Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Якая яго правiна?
– пацiкавiўся голасна Баярын.

– Кабылу зьвёў, прайдзiсьвет, - патлумачыў сусед.

– Добра яшчэ злавiлi, - дадаў другi, - а летась, дык прадаць пасьпеў...

– Гм...
– голасна зьдзiвiўся Баярын, а пра сябе падумаў - "У нас, у Маскве, дык жыўцом бы ў зямлю закапалi, па самую шыю..."

Канакрад, тым часам, спусьцiў порткi й лёг на лаву. Было бачна, што гэта яму не ў першыню, i што ён ня дужа гэтым прыймаецца. Памочнiкi ката селi яму, адзiн на рукi, другi на ногi. Стараста стаў збоку, каб адлiчваць удары. Кат папляваў на рукi, iзноў разгладзiў вусы, i ўзмахнуў бiзуном...

Раз... два... тры...
– лiчыў Стараста.

Канакрад аглушаюча зароў i, як уюн, засоваўся па лаве. Натоўп весела падбадзёрваў то ката, то злодзея.

– Дзевяць... дзесяць... адзiнаццаць...

Баярын, не дачакаўшыся канца кары, выбраўся з натоўпу й накiраваўся да сябе, дзе, гукнуўшы дзяка Грыгорыя, перш за ўсё падрабязна вывучыў пасланьне-данос айца Кур'яна зь Вiцебску. Тады, старанна памеркаваўшы й старанна пачухаўшы ў барадзе, загадаў:

– Пiшы, Грышка!... Пiшы, кажу, чаго вочы вылупiў?

– Што пiсаць?

– Пiшы... "Князь Вiтаўт каранавацца замысьлiў. У Наваградку люд незадаволены. Натоўпамi сноўдаецца па вулiцах i пляцах, ды каменьнямi й брудам вартаўнiкоў княжых i ваяроў абкiдае. Намеднi бачыў, як Ваяводу Стражынскага з Гораднi - з каня зьцягнулi й ледзь у шматкi не разадралi".
– Баярын перапынiў дыктоўку й задумаўся. Пачухваючы ў барадзе, прамармытаў:

– Уладыка сказаў, што Ваявода цалаваўся на радасьцях з чэрню, але лепей напiсаць будзе, што бiлi яго...
– i, раптам убачыўшы, як дзяк старанна ўпiсвае яго словы, ускрыкнуў - Ты што пiшаш, дур'я башка? А ну прачытай!

Дзяк перастрашыўся й пасьпешна прачытаў:

– Э-э-э-э... Уладыка сказаў, што Ваявода цалаваўся на радасьцях з чэрню, але ле...

– Досыць! Макаўка ты Царкоўная!... Замаж! Зараз-жа замаж, каб не чытальна было! Добра замаж... Вось гэтак...
– i Баярын працягнуў пальцам па чорнаму радку.
– А зараз пiшы! Альбо не! Хадзi сюды й пачухай мне сьпiну!

Дзяк старанна ды зь сiлай узяўся скрабцi Рацiшчэву лапаткi, калацячыся пры гэтым усiм сваiм крохкiм целам. Баярын з задавальненьнем крахатаў i прыгаварваў:

– Так... так... Цяпер вышэй трохi..., ды мацней-жа, мацне-ей! Во, гэтак... Добра, добра... Ну досыць... Сядай i пiшы цяпер!

– Што пiсаць, бацюхна Лука Ляксеiч?

– Пiшы!... "А таксама бачыў сяньня, як вартавыя княжыя купца схапiлi, за тое, што слова сказаў, працiўнае каранацыi Вiтаўтавай, i няшчадна бiзуном цялi на кiрмашы, прылюдна й без парток. А айцец Кур'ян зь Вiцебску - даносiць, нiбы чэрнь бунтуе ды пост парушае. I Ваявода з Драбамi ды ўсiм ваярствам на вулiцах бяшчынствуюць, аж сорам глядзець. Прэасьвяшчэньнейшы Ўладыка Фоцiй у страху жыве - баiцца Князя Вiтаўта. Аднак у казаньнях i малiтвах не забывае пра град Стольны Маскву й паўсядзённа молiцца за росквiт i славу Русi Маскоўскае, чым верных да храмаў Гасподнiх прываблiвае. Упадабляецца ён гэтым да Сьвятых Вялiкапакутнiкаў, бо кара жывотная яму за гэта належыць па злачынных законах Лiтоўскiх. У Наваградку па ўказу Князя Вiтаўта ўмацаваньнi будуюць i напраўляюць, шляхi брукам i бярвеньнем выкладаюць i масты аднаўляюць. Полк Наваградзкага Ваяводы ўвесь на будовах муроў i валоў абаронных затруднены. Гараджане й майстры цэхавыя - масты абсадзiлi, а мужыкi з цэлага Вяводзтва дарогi й шляхi напраўляюць. Цэлымi абозамi камень i лес возяць. Каторы камень буйнейшы - на муры абаронныя йдзе, а каторы драбнейшы - на дарогi. Так i ў iншых гарадох i мястэчках Лiтоўскiх. Па гэтаму вiдаць, што да вайны рыхтуюцца. А Князь Федзька Астожскi, праездам будучы ў Наваградку, - задавальненьне выказаўшы вялiкае з работ гэтых. I сам наведаў працоўнiкаў, дзьве бочкi мёду iм выставiў i заклiкаў поту не шкадуючы працаваць. I гаворыў таксама, што Астрог нанава ўмацованы, а дарогi бярвеньнем загацiлi. Таксама рагатаў з мастоў у Польшчы. Паведаў, што Драб болей польскага мосту высьцерагацца мусiць, чым збройнага палку варожага. Бо, правалiўшыся з маста, сьмерць не ганаровая выпадзе, а ўдарыўшы супраць цэлага палку, нават i галаву склаўшы, iмя славай укрыецца на вякi вякоў..."

Баярын прыпынiў дыктоўку й, крыху падумаўшы, загадаў:

– Чытай, Грыгорый, усё з пачатку, а я паслухаю...

Дзяк аднастайна задуднiў, перачытваючы запiс. Рацiшчэў прыкрыў вочы, з насалодай слухаючы яго раўнамерны голас.

Думкi Баярына часам адрывалiся ад сучаснага й прабавалi пранiкнуць у таямнiчую будучыню - калi нашчадкi будуць чытаць ягоныя "праўдзiвыя" запiсы...

26. ДРАБ

Вясна разгулялася ўва ўсю. Ручаi вады зь вясёлым перазвонам заiскрылiся на сонцы. У люстэрках лужын затрапятала пяшчотная, прамянiстая, блакiць неба. Заляжалыя ў праценьнях i ямiнах заплаткi сьнегу пачарнелi й сумна разтавалi пад цёплым вiльготным ветрыкам. Сонца радасна ўсьмiхалася, вiтаючы прабуджаючуюся зямлю. Зь вясёлым гогатам несьлiся на поўнач касякi гусей, качак, казарак... Iмклiвая ластаўка, з чаруючай грацыяй, разьсякае трапятлiвую ймглу над папарам.

Разьлiўшаяся як мора, Вiльля, магутным патокам затапiла лугi, сенажацi. Цёмна-шызыя, а часам жоўта-брунатныя, хвалi нясуць у Нёман сваю штогадовую данiну - вывернутыя з карэньнем ялiны, перакiнуты човен, адломкi сарванага моста. Шэрай паласой павольна плыве пляцень, з насаджаным на кол глечыкам. Куль саломы, пераварочваючыся, адлiвае золатам, i плача дыямантамi кропляў. Як пузыр надзьмулася кашуля тапельца. Рудая балотная йржа разпускае за сабою масьлянiстыя сiня-чырвоныя йстужкi й колы...

Перад Троцкай цьвярдыняй затрымаўся вялiкi абоз, абкружаны ўзброенымi коньнiкамi. У адлегласьцi пяцiсот сажняў непрыступна ўздымалiся мураваныя сьцены й вежы Гаспадарскае сядзiбы. Над брамай урачыста палошчыцца на сьвежым ветрыку Вялiкакняжая Харугва: Белая, неўстрыманая Пагоня, здаецца, ляцiць у паветры насустрач нябачнаму ворагу, пiльнуючы супакой i парадак у Белай Русi.

Ваявода Фёдар, скiнуў шолам, выцер зь iлба пот, працягнуў у бок Замку руку й, радасна ўсьмiхаючыся, прамовiў:

– Ну, вось нарэшце й дабралiся... Штандар!

Залацiсты колер Случчыны паволi разгарнуўся на дрэўку ў руках харунжага. Васiль прыклаў да вуснаў ражок, i радасныя гукi ўскалыхнулi паветра.

Абоз пад'ехаў блiжэй i спынiўся над самым возерам, якое шырокiм пасам абвiнала подступы да Замку.

Над брамай, мiж зубцамi забарола, паказаўся вартавы й, засланiўшы вочы ад сонца, прыгледзеўся да падарожнiкаў.

– Гэй!
– гукнуў Васiль.
– Мост апускай! Ды пахутчэй - госьцi зь вялiкай дарогi!

– Хто такiя?
– ня надта прыветлiва абазваўся вартавы.

– Табе што, павылазiла?... Ваявода Фёдар з Грозава з пачотам!
– пачулася ў адказ.

Цяжка, як-бы ня хочучы, закрахтаў апускаючыся мост, загрымелi ланцугi, падымаючы ўгору браму. На мурох замiльгалi шоламы цiкаўных вояў.

Фёдар крануў каня. Прадуднеўшы па бярвеньчатаму насьцiлу маста, уехаў пад масыўныя скляпеньнi брамы. Дзясяцкi з вартаю адсалютавалi мячамi.

Прыемная нэрвовая дрыготка прабегла па сьпiне - хутка, вось зараз, убачыцца з Гаспадаром.

Уцягнуўся на Замкавы пляц i абоз з Сычанятамi. Капейшчыкам Васiля аж дух заняло ад грознага хараства й сiлы Вялiкакняжага Замку, зь яго зграбнымi вежамi, грубымi й высокiмi мурамi, шматлiкiмi й дыхтоўнымi будынкамi, сярод якiх, як казка, вырозьнiваўся вялiзны палац.

– Гэта табе не Камянец!
– заўважыў з захопам адзiн з вояў.
– Гэтакiя муры й за год не пералезеш! Страхоцьце!

– Вядома, Гаспадарскiя!
– пагадзiўся другi. А трэцi дадаў:

– Такiх муроў, напэўна, нiдзе ў сьвеце болей няма... А нашаму Слуцку, дык далёка, далёка... Не прыраўнуеш!

Поделиться с друзьями: