Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Да глыбіні душы. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна (хваляваць, кранаць, уражваць і пад.). З маленства ведаю і да глыбіні душы люблю гэты рамантычны край, дзе жывуць добрыя і працавітыя людзі (Р. Няхай. «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»).
Склаўся, відаць, на аснове фразеалагізма ў глыбіні душы (гл.), які з’яўляецца калькай з лац. м.
Да грэчаскіх калёндаў (каляд) адкладваць (адкласці). Паўкалька з лац. м. (аd саlеndеs gгаесаs). На няпэўны час, надоўга ці назаўсёды. Калі і гавораць [афіцыяльныя асобы ЗША] аб магчымасці якіх-небудзь дагаворанасцей, то толькі па асобных, зразумела, выгадных для ЗША, пытаннях ядзерных узбраенняў, а праблему космасу трэба, маўляў, адкласці да грэчаскіх календаў (Звязда. 3.02.1985).
У Старажытным Рыме календамі называлі першы дзень месяца. З ім звязваліся тэрміны пагашэння даўгоў, выканання іншых абавязкаў. У грэкаў жа календаў не было. I гэта стала падставай для рымскага імператара Аўгуста (63 да н. э. — 14 н. э.) гаварыць пра даўжнікоў, што яны адклалі разлікі да грэчаскіх календаў.
Да другіх пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до вторых петухов, укр. до других півнів). Незадоўга да світання (быць дзе-н., чакаць і пад.). Свёкар добра яе разумеў: сапраўды, якая гэта такая вучоба, што называецца, да другіх пеўняў ды яшчэ ў сістэме палітасветы? (М. Парахневіч. Кватэра).
Першапачатковае значэнне выразу — ‘пакуль заспяваюць другі раз пеўні’. А спяваюць яны незадоўга да досвітку.
Да другога прышэсця. Паўкалька з руск. м. (до второго пришествия). Неакрэслена доўга. Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? (Л. Рублеўская. Пярсцёнак апошняга імператара).
Склаўся на аснове евангельскага прадказання аб вяртанні («другім прышэсці») Ісуса Хрыста на зямлю перад канцом свету.
Да зубоў узброіць, узброіцца. Калька з франц. (^etrе аrm'e jusqu’auх dеnts, літаральна «быць узброеным да зубоў») ці ням. (bіs аn dіе Z"ahnе bеwаffnеt sеіn, літаральна «да зубоў узброіцца») м. Вельмі добра, вельмі моцна. «Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. 3 аднаго боку — рэвальвер, з другога — рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак (Я. Маўр. Палескія рабінзоны).
Магчыма, у французаў выраз склаўся па мадэлі — на ўзор другога іхняга выразу: ^etrе sаvаnt jusqu’аuх dеnts («быць вучоным да зубоў»), а можа, на думку В. М. Макіенкі, перад намі «празрыстая метафара», «паколькі зубы — самая натуральная і заўсёды „зручная“ зброя».
Да карэння валасоў чырванець (пачырванець). Калька з франц. м. (jusqu’a lа гасіnе dеs сhеvеuх). Вельмі моцна. Віктар падумаў, што зараз пачырванее, і тут жа пачырванеў да карэння валасоў (У. Карпаў. Сотая маладосць).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Да касцей прамокнуць, прамерзнуць. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до костей, укр. до кісток). Вельмі моцна, наскрозь. Хлопцы сядзелі на нарах і моўчкі глядзелі на прамерзлага да касцей партызана, які ля печы здымаў боты (А. Карпюк. Данута).
Магчыма, склаўся пад уплывам фразеалагізма да мозгу касцей (гл.) — калькі з франц. м. — у выніку яго скарачэння.
Далёка не заедзеш (не паедзеш) на чым, з чым, без чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Не шмат чаго дасягнеш, многага не даб’ешся.
— Што гэта за пасаг, — рызыкнуў не паддацца Сёмка Фартушнік.
— На адным доме далёка не заедзеш (К. Чорны. Трыццаць год). Шафёр таксама лагодна крыкнуў: — Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу (І. Шамякін. Трывожнае шчасце).
Узнік з прыказкі На лечаным кані далёка не заедзеш. Дзеяслоўны кампанент фразеалагізма ўжываецца, як і ў прыказцы, звычайна ў другой асобе адзіночнага ліку.
Да мозгу касцей. Калька з франц. м. (jusqu’'a lа тоеllе dеs оs). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі моцна (празябнуць, прамерзнуць; мароз, вецер прабірае, пранізвае і пад.)’, ‘у найвышэйшай ступені’ і ‘самы сапраўдны, цвёрда перакананы ў чым-н.’. Холад пранізваў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы (І. Шамякін. Трывожнае шчасце). Быць прынцыповым да мозгу касцей, бараніць свае прынцыпы да апошняга дыхання? Хіба гэта кепска? (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў). Ты вось выступаеш за пачуцці, а сам такі ўжо рацыяналіст… да мозгу касцей! (У. Рубанаў. Каштаны).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Дамоклаў меч. Калька з лац. м. Пастаянная небяспека, неадступная пагроза. Не літасці ў ворага маліць, прасіць, хоць і дамоклаў меч над галавой вісіць (Я. Пушча. Дамоклаў меч).
Этымалагічнай асновай выразу з’явілася старажыткагрэчаскае паданне, упершыню запісанае рымскім філосафам Цыцэронам. Сіракузскі тыран Дыянісій Старэйшы (IV ст. да н. э.) захацеў правучыць аднаго са сваіх прыбліжаных, Дамокла, які зайздросціў свайму ўладару, называючы яго самым шчаслівым з людзей. I вось зайздросніка запрасілі ў тыранаў палац і пасадзілі на трон. Радасць была нядоўгай і перайшла ў страх, бо Дамокл убачыў, што ў яго над галавой вісіць на конскім воласе востры меч. Як растлумачыў Дыянісій, гэты меч — сімвал небяспекі, якая ўвесь час падпільноўвае тырана, знак нетрываласці яго шчасця.
Вернемся да нашых бараноў. Калька з франц. м. (rеvепопs 'a nоs mоutоns). (Вернемся) да асноўнай тэмы, да прадмета гаворкі. Згадайце нашу далёкую ці нават зусім яшчэ нядаўнюю гісторыю… Але вернемся, як кажуць, да нашых бараноў (Настаўн. газ. 16.01.2001).
Паходзіць з фарса «Адвакат П’ер Патлен» (1470). На судзе багаты суконшчык, у якога пастух украў бараноў і авечак, пачынае, забываючы пра сутнасць распачатай ім судовай справы супраць пастуха, папракаць пастуховага адваката Патлена, які не заплаціў яму да гэтага часу за шэсць локцяў сукна. Суддзя мусіў перапыніць суконшчыка словамі: «Вернемся да нашых бараноў» (у арыгінале першы і апошні кампаненты звязаны рыфмай).
Да новых венікаў помніць, памятаць, не забыць. Агульны для ўсходнесл. м. (укр. до нових (зелених) віників). Вельмі доўга. Я так пагавару з гэтым Гатюком, што будзе памятаць да новых венікаў! (Я. Каршукоў. Пра жонку).
Склаўся ў выніку метанімічнага пераносу, заснаванага на часавай сумежнасці з’яў. Першапачатковае прамое значэнне — ‘на працягу ўсяго года, аж да таго часу, калі ў летні сезон зноў пачнуць нарыхтоўваць венікі (для паркі ў лазні ці падмятання паддогі)’.
Да першых пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до первых петухов, укр. до перших півнів). Вельмі позна, да сярэдзіны ночы (сядзець, гуляць, не спаць і інш.). Выпускнікі перад сваім святам не клаліся спаць да першых пеўняў, латашылі гародчыкі з кветкамі (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).
Першапачатковае значэнне выразу— ‘пакуль заспяваюць першыя пеўні’. А спяваюць яны заўсёды ў адзін і той жа час — у поўнач.