Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

І ўсё-такі яму давялося павярнуць назад. Выехаўшы на пляцоўку перад параднай лесвіцай, Іржык развярнуўся і пакаціўся па прыступках. Каляска яго запрыгала, стрымгалоў панеслася ўніз. Нечакана яна павярнулася і павалілася набок — выкінула князюшку на дыван… Страшны крык разнёсся па замку, разбудзіў яго жыхароў! Застукалі дзверы, замільгалі агеньчыкі свечак. Праз хвіліну калідор і парадную лесвіцу запрудзілі слугі…

XXX

Начное здарэнне ўзбударажыла ў замку ўсіх. Вельмі хутка ўсе даведаліся і пра тое, што панначка зачынілася ў кабінеце бібліятэкара.

Гаспадыня замка выклікала Дземянцея. Выслухаўшы яго, яна была разгневана.

— Ты не можаш без таго, каб не нарабіць скандалу. Я дамовілася, можна сказаць, з самім небам! Зрабіла немагчымае! А ты проста высмяяў усё маё старанне!.. Цяпер не толькі пан Кржыш, любы халоп палічыць неабходным гаварыць мне дзёрзкасці!.. Няўклюда! Я ж зразумела табе сказала: асцярожна, без лішняй спешкі! Дзесяць разоў трэба было абдумаць, перш чым рашацца на такое!.. — Яна раптам успомніла: — Куды ты схаваў служанку?

— Яна ў маім пакоі. Зачынена надзейна.

— Кажаш, яна абараняла яе?

— Яшчэ як! Як ланцужны сабака! Укусіла мяне, сцерва. Разбіла акно. Прыйшлося яе звязаць.

— А яна, часам, не шалёная? — Княгіня прайшлася па пакоі. Яе позірк гаварыў больш красамоўна, чым словы. Яна хацела спагнаць на кімсьці сваю злобу. — Ну вось што, Дземянцей. Звязі-ка ты яе куды-небудзь прэч з вачэй, каб не ўводзіла яна мяне ў спакушэнне. А каб не ўзнікала ў яе жаданне шмат балбатаць, выдай яе замуж. Ды знайдзі мужыка крутога, мацёрага, каб не языком, а бізуном з ёю размаўляў!

— Слухаюся, ваша міласць. — Дземянцей пакланіўся. — Сягоння ж выканаю. Адпраўлю ў такое месца, адкуль нават слухам не выбрацца.

— Глядзі. Потым даложыш.

— Не хвалюйцеся. Усё выканаю. Ёсць у мяне на прыкмеце адзін — тры жонкі са свету зжыў. Апошнюю забіў лейцамі…

— Гэта шалёная заслугоўвае таго ж.

Так вырашыўся лёс няшчаснай Агнешкі. За яе адданасць, шчырасць яна была звезена ў аддаленую вёску і выдадзена замуж за нялюбага чалавека. Дземянцей стрымаў сваё слова. З той пары ў замку пра Агнешку нічога не ведалі…

— Ці разумееш ты, дубіна, — працягвала выгаворваць княгіня гайдуку, — што да прыезду князя задуманая намі справа павінна быць уладжана. Упартая павінна скарыцца. Каб дабіцца гэтага, неабходна крайняя асцярожнасць. Табе варта трохі прытрымаць, да пары, майго сына.

— Як яго ўтрымаеш? — выказаў сумненне гайдук. — Ён ледзь не прыбіў мяне — так ірваўся да панначкі.

— Як жа ты намерваешся дзейнічаць?

— Не ведаю, ваша міласць. Смею толькі папярэдзіць, што князюшка пачне шукаць яе. І не дай Бог, калі ён даведаецца, што яна ў бібліятэцы. Зламае дзверы і пераверне там усё ўверх дном! Мне яго не спыніць.

Княгіня задумалася. Упершыню яна адчула сапраўдную сур'ёзнасць створанага ёю ж самою становішча. Спроба пераадолець адну цяжкасць цягнула за сабой дзесятак іншых. Клопатаў пасля вянчання яўна пабольшала. І ўсё-такі надзея не пакідала яе. Княгіня ўсведамляла, што ў дадзенай сітуацыі ёй можа дапамагчы толькі адно — час. А таму яна вырашыла чакаць.

— Ну вось што, — тонам, які не дапушчае пярэчанняў, сказала яна. — Забірай князя ды едзь з ім куды-небудзь прэч з вачэй. Хоць да самога д'ябла. Тыдзень каб вамі нават і не пахла тут. За гэты час я паспрабую згаварыцца з ёю. Не думаю, каб яна доўга ўпіралася. Павінна ж яна зразумець, што ад замужаства гэтага яна толькі выйграла і што не важна, які ў яе муж, — важна, кім яна стала! Шлюб узвысіў яе. Калі яна не зразумее гэтага, то я, па крайняй меры, буду ведаць, што яна не заслугоўвае шкадавання.

— Куды загадаеце паехаць? — спытаў Дземянцей.

— Твая справа. Калі я за тыдзень не дамоўлюся з ёю, то пакатаешся яшчэ тыдзень… Нічога, — заўважыўшы здзіўленне ў вачах слугі, сказала княгіня, — дзянькі стаяць пагодлівыя, бабіна лета. Можна і пагуляць. Запамятай толькі адно: пасля таго, што здарылася, усе мы звязаны адною ніткай. Або Іржык і гэта ўпартая знойдуць агульную мову, або князь Станіслаў здыме табе і мне галаву.

Даючы зразумець, што размова закончана, яна ўзяла са стала званочак і пазваніла. Увайшла служанка. Дземянцей моўчкі развітаўся.

XXXI

Адзіны, каго дапускала да сябе ў пакой пустэльніца, быў пан Кржыш. Яшчэ раніцою ён прынёс сёй-той яе скарб. Рашучая госця заявіла, што не выйдзе з кабінета да таго часу, пакуль не вернецца князь Станіслаў.

Каля поўдня пан Кржыш прынёс ёй снеданне. Панначка з'ела гарачы піражок, выпіла чашачку кавы. Хваляванне, якое пачало мучыць яе яшчэ з учарашняй раніцы, не адпускала яе ні на хвіліну. Панна Марыя не магла ні спаць, ні плакаць. Яна ўздрыгвала ад нязначнага шоргату.

Чуламу пану Кржышу было балюча на яе глядзець. Ён разумеў, як яна пакутуе, і расстройваўся сам. Не ведаючы, як супакоіць панначку, ён проста стараўся менш знаходзіцца ў яе пакоі.

І ўсё ж, роўна ў поўдзень ён вымушаны быў увайсці да яе і сказаць:

— З вамі жадае гаварыць княгіня…

Панна Марыя ўскочыла, быццам яе нечакана ўкалолі.

— Не пускайце, не пускайце! крыкнула яна і задрыжэла ад страху.

— Будзьце разважлівымі,— адказваў бібліятэкар. — Размова непазбежна. Пастарайцеся супакоіцца.

Выказаўшыся, ён выйшаў. Відавочна, княгіня настойвала на сустрэчы і пан Кржыш не мог не пусціць яе ў кабінет.

Панна Марыя пачала кідацца з кутка ў куток. Першай яе думкай было пабегчы ў бібліятэчную залу. Яна зрабіла некалькі крокаў да дзвярэй, потым спынілася. Нечакана яна зразумела, што пан Кржыш гаворыць праўду і што размовы з гаспадыняй замка ёй не пазбегнуць. Так, пасярэдзіне кабінета, яе і засцігла старая княгіня.

Прама з парога пасыпаліся пытанні:

— Што такое, мілачка? Узбударажыла слуг! Вакол амаль што загавор! Чаму пазбягаеш мяне? Навошта заперлася? Ты што, маеш намер перасяліцца сюды?

Выгаворваючы, яна прыбліжалася да панны Марыі. Нечаканы немы крык панначкі спыніў яе.

— Не набліжайцеся да мяне! — не сваім голасам крыкнула яна.

Княгіня Ізабэла, якая збіралася прачытаць ёй доўгую натацыю, уздрыгнула, спынілася ў разгубленасці. Ніхто ніколі не павышаў на яе голасу. Ёй нават здалося, што панна Марыя звяртаецца да некага трэцяга ў гэтым пакоі. Яна была па-сапраўднаму здзіўлена.

— Як гэта… Як? Што такое? — Княгіня азірнулася. Але позірк пана Кржыша, які стаяў у дзвярах, нічога не праясніў ёй. — Не разумею, — прызналася яна.

Поделиться с друзьями: