Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Абоз Сычанят разьмясьцiўся пасярэдзiне пляцу. Капейшчыкi, ня ведаючы, як захоўвацца, але баючыся Гаспадарскага гневу, абкружылi iх шчыльнай сьцяной першы раз за ўсё падарожжа. Гутарылi ў паўголаса, баючыся парушыць урачыстую перадабедзеную цiшу.
Ваявода Фёдар, з дапамогаю Васiля й Сыча, зьлез з каня й, у суправодзе Кiрыма, зьнiк за дзьвярыма палацу.
Прайшоўшы некалькi пакояў, упрыгожаных зброяй, дыванамi й паляўнiчымi трафеямi, выйшаў у вялiкую залю з доўгiм дубовым сталом. Сьцены залi ўнiзаныя незьлiчонаю колькасьцю падсьвечнiкаў i трымачоў для паходняў. Каля верхняга канца стала ўзвышаецца Гаспадарскае крэсла - падарунак Рымскага Iмпэратара Жыгiмонта. Ваявода акiнуў позiркам гэтую знаёмую яму залю, зараз бязьлюдную, i тысячы розных успамiнаў усплылi ў памяцi: нарады, прыняцьцi, урачыстасьцi...
З супрацьлежных дзьвяроў - нячутна выйшаў стары Канцлер i, прыветна ўсьмiхаючыся, падыйшоў к Фёдару:
– Вiтаю, Ваявода, з паваротам! Засумаваў, напэўна, па Бацькаўшчыне? Цi не?... Якiя навiны?
– Бязконца засумаваў, Ваша Сьветласьць! У гасьцях добра, а дома лепей...
– Гэй! Што гэта з табою?
– раптам ускрыкнуў Канцлер, прыкмецiўшы бледнасьць i худабу Фёдара.
– Нiяк ад суму?
– Не, не ад суму. Гэта ад шляхецкай гасьцiннасьцi. Вядзiце Ваша Сьветласьць, да Гаспадара, там i разкажу.
– Хадзем, хадзем... Ён чакае цябе.
Канцлер правёў Ваяводу яшчэ празь некалькi багатых пакояў i, падняўшыся па сходах на другi паверх, спынiўся перад невялiкiмi дзьвярыма.
– Пачакай тут, - прамовiў, i ўвайшоў у пакой.
Адразу-ж, з грукатам, iзноў разчынiлiся дзьверы, i сам Вiтаўт паказаўся на парозе.
– Фёдар! Нарэшце!
– ускрыкнуў ён, але адразу зьдзiўлена прыпынiўся, утаропiўшы вочы ў твар Ваяводы.
– Што гэта? Ты выглядаеш, як-бы вырваўся зь вязьнiцы! Цi мо' паранены?
– Зь вязьнiцы, Ваша Высокасьць.
– Як?... Ягайла?...
– Не. Крэўскi Ваявода!...
– Як? Дзе? Калi?
– Ваша Высокасьць, дазвольце па парадку?
Вiтаўт працягла паглядзеў Фёдару ў вочы, i, ўгледзеўшы там нешта такое, чаго раней не было, уздыхнуў i прамовiў:
– Ты яшчэ болей памужнеў за гэты час. Ня бачу я таго юнацкага запалу, якi я так любiў у цябе... Ну, што-ж, кажы па парадку. Толькi хутчэй, бо здаецца мне, што не вясёлае будзе тваё апавяданьне. Памiраю я зь цiкавасьцi... У вязьнiцы? Дзе?... Хто пасьмеў падняць на цябе руку? Чаму ты не скруцiў яму шыю?... Ну кажы ўжо, кажы!
– Вось граматы ад "Яго Мосьцi" Караля Ягайлы-Уладыслава.
– Фёдар працягнуў Вiтаўту скрутак.
– Яго Мосьць дамагаюцца спатканьня з Вашай Мiласьцю.
Вiтаўт зламаў пячатку, прабег вачамi напiсанае й перадаў скрутак Канцлеру, прамовiўшы:
– Азнаёмся! Пазьней урадзiм!
– i, павярнуўшыся да Фёдара: - Кажы далей!
– Яго Каралёўская Мосьць...
– Не аб гэтым пытаюся!
– нецярплiва перабiў Вiтаўт.
– Аб сябе кажы! Аб вязьнiцы...
– Слухаю, Ваша Высокасьць! Ваявода Станiслаў з Крэва ўладкаваў засаду па дарозе зь Берасьця на Наваградак i, перабiўшы зьнянацку мой пачот, мяне самаго безпрытомнага ўкiнуў у вязьнiцу. Спачатку ў Турнаўскi маёнтак, а потым у Камянецкi Замак.
– Ты-ж хацеў па парадку, - заўважыў Вiтаўт ужо лагодна, бачачы, што Фёдар дрэнна зразумеў яго нецярплiвасьць.
– Ваша Высокасьць, магу я прасiць адну ласку?
– Можаш!
– У такiм разе, я прашу Вашу Высокасьць выйсьцi са мною на пляц.
– А гэта навошта?
– Там чакае Васiль з Копыля. Ён прыехаў са мною.
– Гэта той, што на апрышак выправiўся?
– Ён самы!
– А што ён мае да твайго ўняволеньня?
– Ваша Высокасьць убачыць гэта там.
– Хадзем!
– Вiтаўт зайшоў у пакой, накiнуў плашч i, на хаду зацягваючы пас зь мячом, накiраваўся да выхаду.
Воi прывiталi Гаспадара грамавым крыкам:
– Слава-а-а-а!
Сычаняты пасаскоквалi з вазоў i паськiдалi шапкi. Васiль выступiў наперад, пакланiўся й далажыў:
– Ваша Высокасьць! З дапамогай Божай, Сыча злавiў i прывёў жыўцом разам з усёй хеўрай. Але, няхай Ваша Высокасьць ня гневаецца, прывёў без кайданоў i цi калодак.
– А гэта чаму?
– спахмурнеў Вiтаўт.
– Гэтакая была воля Яго Сьветласьцi, Ваяводы з Грозава!
– Фёдар!
– павярнуўся Вiтаўт.
– Чаму так?
– Зараз, Ваша Высокасьць, - адказаў Ваявода, i, павярнуўшыся да апрышак, гукнуў: - Сыч!
Сыч выйшаў наперад, высока трымаючы галаву, i адважна падыйшоў да Гаспадара. Пакланiўся й моўчкi застыў, чакаючы, што будзе далей. Вiтаўт з зацiкаўленьнем прыгледзеўся да слаўнага атамана апрышак.
– Ну, i што далей?
– запытаў ён, не разумеючы, для чаго гэты парад.
– Ваша Высокасьць!
– пачаў Фёдар.
– Я прашу ўчынiць суд над гэтым чалавекам, - i ён указаў на Сыча.
– I ягонымi людзьмi. Суд справядлiвы й лiтасьцiвы! Бо заслужыў ён на найбольшую ласку Вашай Высокасьцi й на вечную маю ўдзячнасьць.
– Чым-жа заслужыў ён гэта?
– гiранiчна спытаў Вiтаўт.
– Цi не рабункамi й душагубствамi, часам? Га?
– Не! Няможна так зьневажаць чалавека, Ваша Высокасьць!
– ускрыкнуў з запалам Фёдар.
– Не рабункамi й душагубствамi... Але дазвольце мне маўчаць аб гэтым? На суду ўсё высьветлiцца!
– Ну добра, маўчы. Як сабе хочаш...
– Вiтаўт яўна зацiкавiўся ўсёй гэтай справай.
– А калi, ты хочаш, каб я судзiў яго? Можа, сёньня?
– Зараз, Ваша Высокасьць!
– Ну не! Не магу!
– аж зарагатаў Вiтаўт ад такой пасьпешнасьцi.
– Няма тут нi Князёў, нi патрэбнае колькасьцi Драбаў, нi послухаў. Нiкога, хто сьведчыць i радзiць мог-бы.
– Ваша Высокасьць, хай пашлюць ганцоў у Вiльню! Хай паклiчуць таго, каго трэба!...
– Во гэтак, добра! Але судзiць будзем - не раней як заўтра!
– Ваша Высокасьць...
– хацеў запярэчыць Фёдар, але Вiтаўт рашуча спынiў яго рухам рукi, i, павярнуўшыся да Васiля, загадаў:
– На каленi!
– i ўрачыста дадаў, бяручыся за дзяржальну мяча.
– Перад тым, як судзiць i караць беззаконьнi апрышак, належыцца ўзнагародзiць верную службу, хуткi розум i адважнае сэрца! I хай дабраславiць нас Усявышнi, i да будзе наша ўзнагарода поўнай i справядлiвай!
Васiль пасьпешна скiнуў шолам i апусьцiўся адным каленам на вiльготны брук.
Канцлер, не зважаючы на свой паважны век, бегма кiнуўся ў палац. Ён адгадаў намер Вiтаўта. Гэтак здаралася часта, што Гаспадар раптоўна нешта надумваў, i тады толькi пасьпявай. А ён вельмi любiў, калi яго думкi падхоплiвалiся зь лёту, з паўслова. I блiзка стоячая чэлядзь ды служба да гэтага прызвычаiлiся, прыводзячы ня раз у захапленьне неазнаёмленага госьця сваёй спраўнасьцю й здагадлiвасьцю. Калi-ж часам здаралася, што хто-небудзь не зразумеў нацяку зусiм, цi зразумеў ня так, Вiтаўт не злаваўся, а насьмешлiва казаў: "Ангелец! Чысты Ангелец!" Зараз-жа ён з задавальненьнем зiрнуў усьлед старому Канцлеру.