Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Дарогу перабягаць каму. Агульны для ўсходнесл. м. Перашкаджаць камусьці, апярэджваць у чым-н. Мог бы ўжо і Вінцэсь у горадзе быць, на другім курсе. А от жа не шанцуе… Гарадскія дарогу перабягаюць — растаропны яны, языкі добра падвешаны… (П. Місько. Ціхае лета).
Прататыпам выразу было пераменнае словазлучэнне, звязанае з даўнімі вераваннямі: калі кошка або заяц ці ліса перабягалі каму-небудзь дарогу, то гэта было прыметай, што не пашанцуе, што будзе бяда. Нічога добрага не абяцала і сустрэча з чалавекам, у якога «паганае вока».
Дарункі данайцаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. дары данайцев, укр. дари данайців). Каварная паслуга з мэтай прычыніць зло. Пасажыры б’юць трывогу: іх збуцвелы каўчэг хіліцца і яшчэ, чаго добрага, перакуліцца ад перагрузкі. Не таварамі для народа, не багаццямі для працоўных. Дарункамі данайцаў — зброяй! (С. Паўлаў. Воўк ля парога).
Сфарміраваўся на аснове легенды з грэчаскай міфалогіі аб узяцці Троі і траянскім кані. Данайцы (грэкі) пасля дзесяцігадовай асады рашылі хітрасцю авалодаць горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Жрэц Лаакоан не паверыў грэкам і папярэдзіў сваіх суайчыннікаў: «Бойцеся данайцаў, што прыносяць дарункі!» Але траянцы не звярнулі ніякай увагі на гэту перасцярогу, разбурылі частку сцяны і ўцягнулі каня ў крэпасць. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава. Троя была ўзята і разбурана.
Да ручкі. Агульны для ўсходнесл. м. Да бязвыхаднага становішча, да поўнай непрыгоднасці (дабіваць, даводзіць). Піла так затупілася, што бацька дзіву даўся: — Ну, дабілі пілу да ручкі! (Л. Левановіч. Шчыглы).
Відаць, на пачатку свайго яшчэ нефразеалагічнага жыцця спалучэнне да ручкі ўступала ў кантакт з дзеясловам зрэзацца і дастасоўвалася, напрыклад, да нажа або сярпа, якія ад доўгага карыстання зрэзваліся ледзь не да самай ручкі і станавіліся непрыгоднымі. Фразеалагізаваўшыся, выраз стаў спалучацца з рознымі дзеясловамі-суправаджальнікамі і ў залежнасці ад гэтага пашыраў свой сэнс. У спалучэнні са словамі дабіваць, даводзіць ён абазначае ‘да бязвыхаднага становішча, да поўнай непрыгоднасці’ (гл. вышэй), а са словамі даходзіць, дайсці, дабівацца — ‘да мяжы, да крайняй ступені ва ўчынках, у паводзінах, немачы, слабасці і інш.’: «Я і сама ўжо не работніца, да ручкі дабілася, можна сказаць» (І. Козел).
Да сівых валасоў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до седых волос, укр. до сівого волосся). Да глыбокай старасці, да старэчага ўзросту (дажыць, дарасці, застацца і інш.). Да сівых валасоў вунь хутка дарасцеш, а ўсё пустадомкам будзеш (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (назва канкрэтнай дэталі, характэрнай для пэўнага ўзросту, ужыта ў значэнні самога гэтага ўзросту).
Даставаць гізунты з каго. Уласна бел. Здзекавацца з кагосьці, збіваць кагосьці. А што, калі раз’юшаны немец не спыніцца на Драніцы з Брава-Жыватоўскім ды пачне перабіраць плёткай астатніх, дастаючы з кожнага гізунты? (І. Чыгрынаў. Апраўданне крыві).
Семантычны вобраз гэтага выразу аднаўляецца з высвятленнем сэнсу назоўнікавага кампанента. Паводле Ф. Янкоўскага, слова гізунты з’яўляецца запазычаннем з ідыш — мовы яўрэяў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы; у аснове гэтай мовы ляжаць ням. дыялекты; гізунты — «здароўе», параўн. gеsund у ням. м. — «здаровы».
Да трох не гавары з кім, каму. Уласна бел. Хто-н. рашучы, гарачы; з кім-н. жарты кепскія. То яму дзяжа не чыста, то хлеб прэсны і сыры… Ой, які ўжо наравісты! Хоць ты падай прад ім лістам — і да трох не гавары! (Я. Колас. Зяць).
Каб уразумець унутраную форму гэтага фразеалагізма, прыгадаем урывак з камедыі А. Макаёнка «Таблетку пад язык»: «[Дзед Цыбулька: ] А чаго ты, дурыла, уз’ерапеніўся? I спытацца нельга? [Іван: ] Пра такое нельга! Ясна?.. Запомні, я да трох лічыць не буду». У словах да трох лічыць не буду — выразны намёк на тое, што Іван не стане яшчэ раз гаварыць: «Рабі, што я сказаў! Лічу да трох: адзін… два… тры!», а адразу прывядзе ў выкананне сваю пагрозу. Параўн. у рамане П. Місько «Мора Герадота»; «—Лічу да трох і страляю. Раз!.. — Два!.. — затрэсліся галіны дуба. — Тры!!!» Першапачатковы сэнс фразеалагізма да трох не гавары з кім — ‘хтосьці не будзе, не стане тройчы паўтараць сваю просьбу, загад ці пагрозу’.
Да трэціх пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до третьих петухов, укр. до третіх півнів). Да самага світання (быць дзе-н., займацца чым-н.). Хадзілі, гаманілі. Нават аднойчы [мы] завіталі ў бар, дзе заседзеліся, як раней казалі, да трэціх пеуняў (Б. Сачанка. Штрыхі).
Першапачатковае значэнне выразу — ‘пакуль заспяваюць трэці раз пеўні’. А гэта бывае, калі ўжо світае.
Дах (страха) над галавой. Агульны для ўсходнесл. (руск. крыша над головой, укр. дах над головой, польск. (dасh nаd glova) м. Дом ці кватэра, пакой. Важна, што ў мяне ёсць дах над галавою. А ў людзей і таго няма (У. Дамашэвіч. Німфа).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (заменена назва цэлага назвай яго часткі).
Даць газу каму. Гл. даваць (даць) газу каму.
Даць галаву на адрэз. Гл. даваць (даць) галаву на адрэз (на адсячэнне).
Даць гарбуз каму. Запазыч. з укр. м. (дати гарбуза). Адмовіць таму, хто сватаецца. Яе асабліва трывожыла тое, што Глушакі сваты не абы-якія, ім не так проста даць гарбуз, паказаць, як ісці туды, адкуль прыйшлі, ні з чым… (І. Мележ. Людзі на балоце).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. На Украіне і ў некаторых раёнах Беларусі быў звычай: калі дзяўчына ці яе бацькі непрыхільна ставіліся да сватання, то маладому або свату давалі гарбуз як знак нязгоды.
Даць дуба. Гл. дуба даць.
Даць дыхту каму, чаму. Відаць, запазыч. з польск. м.; яго падае толькі «Slownik jezуkа роlskіедо» (1900): zаdа'c котu dусhtu — ‘даць лазню, узяць у абарот’. У гэтым слоўніку сярод пяці значэнняў, уласцівых слову dусht, называецца і значэнне ‘пабоі’, з якім звязваецца ўзнікненне выразу даць дыхту.
У сучаснай бел. м. фразеалагізм ужыв. з чатырма значэннямі: 1) каму; моцна сварыцца на каго-н., прабіраць каго-н.; 2) каму; сурова распраўляцца з кім-н., біць бязлітасна каго-н.; 3) чаму і без дап.; рабіць што-н. хутка, энергічна; 4) чаму; натруджваць (рукі, ногі). Як толькі на парозе пакажацца нявестка, ну і дам ёй дыхту! (Ядвігін Ш. Важная фіга). Каб яны [нашы «ястрабкі»] толькі паявіліся, дык далі б дыхту гэтым нахабнікам-фашыстам (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё). Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць… (Я. Купала. Вечарынка). Эх, і наскакалася ж Яніна ў нядзельку ў Манькоўцы! Ну, і дала дыхту нагам, што дала дык дала (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара).
Даць задні ход. Гл. даваць (даць) задні ход.
Даць знаць каму. Гл. даваць (даць) знаць каму.
Даць лататы. Агульны для бел. і руск. м. Імкліва ўцячы, кінуцца ўцякаць. Даў, як заяц, лататы праз дарогу — у кусты (А. Александровіч. Шчаслівая дарога).
Для сучаснага носьбіта бел. м. выраз даць лататы — нематываваная фразеалагічная адзінка, пазбаўленая свайго семантычнага вобраза. Для таго ж, хто некалі першы раз ужыў гэты выраз, і яго апошні кампанент не быў «цёмны». Паводле ўзнікнення ён адносіцца да ліку гукапераймальных: сваім складам (лата-та) ён нагадвае гукі, характэрныя для дзеяння, названага гэтым словам (тупат ног уцекача). У выразе даць лататы яго апошні кампанент, па аналогіі з выразамі адной сэнсавай сям’і даць цягу, даць дзёру, даць драла і падобных, прыняў форму род. скл. Часам у мастацкай літаратуры можна сустрэць прыклады, калі пісьменнік агаляе вобразны стрыжань фразеалагізма, напрыклад, падзелам апошняга кампанента на склады: «Па запыленых будынках чуем плач мы беднаты… — Дзе ж цяпер шукаць прыпынку? Ці даваць мо лата-ты?» (М. Чарот. Босыя на вогнішчы).