ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Дзесятая (сёмая) вада на кісялі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі далёкі сваяк. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара). Антоні Плахінскі… даводзіўся ёй дваюрадным ці траюрадным братам, адным словам, сёмая вада на кісялі (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Даўней кісель рабілі пераважна з аўса, які намочвалі, прарошчвалі, сушылі і таўклі ў ступе. Затым солад заквашвалі і працэджвалі. Маглі і яшчэ раз ці два заліваць вадой выціснутую гушчу і працэджваць на сіта. Але ўжо атрымліваўся рэдкі кісель, далёка не падобны на першы цэд. Зразумела, што ні сем, ні тым больш дзесяць цэдаў не практыкавалі, бо іх вынікам была б амаль чыстая вада. Таму на пачатку свайго фразеалагічнага жыцця выраз дзесятая (сёмая) вада на кісялі ўсведамляўся як гіпербала.

Дзённа і ночна. Уласна бел. (параўн. ва ўкр. м.: денно і нічно). Увесь час, пастаянна. Улады рабілі (і робяць) выгляд, што раяцца з простымі людзьмі, што прыслухоўваюцца да іх разваг і меркаванняў, што дзённа і ночна дбаюць аб іх здароўі, шчасці і дабрабыце (ЛіМ. 23.10.1998).

Склаўся на аснове царк. — слав. выразу денно и нощно, які абазначаў ‘суткі’.

Дзірка ад абаранка. Паўкалька з руск. м. (дырка от бублика). Зусім нічога. Я стараўся, стараўся… А за мае старанні — дзірка ад абаранка (І. Капыловіч. Чарнабурка).

Стваральнік выразу — У. У. Маякоўскі. У яго «Містэрыі Буф» (1918) чытаем: «Чего канителитесь? Обещали и делим поровну: одному бублик, другому — дырка от бублика. Это и есть демократическая республика». Доказам на карысць такога меркавання з’яуляецца тое, што ў рускіх парэміяграфічных і фразеалагічных працах (У. Даля, М. Міхельсона і інш.) выраз не фіксуецца, няма яго і ў ранейшых беларускіх і ўкраінскіх зборніках. Яго пачалі ўключаць ў слоўнікі толькі ў 1950-я гады.

Дзіцячы лепет. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. детский лепет, укр. дитячий лепет). Наіўныя, несур’ёзныя, павярхоўныя думкі, меркаванні і пад. Вершы [я] пачаў пісаць, калі адолеў граматыку, а складаў іх яшчэ раней. Мабыць, гэта быў дзіцячы лепет (Полымя. 1987. № 8).

Узнік, хутчэй за ўсё, са свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарычнага пераасэнсавання на аснове падабенства з’яў. Выраз у такім разе ўсведамляецца як прыхаванае параўнанне з дзіцячым лепетам у прамым значэнні гэтых слоў. Параўн. і аналагічнае тлумачэнне фразеалагізма ў ТСБМ (т. 3, с. 35): «Дзіцячы лепет — пра што-н. вельмі бездапаможнае, па-дзіцячаму наіўнае». З другога боку, можна лічыць, што гэта выраз з агульным аналітычным значэннем і што абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: дзіцячы суадносіцца са значэннем ‘наіўны, не сталы, неўласцівы даросламу’, а лепет — са значэннем ці адценнем ‘невыразная, непераканаўчая гаворка, разважанне, тлумачэнне і пад.’.

Дзяліць шкуру (скуру) незабітага мядзведзя. Агульны для ўсходнесл. м. Загадзя размяркоўваць прыбытак ад чагосьці яшчэ не ажыццёўленага. Кожны хоча нешта ўрваць. А рваць пакуль што няма чаго. Дзелім шкуру незабітага мядзведзя (Б. Сачанка. Вялікі Лес).

Склаўся на аснове прыказкі, вядомай многім народам у блізкіх разнавіднасцях: Не забіўшы мядзведзя, шкуры не прадавай (руск.), Не прадавай мядзведжай шкуры, пакуль не забіў мядзведзя (ням.), Не варта прадаваіць шкуру мядзведзя, не забіўшы яго (франц.). Параўн. беларускія адпаведнікі, занатаваныя М. Федароўскім: На жывым мядзведзі шкуры не купляй; Калі мядзведзь у лесе, то шкуру не дзяруць.

Дзяльба скуры незабітага мядзведзя. Гл. падзел (дзяльба) скуры незабітага мядзведзя.

Дзям’янава юшка. Паўкалька з руск. м. (демьянова уха). Тое, што назойліва прапануецца каму-н. у вялікай колькасці. Заставілі і пельмені есці. Смехата. Я іх туды, а яны — назад. Дзям’янава юшка (В. Ткачоў. Дзень у горадзе).

Выраз з аднайменнай байкі (1813) І. А. Крылова, у якой расказваецца, як Дзям’ян так частаваў юшкай суседа Фоку, што той мусіў уцячы і пасля гэтага «да Дзям’яна ні нагой».

Для адводу вачэй. Агульны для бел. і руск. (для отвода глаз) м. З мэтай адцягнуць увагу, стварыць знешняе ўражанне, падмануць. Нават неспрактыкаваны слых адразу адчуў бы самае звычайнае бразгаценне металу, якое бывае тады, калі часткі машыны не падагнаны як след адна да адной, зроблены наспех, для адводу вачэй (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Утвораны на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма адводзіць вочы каму (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў.

Для ачысткі сумлення. Калька з франц. м. (раг асquіt dе сопsсіепсе). У апраўданне сваіх учынкаў, каб потым не шкадаваць аб чым-н., не раскайвацца ў чым-н. Ды якія там грошы, нічога не трэба!.. Ну, калі вам так карціць, то, як гаворыцца, для ачысткі сумлення вышліце… (В. Гігевіч. Варыянт).

У франц. м. фразеалагізм мог сфарміравацца на базе дзеяслоўнага выразу ачысціць сумленне, які прыйшоў з перакладам біблейскіх тэкстаў, напрыклад: «Хрыстос ачысціць сумленне наша ад мёртвых спраў» (Пасланне да яўрэяў, 9, 14).

Для блізіру. Агульны для бел. і руск. (для блезиру) м. З мэтай стварыць падманлівае ўражанне. У Грыбаўцах гэтым часам нашы зайшлі да Карповіча, бацькі начштаба, пабілі для блізіру вокны, забралі лесніка (А. Карпюк. Пушчанская адысея).

У франц. м. ёсць устойлівае спалучэнне раг рlаіsіr (дзе другі кампанент чытаецца як плезір) са значэннем ‘несур’ёзна, дзеля забавы’. Трапіўшы някніжным шляхам у нашу мову і не маючы ў ёй матываванай апоры на якое-небудзь слова, назоўнік плезір атрымаў народна-этымалагічнае пераасэнсаванне, «зрадніўся» са словам блізка ў значэнні ‘прыблізна’ (на аснове гукавога і часткова сэнсавага збліжэння). Адбыліся і некаторыя семантычныя зрухі ў выразе параўнальна з яго першакрыніцай.

Для (дзеля) понту. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. для понта, укр. для понту). З мэтай стварыць пэўнае ўражанне (форсу, важнасці, паказухі і пад). — Бачу, казакі — дужы народ? — Гэта я дзеля звычайнага понту — Стала быць, дзеля понту? — Так, дзеля понту. — Што ж, для понту дык для понту. А чаго баяцца? (І. Чыгрынаў. Ігракі).

Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утвораны па мадэлі з сэнсава тоеснымі выразамі для віду, для блізіру, для прыклёпу і інш. Понт ужываецца ў маўленні карцёжнікаў побач са словамі панцёр (‘ігрок, які ставіць на кон пэўную суму грошай’) і панціраваць (‘рабіць стаўку, якая ў выніку пройгрышу пераходзіць да банкаўшчыка’) — Параўн. у франц. м.: ропtе (чытаецца: понт) — ‘панцёр’ і ‘уплывовая асоба’.

Для мэблі. Запазыч. з руск. м. (для мебели). Зусім бескарысны, непатрэбны пры якой-н. справе або дзе-н. [Пётр: ] Ці зможа яна разабрацца ва ўсіх інструкцыях і розных там паперках? [Насця: ] Ды і мы тут не для мэблі. Паможам, падкажам (В. Зуб. Злавацца не трэба).

Паходзіць з маўлення карцёжнікаў. Як засведчана ў даўнейшых слоўніках арго, словам мэбля (мебель) карцёжнікі называлі хаўруснікаў шулера, якія не ведалі шулерскіх прыёмаў і ўдзельнічалі ў гульні для павелічэння колькасці партнёраў, калі іх было мала.

Поделиться с друзьями: