Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Няўрокам кажучы. Уласна бел. Ужыв. як пабочнае словазлучэнне са значэннем ‘няхай і надалей будзе гэтак жа, без змен’. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду — непагана, мабыць, на службе было (І.Мележ. Людзі на балоце).
Узнікненне фразеалагізма звязана з былым павер’ем у магічную сілу слова. Літаральна — ‘каб не сурочыць, сказаўшы што-н.’. Няўрокам, урокі, сурочыць — аднакаранёвыя словы.
П
Паабіваць парогі чые, каму, каго, чаго. Гл. абіваць (паабіваць) парогі чые, каму; каго, чаго.
Павесці рэй. Гл. весці (павесці) рэй.
Паветраныя замкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. воздушные замки, укр. надхмарні замки). Нерэальныя, фантастычныя планы, што-н. нязбытнае. Ты і без гэтага марыш пра паветраныя замкі, a гэта ў тваім узросце не пасуе… (У. Караткевіч. Нельга забыць).
Утварыўся ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента ў фразеалагізме будаваць паветраныя замкі (гл.), які паводле паходжання з’яўляецца калькай з ням. м. (Luftschl"osser bauen).
Паветраныя замкі будаваць. Калька з ням. м.: складаны назоўнік Luftschl"osser перакладзены словазлучэннем паветраныя замкі, дзеяслоў bauen — будаваць. Абазначае ‘захапляцца нязбытнымі марамі, планаваць нездзяйсняльнае’. Дробязей такіх вось прапаноўваць спецыяліст не будзе. Паветраных замкаў будаваць не стане — ён ведае рэальныя магчымасці сучаснага (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).
Склаўся, відаць, y выніку кантамінацыі двух выразаў: будаўніцтва ў паветры + будаваць замкі ў Іспаніі або будаваць картачныя замкі. Першы — крылаты выраз, яго аўтар — царкоўны пісьменнік Аўгусцін (354–430). Два другія — франц. фразеалагізмы-сінонімы. Адзін з іх (будаваць замкі ў Іспаніі) узнік на аснове сярэдневяковага гераічнага эпасу «Песні пра подзвігі», дзе расказваецца, што рыцары атрымлівалі ў спадчыннае ўладанне яшчэ не заваяваныя замкі ў Іспаніі.
Павісаць у паветры. Гл. вісець (віснуць, павісаць) y паветры.
Павіснуць паміж небам і зямлёй. Гл. вісець (павіснуць) паміж небам і зямлёй.
Па вялікім рахунку. Паўкалька з руск. м. (по большому счету). Ужыв. са значэннямі ‘сур’ёзна, прынцыпова, без скідак і ўступак’, ‘па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць’ і ‘фактычна, y адпаведнасці з рэальнасцю’.
Гл. ілюстрацыі да гэтых значэнняў і гістарычна-этымалагічную даведку пра фразеалагізм на с. 15–16.
Павярнуць кола гісторыі назад. Відаць, калька з ням. м. (das Rad der Geschichte zur"uckdrehen). Прыпыніць заканамерны ход гістарычнага развіцця, вярнуцца да мінулага. Няма такой сілы, якая б павярнула кола гісторыі назад. Чалавека, які ведае, што такое свабода, нельга пакарыць (І.Гурскі. У агні).
Вобраз празрысты, матываваны.
Па гарачых слядах. Агульны для ўсходнесл. м. Неадкладна, не марудзячы, непасрэдна пасля чаго-н. Я лічу, што гэта трэба было рабіць або раней, адразу ж па гарачых слядах… Або гэта трэба рабіць пазней, калі загояцца ўсе раны… (І.Шамякін. Сэрца на далоні).
Паходзіць з мовы паляўнічых, для якіх, калі яны гоняцца за зверам, сляды сапраўды могуць быць гарачымі, астылымі ці халоднымі, што асабліва відаць зімой. Параўн.: «Калі прайшоў далей, бачу новы доказ таго, што лапатнік гэты — мядзведзь. Я, значыцца, іду якраз па гарачых слядах. Ад аднаго следу аж пара» (У. Дубоўка). 3 лексікону паляўнічых прыйшоў y літаратурную мову і лексічны варыянт гэтага фразеалагізма — па свежых слядах: «Напісана яна па свежых слядах падзей і на канкрэтным матэрыяле» (К. Крапіва).
Пагнацца за двума зайцамі. Гл. гнацца (пагнацца) за двума зайцамі.
Пагрэць рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе. Гл. грэць (пагрэць) рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе.
Пагуляць у кошкі-мышкі. Гл. гуляць (пагуляць) y кошкі-мышкі (у ката і мышку).
Пад адкрытым небам. Калька з франц. м. (`a ciel ouvert). Ha вуліцы, не ў памяшканні. Якраз у гэтым маляўнічым месцы размешчаны музей народнай культуры і быту. Пад адкрытым небам (Г. Пашкоў. Дарога да акіяна).
Выраз усведамляецца як матываваны. Адкрыты тут ‘без покрыву зверху, з бакоў’.
Пад адным дахам (пад адной страхой) жыць (пражыць). Агульны для ўсходнесл. (руск. под одной крышей, укр. під одним дахом) і польск. (pod jednym dachem) м. У адным доме, y адной кватэры, разам. Амаль два гады жылі мы з ім пад адным дахам (А. Шашкоў. Лань — рака лясная).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку сінекдахічнага пераносу (заменена назва цэлага назвай яго часткі).
Падаць (упасці) духам. Агульны для ўсходнесл. м. Траціць упэўненасць, адчайвацца. Макаед зразумеў, што свой праект яму не праціснуць. Але не ўпаў духам (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).
Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент падаць — са значэннем ‘рабіцца кепскім, псавацца’, дух — са значэннем ‘унутраны стан, настрой’.
Падбіванне кліноў (клінкоў) да каго. Агульны для бел. і ўкр. м. Заляцанне. Неўзабаве гэтае прастойванне ў лінатыпнай успрынялі ў друкарні як падбіванне кліноў да лінатыпісткі Леначкі — балбатлівай, з кірпатым носікам бландзіначкі (В. Блакіт. Усмешка Фартуны).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага падбіваць клінкі (кліны) пад каго, да каго ‘заляцацца да каго-н., дабіваючыся ўзаемнасці’.