Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарадзейныя яблыкі

Татаринов Юрий Аркадьевич

Шрифт:

— Пан Чаляднік!.. — закрычалі чароўныя дзяўчаты. У галасах іх згадвалася ўжо радасць. — Ох і напалохалі ж вы нас!..

Пан Чаляднік тым часам падхапіў на рукі адну маладзіцу і пачаў яе кружыць — ды так, што яна не магла нават падаць гука. Нечакана пакінуўшы яе, ён падхапіў другую. На тварах служанак загарэўся румянец. Некаторыя дзяўчаты самі падступалі да прыказчыка — з тым, каб ён таксама пакружыў іх. З'яўленне веселуна азначала прыезд князя.

Панна Марыя кінулася ў абдымкі пану Чалядніку.

— Мілы, добры пан Варлампій! — сказала яна і раптам усхліпнула. — Як сумавалі мы без вас! Слава Богу, што вы вярнуліся! Слава Богу!

— Ну-ну, мая вы прыгажуня, толькі не трэба плакаць. А то і старога прымусіце распусціць нюні.— Пан Чаляднік пацалаваў панначку ў лоб і, адхіліўшы, уважліва паглядзеў ёй у вочы. — Якая вы сталі! — з захапленнем сказаў ён. — Зусім дарослая. Вось, мабыць, здзівілася б пані Кацярына… Ну-ну, вытрыце слёзкі. Мы вярнуліся, мы зноў разам. А вясной яшчэ прывязём паноў юнакоў — нашу вучоную братву. Тады зусім весела будзе!

Пачуўшы, што Ян вернецца вясной, панначка залілася румянцам. Вочы яе зазіхацелі. Навіна ўсхвалявала яе. Тым часам пан Чаляднік звярнуўся да дзяўчат:

— Раю, прыгажуні, прыгледзецца да іх. Такія аказаліся галавастыя! Усіх тамашніх шкаляроў за пояс заткнулі. Выкладчыкі ды ўсякія вучоныя мужы, каторым плаціць наш князь, проста дзіву даюцца! І адкуль вы, ваша міласць, гавораць яны, прывезлі такіх!.. Вось вернуцца ўвесну, самі пераканаецеся. Столькі ўсякага мастацтва абяцаюць наляпіць вакол замка і ў горадзе! Новыя паркі, дварцы! Ох, дзяўчаты, і будзе ж тады ў нас усяго!..

Прыказчык, відаць, і сам не разумеў, што менавіта будзе, калі вернуцца маладыя. Тым не менш, свайго ён дасягнуў: дзяўчат здзівіў. Іх уяўленне ў той жа час намалявала нейкіх бажкоў у белым адзенні, якія здольны рабіць усякія дзівосы. Нехта з маладых дзяўчат быў знаёмы з тымі, пра каго ўспомніў прыказчык. Аднак цяпер гэтыя знаёмцы значна выраслі ў іх вачах. Панне Марыі хацелася спытаць пра Яна. Ёй было прыемна, што прыказчык пахваліў маладых хлопцаў. Значыць, падумала яна, Ян не падвёў яе, вучыцца паспяхова.

— З надыходзячымі Калядамі вас, прыгажуні! — гаркнуў схільны да нечаканых паваротаў пан Чаляднік. — Князь прывёз вам падарункі. Атрымаеце іх у самы дзень свята. Ну а нашай панначцы я, з вашага дазволу, уручу падарунак сягоння. Не церпіцца яе парадаваць.

Тут ён хлопнуў тры разы ў далоні.

Дзверы адразу ж адчыніліся — і двое слуг асцярожна ўнеслі ў залу абабітую скураю скрыню. Устанавіўшы яе на відным месцы, яны выйшлі.

Прыказчык важна падышоў да скрыні. Узяўшыся вялізнымі ручышчамі за вечка, ён азірнуўся на дзяўчат. Яму хацелася памножыць цікаўнасць дзяўчат. І таму ён марудзіў. Нарэшце ён падняў вечка скрыні… У скрыні аказалася невялікіх памераў бронзавая лялька. Дзяўчаты, усе як адна, падаліся наперад, раздаўся вокліч здзіўлення. Здавалася, яны ўбачылі цуда свету.

Лялька сядзела, і была падобна на кітаянку. Пан Чаляднік завёў яе, як гадзіннік, спецыяльным ключом і адступіў на крок. Лялька «ажыла»: яна адкрыла вочы, заміргала, потым кіўнула галавой і падняла рукі. Некалькі разоў паўтарыўшы рухі, яна раптам выразна прапела: «Уа!» Пасля чаго закрыла вочы і прыціхла… Дзяўчаты пацягнуліся да цудоўнай рэчы, жадаючы да яе дакрануцца.

— Жывая!.. Зусім жывая!.. — закрычалі яны. Панна Марыя прысела на кукішкі перад цудоўнай лялькай, працягнула рукі да яе доўгіх, заплеценых у коску, чорных валасоў.

— Смялей, панначка, яна ваша, — стараючыся натхніць нерашучую панначку, сказаў прыказчык. — Гэта вам — ад мяне.

Панна Марыя не магла адказваць — яна была зачаравана незвычайнаю цацкай. Раней ёй не даводзілася бачыць нічога падобнага.

Пан Чаляднік раптам рассмяяўся. Дабраку давала сапраўднае задавальненне тое, што ён так здзівіў і абрадаваў сваю любіміцу…

II

Пасля вяртання князя жыццё ў замку змянілася. Працяглы траур змяніўся на свята. Князь, засумаваўшы па дому, шмат расказваў пра Варшаву і пра свае сустрэчы. Амаль увесь дзень ён быў у кампаніі панначкі. Ён стараўся запоўніць тое, чаго яму не хапала ў час паездкі.

У першы ж дзень Новага года ён прыйшоў да яе незвычайна рана.

— Час дарыць падарункі,— усміхаючыся, сказаў ён. Панна Марыя і Люцыя займаліся прымеркай новай сукенкі. Абедзве пакланіліся ўвайшоўшаму князю Станіславу. А панна Марыя павіншавала першай:

— З Ражаством Хрыстовым!

— Цябе таксама, мая радасць, — адказаў князь. — Прабач, што так рана. Хачу раней за ўсіх павіншаваць цябе са святам. А вось і падарунак.

Толькі цяпер панначка і яе служанка ўбачылі ў руках князя невялікі драўляны футарал. Абедзве застылі ў чаканні нечага незвычайнага, — нядаўні падарунак пана Чалядніка прывучыў іх да сюрпрызаў. Тым часам князь Станіслаў прыблізіўся да пляменніцы. Ён расцалаваў панначку тройчы і працягнуў ёй футарал. Жадаючы паказаць ёй тое, што там знаходзіцца, ён націснуў на маленькую кнопачку. Вечка ў той жа час адкінулася. На дне футарала, унутраныя сценкі якога былі абклеены чырвоным аксамітам, ляжалі дыяментавыя каралі.

Праменьчыкі адбіткаў, якія струменіліся ад шліфаваных граняў, прыемна ўразілі панначку і яе служанку. Абедзвюм здалося, што гэта іграюць блікамі кропелькі вады.

— Гэта дыядэма, — патлумачыў князь. — Па паданні, яна трапіла ў нашу скарбонку ад рускага князя. Калісьці, даўным-даўно, адзін наш ваяўнічы продак разбіў войска таго князя і захапіў яго скарбы. Сярод іх, быццам бы, была і гэта старадаўняя дыядэма. — Князь памаўчаў, як бы даючы магчымасць засвоіць сказанае, потым дадаў: — Калісьці яна ўпрыгожвала галаву рускай княжны. Цяпер яна твая.

Сэнс скупога расказу зрабіў уражанне на панначку. Нечакана, замест таго каб прыняць падарунак і падзякаваць за яго, яна спытала:

— А ці не магло так здарыцца, што гэта рэч была адабрана ў рускай княжны сілай? А ці не заплямлена яна крывёю? А ці не з тых яна рэчаў, якія прыносяць няшчасце?

Гэта была ветлівая адмова. Панна Марыя не рашалася прыняць у падарунак фамільную рэч. Аднак князь Станіслаў, які не выдзяляўся дастатковай пранікнёнасцю, ацаніў зададзеныя яму пытанні літаральна.

— Не-не, — паспешліва заверыў ён. — Як можна! Няўжо стане насіць жанчына такія рэчы ў ваенны час! Скарб быў заваяваны ў сумленным баі. Пра гэта гаворыць і паданне. Вер мне.

— Веру, — адказала панна Марыя.

Перадаўшы падарунак, князь яшчэ раз пацалаваў пляменніцу.

— З гэтага часу ў цябе два маёнткі,— сказаў ён. Заўважыўшы, што пляменніца не зразумела яго, ён тлумачыў: — Гэта рэч будзе даражэй за Кляціху.

Жадаючы падзякаваць князю, панна Марыя ўзяла дыядэму і прымерыла яе. Дыядэма зіхацела на яе галоўцы, як маленькая маланка. З ёю панначка выглядала старэйшай і больш узвышанай, быццам сама раптам ператварылася ў тую самую рускую княжну.

Поделиться с друзьями: