Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

— Я сказала: не падыходзьце да мяне! — паўтарыла панна Марыя. У яе голасе гучаў бязмежны адчай. Вось так, калі перацягваюць струну, пачынае здавацца, што дастаткова нязначнага намагання — і тая лопне.

Цэлую хвіліну ў кабінеце панавала цяжкае маўчанне. За гэты час твар княгіні зрабіўся барвовым. У яе вачах зайгралі агеньчыкі гневу. Яна хацела нешта сказаць, ды прамаўчала. Толькі было чуваць, як яна адсопваецца. Відавочна, словы — а галоўнае тон пустэльніцы закранулі яе.

— Што такое, мілачка? — збіраючы рэшткі спагады, спытала старая княгіня. — Хто так пакрыўдзіў цябе?

Яна дакранулася рукой да пляча панны Марыі. Маладая панна адрэагавала на гэты дотык, як на ўдар бізуном: яна адхіснулася, падбегла да акна і расчыніла яго насцеж. Азірнуўшыся, яна ўсклікнула:

— Яшчэ крок — і я выкінуся з акна! Ідзіце адсюль! Пан Кржыш зняў акуляры, стаў старанна праціраць іх насоўкаю.

Ён глядзеў некуды ўбок. Рукі яго дрыжэлі, а вочы слязіліся. Між тым ён ужо ведаў, што калі княгіня будзе працягваць наступ, яму давядзецца спыніць яе…

— Дзівачка, — усміхнуўшыся, сказала княгіня. — Ніхто не збіраецца прычыніць табе боль. Не разумею прычын непаслухмянасці. З учарашняга дня ў цябе з'явілася ўсё: тытул, знатнасць, багацце! Адным узмахам ты атрымала тое, аб чым некаторыя мараць усё жыццё!

— Вяртаю ўсё гэта вам, — адказала панна Марыя. — Пакіньце мне толькі адно: волю. Хачу сама распараджацца сабой. Пакіньце мяне ў спакоі. І не падыходзьце!

— Дзікунка, — адказала княгіня. — Ну як мне з табой згаварыцца! — І яна міжволі зрабіла крок наперад.

Панна Марыя закрычала:

— Прэч! Прэч! — Яна раптам ускочыла на падаконнік і сутаргава схапілася за раму.

Княгіня перахрысцілася, усклікнула:

— Божа, ды яна проста страціла розум! — І тут жа нечакана злосна спытала: — Нячысты ў цябе ўсяліўся, ці што? Што з табой? Дык я ж па-добраму!

Пан Кржыш, якому гэты дыялог разрываў сэрца, не вытрымаў нарэшце, ціха сказаў:

— Ваша міласць, княгіня, вам лепей пайсці. Прабачце мяне. Вы ж бачыце, у якім панначка стане. Цяпер не той час, калі з ёй можна размаўляць. Ёй неабходна супакоіцца.

— Добра-добра, — адказала старая княгіня. — Я пайду. Проста мяне абурае яе тон. І паводзіны. Вы павінны зразумець мяне, пан Кржыш. Яна не хоча слухаць маіх добрых парад! Яна выганяе мяне! Як быццам я ёй чужая. Ужо месяц, як мы жывём пад адным дахам.

Пара ўжо зразумець мяне і быць памяркоўнай. Хоць бы з павагі да майго ўзросту. — І яна зноў звярнулася да панначкі:— Калі б князь Станіслаў чуў цябе, ён быў бы незадаволены.

Даючы зразумець, што яе абразілі, княгіня павярнулася і направілася да выхаду.

Калі яна выйшла, панна Марыя апусцілася на кукішкі. Упершыню за гэтыя два дні яна заплакала. Яна ўсхліпвала, як пакінутае ўсімі дзіця. Пан Кржыш падышоў да яе, дапамог злезці з падаконніка. Потым ён выцер ёй слязінкі. Націснуўшы пальцам на яе пачырванеўшы носік, ён сказаў:

— Паглядзіце, куды вы маглі зваліцца.

Панна Марыя выглянула ў акно. Прама пад ёй знаходзілася тая самая, знаёмая ёй, яма з мядзведзем. Ціхі Маўр стаяў на задніх лапах пасярод ямы і са здзіўленнем пазіраў уверх. У тое самае імгненне, калі панна Марыя звярнула на яго ўвагу, ён грозна зарычаў, як бы зрабіў заўвагу. Панначка ўскрыкнула, адштурхнулася ад акна…

— Прашу вас, — звярнуўся да яе пан Кржыш, — паберажыце сябе. Ваша жыццё намнога даражэй, чым вы думаеце. Яно неабходна тым, хто побач з вамі: мне, пану Гнезскаму, слугам, усім, хто вас ведае. Так-так, не здзіўляйцеся! Ваша сэрца — скарб для ўсіх нас! Падумайце, калі б вы вырашылі прыгнуць, што было б са мной, з астатнімі? Навошта жангліраваць тым, што дорага для большасці. За гэты месяц мы, жыхары гэтага старога замка, добра вас спазналі і палюбілі. Абяцайце, што ў далейшым не станеце так рызыкаваць сабой, будзеце асцярожнай і мудрай.

Упершыню за гэтыя два цяжкія для яе дні панна Марыя адчула сябе крыху лепей. Нейкая ўнутраная ласкавая цеплыня прабегла па яе жылах. Ад слоў бібліятэкара ёй зрабілася значна лягчэй. Здзіўляючыся гэтай перамене ў сабе, панначка ўсміхнулася і ціха адказала:

— Абяцаю. Абяцаю, мілы пан Кржыш.

XXXII

У гэты ж дзень, выконваючы волю княгіні, Дземянцей павёз князюшку ў Летні парк. Каб угаварыць на гэта свайго капрызнага пана, яму давялося паабяцаць паляванне на мядзведзя.

Калі яны паехалі, слугі заняліся адпраўкай у Летні парк Ціхага Маўра. У яму спусцілі вялікую клетку, на дно якой папярэдне палажылі кавалак мяса. Дзверы клеткі прыўзнялі. Звер кінуўся да прыманкі. Захлопнуўшы дзверы, клетку выцягнулі і пагрузілі на павозку. Незадаволены тым, што яго падманулі, Ціхі Маўр падняў такі роў, што перапалашыў усіх коней у замкавай канюшні…

Дземянцей, князюшка і ўсе тыя, хто звычайна суправаджаў іх у час палявання, у гэты дзень размясціліся на звычайным сваім месцы — на паляне перад загонам. Быў выпушчаны заяц — і князюшка пазабавіўся першым выстралам. На гэты раз Дземянцей не спяшаўся. Ён разлічваў адцягнуць увагу князя ад яго думак пра панну Марыю. Наступнай ахвярай павінен быў стаць малады воўк. Але, выпушчаны з загону, той, падціснуўшы хвост, адразу кінуўся наўцёкі. Яго не напаткала ні адна куля. Дымам ад стрэльбы завалакло ўсю пляцоўку. Князюшка даходзіў да шаленства.

Кульмінацыя забавы наступіла гадзіны праз дзве, калі на паляну нарэшце выпусцілі Ціхага Маўра. Апынуўшыся на волі, мядзведзь быццам разгубіўся. Застыўшы на месцы, ён пацягнуў носам, — выбіраў, у які бок падацца, затым пайшоў назад, у загон, але слугі адагналі яго адразу ж.

Незвычайна вялікі звер і тое, як ён паводзіў сябе, — гэтыя абставіны расслабілі паляўнічых. Людзі апусцілі стрэльбы, утаропіліся на ахвяру, быццам на клоуна, з'яўленне якога доўга чакалі. У хуткім часе засяроджанасць іх змянілася на стан звычайнай весялосці.

— Гы-гы-гы, — лыбіўся, гледзячы на касалапага, малады князь.

Дземянцей ад здзіўлення разявіў рот. На нейкі час ён забыў пра свайго гаспадара, як і пра ўсіх тых, хто стаяў побач.

Раптам звер адчайна затрос галавой: нейкая мошка трапіла ў вуха Ціхага Маўра, і ён злосна зарычаў. Яго валтузня выклікала яшчэ большае ажыўленне ў стане маладога князя: слугі не маглі стрымаць смеху. Нават на вечна хмурым твары Дземянцея вырысоўвалася нейкае падабенства ўсмешкі.

Між тым мядзведзь вызваліўся ад перашкоды, павярнуўся і мірна паплёўся ў бок паляўнічых. За час знаходжання ў яме ён прывык да людзей.

Дземянцей спахапіўся, паказаў князю на стрэльбу. Жэстам ён падказаў, каб той страляў мядзведзю ў вока. Князюшка адмахнуўся, даючы зразумець, што ведае сваю «навуку», падняў стрэльбу і стаў цэліцца.

Тым часам адлегласць скарачалася. Мядзведзь ужо падышоў да адмеціны, за якую падыходзіць зверу забаранялася. Гайдук, звычайна паважны і асцярожны, на гэты раз не вытрымаў, пачаў прыспешваць князя.

— Страляй, князюшка! Страляй! — крыкнуў ён. Якіх-небудзь дваццаць крокаў аддзяляла людзей ад звера. Князь Іржык марудзіў. Ён прывык атрымоўваць асалоду ад сваіх забаў. Ён адчуваў невыказнае задавальненне ад таго, што рызыкаваў. Звер знаходзіўся так блізка, што ён мог нават накінуцца на каго-небудзь са слуг. Рашэнне пальнуць у яго бачылася князю вельмі простым. Яму хацелася вывудзіць з моманту максімум задавальнення. Ён быў упэўнены, што яго стрэл калі не заб'е, то напужае звера. Да таго ж ён ведаў, што Дземянцей і слугі не дадуць яго ў крыўду.

Поделиться с друзьями: