нарэшце заўважыў гэта, сказаў:

— Вам холадна… — і абняў яе.

Панна Марыя не звярнула на гэта ўвагі — засталася ва ўладзе сваіх разважанняў. Яна ніяк не магла звыкнуцца з думкаю, што з заўтрашняга дня не ўбачыць Яна. Хто, пыталася яна сама ў сябе, будзе граць ёй такую светлую музыку? Хто будзе гаварыць ёй такія высокія словы? Хто выслухае яе крыўды, сумненні, супакоіць і сагрэе яе?.. Будучыня без Яна ўяўлялася халоднай і сумнай. І таму хацелася прыдумаць нешта такое, каб узяць Яна з сабой.

— Як мне хораша з табой! — шчыра прызналася яна. Панна Марыя адчувала Янаву пяшчоту і сілу. Але

ў гэты вечар ёй хацелася чагосьці большага. Яна сама не разумела — чаго. Нечакана слёзы пакаціліся з яе вачэй. Панна Марыя ўсхліпнула.

— Панначка! — усклікнуў юнак. — Не трэба!.. — Голас яго асекся. Ён сам гатовы быў заплакаць.

— Я таксама люблю цябе, Янка, — адазвалася панна Марыя. — Страх апанаваў мяне… Як падумаю, што давядзецца жыць з чужымі, удалечыні ад дома… Колькі жахлівага расказвалі мне пра княгіню! Яе называюць не інакш як «вядзьмаркай». Кажуць, што яе пачвара-сын палохае малых дзяцей! Як я буду жыць з імі? Як буду там адна? Калі ты расказваў свой сон, я адчула сябе такой самотнай. Не ведаю, што і рабіць, Ян. Не ведаю. Можа, ты падкажаш?

— Не палохайцеся, панначка, знойдуцца добрыя людзі і ў замку.

— Самы добры — гэта ты, — адказала панна Марыя. — А ты будзеш далёка.

Смутак, які гучаў у яе голасе, перадаўся Яну.

— Я ўсяго толькі — халоп, — адазваўся ён, — смерд, чарвяк.

— Не, не, Янка, — упэўнена запярэчыла панна Марыя. — Я казала і буду казаць, што ты — лепшы за ўсіх.

— Тады не кажыце зусім, — адказаў Ян. — Не трэба. Панна Марыя нечакана, з натхненнем, прамовіла:

— О, каб Гасподзь спусціўся зараз да нас! Я гэтак прасіла б яго, гэтак прасіла б! І ён абавязкова б нам дапамог!

— Ён даўно нас пачуў,— упэўнена адказаў Ян. — Я гэта ведаю!

Панна Марыя здзіўлена паглядзела на яго. Ян падняўся і дапамог ёй узняцца.

— Пайшлі, — нечакана запрасіў ён. Нейкае рашэнне, што выспела ў ягонай галаве яўна не сягоння, кіравала ім. — Я ведаю, што рабіць, — рашуча сказаў ён. І падбадзёрыў панначку — Не бойся!

X

Ян задумаў неверагоднае. Ён вырашыў пайсці да псаломшчыка кляціхінскай царквы Пахомія Лагафета, свайго хроснага бацькі, і прасіць, каб той блаславіў яго і панну Марыю…

Хата псаломшчыка стаяла непадалёк ад панскага маёнтка, на ўскраіне вёскі. Маладыя здзівіліся, калі ўбачылі, што ў яе адзіным акенцы ў такі позні час гарэла святло. Падтрымліваючы панначку, якая дрыжэла ад хвалявання, Ян падняўся на высокі драўляны ганак. Ён ведаў, што псаломшчык не зачыняе дзвярэй, прыгарнуў да сябе панначку і ўвайшоў у яго хату.

У сенцах пахла смуродам недагледжанага жытла. Прыстанішча Пахомія хутчэй нагадвала хлеў: гліняная падлога была заслана саломай, дзверы з сенцаў у пакой былі са шчылінамі, на столі драмаў рой мух.

Маладыя прайшлі ў пакой. На стале гарэла сальная свечка. Яна высвечвала толькі сцены, уцепленыя мохам паміж бярвенняў, ды невялікі абраз у куце, пацямнелы ад часу. Усё астатняе — палок, печ, маленькае акенца — у паўзмроку ледзь праглядалася. У паветры адчуваўся куродым. Пры з'яўленні гасцей агеньчык свечкі закалыхаўся, пагражаючы патухнуць. Псаломшчык, згорбіўшыся над сталом, нешта пісаў. Пачуўшы рыпенне дзвярэй, ён азірнуўся. Гладка зачасаныя валасы, падстрыжаная клінком бародка, прамы нос і вялікае гусінае пяро ў руках рабілі яго падобным на апостала з якойсьці старой царкоўнай фрэскі. Цьмянае святло не схавала здзіўлення ў яго вачах.

Панна Марыя мацней прыціснулася да Яна. У хаце псаломшчыка яна была ўпершыню. Яна ведала старога, але раней не звяртала на яго ніякай увагі. Цяпер ён быў перад ёю ў чорнай рызе, згорблены, з пацямнелым ад стомы тварам. І яна раптам адчула, што баіцца яго.

Янаў голас надаў ёй сілы.

— Прабач, ойча, за позні візіт, — сказаў Ян. — Нас прывяла да цябе важная справа.

Тое, што Ян так проста зайшоў і загаварыў са старым, якога ў вёсцы лічылі за юродзівага, не было выпадковасцю. Адзінокія лягчэй знаходзяць агульную мову. Лагафет быў адзінокі. Да таго ж, ён быў духоўным настаўнікам Яна. Здаралася, калі ў юнака з'яўляліся пытанні па рэлігіі, ды і не толькі, ён прыходзіў да яго. Відаць, пытанняў было шмат, бо Ян хадзіў да псаломшчыка даволі часта. Пахомій любіў хлопца за яго дапытлівы розум і сарамлівасць. «Ад Бога ісці табе незвычайнаю дарогаю, — аднойчы прадказаў ён яму. — Будзеш ты пазначаны». Выказваўся Пахомій той моваю, якая больш гаварыла пра сутнасць, чым пра дэталі. Свае фразы ён браў са свяшчэнных кніг, некаторыя выказванні ведаў на памяць. Ян разумеў старога і паважаў яго. Ён бачыў у яго словах не толькі адказы, але і нешта большае — бачыў у іх святло. Ён параўноўваў яго з Давідам, над якім здзекваліся ворагі, аднак не зламалі. А яшчэ ён бачыў яго паэтам.

З хвіліну псаломшчык маўчаў: гэта была тая самая паўза, калі ён вяртаўся са свету летуценняў на зямлю.

— З чым прыйшлі, дзеці мае? — нарэшце спытаў ён. — Спадзяюся, намеры вашы чыстыя, як і вы самі.

Ян быў вельмі ўсхваляваны, каб пачынаць з прадмовы. Ён узяў панначку за руку, выйшаў з ёю на сярэдзіну хаты і сказаў:

— Айцец, блаславі нас, мы кахаем адно аднаго.

Здавалася, старога не здзівіла просьба яго выхаванца, — знешне ён не адрэагаваў на яе. Але гэта было не так. І сведчаннем таму з'явілася новая паўза, якая настала за гэтай просьбай.

— Дапамажы, ойча! — узмаліўся Ян. — Заўтра панначку павязуць у замак. Аднаму Богу вядома, калі мы ўбачымся зноў. Можа, ніколі. Дык змацуй нашу ўзаемную прыхільнасць нябеснаю пячаткай. Няхай хоць у думках і малітвах мы будзем разам. Большага мы і не просім.

Стары, быццам камень, які быў знячэўку зрушаны вадою, варухнуўся. І маладым падалося, нібы разам з ім пачало рухацца ўсё, што было ў яго ўбогім жытле: уздрыгнуў агонь, закалыхаліся цені на сцянах, зрушылася печ, пачуўся шорхат моху паміж бярвеннямі… Толькі вочы старога засталіся нерухомыя. Было адчуванне, што яны глядзелі не на гасцей, а кудысьці за іх спіны.

Поделиться с друзьями: