ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Выраз з рускай народнай казкі пра Ямелю, які злавіў y палонцы шчупака-чарадзея і адпусціў яго на волю, пасля чаго той выконваў любое пажаданне Ямелі, абы толькі пачуў яго словы: „По шучьему велению, по моему хотеию…“ У беларускіх акадэмічных слоўніках фразеалагізм у форме <нібы> па шчупаковым загадзе не фіксуецца. „Руска-беларускі слоўнік“ ва ўсіх сямі выданнях паўтарае аднолькавы пераклад: по щучьему велению — па шчупачынаму загаду». У «Зборніку беларускіх прыказак» (1874) І.І.Насовіч занатаваў тоесны выраз на шчупакова казанне. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996) падае пад загаловачным словам шчупакоў (праўда, не за ромбавым знакам) спалучэнні па шчупаковай волі і на шчупакова казанне. Аднак y літаратурных тэкстах не сустракаецца хоць бы адно пацвярджэнне, што гэтыя аналагі (па шчупаковай волі, на шчупакова казанне, па шчупачынаму загаду) бытуюць у мове. Таму пра адпаведную норму можна будзе гаварыць толькі тады, калі назапасяцца факты ўжывання ў маўленні якога-небудзь з гэтых, магчыма, патэнцыяльных выразаў. A пакуль што маўленчая практыка, насуперах рэкамендацыям слоўнікаў, сведчыць пра іншае: «I неўзабаве на круглым стале нібы па шчупаковым загадзе з’явіліся каралеўскія прысмакі» (В.Іпатава); «Іван Пятровіч расказвае пра некаторыя іншыя эпізоды сваёй дэпутацкай дзейнасці, і я пачынаю разумець, што не ўсё робіцца, як кажуць, па шчупаковым загадзе: атрымаў пісьмо, пайшоў да міністра ці напісаў y выканкам — і ўсё ў парадку» (М. Замскі); «Тут табе не казка, цудаў не бывае. Дзялка твая — табе і палоць. Па шчупаковым загадзе ў нас нічога не робіцца» (Л. Юргілевіч). I яшчэ — y крыху іншым афармленні: «Не па шчупаковаму загаду паднімаліся з руін гарады і вёскі» (Х. Жычка); «Праект новага агрэгата. Думаеш, па шчупаковаму загаду гэта робіцца?» (М. Чавускі).

Ні бэ ні мя. Уласна бел. Зусім нічога не разумець, не разбірацца ў чымсьці. Калі я хадзіу па залах выстаўкі так званага сучаснага мастацтва (і ў Варшаве, і ў іншых гарадах)… мяне не пакідала думка пра «бікіняжаў» у мастацтве, пра важны, na-місіянерску сур’ёзны, твар стылягі, які высакамерна і грэбліва прапаведуе і мне, і вам, і ўсім сумленным людзям нешта вельмі моднае, вельмі высокае, вельмі заходнееўрапейскае, і яшчэ далей, y чым, дарэчы, сам ён, бедненькі, часцей за ўсё — ні бэ ні мя (Я. Брыль. Яшчэ раз па шчырасці).

Крылаты выраз з байкі К. Крапівы «Дыпламаваны Баран», мараль якой: «Другі баран — ні „бэ“, ні „мя“, A любіць гучнае імя». У байцы выраз выступае як версіфікацыйны варыянт агульнанароднага ні бэ ні мэ (ні кукарэку).

Ні вока ні бока не шкадаваць, не пашкадаваць. Уласна бел. Абсалютна нічога. Ну, от! Пачубіліся — хопіць!.. Хто на старым спатыкнецца зноў — не пашкадую ні вока ні бока (І.Мележ. Гарачы жнівень).

Акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм, утвораны на базе дзеяслоўнага не глядзець ні вока ні бока ‘не зважаць ні на што, зусім не асцерагацца’.

Ні грама. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім нічога, ніколькі (няма, не рабіць і пад.). I зноў жа, Іван, давай без прафілактыкі… Мяне яна ні грама не кранае (А. Жук. Раданіца).

Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесньш выразам ні грана (гл.) з заменай устарэлага і незразумелага грана блізкім па гучанні словам.

Ні грана. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім нічога (няма, не было, не знайсці і пад.). Увогуле ты маеш рацыю… Але ўжо — ні грана хітрасці, Эма! Гэта — умова. Загад. Раскажаш там праўду (У. Карпаў. Жак).

Узнік, відаць, y маўленні аптэкараў. Гран — даўнейшая мера аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама.

Ні даць ні ўзяць. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘абсалютна такі, як хто-, што-н.’ і ‘зусім дакладна’. Яны папраўляюць гальштукі, прычэсваюцца, выпростваюць плечы; ні даць ні ўзяць — рыцары! (В. Хомчанка. Не вер слязам). Ха-ха! Ні даць ні ўзяць — гадоў дваццаць пяць! Маладуха! (Р. Кобец. Нішто сабе жарты).

Тут зыходныя значэнні дзеяслоўных кампанентаў такія: даць — ‘дадаць’, узяць — ‘адняць’, што разам складае ‘ні дадаць, ні адняць’. Сродкам «спайкі» кампанентаў выступае рыфмічнае сугучча.

Ні дна ні пакрышкі каму, чаму. Агульны для ўсходнесл. м. Выклічнікавы выраз, ужыв. як пажаданне ўсяго найгоршага. Дайце ж перадышкі, няхай «роя» спухне. Ні дна ні пакрышкі ёй, лацінскай кухні! (Я. Колас. «Роі» і «хрыпы»).

Утвораны па аналогіі з існуючымі фразеалагізмамі. Структурная схема ні… запоўнена кантэкстуальнымі антонімамі. Першапачаткова ўжываўся як пажаданне быць пахаваным не так, як прынята, a без труны, без дна і без пакрышкі.

Ні жывы ні мёртвы. Калька з лац. м. (neque vivos neque mortuos). У стане вялікага страху, знямення; страшэнна спалоханы. Ляжыць Міколка ні жывы ні мёртвы і толькі чуе, як моцна б’ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца (М. Лынькоў. Міколка-паравоз).

Упершыню выкарыстаны ў камедыі «Грубіян» Плаўта (каля 254–184 да н. э.).

Ніжэй <за> калена. Уласна бел. Ужыв. (з іранічным адценнем) са значэннямі ‘да мінімальнага ўзроўню (апусціць, апусціцца, аказацца і пад.)’ і ‘вельмі дрэнны, кепскага ўзроўню’. Мой першы прэм'ер-міністр пісаў, што ніколі не любіў мяне. Што ступень ягонае павагі ўжо даўно апусцілася ніжэй за калена (У. Арлоў. Ордэн Белай Мышы). У 41 працэнта айчынных прадпрыемстваў — паказчык ніжэй калена! Гэта той выпадак, калі такі паказчык не радуе (У. Даўжэнка. Амбіцыі).

Паходзіць з маўлення А. Р. Лукашэнкі, які неаднойчы ўжыў яго ў сваіх трансліраваных па тэлебачанні выступленнях адразу пасля абрання Прэзідэнтам Беларусі.

Ні за грош. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім дарэмна (прапасці, загінуць і пад.). Павёў [паліцэйскі] мяне ў хату, напісаў запіску. «Перадасі Фроні»… і адпусціў… Але бачыш — усё ад выпадку залежыць. Не ведаў бы яе — ні за грош кокнулі б (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).

Словам грош называлі пачынаючы з XVI ст. дробную медную манету. Фразеалагізм ні за грош узнік, відаць, тады, калі грош стаў самай дробнай разменнай манетай — паўкапеечнай (пасля грашовай рэформы 1838 г. y Расіі).

Ні за панюх табакі (прапасці, гінуць і пад.). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ни за понюшку табаку, укр. ні за понюх табаку). Дарэмна, нізавошта. 3 легіянерамі вы лёгка справіліся. A тут армія, і не абы-якая армія. Дубальтоўкамі яе не спыніш. Пакласці лепшых людзей ні за панюх табакі — карысці мала (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Узнік y мове спажыўцоў нюхальнага тытуню (табакі). Устарэлае слова панюх абазначала дробачку табакі. «„Панюх (табакі)“ — ад тых часоў, калі модна было нюхаць табаку (бралі крышачку, на адзін „панюх“ табакі ў шчопці і нюхалі)» (Ф. Янкоўскі).

Ні за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ни за что, укр. ні за що). Ні пры якіх умовах, абставінах (не будзе, не адбудзецца што-н.) — Брыгадзір наш у праўленне пайшоў, a я… Пры ім жа і не падумай адлучыцца. Ні за што не адпусціць! (Я. Каршукоў Усмешка).

Поделиться с друзьями: