Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Эрдзівіл стаяў перад ёю ў цяжкіх запыленых батфортах і доўгім плашчы. Бледны твар яго захоўваў выраз засяроджанасці і смутку, як у маршала, які вымушаны прыняць рашэнне аб адступленні.
Пляменніца падбегла да яго, палажыла яму на грудзі галаву.
— Дзядзя, — паўтарыла яна. І раптам заплакала. Дачакаўшыся свайго заступніка, яна тут жа ўспомніла пра нанесеную ёй, і неаднойчы, крыўду.
— Я ўсё ведаю, мая радасць, — адазваўся князь. Ён пяшчотна абняў пляменніцу, пацалаваў яе ў лоб і паўтарыў: — Усё ведаю.
Разумеючы, што няшчаснай неабходна выплакацца, ён не імкнуўся яе суцешыць — проста глядзеў ёй у твар, гладзіў па руцэ і чакаў, чакаў, калі яна супакоіцца. Нарэшце ён сказаў:
— Абяцаю, мая ненаглядная, што больш табе не давядзецца ліць слёзы. Ні адна істота на свеце нават не пасмее коса глянуць у твой бок. Я паеду ў Рым і развядуся!
— Не-не, не рабіце гэтага! — адказала панна Марыя.
— Я павінен адвесці цябе ад бяды!
Князь прайшоў да крэсла. Ён быў узбуджаны. Па ўсім было відаць, што ён вельмі стаміўся. Любая фізічная нязручнасць прыводзіла яго ў стан раздражнення.
— Я, безумоўна, мог бы ўзяць цябе з сабой, — усеўшыся, працягваў ён. — Але пагадзіся, табе трэба вучыцца.
І князь раптам загаварыў пра высокі аўтарытэт сваёй фаміліі. Ён зноў успомніў пра жаніха, якога шукае для панны Марыі, зноў прыняўся маляваць карціну таго будучага фурору, які павінна была выклікаць пляменніца, упершыню з'явіўшыся перад свецкай знаццю. Вельмі хутка летуценнік збіўся на абсалютную фантазію.
Панна Марыя вярнула яго на зямлю.
— Не пра тое хачу гаварыць з вамі, родны мой дзядзя, — сказала яна. — Не пра поспех у далёкіх сталіцах мару я, а пра спакой у сваім сэрцы. — Яна раптам папрасіла: — Выканайце маю просьбу. Запэўніваю вас, яе будзе дастаткова, каб супакоіць мяне на увесь тэрмін вашай адсутнасці.
— Прасі ўсяго, чаго толькі хочаш, — адказаў князь. Ён чакаў, што панна Марыя папросіцца ў Кляціху, і нават гатовы быў дазволіць ёй пабываць там. Але панначка нечакана сказала:
— Будзьце так ласкавы, дзядзя, дазвольце перасяліць ка мне з Кляціхі маю ранейшую служанку — Люцыю. Яна будзе для мяне і ўцехай і надзейнай заступніцай.
— Бачыць Бог, я буду толькі рады гэтаму, — адразу пагадзіўся князь. Яго здзівіла нязначнасць просьбы. — Дзеля ўсіх святых, мая радасць. Сягоння ж я вышлю за ёй экіпаж. Можа быць, у цябе ёсць яшчэ што-небудзь?
— Не, — адказала панначка.
— Захочаш, — сказаў князь, — прасі. Пакуль я дома, пастараюся выканаць тваю просьбу.
Ён памаўчаў, потым уздыхнуў і сказаў:
— Ну што ж, я пайду. Зайшоў прама з дарогі. Трэба пераапрануцца, прывесці сябе ў парадак. Сягоння будзе цяжкі дзень. — І, падняўшыся, выйшаў са скрыпам батфортаў з пакоя.
Гэта размова адбылася раніцой. А ў поўдзень гаспадары замка і іх набліжаныя адправіліся ў касцёл, дзе павінны былі адпяваць князя Іржыка.
Саркафаг паставілі ў дубовы, упрыгожаны пазалочанымі вензелямі гроб і на катафалку, у суправаджэнні світы духоўнікаў, сваякоў Эрдзівілаў і гасцей, перавезлі з замка ў касцёл. Невядома адкуль даведаўшыся пра пахаванне, народ запрудзіў плошчу каля брамы Фарнага. Княжацкім дружыннікам давялося рабіць жывы калідор. Катафалк спыніўся каля самых прыступак. Цяжкі гроб знялі і асцярожна перанеслі ў храм.
У хуткім часе пачалося адпяванне. Хор манашак з гарадскога жаночага манастыра заспяваў жалобную мелодыю. Галасам дапамагаў клавесін. Жалобнае песнапенне і музыка міжволі выклікалі ва ўсіх слёзы.
У час адпявання панна Марыя нечакана ўбачыла Гнезскага… Гледзячы на яе здалёк, ён, здавалася, прасіў у яе прабачэння. Пасля іх разлукі яна бачыла яго ўпершыню. Даючы зразумець, што не злуецца на яго, яна лёгенька пакланілася. Гнезскі адказаў ёй нізкім сардэчным паклонам.
Спеў манашак — то зусім ціхі, то моцны, як шум вадаспада, — выліваўся за межы храма. Народ, слухаючы, прыціх. Усе глядзелі ў бок адчыненых дзвярэй касцёла, быццам чакалі нейкага цуда — з'яўлення ў дзвярах князя Іржыка, самараскрыццё саркафага і іншага. Аднак нічога звышнатуральнага не адбывалася…
Нарэшце галасы і музыка заціхлі. У храме зазвінеў ланцуг, прарыпелі кімсьці адчыненыя сутарэнныя дзверы. Тыя, хто знаходзіўся ў храме, павярнуліся ў бок, адкуль даносіліся гэтыя гукі. Некалькі служак з запаленымі бутафорскімі каганцамі накіраваліся па прыступках у сутарэнне. За імі рушылі роўнай чаргой духоўнікі, адзін з якіх нёс масіўны сярэбраны крыж. Беласнежныя адзенні божых набліжаных, сімвалізуючы іх чысціню, рэзка кантрасціравалі з цёмным адзеннем родзічаў нябожчыка, гасцей і слуг.
З п'едэстала паднялі гроб і панеслі за свяшчэннаслужыцелямі. За гробам у сутарэнне пачалі спускацца, па адным і па двое, родныя і блізкія загінуўшага. Княгіню Ізабэлу, усю ў чорным, вялі пад рукі дзве яе служанкі.
Князь Станіслаў ішоў з паннай Марыяй. За імі следаваў пан Чаляднік…
Між тым на вуліцы, каля брамы, пачалася даўка. Жаданне даведацца, што адбываецца ў велікасвецкім храме, прымусіла людзей наблізіцца да брамы. На кагосьці наваліліся, кагосьці прыціснулі да жалезных прутоў агароджы. Пачуліся крыкі. Між іншым народ усё падыходзіў. І тады, жадаючы вызваліць плошчу, начальнік замкавай дружыны выклікаў коннікаў. Тыя наляцелі, як восы. Пачуўся свіст бізуноў, раздаліся крыкі. Паднялася паніка… Коннікі разганялі людзей.
Калі Эрдзівілы і іх слугі пакідалі храм, плошча перад касцёлам ужо была пустая. На бруку то тут, то там віднелася кроў. Дружыннікі паспешліва засыпалі іх пяском.
Гэты дзень у горадзе доўга потым называлі пахаваннем д'ябла.
Частка трэцяя
Марысін парк
I
Дні праходзілі за днямі, схлынула восень. Панна Марыя паціху прывыкла да жыцця ў замку. Да яе вярнуўся ранейшы спакой. Раніцой яна была занята з настаўнікамі. Пасля абеду хадзіла з Люцыяй або ў парк, або ў горад. Таварыская, сардэчная, яна хутка знаходзіла новых знаёмых, ці то ў жаночым манастыры, ці то на вуліцы. Сустрэўшы жабрака або калеку, яна абавязкова падавала міластыню. Народ ведаў яе і адгукаўся аб ёй цёпла. Некаторыя лічылі яе блажэннай.
Іншы раз яе суправаджаў пан Гнезскі, іншы — пан Кржыш. У такім выпадку яны маглі зайсці і ў гарадскую карчму, здзівіўшы тым самым як яе гаспадара, так і наведвальнікаў.
Так, няспешна і без асаблівых падзей надышлі Каляды. У замку ўсе чакалі вяртання князя.
Напярэдадні свята ў адной замкавай зале па традыцыі ўстанавілі ёлку. Панна Марыя дапамагала яе ўпрыгожваць. Неяк аднойчы, калі яны займаліся гэтай справай, у залу нечакана ўвайшоў нейкі чалавек — у вялікім кажусе поўсцю наружу і мехавой шапцы, насунутай на вочы. З парога ён гучна закрычаў:
— Ні з месца! Інакш вас спыняць мае кулі!.. — У кожнай руцэ незнаёмца было па пісталету.
Дзяўчаты завішчалі ад страху, замітусіліся па зале, нібы перапалоханыя куры. Увайшоўшы кінуў пісталеты — і заціснуў вушы. Але дзяўчаты працягвалі крычаць і мітусіцца; некаторыя нават пападалі, нібы падстрэленыя качкі; нарэшце яны стоўпіліся каля панны Марыі. Панначка таксама перапалохалася, стаяла ні жывая ні мёртвая… Нападаючы зняў шарф, скінуў кажух — і тут усе ўбачылі, што перад імі княжы прыказчык.