ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Генетычна ў гэтым выразе можна бачыць гіпербалічнае прысягненне ўласным жыццём. Параўн.: «Сумленнем кляўся чыстым ён, жыццём ён кляўся чыстым…» (А. Бялевіч). У форме ні в жисть выраз сустракаецца ў некаторых укр. гаворках; гл.: Ужченко В., Ужченко Д. Фразеологічний словник. — Луганск, 2002. С. 99.

Ні ў зуб нагой. Запазыч. з руск. м. Зусім нічога не разумець, не ведаць. Дзе там было навучыцца. Бэкаем [па-англійску], чытаючы, збольшага, a каб перакласці з прачытанага ці самому што якое сказаць па-іхняму — ні ў зуб нагой (Я. Васілёнак. Сітуацыя).

Паходзіць са школьнага арго. Фразеалагізм перажыў трансфармацыю: скарачэнне і замену аднаго кампанента іншым. Яго першапачатковая форма — нй в зуб толкнуть не смыслит. У сярэдзіне XIX ст. паралельна з поўнай формай ужывалася скарочаная, напрыклад y М. Памялоўскага: «Ученики, как говорится в бурсе, ни в зуб толкнуть». Затым адбылася замена дзеяслоўнага кампанента толкнуть кантэкстуальна блізкім назоўнікам ногой.

Ні ў кола ні ў мяла. Уласна бел. Няўмелы, няздатны чалавек. Людзі і па-людску жыць хочуць. Што яны, цётачка, вінаваты, што старшыні ні ў кола ні ў мяла?.. (М. Клебановіч. Заручыны).

І.Насовіч тлумачыць гэты выраз так: «кажуць з прыкрасцю пра такога чалавека, які ў сям’і мала здатны да гаспадарчых работ». У абагульненым сэнсе гэта выказваецца праз назоўнікавыя кампаненты, якія (на ўзроўні слоў) даўней, паводле «Слоўніка…» І.Насовіча, абазначалі: кола — ‘млынавое кола’, a мяла — ‘мяліца, мялка, на якой лён або пяньку мнуць’.

Ні ўцяць ні ўзяць. Уласна бел. Абсалютна нічога (няма есці). Ты ж ажэнішся ды будзе ўсяго ставаць, дык і прывыкнеш і палюбіш, a як не будзе ні ўцяць ні ўзяць, дык любошчы твае пойдуць марна… (К. Крапіва. Каровін мужык).

Значэнне кампанента ўцяць y зыходным спалучэнні — ‘адрэзаць’. Вобразнасць рыфмаванага фразеалагізма асэнсоўваецца як ‘ні адрэзаць чаго-н., каб з’есці, ні ўзяць з сабой’.

Ні цэ ні бэ. Уласна бел. Зусім нічога (не ведадь, не разумець). Смяхоцце з чалавека! Не ведае, як той казаў, ні цэ ні бэ, a на каралеўства прэ! (С. Баранавых. Межы).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні бэ ні мэ <ні кукарэку> з запаўненнем структурнай схемы назвамі трэцяй і другой літар лацінскага алфавіта.

Ногі выцягнуць. Агульны для ўсходнесл. (руск. протянуть ноги, укр. витягти ноги) і польск. (wycagna'c nogi) м., абазначае ‘памерці’. У бальніцу я не пайду Пайсці мне ў вашу бальнігцу, значыць, і ногі там выцягнуць (П. Галавач. Праз гады). У бел. і ўкр. мовах фразеалагізм ужываецца і ў форме ногі выпрастаць: A той, што падстрэлены быў Арцёмам, пакуль яго там раздзявалі ды перавязвалі, і ногі выпрастаў (А. Чарнышэвіч. На сажалках).

Этымалагічна гэта «метафара, узятая з жывёльнага свету» (В.У.Вінаградаў): жывёлы перад смерцю, y апошнія секунды жыцця, выпростваюць, выцягваюць ногі.

Ногі кормяць каго. Уласна бел. Чыя-н. плённая праца патрабуе бегатні, амаль сталага знаходжання ў руху. Каб ты ведаў, той чалавек, якогая шукаў па вуліцы Русіянава, прызнаўся ў трох забойствах. Два — y нас, адно — y Расіі. Так што ногі нас кормяць, ногі… (В. Праўдзін. Танцавальны марафон).

Паходзіць з прыказкі Ваўка (воўка) ногі кормяць, якая абазначае ‘каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, a не сядзець на адным месцы’. Супаставім выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці праз параўнальны зварот: «Думалася, цяпер у рэдакцыю яму ўжо ніколі не вярнуцца, журналіста, як любіў і сам жартаваць, як і воўка, ногі кормяць, a якія ў яго цяпер ногі?!» (І.Капыловіч).

Ногі мыць каму, чые і тую ваду піць. Запазыч. з руск. м, Бязмежна дагаджаць каму-н. y знак удзячнасці за што-н. Часцей як абяцанне. — Будзем пані ногі мыць і тую ваду піць, — нізка кланялася пані Даміцэля (Я. Колас. Хатка над балотцам).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. «У Сібіры калісьці быў на першы погляд варварскі, але мудры звычай. У часе сватання нявеста павінна была вымыць ногі жаніху, a пасля выпіць гэту ваду. Толькі ў такім выпадку нявеста лічылася вартай, каб яе ўзялі ў жонкі» (Я.Еўтушэнка).

Ногі на плечы і (ды)… Гл. <браць (узяць)> ногі на плечы і (ды)…

Ногі ў рукі і (ды)… Гл. <браць (узяць)> ногі ў рукі і (ды)…

Нуль увагі каму, на каго, на што. Калька з руск. м. (ноль внимания). Зусім не зважаць на каго-, што-н., абыякава адносіцца да каго-, чаго-н. На супрацьлеглым баку дзеўчынёха вудзіць рыбу. Стройная, маладая, y яркай матросцы… На заляцанні — нуль увагі (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Паходзіць, на думку В.У.Вінаградава, са школьнага жаргону. Тут нуль атаясамліваецца з ніколькі, з поўнай адсутнасцю чаго-н. (увагі). Замацаванню фразеалагізма ў мове садзейнічала яго строга фіксаваная, нязменная марфалагічная форма і пастаянная сінтаксічная функцыя выказніка.

Нялёгкая гоніць (прыгнала) каго. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару прыходзіць, з’яўляецца (выказванне незадавальнення ў сувязі з прыходам нежаданага госця, наведвальніка). [Яніна: ] Ведзьма ідзе… Леснічыха. [Люба: ] Чаго ж яе нялёгкая гоніць сюды? (І.Козел. Папараць-кветка).

Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор ліха гоніць, нячыстая <сіла> гоніць, чорт гоніць і інш. Кампанент нялёгкая, неўжывальны па-за фразеалагізмам як назоўнік, паходзіць ад словазлучэння нялёгкая сіла, г. зн. ‘нячыстая сіла, чорт, д’ябал, ліха’. Гэты кампанент ёсць і ў фразеалагізмах нялёгкая носіць (каго дзе), нялёгкая нясе (каго) і інш. І.Насовіч падае выраз нялёгкая нясець з паясненнем першага кампанента: «г. зн. сіла».

Нясолана хлябаўшы. Запазыч. з руск. м, Нічога не дабіўшыся, ашукаўшыся ў сваіх спадзяваннях. Развітаўся Слімак і пайшоў нясолана хлябаўшы. Усё думаў, гадаў, як жа ён выберацца з усёй гэтай напасці (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Даўней, калі соль была вельмі дарагім прадуктам, бо дастаўлялася здалёку на конях ці валах ды яшчэ абкладвалася высокім падаткам, страву гатавалі несалёнай. A пасля, як садзіліся за стол, гаспадар дзяліў соль. Такі парадак захоўваўся і тады, калі ў дом збіраліся госці. Некаторых, малаважных, часамі гаспадар абмінаў, і яны елі несалёнае.

Поделиться с друзьями: