Гісторыя і міфы
Шрифт:
Дзеля русіфікацыі каланізатары сваіх герояў у беларускага народа адбіралі, а чужых накідвалі. Словам, тое, што дазволена і нават прызначана «старэйшаму брату» (апяваць князёў Ігара, Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, палкаводцаў Суворава, Кутузава, флатаводцаў Ушакова, Нахімава), не дазволена «малодшаму брату» (успамінаць Альгерда, Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага, Яна Хадкевіча, С. Булак-Балаховіча ды іншых). Затое Чапаеву ў Горадні помнік ставіць можна, хоць ён да гэтага горада аніякага дачынення не меў. Дзякуй Богу, што хоць Мяснікову, ворагу адраджэння беларускай дзяржаўнасці, не паспелі паставіць помнік. А месца, дарэчы, у Менску ўжо падрыхтавалі.
Сёння пасля падзення камуністычнага рэжыму ідэя трэцяга Рыма, на жаль, стала яшчэ архаічным рэліктам. Шмат чаго з гэтай ідэі застаецца ва ўжытку. Так, напрыклад, пра што маглі і могуць прачытаць беларусы ў русіфікатарскіх падручніках і акадэмічных шматтомніках і аднатомніку «История БССР»? З аднаго боку, у гэтых выданнях апяваецца класавая барацьба як галоўны матор шляху чалавецтва ад горшых умоваў жыцця да лепшых. З другога боку, прапагандуецца расейскацэнтрычны месіянізм. У святле апошняга Беларусь — і як найбліжэйшы сусед, і як славянскі сусед, і як сусед з падобным да Расеі імем — стала выпрабавальным палігонам, эксперыментальнай лабараторыяй для ажыццяўлення ідэі расейскага месіянства.
А гісторыя Беларусі ў такіх кніжках заўсёды трактавалася толькі з аднаго гледзішча — з гледзішча гісторыі Расеі, параўноўваецца толькі з гісторыяй Расеі, а не з гісторыяй краін, што праходзілі падобны Беларусі шлях гістарычнага развіцця.
Міф надта спрошчана падае мінулае. У ім дзеля спрашчэння прысутнічае мадэрнізацыя гістарычных падзеяў, амаль абавязковае штучнае атаесамленне падзеяў даўніны з сучаснасцю: напрыклад, Івана Жахлівага і ягонага апрычнага тэрору са Сталіным і 37-м годам, Пятра I з ягонымі рэформамі — з Леніным з ягонай рэвалюцыяй, Айчынай вайны 1812 года з Айчыннай вайной 1941–1945 гадоў, планамернага адыходу расейскай арміі за Маскву ў 1812 годзе і незапланаванага адступлення Чырвонай Арміі да Масквы ў 1941 годзе, руху партызанаў з ліку войска ў 1812 годзе і зусім іншага партызанскага руху ў 1941–1944 гадах, паўстанняў сялян у Нямеччыне ў 1525 годзе і сялянскіх войнаў у Расеі ў XVII–XVIII стагоддзях, рэвалюцый 1789–1794 гадах і 1917 года ў розных краінах, Парыжскай Камуны 1871 года і стварэння саветаў у Расеі ў 1905 і 1917 гадах і г. д.
Усё простае і даходлівае заўсёды знаходзіць прыхільнікаў. Але часам, як гаворыць прыказка, «прастата — тая ж дурата». Добрая тая прастата, якая вынікае з разнастайнасці фактаў, але не з наўмыснага спрашчэння.
Чаму ж такі жывучы міф? Паспрабуем звярнуцца да Ф. Гаека, які пісаў: «Лёгка зразумець (і гэта неаднойчы пацвярджалася на вопыце), што ў дысцыплінах, якія непасрэдна займаюцца чалавечым грамадствам, а таму наўпрост закранаюць палітычныя погляды, — напрыклад, у галіне гісторыі, эканомікі ці права, — таталітарны лад не можа дапусціць бескарыслівага імкнення да ісціны, і адзінай задачай гуманітарных навук становіцца пацверджанне афіцыйных поглядаў. Сапраўды, гэтыя дысцыпліны ва ўсіх таталітарных краінах ператварыліся ў фабрыкі афіцыйных міфаў (вылучанамною. — В. Г.), з дапамогай якіх уладары кіруюць розумамі ды імкненнямі сваіх падданых. Нічога дзіўнага ў тым, што ў гэтых галінах ніхто не робіць выгляду, што шукае ісціну, а ўжо што публікаваць і якія дактрыны выкладаць — вызначаюць непасрэдна ўлады» [129].
Вось чаму такі жывучы гістарычны міф.
Яго перадавалі ў надта спрошчаным выглядзе — у падручніках, папулярных кніжках і артыкулах, мастацкіх творах, па радыё, у тэлеперадачах. Гэтым замацоўвалі ў чалавечай памяці.
«Нацыяналістычныя і імперыялістычныя прыхільнікі сустракаюцца значна часцей, чым здаецца», — пісаў Ф. Гаек у сваім «Шляху да рабства». Ён спасылаецца на гісторыка Э. Галеві, які сведчыў, што сацыяліст Бэрнард Шоў заяўляў пад час імперыялістычнай вайны ангельцаў супраць бураў: «…Светам натуральна валодаюць вялікія і моцныя дзяржавы, малым жа лепей не вылазіць са сваіх межаў, інакш іх расціснуць…» [130]
Паводле меркавання французскага культуролага Р. Барта, сярод некалькіх рытарычных фігур міфа існуе «пазбаўленне гісторыі». Гэта значыць, што міф пазбаўляе прадмет, пра які ён апавядае, усялякай гістарычнасці: «Гісторыя ў міфе выпарваецца… Зразумела, ад чаго дапамагае пазбавіцца гэтая ўдалая рытарычная фігура: ад дэтэрмінізму і ад свабоды. Нішто не вытвараецца, нішто не абіраецца. Застаецца толькі валодаць гэтымі новенькімі рэчамі, у якіх няма ні найменшага следа іхнага паходжання ці адбору. Гэтае цудоўнае выпарэнне ёсць адна з формаў канцэпту… «безадказнасці чалавека». [131]
Р. Барт піша: «Таму яшчэ жывучы міф, што ён знішчае складанасць чалавечых учынкаў, надае ім прастату сутнасцяў і элімінуе ўсялякую дыялектыку, перапыняе ўсялякія спробы пранікнуць на той бок непасрэднага назіранага, ён стварае свет без супярэчнасцяў, бо ў ім няма глыбіні, і размяшчае яго перад нашым зрокам ва ўсёй ягонай відавочнасці, ціхамірнай яснасці, здаецца, што рэчы азначаюць нешта самі па сабе».
Навуковец падкрэслівае, што міф аддае перавагу карыстанню беднымі, няпоўнымі вобразамі.
Адсюль робіцца выснова: «Міф ёсць найбольш выніковым сродкам утрымання існага парадку, найбольш пэўным сродкам дысцыплінавання масаў» [132].
Так, сапраўды. Калі беларускае насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі прывучылі да ідэі непарушнай сувязі беларусаў з Расеяй і абавязковасці класавай барацьбы за гэтую непарушнасць, імі можна кіраваць у былым напрамку і працягваць паспяхова адвучваць ад сваёй мовы, сваёй гісторыі, сваёй культуры і ўвогуле ад усяго свайго.
Мы бачым, як старыя міфы ў гісторыі былі паспяхова рэанімаваныя бальшавіцкімі ідэолагамі.
А што такое ідэалогія ўвогуле? На гэтым пытанні варта запыніцца, бо нам увесь час дзяўблі, што гэта «сукупнасць ідэяў і поглядаў, якія адлюстроўваюць у тэарэтычнай сістэматызаванай форме стаўленне людзей да навакольнай рэчаіснасці і адзін да аднаго і якія служаць замацаванню і развіццю гэтага стаўлення» [133].
Але існуе і іншае, супрацьлеглае гэтаму меркаванне, што ідэалогія — гэта фальшывая, ілюзорная, перакручаная свядомасць, якая адарвана ад аб'ектыўных заканамернасцяў і на справе абслугоўвае эгаістычныя інтарэсы асобных сацыяльных групаў, што, як правіла, адыгрываюць рэакцыйную ролю ў грамадска-палітычным працэсе [134].
Паводле меркавання філосафаў А. Пахмёлкіна і Д. Пахмёлкіна, ідэалагізацыя навукі — сведчанне яе стагнацыі, лакейскага перараджэння, яскравая праява антыдэмакратычнай арганізацыі палітычнай улады. Навука і ідэалогія — даволі самастойныя, прынцыпова не зведзеныя адзін да аднаго роўні грамадскай свядомасці.
Для навукоўца найвышэйшая каштоўнасць — ісціна, для ідэолага — карпаратыўныя інтарэсы, якія той адстойвае. Сапраўдная навука ўсё бярэ пад сумнеў, паслядоўная ідэалогія бярэ пад сумнеў тое, што супярэчыць яе зыходным пастулатам. Галоўная для навукі супярэчнасць — між праўдзівым і фальшывым — у ідэалагічным плане трансфармуецца ў супярэчнасць між «карысным» і «шкодным», «сваім» і «чужым». Навука пераконвае фактамі і довадамі, звернутымі да розуму. Ідэалогія ж уздзейнічае на свядомасць людзей, апелюючы да аўтарытэту («партыя ўказала»), карпаратыўнай маралі, урэшце, да сілы і страху («хто не з намі, той супраць нас», «калі вораг не здаецца, яго знішчаюць»).
Вось чаму А. Пахмёлкін і Д. Пахмёлкін лічаць бессэнсоўным гаварыць пра навуковасць якой-небудзь ідэалогіі і ненавуковасць іншай. Кожная ідэалогія абапіраецца на навуку, але толькі ў той ступені, у якой навуковыя веды не супярэчаць яе асноўным ідэалагічным каштоўнасцям.
Кожная ідэалогія дзеля сваёй прыроды мае «прыроджаныя заганы». Да іх ліку належаць аднабаковасць і абмежаванасць, «комплексы непаўнавартасці» і «экспансіянізм», схільнасць да дагматызацыі і перараджэння.
А. і Д. Пахмёлкіны лічаць, што ў ідэалагізаванай свядомасці ўзнікаюць ненатуральныя паняцці: «пралетарскі гуманізм», «рэвалюцыйная законнасць», «сацыялістычны рэалізм», «планава-рынкавая эканоміка». У гэтых словазлучэннях асноўная сэнсавая нагрузка — на прыметнікі, якія фіксуюць непаўніню, урэзанасць азначаных з іх дапамогай назоўнікаў, а то і пераход апошніх у сваю процілегласць, ідэалагічны падыход утылізуе, «выпроствае» працэс спазнання, вырывае і абсалютызуе асобныя бакі грамадскіх супярэчнасцяў.