Гісторыя і міфы
Шрифт:
І гэта трэба было б памятаць тым беларусам, перадусім настаўнікам і выкладчыкам гісторыі, якія сталіся нявольнікамі расейскацэнтрычнай ідэі, страціўшы адчуванне рэальнасці. Менавіта яны прапануюць вучыцца на прыкладзе «Истории государства Российского» Карамзіна і нават увесці яе ў школьныя праграмы. Да гэтага заклікаў, напрыклад, настаўнік Глыбоцкай школы І. Храпавіцкі ў «Настаўніцкай газеце» [119].
Другі прыклад. У газеце «Вечерний Минск» за 7 красавіка 1992 года дацэнт Э. Ліпецкі прапанаваў разглядаць гісторыю Беларусі па-старому, з гледзішча гісторыі Расеі, як яе неадлучнай часткі [120]. Адсюль у яго і Сувораў — «наш» гістарычны персанаж, і ягоныя перамогі — «нашыя» (хоць, як вядома, Сувораў душыў у Беларусі паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, за што яму з царскай ласкі былі перададзеныя ў прыгон беларускія сяляне не Кобрыншчыне). Адсюль у Э. Ліпецкага і цытаванне газетнай палеміцы Карамзіна і С. Салаўёва, іншых расейскіх гісторыкаў аб «нашай краіне» (Расеі) як «нашых гісторыкаў».
Такія настаўнікі і выкладчыкі, выгадаваныя на імперскай гістарыяграфіі, адвучваюць вучняў і студэнтаў ад беларускай гісторыі і прымушаюць іх запамінаць нават другасныя імёны і падзеі з чужой гісторыі, накшталт імёнаў маскоўскіх князёў, удзельнікаў палацавых пераваротаў, дробязяў ваенных паходаў, сялянскіх і казацкіх паўстанняў у Расеі. Пры гэтым вучням і студэнтам адмаўляюць у аналагічных ведах свайго роднага мінулага. Той, хто канчае сярэднюю школу ці ВНУ Беларусі, як правіла, не ведае імёнаў сваіх вялікіх князёў, абставін барацьбы прэтэндэнтаў на вялікакняскі пасад у Вялікім Княстве Літоўскім, імёнаў сваіх палкаводцаў — Давыда Гарадзенскага, Канстанціна Астрожскага, Льва Сапегі, Рыгора Хадкевіча ды іншых.
Калі б навучэнцы ведалі і адных, і другіх персанажаў — і расейскай, і беларускай гісторыі, не было б бяды. Але калі іх пакідаюць у поўным няведанні сваёй гісторыі — гэта не проста недагляд. Гэта свядомая палітыка прымусовай духоўнай асіміляцыі.
Мала таго, варта толькі выступіць супраць такога ненармальнага становішча рэчаў, дык знаходзяцца ягоныя абаронцы. Вось прыклад. Гісторык Анатоль Грыцкевіч выступіў з прапановай падтрымкі канцэпцыі нацыянальнай гісторыі Беларусі [121]. І адразу ў газеце друкуецца адказ на гэта зусім натуральнае патрабаванне пад здзеклівым загалоўкам «История — не гетерочка для политиков» за подпісам кандыдата гістарычных навук В. Сураева, сябра думы Славянскага Сабора «Белая Русь» [122].
У загалоўку артыкула аўтар выступае СУПРАЦЬ выкарыстання гісторыі ў мэтах палітыкі, а ў тэксце артыкула надта агрэсіўна выступае за абавязковы разгляд гісторыі Беларусі ў старым, наскрозь палітызаваным на карысць расейскацэнтрычнаму імперскаму мысленню рэчышчы. У рэчышчы, як ён выказваецца, «гісторыі Айчыны» (прычым гэтай назваю называе не гісторыю Беларусі, у якой працуе, а гісторыю Расеі).
Сам аўтар артыкула з какецтвам піша, што «некоторые сомнения все же точат мою заскорузлую от консерватизма душу» ў той час, калі ён чытаў артыкул А. Грыцкевіча. В. Сураеў, мусіць спадзяецца, што яго кінуцца пераконваць у адваротным. Можа, хто і знойдзецца такі. Але гэта будзе чалавек з ліку тых, хто не здолее ўбачыць на самой справе закарэлых кансерватыўных думак В. Сураева накшталт сцверджання аб існаванні міфічнага «маларускага» народа, чыя гісторыя, як і гісторыя іншых «народаў-братоў» — беларускага і вялікарускага, паводле меркавання В. Сураева, «настолько переплелась, что делить ее на свою и чужую (…) значит, резать по живому». Зразумела, калі ведаць гісторыю ўкраінцаў і беларусаў па наскрозь дагматызаваных савецкіх ці царскіх падручніках, дык не ўбачыш у ёй нічога асобнага ад расейскай гісторыі, бо першая пададзена суцэльна з гледзішча другой.
Даволі дзіўна гучыць вышэйпрыведзенае сцверджанне гісторыка, які піша ў аўтарэфераце сваёй дысертацыі, што яе «теоретической и методологической основой являлись труды классиков марксизма-ленинизма» [123]. Чаму? Ды таму, што тыя ж класікі, на якіх ён спасылаецца ў дысертацыі, выказваліся, як і іншыя правадыры бальшавізму і складальнікі дакументаў ВКП(б) па пытанні аб Украіне, а не Маларосіі, што яе засяляюць не «маларосы», а ўкраінцы.
В. Сураеў прыпісвае свайму апаненту, нібыта той лічыць, што «факты надо подобрать по-новому, а использованные прежде не употреблять». На самой справе той казаў, што «выкладчыкі гісторыі не адышлі ад вядомай ідэалогіі і, яшчэ больш, ад трактоўкі і старога падбору фактаў для лекцый і семінарскіх заняткаў». Бачыце, як вытанчана перакруціў думку А. Грыцкевіча В. Сураеў. Тое-сёе пераставіў — і папрок апаненту гатовы.
В. Сураеву зусім недаспадобы патрабаванне апанента «оторвать изучение истории Беларуси от истории государства, частью которого она являлась». Гэта В. Сураеў лічыць «класічным прыкладам антыгістарызму».
Дзіўна, вельмі дзіўна. Адрывам вывучэння гісторыі краіны ад гісторыі імперыі, часткаю якой тая была, В. Сураеў лічыць толькі адмаўленне ад вывучэння гісторыі Беларусі разам з гісторыяй Расеі. Чаму ж ён сам і ягоныя шматлікія калегі вывучаюць гісторыю сваёй айчыны, якую і толькі якую ён называе «историей Отечества» (Беларусь для яго, зразумела, не айчына) у адрыве ад гісторыі Мангольскай імперыі і Залатой Арды? Ці ж яму не вядома, што тэрыторыя сучаснай Расеі знаходзілася пад мангола-татарскім ігам у складзе імперыі заваёўнікаў 240 гадоў. Гэта крыху большы тэрмін, чым знаходжанне Беларусі пад ігам Расейскай (пазней Савецкай) імперыі. Але тое, што В. Сураеў патрабуе ад іншых, згодна з ягонай бальшавіцкай маральнасцю, да сябе ён не прымяркоўвае.
У святле згаданага вышэй ужо не здзіўляе неўспрыняцце законнага патрабавання ягонага апанента А. Грыцкевіча стварыць нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі, такую, якая, напрыклад, стагоддзямі існуе ў Расеі. Сам В. Сураеў, робячы выгляд, што гэткай у Расеі няма, актыўна адстойвае яе, хоць для недасведчаных сцвярджае, нібыта «концепция не может быть белорусской, турецкой, русской и китайской, но только научной либо ненаучной». Вельмі цікава! Сваю канцэпцыю бальшавіцкі гісторык, вядома, лічыць сама навуковай, хоць яна — тыповая вялікадзяржаўная расейская.
Зразумела, паняцце «Отечество» выкладчык вайскова-палітычнай навучальні ў Менску В. Сураеў лічыць «понятием святым и вечным». Даволі метафізічнае меркаванне для шчырага паслядоўніка Маркса і Леніна. Згодна з марксісцкай і ленінскай тэорыяй, у пралетарыя няма айчыны, вечных і святых паняццяў не існуе, бо яны маюць свой абмежаваны сэнс. Каму ж гэта не вядома? Ці не той жа Ленін дыялектычна спачатку выступаў супраць манархічна-клерыкальнай трактоўкі паняцця сваёй айчыны ў часы Першай сусветнай вайны, але потым выступаў за іншае, сацыялістычнае яе паняцце. В. Сураеў не можа не ведаць гэтага, бо ягоная дысертацыя якраз прысвечана доказу вялікага ўплыву бальшавіцкай ідэалогіі на салдатаў Заходняга фронту ў гэты час. Дзіўна чуць такое ад гісторыка Першай сусветнай вайны. Асабліва калі В. Сураеў лічыць, што «считать, что до 1991 года (стыль аўтара захоўваю. — В. Г.) было одно Отечество — плохое, а после провозглашения суверенитета появилось другое — хорошее, кощунство».
Па-першае, менавіта гэта сцвярджалі (толькі беручы не 1991, а 1917 год, як пункт адліку) тыя класікі марксізму-ленінізму, у духу якіх В. Сураеў абараняў сваю дысертацыю.
Па-другое, пра якое «Отечество» В. Сураеў гаворыць? Калі пра Расею — то гэта ягоная асабістая справа. Калі ж пра Беларусь, у якой ён жыве і працуе, то пры чым тут «появление другого (Отечества) — хорошего»? Хутчэй за ўсё аўтар проста не разумее, што Беларусь не «появлялась ані ў 1991 годзе, ані ў 1919 годзе (як сцвярджалі семдзесят гадоў ягоныя калегі — гісторыкі партыі), а існавала як дзяржава стагоддзямі да таго, пакуль яе існаванне не было перапыненае агрэсіяй чужой дзяржавы, якое ягоны аўтарытэт Ул. Ленін характарызаваў так:
«Курляндыю і Польшчу (маецца на ўвазе Рэч Паспалітая. — В. Г.) яны разам дзялілі, гэтыя тры каранаваныя разбойнікі (расейскі, прускі і аўстрыйскі манархі. — В. Г.). Яны дзялілі сто гадоў, яны рэзалі па жывым. І расейскі разбойнік урваў болей таму, што быў тады мацнейшы» [124].
І далей у В. Сураева не абышлося без перакручванняў тэксту свайго апанента. А. Грыцкевіч прывёў прыклад імперскага мыслення аднаго беларускага чытача, у якога камуністычная прапаганда і сістэма адукацыі сфармавалі комплекс падданага імперыі. Гэты чытач надта абураўся з нагоды таго, што «наш» (!?) урад збіраецца аддаць Японіі паўднёвыя Курыльскія выспы. «Наш» — гэта значыцца расейскі ўрад Ельцына-Гайдара. А В. Сураеў падносіць гэтыя словы, нібыта, маўляў, беларускі чытач перажывае не за «ўрад», а за «братский русский народ».
Для прыхільніка «единонеделимой» імперыі магчымасць страціць чужыя, захопленыя паўстагоддзя таму выспы ўяўляецца гістарычнай катастрофаю. Тыя ж, хто гэтага не прызнаюць, здаюцца яму хворымі на «историческое беспамятство». Сапраўды, лекар, вылечыся сам! Вылечыся ад сапраўднага гістарычнага беспамяцтва, а дакладней кажучы, ад гістарычнай няведы. Ды не абвінавачвай іншых у тым, на што хварэеш сам.
У гістарычную памяць такіх, як В. Сураеў, уваходзіць усё, што добра для імперскай дактрыны. Атрымліваецца якраз так, як у персанажа з аповесці Г. Сянкевіча «У пустыні і пушчы» цемнаскурага Калі: