Гісторыя і міфы
Шрифт:
Может быть, соблазн такого самообожествления есть у каждого народа, но у русских он исключительно велик…» [110]
З расейскім месіянізмам беспасярэдне мяжуюць уяўленні пра славянскае братэрства і праваслаўную агульнасць, якія дасталіся ў спадчыну ад славянафілаў ды іхных нашчадкаў панславістаў. Гэтыя братэрства і агульнасць лічацца прыярытэтнай асноваю для знаходжання Расеяй гістарычных хаўруснікаў.
Але забываюцца на тое, што гэтыя канцэпцыі ад пачатку былі ў многім ілюзорнымі. Варта толькі прыгадаць войны 1794, 1830–1831, паўстанне 1863–1864 гадоў супраць царызму, супраціў беларусаў і ўкраінцаў савецкай уладзе, якая ішла з Масквы, крывавыя сутыкненні паміж паўднёвымі славянамі даўней і цяпер, войны між Балгарыяй і Расеяй у ХХ ст. Сёння гэтыя ўяўленні — архаічныя і практычна непрыдатныя.
У былой Паўднёваславіі менавіта славяне, якія размаўляюць нярэдка адной моваю, займаліся самазнішчэннем. У былой Чэхаславаччыне народы з падобнымі мовамі і адною вераю разышліся на нашых вачах. Пасля абвешчання незалежнасці Ўкраіны і правядзення ёю палітыкі актыўнага дыстанцыявання ад Расеі размовы аб славянскім братэрстве набываюць іррэальны характар. У Балгарыі, дзе, здавалася, славянафільскія настроі мелі найглыбейшыя карані, характар святкаванняў апошніх дзён славянскай пісьменнасці і культуры ў Расеі выклікаў, паводле звестак балгарскага друку, насцярожанае стаўленне афіцыйных колаў, якія справядліва асцерагаюцца адраджэння неаславізму.
Не менш супярэчлівы пры ўважлівейшым разглядзе і выбар праваслаўнай агульнасці як арыентыра для замежнай палітыкі Расеі. Калі сімпатыі да адзінаверных сербаў павінны дыктаваць безумоўную падтрымку Сербіі, то які выбар трэба зрабіць у супрацьстаянні праваслаўных македонцаў і праваслаўных грэкаў? Куды знікае пачуццё рэлігійнай агульнасці, калі справа заходзіць аб праваслаўных румынах, малдаванах, грузінах? [111]
Вяртаючыся да прыгаданых вышэй цытат з расейскіх класікаў, прашу чытача паверыць мне, што яны не выдраныя з кантэксту.
Іх могуць узяць на ўзбраенне і сябры Ўсебеларускага (хутчэй «Расейскага») Славянскага Сабора, і прадстаўнік Расейскага нацыянальнага аб'яднання ў Беларусі П. Сяргееў, які падпісаўся пад заяваю Каардынацыйнага савета нацыянальных аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь (што надрукавана ў «Народнай газеце» за 4 красавіка 1992 г.).
Ён падпісаўся пад скаргаю на тое, што «в Республике Беларусь по-прежнему продолжает действовать система национального неравенства, унаследованного от прежних, тоталитарных коммунистических режимов». (Цікава, дарэчы, што гэтых рэжымаў у Беларусі было больш за адзін; хоць і аднаго, здаецца, болей чым дастаткова.) Далей сказана, што «национальные меньшинства лишены доступа к средствам массовой информации, они не могут слушать передачи по радио и смотреть телевидение на родном языке».
Вось гэтае месца ў заяве мне спадабалася больш за ўсё. П. Сяргееў піша такое пра Беларусь, дзе АМАЛЬ УСЕ сродкі масавай інфармацыі на расейскай мове. І выходзіць, што не беларусы, а расейская нацыянальная меншыня пазбаўлена доступу да гэтых сродкаў, не можа слухаць перадачы па радыё і глядзець тэлеперадачы на роднай мове?
Так, нездарма А. Керэнскі пісаў пра Леніна ды іншых бальшавікоў, што «ёсць найвышэйшая форма хлусні, якая ўжо адной сваёй празмернасцю імпануе людзям незалежна ад іхнага інтэлектуальнага роўню. Ёсць нейкі псіхалагічны закон, згодна з якім чым больш жудасная хлусня, тым ахвотней ёй вераць» [112].
Гісторык А. Галкін, які вывучаў феномен нацысцкай прапаганды, сведчыць, што тая мела такую асаблівасць, як хлуслівасць, узведзеную ў сістэму: «Гебельс не раз казаў сваім падначаленым, што выдумка заўсёды па-прапагандысцку карыснейшая, бо яе значна лягчэй прыстасаваць да патрэбаў дня, што яе частае паўтарэнне надае ёй большую верагоднасць, што чым маштабнейшая хлусня, тым больш шанцаў на тое, што ёй павераць. Ён лічыў таксама, што шкода ад выкрыцця прапагандысцкай хлусні не такая ўжо й вялікая, бо ёй заўсёды можна знайсці верагоднае тлумачэнне, і ва ўсялякім разе меншая, чым карысць, якую яна можа прынесці» [113].
Да чаго ж у нас легкаверны народ! Да чаго ж даверлівы! Семдзесят гадоў яго падманвалі. Абяцалі ў 1918 годзе, што тыя, каму тады было 10–15 гадоў, будуць жыць пры камунізме. Паверылі. Абяцалі ў 1960-х гадах пабудаваць за дваццаць гадоў камунізм. Паверылі. Абяцалі да 2000 года забяспечыць усіх асобнымі кватэрамі. Паверылі. Абяцалі выканаць Харчовую праграму. Паверылі. Верылі ў светлую будучыню, у «ззяючыя вяршыні», у тое, што мы самыя разумныя і перадавыя, што мы авангард усяго міралюбнага чалавецтва… Здаецца, ці не пара стаць недаверлівымі? Але не: я ўпэўнены, што і сам П. Сяргееў паверыў у тое, пад чым падпісаўся. І знойдуцца чытачы, якія павераць. Бо ў «Народнай» жа газеце надрукавана!
І гэта бессаромна сцвярджаецца ў той час, калі ўсе, хто мае вочы і вушы, ведаюць, што менавіта расейская меншыня ў Беларусі разам з іншымі мяншынямі і з беларускай бальшынёю чытае газеты, слухае радыё, глядзіць тэлебачанне пераважна на расейскай, а не на якай іншай мове. Калі хто пры гэтым зазнае дыскрымінацыю, дык гэта перадусім беларуская бальшыня, добра адлучаная ад роднай мовы ў сродках інфармацыі.
Урэшце, нездарма кажуць, што паслужлівы мядзведзь (у Крылова сказана ямчэй) небяспечнейшы за ворага. Сапраўды, найгоршы вораг свайго народа — ультрапатрыёты, падобныя да асобы, што ад імя расейскай меншыні падпісала заяву. Бо гэткая мядзведжая паслуга, якую яна робіць расейцам у Беларусі, - правакацыйная. Яна можа залішні раз звярнуць увагу грамадскасці на перакуленыя дагары нагамі стасункі — сапраўдныя, а не ўяўныя — моваў у сродках інфармацыі і падштурхнуць улады (у тым выпадку, калі яны будуць па-сапраўднаму клапаціцца аб справядлівым развязанні пытання) хутчэй выправіць дэфармаваныя стасункі моваў у СМІ на карысць беларушчыны.
Шкада толькі, што пад зваротам, у якім падаецца бессаромнае перакручванне ісціны, паставілі свае подпісы прадстаўнікі іншых нацыянальных аб'яднанняў, апроч расейскага, што іх, хочацца верыць, знарок уцягнулі ў гэтую брудную справу.
Трэба было б пры гэтым падумаць, чаму Беларусь сёння застаецца бастыёнам стабільнасці, тым часам як карычневыя хвалі бунту захлістваюць Расею, калі на плошчы Пецярбурга і Масквы рынуліся натоўпы ў кумачах і партрэтах, люмпэн-патрыёты патрабуюць распяць дэмакратыю.
Здаецца, не ў Рэспубліцы Беларусь выходзіць ажно семдзесят антысеміцкіх газет і часопісаў, не ў ёй шавіністы штурмуюць ці пікетуюць тэлецэнтры з юдажэрнымі плакатамі ў руках, не ў сталіцы Беларусі паляць чучала прэзідэнта суседняй краіны Краўчука, як гэта рабілі неанацысты на Дварцовай плошчы ў Пецярбурзе, не ў Менску збіраюцца «Русская партия», «Русское объединенное движение», якія патрабуюць чыста расейскага ўрада, установаў і г. д., не ў гэтай сталіцы, а на Неўскім праспекце ля Гасцінага Двара — наўскасяк ад Нацыянальнай бібліятэкі ўжо каторы год спакойна стаіць плот з антысеміцкімі лозунгамі і газетамі, ля якога свабодна прадаюцца «Майн Камп» і «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», якія служылі абгрунтаваннем Халакосту ў Эўропе.
Дык дзе адбываецца шальмаванне нацыянальных мяншыняў, якое не пераследуецца па законе: у Беларусі ці ў Расеі?
Вяртаючыся да тэмы расейскага месіянізму, можна адзначыць, што нават у рознабаковай філасофскай думцы пачатку нашага стагоддзя выразна прасочваецца агульны вектар, у якім сыходзіліся розныя кірункі месіяністычнай думкі. Маю на ўвазе непарушныя вялікадзяржаўныя імперскія пастулаты, непарушную веру ў планетарнае пакліканне Расеі. Гэта датычыцца нават паслядоўнікаў выбітнага філосафа другой паловы ХIХ стагоддзя У. Салаўёва (айцец С. Булгакаў), і пачынальнікаў хрысціянскага экзістэнцыялізму (М. Бярдзяеў, Л. Шэстаў), і пісьменнікаў, што закраналі багаслоўскія тэмы (Д. Мерыжкоўскі, А. Белы), і «эўразійцаў» (М. Трубяцкой, Л. Карсавін).