ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Не тут кажучы (казана). Уласна бел. Прабачце за неэтычнае, непрыемнае паведамленне, выказванне. Трэба было і Міхаську вывезці на сапраўдны лясны прастор: усю зіму, не тут кажучы, абсядалi яго хваробы (С. Александровіч. Сейбіт песні і мудрасці).

Узнікненне фразеалагізма, на думку А. Я. Багдановіча, звязана з былым павер’ем у магічную сілу слова. Каб яно не пашкодзіла, калі кажуць пра што-н. непрыемнае, папярэдне агаворваюцца гэтым выразам.

Не тут тое было. Відаць, калька з франц. м. (in n’en fut rien). Дарэмна; не тое, на што хто-н. разлічваў (пра неапраўданыя надзеі, разлікі). Ворагі спадзяваліся, што ў гэтым глухім, на іх думку, гарадку муха не асмеліцца загусці ў прысутнасці „салдата фюрэра“, Ды не тут тое было (Вожык. 1985. № 4).

Не ў свае сані садзіцца (сесці). Агульны для ўсходнесл. м. Брацца не за сваю справу, не за тое, на што здольны. Гэты не з тых… упарты… Хоць не ў свае сані сеў, але трымаецца моцна (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Узнік з прыказкі Не ў свае сані не садзіся; з адмоўнай канструкцыі, структурна арганізаванай як абагульнена-асабовы сказ, атрымалася сцвярджальнае словазлучэнне незамкнёнай структуры і шырокага дыяпазону спалучальнасці.

Не ў сваёй талерцы. У бел. мову фразеалагізм прыйшоў з руск., дзе ён з'яўляецца недакладнай калькай франц. выразу en dehors de son assiette. Апошняе слова гэтага выразу ў франц. мове мае шэсць значэнняў, y тым ліку ‘пасадка (на кані)’ і ‘талерка’. Пры перакладзе на руск. м. зблыталі гэтыя два значэнні, і замест не ў сваёй пасадцы атрымалася не ў сваёй талерцы.

Ужыв. з двума значэннямі: 1) y дрэнным, прыгнечаным настроі, стане (быць), 2) няёмка, нязручна, кепска (адчуваць сябе). Максім Тарасавіч сёння быў не ў сваёй талерцы (М. Машара. Сонца за кратамі). Усё гэта страшэнна абрыдла дзяўчыне, якая адчувала тут сябе не ў сваёй талерцы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Фразеалагізм ужываецца і без не: Ён дастаткова ведаў службы палка, іх функцыі, ролю, адчуваў сябе ў сваёй талерцы (І.Навуменка. Замець жаўталісця).

Не ўсе дома ў каго. Відаць, паўкалька з польск. м. (nie wszyscy w domu). Хто-н. прыдуркаваты, ненармальны. [Якім: ] A ці нікога няма? [Паўлінка: ] Ой, ой, памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат (Я. Купала. Паўлінка).

У некаторых працах па ўкр. фразеалогіі сцвярджаецца, што фразеалагізм не всі дома склаўся ў выніку скарачэння прыказак Не всі дома — половина поіхали; У нього не всі дома — поіхали по курай. Аднак тое, што пададзеныя тут кантэксты не першасныя, не зыходныя, a другасныя, пашыраныя шляхам нарашчэння, пацвярджаецца такім моўным фактам, як фіксацыя гэтага выразу менавіта ў кароткай форме ў польскіх помніках яшчэ ў XVI ст. (у форме nie ws2ycsy w domu). Адсюль можна меркаваць, што бел. не ўсе дома (параўн. руск. не все дома, чэшск. nemit usech domа) — паўкалька з польск. м. Магчыма, напачатку кампаненты w domu асацыіраваліся са спалучэннем y галаве (у якой „не ўсё ў парадку“).

Не фунт ізюму <каму>. Запазыч. з руск. м. Не дробязь, не пусцяковіна; справа сур’ёзная. —A вы што робіце? — Што я раблю? Ого-го! Важную дзяржаўную справу, пане мой! Сталыпінскія хутарочкіГэта не фунт ізюму… (М. Гарэцкі. Меланхолік).

Фразеалагізм можна лічыць матываваным, калі мець на ўвазе, што ўстарэлае слова фунт абазначае даўнейшую меру вагі, роўную 409,5 г, якая існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы.

Не цяпер дык у чацвер. Агульны для бел. і ўкр. (не теперь то в четвер) м. Калі-небудзь, y бліжэйшым будучым і абавязкова (будзе што-н.). Калі становішча абвострыцца, не раю марудзіць. Не цяпер дык у чацвер прыйдзецца брацца за зброю (Р. Няхай. Туман над стэпам).

Утвораны па мадэлі з сэнсава тоесным фразеалагізмам не сённязаўтра (гл.). У аснове выразу — прыём антытэзы. Выкарыстанне слова чацвер (а не назвы якога-н. іншага дня) абумоўлена рыфмай.

Ні a ні бэ. Уласна бел. Зусім нічога (не ведаць, не разумець). Яго, малечу, — адзін нос тарчыць за партай, — ставяць у прыклад семнаццацігадовым дзецюкам, якія — аж смешна — ні a ні бэ ў навуцы (В. Мыслівец. Задняпроўцы).

Узкік па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні бэ ні мэ <ні кукарэку> з запаўненнем структурнай схемы назвамі першых літар алфавіта.

Ні бельмеса не ведаць, не разумець. Запазыч. з руск. м. Зусім нічога. Адразу [Рыгор] гаварыў па-свойму, але бачыць, што гэты немец ні бельмеса не разумее з яго гаворкі, і хочаш не хочаш, a давялося ламаць язык на чужы лад (Я. Лецка. Па цаліку).

Утвораны на ўзор прыслоўяў ніколькі, нічуць з выкарыстаннем татарскага бельмес ‘ён не разумее’.

Ні богу свечка ні чорту качарга. Відаць, недакладная паўкалька з польск. м. Пасрэдны чалавек, які нічым не вызначаецца. Э-э, напарнік мне: ні богу свечка ні чорту качарга (Л. Калодзежны. Ішоў чалавек).

У польск. м. фразеалагізм ужываўся ўжо ў XVI ст. і фіксуецца ў форме апі Bogu 'swieczki ni diablu ozoga (літаральна „ні богу свечка ні чорту галавешка“); ён пабудаваны на супрацьпастаўленні Бога і чорта і іх крыніц святла — свечкі і галавешкі. Слова oz'og y польск. м. абазначае і ‘галавешка’, і ‘качарга’, таму пры калькаванні, відаць, адбылася падмена аднаго значэння другім. Дарэчы, y „Зборніку беларускіх прыказак“ І.І.Насовіча выраз занатаваны ў форме ні богу свечка ні чорту галавешка.

Нібы аршын праглынуўшы. Гл. як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы.

Нібы на карове сядло. Гл. як (нібы, бы) на карове сядло.

<Нібы> па шчупаковым загадзе. Паўкалька з руск. м. (по щучьему велению). Самым нечаканым спосабам, цудам, без чыёй-н. падтрымкі, дапамогі. На нейкую хвілю заплюшчыў вочы і ўявіў: робіцца ўсё — нібы па шчупаковым загадзе (ЛіМ. 11.01.1980).

Поделиться с друзьями: