Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

— Панна Марыя, папрасіце, — звярнулася Люцыя да гаспадыні.

Маладая панна не зводзіла вачэй з музыкі. Яна чакала, калі ён зверне на яе ўвагу. Нарэшце інструмент быў настроены. Ян апусціў скрыпку, паглядзеў панначцы ў вочы.

— Заспявай, Янка, — папрасіла яна. — Заспявай мне на развітанне.

Хлопец-музыка быў адным з тых, хто рабіў усё грунтоўна. Усё, за што б ён ні браўся, мела для яго важнае значэнне. Калі ён іграў, то іграў абавязкова з пачуццём, забываючы пра ўсё на свеце. Можа, таму ён валодаў дарам зачароўваць тых, хто быў побач з ім. Ён гаварыў — і яго прагна слухалі. Ён глядзеў у вочы — і рабілася прыемна ад усведамлення таго, што ён звяртае на вас сваю ўвагу. Хацелася быць да яго бліжэй. Юнак выпраменьваў добры магнетызм. А таму не было нічога дзіўнага ў тым, што панна Марыя не грэбавала сяброўствам са сваім халопам і шчыра пакахала яго. У Яна закахаліся ўсе кляціхінскія дзяўчаты.

Ян паглядзеў у вочы панначцы, нібы чытаючы там ноты песні, якую збіраўся выканаць. Потым прыладзіў да пляча скрыпку і пачаў іграць. Спачатку яго мелодыя гучала нясмела. Але паступова набірала моцы. Паліліся дзіўныя, нечуваныя раней сябрамі Яна гукі. Складаныя, па-майстэрску выкананыя пераходы чаргаваліся з працяглымі аднагалосымі гукамі — тэмай. У мелодыі чуліся ўсплескі вады, галасы маці, каханай, песні жаўрука і салоўкі. Ян некалькі разоў паўтарыў яе і, калі нарэшце адчуў, што яе ўспрынялі, апусціў скрынку, заспяваў:

А дзе тая крынічанька, Што голуб купаўся, А дзе тая дзяўчынанька, Што я заляцаўся. Ужо тая крынічанька Травою зарасла, А ўжо тая дзяўчынанька За іншага пайшла. Ой, я тую крынічаньку Тыччам ператычу, Да я сваю міленькую К сабе пераклічу. Да я сваю міленькую Чаўном пераплаўлю, А я сваю міленькую К сабе перабаўлю.

Некалькі разоў Ян пераставаў спяваць, браўся за скрыпку, — пачынаў імправізаваць. Гэта яшчэ больш захапляла слухачоў. Музыка хвалявала іх. Стары млынар, пачуўшы мелодыю, выйшаў на вуліцу.

Панна Марыя адчувала незвычайную асалоду. Ёй здавалася, што яна моліцца і што з ёю размаўляе сам анёл нябесны… Гэтыя хвіліны павінны былі стаць для яе Ў будучым самым светлым успамінам.

Ян скончыў іграць. Ён не пачуў заўсёднай пахвалы: дзяўчаты і хлопцы засталіся сядзець, не зварухнуўшыся з месца. Здавалася, сваёй музыкай ён пераўтварыў іх у камяні. Панна Марыя глядзела на яго шырока раскрытымі вачамі. Яна нібы прасіла яго не спыняць шчаслівае імгненне… Вогнішча дагарала. Але ніхто не здагадаўся падкінуць у яго хоць колькі паленцаў.

IX

Наўздзіў, апроч маркоты, гэтая ноч дарыла Яну і панне Марыі і долю асалоды: ім было прыемна ад усведамлення, што яны разам і што да раніцы ў іх шмат часу. Гэта здзіўляючая здольнасць — вышукваць задавальненне з нічога — належыць, відаць, толькі маладым. Ян і панначка нават і не хацелі думаць пра сумнае. На душы было спакойна. Даўно ўжо разышліся па хатах кляціхінскія хлопцы і дзяўчаты — тыя, што былі з імі каля вогнішча. Месяц паспеў ужо перакаціцца з адной часткі небасхілу Ў другую, а Ян і панна Марыя ўсё яшчэ гулялі па аколіцах вёскі. Пачуццё блізкасці сагравала іх душы і кружыла ім галовы. Час ляцеў непрыкметна. Ім здавалася, што яны толькі-толькі пачалі сваю гаворку, — а між тым ужо стаміліся стракатаць конікі, а ў траве серабром зазіхацела раса…

Абышоўшы закуткамі Кляціху, Ян і панначка наблізіліся да каменнай агароджы, за якою пачынаўся парк. Ім захацелася пасядзець на сваім улюбёным месцы — пад лістоўніцай каля сажалкі. Ян дапамог узабрацца панначцы на тоўстую агароджу. Потым пераскочыў сам і падтрымаў панначку, калі тая злазіла.

У парку было цёмна. Высвечваліся толькі сілуэты дрэў. Паўночнікі пайшлі па знаёмай алеі ўздоўж агароджы. Праз нейкі час яна вывела іх да сажалкі.

Каля вады было крыху відней. Хмяліў густы водар лістоўніцы, а цішыню парушалі ўсплёскі рыб і квактанне жаб. Гэтую сажалку, на беразе якой пралівалі сягоння слёзы панначка і Люцыя, называлі «Грошык». Такую назву яна атрымала за тое, што была круглая і блішчэла, як срэбная манетка. У гэты позні начны час беражок сажалкі гарэў цьмяным малахітавым святлом. Здавалася, быццам гэтую чорную ўпадзіну акаймляе гіганцкае зіхатлівае кольца. Ян і панначка прыселі каля вады на траве.

— Як цудоўна ты іграў! — прызналася панна Марыя. — Тваё гранне, як салаўіны спеў.

— Салавей — мой галоўны настаўнік, — адказаў хлопец. — Мая музыка — вельмі далёкае падабенства яго Божага дару. Вясною толькі і чакаю сустрэчы з ім. Як пачую, стану дзе-небудзь побач і паўтараю за ім: ён праспявае — я сыграю. Так і абменьваемся імправізацыямі, нібы дзве старыя сваімі плёткамі. Потым, ужо дома, пачынаю тварыць. Атрымоўваецца, але не тое, што хацелася б. І толькі калі думаю пра вас, музыка пачынае ліцца са струнаў, быццам сам Гасподзь бярэ ў рукі мой смычок. Гукамі імкнуся выказаць цеплыню, якую вы выпраменьваеце, вашу прыгажосць, пяшчоту. Я імкнуся вылепіць вас з гэтых гукаў, як скульптар лепіць з гліны свае фігуркі.

— Твая музыка так чароўна дзейнічае на мяне, — з пачуццём прызналася панна Марыя. — Калі я слухаю яе, то нібыта лятаю на крылах у паднябессі.

— Гэта таму, што яна — пра вас, — адказаў Ян. — О, калі б Гасподзь даў магчымасць, я стварыў бы пра вас яшчэ больш цудоўную музыку.

— На жаль, такой магчымасці не будзе, Ян. Ты ведаеш, заўтра я паеду і ўжо ніколі не ўбачуся з табою. Ніколі!

— Не гаварыце так, панна Марыя. Мы не можам знаць замыслы Госпада. Гасподзь дапамагае праведнікам. Калі мы будзем жыць сумленна і калі наша клятва будзе моцная, як падмурак, на які ставяць дом…

— Клятва? — перапыніла панна. — Пра якую клятву ты кажаш?

— Клятва аб вечнай дружбе! — упэўнена адказаў Ян. — Ці вы лічыце, што пра нашу дружбу можна забыцца?

— О не, я так не лічу. — Панначка збянтэжылася. — Толькі я не бачу выйсця. Нішто не дапаможа нам, нават сам Гасподзь.

— Не гаварыце так, прашу вас…

— Ён, сардэчны, можа б, і рады быў дапамагчы, ды толькі гэта вельмі цяжкі для яго клопат… Малю яго аб тым, каб хоць зрэдку, употай, мы маглі бачыцца. Хачу слухаць тваю музыку, твой голас. Кажы, кажы, Ян. Бо гэта наша апошняя ноч!

Ян абняў панну Марыю. Можа, менавіта гэта хвіліна і стала вырашальнай у іхнім жыцці. Яны зразумелі, што ў іх сэрцах прачнулася сапраўднае каханне… Каханне — гэта рэдкая і дзівосная кветка — можа драмаць у сэрцы паўжыцця. І ўсё ж ёй наканавана хоць калі ды расквітнець. Такая ўжо чалавечая прырода. Можна пакахаць у семнаццаць, можна — у сорак сем. Узрост для сапраўднага кахання нічога не значыць. Важна тое, што з прыходам гэтага сапраўднага кахання для чалавека адкрываюцца ісціна і сэнс яго жыцця. Нараджэнне гэтага пачуцця прыкметна мяняе чалавека. Каханне, быццам рука Гасподняя, дакрануўшыся да чалавека, адухаўляе яго, робіць вышэйшым, мацнейшым і чысцейшым. А некаторых яна робіць нават усемагутнымі…

— Хачу прызнацца вам у сваім граху, панна Марыя, — ціха вымавіў Ян. — Да сягонняшняга дня, да гэтай самай хвіліны я маліў Госпада, каб ён разлучыў нас.

— Ах, навошта, Ян? — усклікнула панначка і міжволі адхіснулася ад хлопца. — Навошта ты гэта рабіў?

— Выслухайце мяне, панна Марыя, — упэўнена сказаў Ян. Крыху счакаўшы, ён працягваў: — Прасіў таму, што лічыў сябе не вартым, каб марыць пра такую вялікую панну, як вы. «Не мне, лапцюжніку, марыць пра каралеву!» — казаў я сабе. — Аднак мне здалося, што Гасподзь не жадае мне дапамагчы. Праходзіў час — нічога не мянялася. Больш таго — страсць мая разгаралася. І толькі пакладу галаву на падушку — пачынаю бачыць вас! Раней мяне супакойвалі малітвы. Цяпер жа і гэта не ратуе. І таму ведаю: калі ўжо я прасіў у Яго аднаго, а Ён пераконваў мяне ў адваротным, значыць усё гэта нездарма! Сягоння магу сказаць з упэўненасцю: я люблю вас, панна Марыя, і буду любіць заўсёды, што б там ні здарылася… І што я магу зрабіць з сабой, калі яно так ёсць?! Здаецца, маё жыццё пачалося з той хвіліны, калі зразумеў, што палюбіў вас. Я да таго часу толькі прыглядаўся да жыцця. Цяпер адчуваю ўпэўненасць і сілу, якія не выбіць з мяне ні бізуном, ні кабалой. З гэтага вечара, з гэтай самай хвіліны буду ісці да вас, панна Марыя, ісці, каб там, на нябёсах, быць заўсёды з вамі. Прабачце мяне.

Поделиться с друзьями: