Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Пасля спешнага снядання пачалі загружацца. Дружыннікі перанеслі ў экіпаж куфры і добра ўвязалі іх. Панна Марыя ў суправаджэнні пана Чалядніка і пані Кацярыны выйшла на ганак. Тое, што яна там убачыла, уразіла яе. Было яшчэ вельмі рана, і, тым не менш, на двары, перад домам, сабраўся амаль увесь кляціхінскі люд. Вартаўнік прапускаў усіх. Прыйшлі і старыя, і маладыя. Людзі з'явіліся на панскі двор без запрашэння, таму што любілі панну Марыю. Любілі яе за рэдкі дар — сардэчнасць. Яны прыйшлі, каб выказаць ёй словы падзякі і пажадаць удачы. Панначка ўспомніла, як аднойчы, у час пахавання яе маці, сабралася столькі ж людзей. Ад гэтага ўспаміну ёй зрабілася вельмі сумна. Аднак сумаваць ёй не далі.
— Шчасця вам, панначка, — сказала служанка, якая стаяла бліжэй за ўсіх. Яна пакланілася ў пояс.
Гэтак жа пачалі рабіць усе з розных бакоў. Усе людзі пачалі выказваць сваю любоў да яе нізкім паклонам.
— Мілыя, добрыя, вялікі вам дзякуй, — адказвала панна Марыя і кланялася ў адказ.
Яе ўзрадавала такая ўвага, і таму панначка зусім забыла пра свой смутак. Яна працягвала рукі для пацалунка і паўтарала:
— Дзякуй, дзякуй…
Вачамі яна шукала Яна. Тым часам ён стаяў непадалёк ад ганка, каля сцяны дома. Убачыўшы яго, панна Марыя збянтэжылася, на яе шчоках успыхнуў румянец. Яна з цяжкасцю адвяла ад яго свой позірк і звярнулася да вяскоўцаў:
— Дзякуй вам, што прыйшлі! Дай Бог, каб убачыцца яшчэ! — Голас яе ўздрыгнуў. І каб не расплакацца, яна прапанавала: — А ведаеце што, давайце спяём! Маю любімую!
Ажыўленне хваляю пракацілася па натоўпе. Нечакана самая галасістая дзяўчына, якая ведала любімую песню панначкі, гучна заспявала:
У цёмным лесе мядзведзь рыкае. Рана-рана мядзведзь рыкае.Прыпеў песні ахвотна падхапіў увесь вясковы хор. Старыя людзі заўсміхаліся, пазнаўшы знаёмую, вядомую ім яшчэ ад сваіх прадзедаў песню.
Мядзведзь рыкае, дзевак пужае. Рана-рана, дзевак пужае. Пужай-пужай, а я не баюся. Рана-рана, а я не баюся. Толькі баюся асенняй ночкі. Рана-рана, асенняй ночкі. Асенняя ночка — разлука мая. Рана-рана, разлука мая. Разлучыць мяне ад мамкі-таткі. Рана-рана, ад мамкі-таткі. Прылучыць мяне к майму мілому. Рана-рана, к майму мілому.З лёгкім сэрцам панна Марыя прайшла праз увесь двор да экіпажа. Ёй здалося, што яе пранеслі. Пан Чаляднік і пані Кацярына ішлі за ёю. Каля дзверак панначка прыпынілася.
— Бывайце, маці Кацярына, — сказала яна няньцы і зноў усхліпнула. — Ці ўбачымся мы калі?
Нянька моцна абняла яе.
— Не бядуй, мая прыгажуня, — сказала яна ласкава. — Абавязкова ўбачымся.
Пан Чаляднік, зразумеўшы, што спешны ад'езд зменшыць пакуты абедзвюх, падаў панначцы руку, дапамог зайсці ў экіпаж. Пасадзіўшы яе, сам сеў побач і зачыніў дзверцы.
— Бывайце, панна Марыя! — пачуліся гучныя галасы. Людзі зноў пачалі кланяцца.
Панна Марыя закрыла далонямі твар, зарыдала…
— Паехалі! — гаркнуў праз акенца фурману прыказчык. — Ды хутчэй, ты! — Непаваротлівасць слугі раззлавала яго.
Экіпаж крануўся, і натоўп расступіўся. Панна Марыя паглядзела ў акенца і ўбачыла, як ёй махаюць з усіх бакоў…
За варотамі экіпаж дагналі дружыннікі. Прытрымліваючы коней, яны рушылі за ім, не звяртаючы ўвагі на клубы пылу, які ўздымаўся з-пад колаў. Сёй-той з вяскоўцаў, хто прыехаў на провады верхам, паскакаў за канвоем. Тыя, хто застаўся, пасылалі наўздагон экіпажу сваю малітву і нябачных анёлаў-ахоўнікаў.
Частка другая
Свавольствы княгіні
I
Паводле легенды, яшчэ ў часы Гедыміна адзін з продкаў Эрдзівілаў праславіў сябе тым, што параіў пры пераправе літоўскага войска цераз раку завязаць коням хвасты і, трымаючыся за іх, дасягнуць мэты. Рэйд аказаўся ўдалым. Гедымін распарадзіўся выдзеліць дарадцу зямлю ў пажыццёвае карыстанне, — яе адмяралі пры дапамозе гуку адразу трох паляўнічых рагоў. Верагодна, у тыя далёкія часы паляўнічыя рагі гучалі мацней за цяперашнія, і ўсё ж той першы маёнтак Эрдзівілаў быў не такі ўжо вялікі. З цягам часу Эрдзівілы разбагацелі і нават атрымалі тытул князёў. Ну а тыя тры легендарныя рагі апынуліся на іх гербе.
Князь Станіслаў жыў у замку з жонкай княгіняй Ізабэлай і сынам Іржыкам. Князь быў дэпутатам сойма і даволі часта адлучаўся з замка. У такія перыяды ён жыў у сваім каменным доме ў Варшаве. А калі папраўдзе, то трэба сказаць, што з роднага гнязда яго гналі не толькі справы сойма. Князь не ладзіў з жонкаю: не размаўляў, нікуды не выходзіў і не выязджаў з ёю. Прычынай таму, як ні дзіўна, быў Іржык. Ад любога намёку на тое, што ў яго ёсць прыдуркаваты сын, князь па-сапраўднаму пакутаваў.
Аднак жыць зусім без надзеі ён не мог. Спачатку яго ўвагу прыцягвала палітычная дзейнасць. У апошні ж год яго надзеяй стала… пляменніца. Неяк, год таму, ён наведаў Кляціху, маёнтак рана памерлай сваёй сястры, і ўбачыў там панну Марыю. Увесь дзень яны правялі разам. Пляменніца яму вельмі спадабалася, і ён загарэўся жаданнем зрабіць яе дзяцей сваімі нашчадкамі, выдаўшы яе замуж за аднаго са спадкаемцаў свайго знакамітага роду. Гэта ідэя захапіла яго. І ён не бачыў асаблівых перашкод да яе ажыццяўлення. Сапраўды, Эрдзівілы розных ліній былі раскіданы па ўсёй Еўропе. Яму заставалася толькі спыніць свой выбар на кімсьці з іх і звесці маладых. Першым крокам да ажыццяўлення гэтай ідэі і было перасяленне пляменніцы ў замак. У пачатку верасня князь збіраўся ў Варшаву. Там ён меў намер сустрэцца з адным са сваіх супляменнікаў і, можа, нават запрасіць да сябе ў госці… Гэтыя планы, якія больш падыходзілі якой-небудзь свацці, і натхнялі цяпер князя Станіслава. Ён строіў іх далёка наперад. Сын панны Марыі павінен быў унаследаваць яго тытул. Яму ж ён збіраўся адпісаць і ўсю сваю маёмасць. Князь, вядома, ні з кім не дзяліўся гэтай сваёй задумай. Недаверлівы, ён асцерагаўся, што якая-небудзь выпадковасць можа нашкодзіць яму.
Як толькі паведамілі аб прыездзе панны Марыі, яго агарнула хваляванне. Слёзы паказаліся на яго вачах, — князь зразумеў, якое вялікае значэнне для яго мела гэта дзяўчынка. Ён заспяшаўся да яе.
Панна Марыя чакала яго ў адной з залаў другога паверха. Гэта быў Рыцарскі зал. Тут сустракалі гасцей. Чакаючы выхаду гаспадароў, прыезджыя павінны былі пераканацца ў багацці Эрдзівілаў і ў іх беражлівых адносінах да гістарычных рэліквій. Тут захоўвалася калекцыя рыцарскіх даспехаў і зброі. Столь залы была ўпрыгожана каляроваю лепкаю, а сцены — старадаўнім вялізным дываном, на якім была выткана выява бітвы. Ля дзвярэй стаялі дзве муміі ў даспехах і з бердышамі. Галоўнай жа славутасцю залы быў высокі, аздоблены белым мармурам камін. Ён прыцягваў да сябе ўвагу адмысловай разьбою. На ім была адлюстравана бітва. Камін меў свой «сакрэт». Калі ў ім запальвалі агонь, разьбяныя чалавечкі ажывалі: яны пачыналі «рухаць» мячамі, палашамі, дзідамі. Водбліскі святла і гул полымя стваралі ілюзію сапраўднай бітвы: здавалася, нібыта бразгае метал, іржуць коні, страляюць гарматы, хрыпяць раненыя… Панначка сядзела ў мяккім крэсле, абабітым ярка-чырвонай парчою. Вочы яе былі заплюшчаныя. Ёй было прыемна вось так, у адзіноце, у халадку, пасядзець пасля стамляльнай дарогі.
Спачатку ў зале з'явіўся лакей і застыў ля дзвярэй. У сваёй доўгай ярка-зялёнай ліўрэі, з цвёрдымі, як жалезныя лісты, фалдамі, вузкіх панталонах, туга напятых канарэечных панчохах з падвязкамі, цяжкіх чаравіках, у доўгім парыку і пальчатках, ён нагадваў шыкоўна апранутага манекена. Твар яго, аж занадта напудраны, захоўваў веліч, нібы гэта быў сам кароль Польскі. Панну Марыю здзівіла яго прысутнасць…
І вось да яе данесліся ажыўленыя галасы, — у залу ўвайшлі двое. Гэта былі пан Чаляднік і князь Станіслаў. Раней панначка рэдка бачыла князя і таму здзівілася. Сваяк, здалося ёй, быў зусім маленькім, — ён быў амаль на галаву ніжэй яе. Яго мініяцюрнасць падкрэслівалася яшчэ і тым, што ён не насіў парыка. Над верхняй губой яго тапырыліся рэдзенькія рыжыя вусікі; вочы яго былі крыху выпуклыя, а таму здавалася, нібыта яны захоўваюць у сабе пачуццё страху. Князь быў апрануты ў багаты кафтан з ярка-чырвонага аксаміту, аздоблены асляпляльнымі белымі карункамі, у шаўковыя панталоны і чорныя панчохі. Ногі яго былі ўпрыгожаны лакавымі туфлямі на высокіх абцасах.
Панна Марыя паднялася і зрабіла некалькі крокаў яму насустрач.
— Дзядзечка… — змагла вымавіць яна і заплакала. Так патрэбна была ёй падтрымка роднага чалавека.
— Радасць мая! — усклікнуў князь і працягнуў рукі, каб хутчэй абняць пляменніцу. — Сірацінка мая! Прыехала нарэшце, радасць мая! Колькі я чакаў, не мог дачакацца гэтай хвіліны! Прыехала!.. — І князь тройчы пацалаваў панну Марыю.
Яго ласкавы голас, пацалункі хутка супакоілі панначку. Твар яе засвяціўся ўсмешкай.