ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні кавалёў ужываецца ў прамым значэнні. Метал перад коўкай ці плаўкай награваюць, у залежнасці ад тэмпературы ён становіцца спачатку чырвоным, а затым светлым (белым).

Да белых мух. Агульны для ўсходнесл. м. Да першага снегу, да халадоў (рабіць што-н.). Ну, дарагі мой, з такім настроем і да белых мух не закончыце ўборку (Л. Левановіч. Шчыглы).

Утварыўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма белыя мухі (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў.

Дабры бабры. Уласна бел. Хітры, выкрутлівы чалавек. Напрыклад, у оперы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» Навум кажа Юліі, якая падвучвае яго пераапрануцца ў жаночае адзенне і прыйсці замест яе на спатканне да Яна: «Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру…».

Генетычна выраз з’яўляецца часткай прыказкі Усе бабры дабры, адна выдра ліхая (у такой форме яна занатаваная ў зборніку М. Федароўскага; параўн. у зборніку І. І. Насовіча: Усе бабры дабры, адна выдра — ліха яе бяры). Адарваўшыся ад прыказкі, выраз стаў ужывацца з іншым, чым у прыказцы, парадкам кампанентаў.

Даваць (даць) газу каму. Відаць, паукалька з ням. (Gаs gеbеn) ці франц. (dоnnеr lеs gаz) м. Прымушаць каго-н. быць больш энергічным. — Правільна! Правільна… Харошы будзе наш камандзір… — Дзякуй за выбары… А цяпер трымайцеся, я вам дам газу… — і [Пятрэнка] чамусьці прыўзняўся на пальчыках (П. Пестрак. Гараць вёскі).

Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ў маўленні шафёраў абазначае ‘паскараць рух машыны, павялічыўшы паступленне гаручага’.

Даваць (даць) галаву на адрзз (на адсячэнне). Калька з франц. м. (dоnnеr sа t^etе 'a соuрег). Браць на сябе поўную адказнасць за што-н. Я магу даць галаву на адрэз, што ён [Метак] недзе тут сноўдаецца з хутара на хутар (А. Бажко. Позняе ворыва).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.

Даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму. Калька з ням. м. (Рfеffеr gеbеn). Ужыв. са значэннямі ‘рэзка прабіраць каго-н.’ і ‘сурова распраўляцца з кім-н., біць з бязлітаснасцю’. [Жэня: ] Дай ты яму, Роза, перцу. А то ён тут да нашых дзяўчат заляцацца пачаў (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). — Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў (Я. Маўр. Амок).

Фразеалагізм з жывой унутранай формай.

Даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды. Запазыч. з руск. м. Кідацца наўцёкі, імкліва ўцякаць. [Адзінота: ] Жарты жартамі, а Пацуку, брат, горача. [Кучма: ] Як ноч, так ён з плытоў стракача дае (У. Галубок. Плытагоны).

Уваходзіць у групу фразеалагізмаў, сэнсава тоесных і аднатыпных паводле ўзнікнення: даваць дзёру, даваць драла, даваць лататы, даваць цягу. У іх першы кампанент семантычна «выветрыўся», сэнсаўтваральную ролю выконвае другі кампанент, этымалагічна «цёмны». Лічаць, што дыял. назоўнік стракач ‘паганялка для жывёлы’ утварыўся ад дзеяслова стрекать ‘падскокваць, скакаць; біць паганялкай’.

Даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>. Паўкалька з франц. м. (dоnnеr lе tоn). Паказваць прыклад у чым-н., аказваць уплыў на ход падзей. Бацькавы словы даюць тон грамадзе. З кожным словам лік Марысіных праціўнікаў расце (Я. Колас. Туды, на Нёман!).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.

Даваць (даць; задаваць, задаць) храпака. Агульны для ўсходнесл. м. Моцна спаць: Сон жа, як на злосць, ніяк не змыкаў яму вочы. Праўда, удзень Мікола даў храпака і выспаўся (Я. Колас. Трывога).

Сэнсаўтваральную ролю тут выконвае назоўнікавы кампанент. Неўжывальны па-за межамі фразеалагізма, ён утварыўся на базе дзеяслова храпці.

Даваць (даць) задні ход. Агульны для ўсходнесл. м. Адступаць ад раней сказанага, зробленага, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння. — Ды я так, — даў задні ход Валодзя. — Я хацеў ведаць, што вы скажаце... (П. Рунец. Аб чым шэпчацца аер).

Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні машыністаў-чыгуначнікаў або шафёраў ужываецца з прамым значэннем ‘ад’язджаць назад’: «Урэшце поезд, даўшы задні ход, спыніўся ля таварнай платформы» (І. Шамякін).

Даваць (даць) знаць каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Ужыв. са значэннямі ‘паведамляць пра што-н.’ і ‘намякаць на што-н. якім-н. чынам’. Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля (Я. Колас. Дрыгва). Старшыня рэўкома даў знаць Парасцы, што яму ісці трэба (М. Лобан. На парозе будучыні).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца (але не супадаюць) з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: даваць — ‘перадаваць’, знаць — ‘мець звесткі аб кім-, чым-н.’. Выраз неаднаразова сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці — «Лістах Філона С. Кміты-Чарнабыльскага» (XVI ст.): «… и до вашей панскей милости давал знать». Ужываўся і ў варыянтнай форме даваць ведаць: «Даю ведать вашей панскей милости».

Даваць (даць) перуноў каму. Уласна бел. Гнеўна, з абурэннем гаварыць, пагражаць. Звычайна Рыгошка ніколі не даваў перуноў, толькі пратне вокам, як зазлуе, але ў незвычайны час, калі хваляванне раз’ятрыць яго марудную натуру, то ён мог нарабіць бяды (А. Наварыч. Сутыкненне з вечнасцю).

У аснове фразеалагізма — адгалосак даўнейшай веры ў Перуна— бога грому і маланкі ва ўсходніх славян. Пад перунамі тут маюцца на ўвазе перуновы стрэлы — маланкі.

Да геркулесавых слупоў даходзіць, дагаварвацца і інш. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до геркулесовых столпов, укр. до геркулесовіх стовпів). (Даходзіць і інш.) да крайнасці ў чым-н. I гэтак напісана?.. Ну, гэта ведаеце што?! Гэта значыць — дагаварыцца да геркулесавых слупоў (І. Дуброўскі. У пошуках залатога дна).

Склаўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма геркулесавы слупы (чаго), які мае значэнне ‘вышэйшая ступень, мяжа чаго-н.’ і з’яўляецца паўкалькай з англ. м. (Негkules Рillаrs). Вытокам жа фразеалагізма стала грэчаская міфалогія. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўленняў старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».

Поделиться с друзьями: