Гандлярка і паэт
Шрифт:
Пасля, калі іх абагнаў грузавік, схамянуўся, сеў на ранейшае месца, побач з Вольгай, зрабіўся сур’ёзны, нясмела абняў яе за плечы.
Вольга перасмыкнулася, сцялася, бо здалося, што да яе пацягнулася рука мерцвяка, зрабілася агідна ад Друцькавай блізкасці, ад пары, што вырывалася з яго рота.
— А ведаеш, Вольга, я не дзеля жарту сказаў пра жаніцьбу. Я праўда хачу жаніцца. I ты падабаешся мне. Выходзь за мяне замуж. Мне цяпер во як патрэбна такая жонка, як ты. Каб такая гаспадыня.
«Не ведаеш ты, якая нявеста цябе чакае», — падумала Вольга з нянавісцю, але і са страхам, зусім незнаёмым — пэўна, ад такон цеснай сувязі з асуджаным.
Сказала з папрокам:
— Што гэта ты чаўпеш, Хведар? У мяне муж на фронце.
— Не вернецца твой франтавік. Хіба толькі, калі не будзе дурнем, пяройдзе да немцаў. Калі сам здасца, то адпусцяць.
З большым смугкам, чым калі раней, з болем і нават з адчуваннем сваёй віны перад ім, што з’яўлялася рэдка, Вольга падумала пра мужа, але тут жа парадавалася сваёй упэўненасці, што Адась ніколі не здасца ў палон, не здрадзіць, не зганьбіць свайго імя.
«Ён вернецца! А вось ты не вернешся!» — падумала ўжо з адной нянавісцю да Друцькі. А ён, не шкадуючы фарбаў, маляваў, як бы яны жылі, каб яна згадзілася стаць яго жонкай.
Вольга слухала адным вухам. Яна думала пра свой план. Яшчэ ўчора ўвечары, калі абдумвала ўсё да драбніц, каторы раз, план гэты здаваўся бездакорным.
Яна вельмі спалохалася, каб прыгавор Друцьку выканаў Саша, можа, таму, што сам ён прызнаўся, як цяжка яму гэта — забіць знаёмага чалавека. Разумела, што рызыка намнога павялічваецца, калі няма ўпэўненасці, для Сашы гэта можа скончыцца правалам, смерцю. Тады ж, у тую ноч, рашыла памагчы яму, хоць ён і пярэчыў, узяць сабе гэтае заданне. Доўга думала, як ажыццявіць прысуд? Забіць самой? Адчувала, што не здолее зрабіць гэта. I надумала: праз Сіўца здаць Друцьку партызанам, няхай яны пакараюць; там, у лесе, гэта сапраўды будзе кара, па ўсіх законах, а не забойства з-за вугла. Гэта сумленна перад таварышамі і, здавалася, проста. Сівец пацвердзіць. Яе могуць упікнуць, палаяць за анархічнасць, як называе гэта Захар Пятровіч, але не перастануць давяраць. А ў анархічнасці стары папракаў нават Андрэя, якога яна лічыла камандзірам усёй групы.
Чаму ж раптам толькі сёння, калі ад’ехалі ўжо, з’явілася сумненне, што яна робіць не тое, што трэба? Збянтэжыў выпадак з кажухом? Не, пры чым тут кажух!
Яна думала, як пасгавіцца да яе задумы Сівец. Немалады ўжо чалавек. Жонка. Дачка. Вёска. Суседзі побач. Гарнізона, праўда, у вёсцы няма, але ўсё ж… Ці захоча Сівец брацца за такую справу — здаць паліцая партызанам? Хутчэй за ўсё, што не.
Друцька спяшаецца, мяркуе, безумоўна, да ночы даехаць да свайго Чэрвеньскага раёна, дзень ужо не кароткі, канец лютага. Угаварыць яго паначаваць у Сіўца яна ўгаворыць. Але ці блізка яны, партызаны, каб Сівец мог паспець за ноч прывесці іх? Ды яшчэ невядома, як самі партызаны паставяцца да гэтага? Могуць сказаць: вы там, у горадзе, асудзілі, вы і карайце. Каму гэта хочацца браць на душу расстрэл чалавека? Яна ж не захацела, каб гэта зрабіў Саша. I Саша пакутаваў ад такога задання.
Супакойвала сябе: калі не выйдзе, як задумала, нічога ж асаблівага не здарыцца, ад кары Друцька не ўратуецца, бо вернуцца ж яны назад у Мінск праз якія тры дні. I паездка будзе недарэмная — партызаны атрымаюць гранаты. А калі вернуцца, яна прыдумае нешта іншае. Не, тады яна ва ўсім прызнаецца Захару Пятровічу, параіцца з ім. Дарэмна пабаялася, што ён перашкодзіць здзейсніць яе задуму, стары добры, разважлівы, зразумеў бы яе, зразумеў бы Сашу і нешта прыдумаў бы абавязкова, можа, ухваліў бы яе план, але, напэўна, дадаў бы нешта такое, што засцерагала б ад памылкі. Даў жа дазвол, каб яна заехала да Сіўца з паліцаем, завезла гранаты.
А калі ўсё адбудзецца па яе плану, яна яшчэ перад вясковай паліцыяй падыме лямант: перанялі на дарозе бандыты, забралі і каня, і Хведара Друцьку. Шукайце! Ратуйце! Памажыце! Няхай шукаюць ветру ў полі.
Перасекшы Магілёўскую шашу, павярнулі ў Новы Двор. Ехалі па полі. Туман не рассейваўся, і наваколле ахутвала белая каламуць. Паганы туман, у ім чалавек замярзае горш, чым у моцны мароз: Вользе ў кажусе было холадна. А Друцька застаўся ў адным шынялі. Не вытрымаў, вылаяў-такі свайго «дабрадзея»:
— Забраў кажух, каб яго халера ўзяла. Тылавы пацук нейкі, зараза, інтэндант паршывы. У каго ты канфіскуеш цёплыя рэчы? У сваіх? Каб па-чалавечаму сказаў, я табе воз назбіраў бы гэтых кажухоў.
Друцька перадаў Вользе лейцы, саскочыў з саней. — Ты прагані, а я прабягу, а то да касцей праняло. Узваліўся на сані, моцна задыханы, зноў упаў на яе ногі, прыняў крысо кажуха, як бы жадаючы заглянуць у патаемнае месца.
— Пагрэла б ты мяне.
— Дзе? На снезе? Адмарозіш апошняе, што маеш. Пацярпі да цёплай пасцелі. Да мяккай пасцелькі…
Жартавала, а зубы ляскалі ад брыдкасці і набожнага страху: пяшчоты і жарты са смяротнікам! Грэх, мабыць?
Трэці ці чацвёрты раз Друцька бег за санямі, калі ехалі па лесе. Паабапал дарогі стаялі сосны, пад імі сіратліва гнулася ляшчына. У Вольгі раптам бліснула думка: стаць на калені і шпурнуць насустрач паліцаю, калі ён будзе даганяць, «цацку»: на, лаві, пажартуеш апошні раз. Так проста. Азірнулася. Друцька адстаў далёка. Скінула пальчаткі, выцягнула з-за пазухі гранату, яна была цёплая, быццам усяродку ўжо гарэў смяртэльны агонь. Спалохау яе гэты агонь. А калі ўзарвуцца і тыя, што ў мяшку? Хуценька схавала гранату. Але ўпікнула сябе: «Баязліўка, чыстымі рукамі хочаш ваяваць! Каб брудную работу іншыя рабілі».
За Каралішчавічамі дарога вывела да чыгункі. Яе трэба было перасекчы. Пераезд не ахоўваўся, без шлагбаума, але праходзіў ля самай будкі пуцявога абходчыка, паўз плот агародчыка і паўз глухую сцяну стандартнай чырвонай будыніны. Снег на насыпе сышоў, на чыгунцы раней, чым дзе, адчуваецца надыход вясны. Ад сцягнутага палазамі пяску растаў снег і на адхоне ўз’езда на пуць.
Друцька, руплівы гаспадар, саскочыў з саней, каб даць каню палёгку. Вольга таксама пашкадавала каня, яшчэ здзівілася з сябе: такая непаседа, вяртуха, яна за колькі гадзін ні разу не вылезла з саней, сапраўды як тая баба з байкі, ужо і ногі анямелі. Ды і конь прыпыніўся перад пясчанай дарогай, як бы даючы зразумець, што яму сапраўды-такі цяжка, даўно ўзмакрэў, ажно клочча пены падала з-пад нарытнікаў.
Вольга выбралася з саней. На пуці спынілася, паглядзела на бліскучыя рэйкі, што беглі ў невядомую далеч. Як кожнага чалавека, які няшмат ездзіў, яе вабіла гэтая далеч, з маленства здавалася: там, дзе канчаюцца рэйкі, пачынаецца новая краіна, у якой людзі жывуць зусім інакш, не па-нашаму.
Друцька выпусціў лейцы і пачакаў яе за пераездам.
— Далёка да твайго дзядзькі яшчэ?
— Не, недалёка. Во праедзем Міханавічы, пасля Бардзілаўку, а потым збочым на Пярэжыр.
— Нічога сабе недалёка!
— Не ты ж сані цягнеш. Конь. А лейцамі дык я больш круціла, чым ты. I ніколькі не стамілася. Хочаш, станцаваць магу.
— Ты б інакш павесяліла.
— Дарагой платы ты захацеў.
— Я? Платы? Ад цябе? Наадварот, я цябе хачу азалаціць. Я ж, як бачыш, па-добраму. Сватаюся па ўсіх законах.
У пуцявой будцы ляпнулі дзверы, і малады высокі голас закрычаў:
— Эй, вы! Стойце!
Яны павярнуліся. Да іх ішлі двое: адзін у форме нямецкага салдата, без зброі, другі высокі і худы, у круглых акулярах, у цывільнай напратцы — у доўгім чорным паліто, у шэрай каракулевай шапцы-стаўбуну, якая рабіла яго яшчэ вышэйшым; акулярык гэты на дзве галавы ўзвышаўся над салдатам.