Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

— «Вянчаеш лета благасці Тваёй, і сцязі Твоі істачаюць тук, — чытаў Пахомій, — істачаюць на пустынныя пажыці, і ўзгоркі перапаўняюцца радасцю, лугі запаўняюцца статкамі, і даліны пакрываюцца хлебам, усклікаюць і пяюць…»

Была ўжо раніца, і на ўвесь голас гарлапанілі пеўні, калі Ян і панна Марыя пакідалі хаціну псаломшчыка. Яны ішлі ад старога, несучы ў сэрцах добрую надзею.

Стары нейкі час стаяў на ганку і глядзеў на іх, калі яны пайшлі ў бок панскага саду. Потым вярнуўся ў сваё жытло. Дастаўшы з-пад палацяў куфэрак, ён адамкнуў яго і пачаў збіраць рэчы. Ён вырашыў пакінуць вёску. Занадта ўжо вялікім здаваўся яму толькі што здзейснены грэх.

— Дзеля імя твайго, Госпадзі, прабач грэх мой, вялікі ён, — прашаптаў ён.

Замаліць такі грэх ён спадзяваўся паломніцтвам па святых мясцінах. Гэтая думка — наведаць святыя мясціны — выспявала ў яго даўно. Нарэшце стары вырашыў ажыццявіць сваю задуму. Ён пакідаў свой кут, не думаючы пра тое, што вернецца ізноў сюды. Тым не менш, ён быў заспакоены. Хоць і ведаў, што зрабіў не па закону, аднак сапраўднай згрызоты сумлення не адчуваў. Больш таго, душа яго радавалася; ён з упэўненасцю думаў, што калі і была якая дабрачынная справа, здзейсненая ім за цэлае жыццё, то гэта адбылося менавіта сягонняшняй ноччу.

XI

Пан Чаляднік не любіў доўга валяцца ў ложку. Яшчэ толькі кукарэкалі першыя пеўні, а ён ужо галіўся, стоячы перад люстэркам, і напяваў бравую мелодыю ўсё той жа любімай сваёй мазуркі.

— Трам, та-там, там, трам, та-та-м!..

Ён добра адпачыў у спакойных умовах, і таму настрой у яго быў бадзёры. Яму хацелася рухацца, размаўляць, даваць распараджэнні.

А між тым у панскім доме ўсе яшчэ спалі. На двары было ціха. Начны вартаўнік пазяхаў каля брамы. Ён глядзеў перад сабой у зямлю, быццам нешта вышукваў пад нагамі,— чакаў, калі можна будзе пайсці ў чалядню.

Панна Марыя спала ў сваім пакоі сном праведніка. Яе залатыя валасы раскідаліся па падушцы, а на шчоках ірдзеў румянец. На крэсле, побач з ложкам, ляжала яе белая сукенка, якую яна зняла зусім нядаўна. Маленькая канарэйка, што была ў клетцы, ужо прачнулася і чысціла свае пёркі. А ў акне разгаралася зарыва новага дня…

Пан Чаляднік не любіў бяздзейнічаць. Ён апрануўся і, падскокваючы то на адной, то на другой назе, выйшаў у калідор. Яму не падабалася, што слугі спяць у такі час. Ідучы, ён не сустрэў ніводнай душы. Між іншым, учора гэты дом, здавалася, быў бітком набіты людзьмі. Госць пачаў стукацца ў кожныя дзверы. Пры гэтым ён выкрыкваў:

— Лайдакі! Ану, пад'ём! Вось як вы турбуецеся пра дабрабыт вашай гаспадыні! Я навучу вас!

Непаседа нарабіў пярэпалаху на ўвесь дом. Са сваіх пакойчыкаў пачалі высоўвацца паціху слугі. Убачыўшы дзівака, яны кланяліся яму.

Пані Кацярына расчыніла дзверы свайго пакоя так рашуча, што ледзь не збіла госця з ног.

— О, прашу прабачыць, — павінаваціўся апошні.— Здаецца, я цябе патрывожыў.

— Вы дарэмна губляеце энергію, пан Варлампій, — адказала нянька. — У нас няма звычкі прачынацца так рана.

— Я абяцаў князю быць у замку ў першай палове дня, — адказаў прыказчык. — Вы ж ведаеце, як ехаць у такую спякоту.

— Добра, я зараз разбуджу панначку. Толькі… ідзіце пагуляйце пакуль што ў двары.

— Слухаюся, — адказаў пан Чаляднік. — Зараз жа іду. — І падаўся па калідоры да лесвіцы, напяваючы ўсё тое ж самае — мазурку. Азіраючыся на няньку, ён ледзь не паляцеў з лесвіцы…

На двары ўжо сабраліся коннікі. Ведаючы звычку прыказчыка падымацца яшчэ да сонца, яны былі заняты тым, што чысцілі збрую і коней. Фурман і яго памагаты шчыравалі над экіпажам. Пан Чаляднік падышоў да дамка, дзе размяшчалася кухня, падняў камень, якім слугі падпіралі дзверы, і стаў прысядаць з ім. На ганак высыпала чэлядзь і здзіўлена глядзела на яго. Непаседа неўзабаве кінуў камень, падышоў да фурмана, які аглядаў кола.

— Хутчэй, хутчэй! — прыспешваў ён.

— Паспеем, зробім, пан Чаляднік, — адказваў фурман. — Заляцім птушкаю.

— «Птушкаю», — перадражніў Варлампій. — А як князя вязём, дык вечна непаладкі: то кола, то папруга. Глядзі ў мяне! — І ён паднёс вялізны кулак да кручкаватага носа фурмана.

Фурман, які прайшоў у свой час вайсковую службу на чале прыказчыка, выгнуў грудзі, выкрыкнуў:

— Слухаюся!

Зрабіўшы першую ў гэты дзень строгую вымову, пан Чаляднік азірнуўся на сваю дружыну. Яго позірк прымусіў усіх больш энергічна варушыцца каля сваіх коней…

Між тым у доме, які падняў на ногі прыказчык, панавала сумятня. Куфэркі, куды былі складзены панначчыны рэчы, слугі пераносілі бліжэй да выхаду — у прыхожую. Панна Марыя і пані Кацярына сядзелі на канапе ў гасцёўні. Там жа была і Люцыя. Твар панначкі быў заспаны. Яна ўсё яшчэ была пад уражаннем дзіўных начных прыгод. Яна сядзела і намагалася зразумець: што сённяшняй ноччу было сапраўднасцю, яваю, а што сном. Ёй хацелася распытаць няньку пра кляціхінскага псаломшчыка, хацелася падзяліцца з Люцыяй сваімі перажываннямі. Але яна маўчала, адчуваючы, што будзе лепш, калі нікому не паведаміць пра тое, што адбылося гэтай ноччу.

Не перажывай, не сумуй, — павучала нянька. — Я і Люцыя будзем прыязджаць.

— А ці можна Люцыю ўзяць з сабою?

— Анёлак мой, ты ж ведаеш. Князь патрабуе цябе адну, без слуг. У замку дастаткова чэлядзі. Там табе знойдуць служанку.

Панна Марыя ўсхліпнула. Яна зноў уявіла, што будзе адна сярод чужых.

— Не хачу ў замак, не хачу! — плачучы, прызналася яна.

— Што рабіць, Марыся, — развяла рукамі нянька. І, таксама заплакаўшы, загаварыла скрозь слёзы: — Такая ўжо жаночая доля: жыць далёка ад сваіх жаданняў. Марым пра ласку, а атрымліваем грубасць і натацыі. Марым быць вольнымі, як птушкі, а сядзім увесь век пад замком. Што рабіць? Так заведзена ўжо спакон веку.

Але панну Марыю не ўцешылі гэтыя абагульненні. Яна ніяк не магла супакоіцца.

— Не плач, Марысечка, не плач, — супакойвала яе нянька. — Князь — добры. Ён не пакрыўдзіць цябе. І пан Чаляднік будзе побач.

Упэўненасць, якая прагучала ў голасе нянькі, нарэшце прымусіла панну Марыю забыць пра сумнае. Гаротная пільна ўглядалася ў вочы пані Кацярыны, жадаючы знайсці ў іх адказ: «Ці праўда гэта?»

— Так-так, дзіця маё, — прачытаўшы яе погляд, пацвердзіла нянька.

У тую ж хвіліну ў двары прагучалі колы, — фурман падагнаў да ганка экіпаж. З акна было чуваць, як пан Чаляднік аддаваў апошнія распараджэнні. І тут нечакана расчыніліся дзверы — у гасцёўні з'явіўся ён сам.

— Рады бачыць вас, анёл мой, — ён пакланіўся панне Марыі. Убачыўшы слёзы на яе твары, ён дадаў: — О, я бачу, што тут без прамакальнай паперы не абысціся. — Ён падышоў і пацалаваў яе пекную ручку. Потым выняў сваю чыстую насоўку і выцер слязінкі на яе тварыку. — І калодзежа не трэба — столькі вады, — усміхаючыся, сказаў ён. — Ну, маё сонейка, выгляні з-за воблачка!

Яго ласкавы тон дарэшты супакоіў панну Марыю. Да таго ж, яе рассмяшылі вялікія, падобныя на дзве курыльныя люлькі, вусы пана Варлампія. Усмешка асвяціла яе бледны тварык.

Поделиться с друзьями: