Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Не вытрымала яна, уляпіла Косцю «ляшча». «Барэц, маць тваю! Дурань, мякінай набіты». Дык Косця пасля больш за суткі рота не разяўляў, як анямеў. Ажно Вользе страшна зрабілася, каб гэты дурань чаго-небудзь не выкінуў такога, што пасля не расхлябаеш. I выменьваць нічога не выменьваў, усё прыйшлося рабіць ёй, толькі кайстры з просам і ячменем насіў.

На зваротным шляху начавалі ў Валяр’янах. Косця з гаспадарскім сынам, крыху старэйшым за яго, схадзіў на вячоркі — былі Каляды, наладжваліся гулянкі: у вёсцы няма каменданцкага часу і той напружанасці, што тут, у горадзе, дзе пачынаеш баяцца суседа, з якім пражыў побач усё жыццё.

На другі дзень у дарозе Косцік загаварыў, але ўжо зусім інакш, быццам за ноч хлопца падмянілі, — сур’ёзна, паважліва, нават звярнуўся незвычайна, без ранейшага панібрацгва: «Цётка Вольга, у машыну не лезь — я не палезу… Я, канечне, памагу табе паднесці бліжэй да Мінска нашы торбы, а там ужо, калі ласка, ты як-небудзь сама. Я ў горад не пайду».

Вольга ахнула: во звязалася на сваю галаву, яшчэ такой бяды не хапала!

«А куды ж ты пойдзеш?»

Косцік адказаў не адразу:

«У партызаны пайду».

«Дзе ты іх знойдзеш, дурань?»

«Знайду!» — упэўненасць такая ў адказе, паглядзе, што яна на нейкі момант разгубілася: што рабіць? як паводзіць сябе? Паспрабавала прасіць:

«Косцічак, любенькі, што ж ты робіш са мной? Мяне ж маці твая з’есць, што я не ўпільнавала цябе. I сама памрэ ад гора».

Пазмрачнеў, памаўчаў, толькі прастуджаным носам соп.

«Не памрэ. Не ў адной яе дзеці ваююць».

Машыну Вольга не спыняла — баялася, што Косцік не сядзе, адстане ды яшчэ паводзінамі такімі падазронасць у немцаў выкліча, сярод немцаў розныя бываюць, трапляюцца быццам бы і людзі, а іншыя — што звяры.

Спадзявалася, што перадумае Косцік. Цэлы дзень ішлі па слізкай зімовай дарозе з нялёгкімі кайстрамі. На ўгаворы яе Косцік не адказваў, зноў панура маўчаў. А калі спытаў, колькі вёрст засталося да Мінска, Вольга зразумела, што хлопцава рашэнне непахіснае.

«Дзе ты будзеш шукаць іх, партызан тых?»

«У лесе».

«Па такім снезе? Загінеш, як ягнятка з тае казкі. Ваўкі з’ядуць».

«Ну, ты мяне не палохай. Не на таго натрапіла. У горадзе цяпер горшыя ваўкі».

Да Мінска ім не дайсці, калі на машыну не сядуць, прыйдзецца зноў начаваць. I ў гэтую ноч Косця напэўна знікне, і яна не здолее нават сказаць Бароўскім, куды ён пайшоў, у які лес.

«Хочаш, завяду цябе да партызан?»

Косця ажно спыніўся ад нечаканасці.

«Ты? Ты можаш завесці да партызан?»

«Калі папросіш добра».

«Ох, насмяшыла».

Паваліўся на вал счышчанага з дарогі снегу, задрыгаў нагамі, жадаючы паказаць, як яму смешна ад таго, што яна, камароўская гандлярка, ведае, дзе партызаны, хоць, відно было, смяяцца яму не хацелася, не да смеху было, стомленаму, акалеламу, напоўненаму страхам перад невядомасцю, у якую сабраўся ўступіць. Вольга ўсё разумела, але за блазенства такое пакрыўдзілася.

«Паляжы, паляжы, падрыгай нагамі».

Дагнаў яе сур’ёзны, як бы пасталелы, раптам сцяміў-такі, чарцянё, што не жартам яна сказала пра партызан.

«Прабач, Вольга, за ўсё. Думаеш, хто іншы паверыў бы, што ты звязана з партызанамі? Якая ж ты малайчына! А Ленка… толькі многа гаворыць… быццам нас агітаваць трэба? — а ні чорта не знае. Столькі прасіў яе!»

Хітры жук, ведаў, як раўніва яны ставяцца адна да адной, сястра яго і яна, Вольга.

«Але для гэтага нам трэба пайсці на Рудзенск».

«Ды куды хочаш, на край свету пайду за табой».

Сувязны, Мар’ян Сівец, які і пры Саветах, і цяпер, пры немцах, рабіў на чыгунцы, хоць жыў у вёсцы, быў незадаволены, што яна, без згоды Захара Пятровіча, прывяла такога падлетка, так і сказаў: «Партызанам трэба вайскоўцы, афіцэры Чьірвонай Арміі, а не саплякі, такіх у вёсках поўна, толькі пальцам кіўні ім». Ды, на Косцікава шчасце, высветлілася, што Сівец ведае Лену, сустракаўся з ёю ў Захара Пятровіча: магчыма, Лену рыхтавалі для сувязі з ім, але пасля яна, Вольга, лепш падышла для гэтае ролі.

Да Бароўскіх Вольга не адважвалася ісці, пабаялася, што цяжка будзе растлумачыць старой, куды знік яе сын. Праз суседскага хлапчука паклікала Лену. Лена прыбегла задыханая, пабялелая, як сардэчніца, ускочыла ў дом апантана, з парога закрычала: «Дзе Косцік? Куды ты яго дзела?»

Прыйшлося расказаць ёй праўду. I адбылося ў іх тады вялікае прымірэнне. Абдымаліся, цалаваліся, прасілі адна ў адной прабачэння, кляліся ў вечнай дружбе.

Ёй, Вользе, цяпер як бы спакайней ад таго, што недалёка жыве яшчэ адзін чалавек, школьная сяброўка, якой можна ўсё расказаць, з якой можна параіцца, нічога не хаваючы. Раней неяк пашкадавала, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі, не праз плот, здавалася, што ў такім разе яны ахоўвалі б адзін аднаго. Але цяпер падумала, што наўрад ці варта выстаўляць дружбу з Бароўскімі на людзі. Лепш трымацца воддаль. Бадай, і да Захара Пятровіча не трэба так часта наведвацца. Не, да старога можна. Ён не баіцца за сябе. А вось за яго, за Сашу… Не трэба, відаць, прыходзіць яму сюды нанач, бо радасці ёй ад гэтага мала. Вяртаецца страх, ад якога яна вызвалілася, ва ўсякім разе, па горадзе і ў вёскі хадзіла без страху. I дома спала спакойна. Не трэба ёй гэты страх, бо ён, што ржаўчына, раз’ядае душу, расслабляе волю.

Задумалася так, што не пачула, калі падняўся з ложка Алесь, прыйшоў да яе на кухню. Уздрыганулася, убачыўшы яго перад сабой, быццам ён знянацку захапіў яе за нечым недазволеным, чаго трэба саромецца.

— Чаму ты сядзіш тут?

— Ды так… Не спіцца.

— Чаму табе не спіцца?

— Я спала ўдзень, — зманіла яна непераканаўча, бо ён добра ведаў, што ўдзень яна ніколі не клалася.

— Скора раніца, а ты так і не заснула.

— Не, яспала.

— Не спала ты. Я чуў.

— I ты не спаў? — здзівілася яна. Дагэтуль лічыла, што па дыханні яго чуе, спіць ён ці не спіць; сон у яго заўсёды быў трывожны, як у хлапчука, які за дзень многа набегаўся, меў зашмат уражанняў; сёння ён «спаў» спакойна, нячутна і гэтым увёў яе ў зман.

Вольга і пры тым святле, якое даваў водбліск снегу за акном, убачыла, што ён стаіць босы і ў адной сподняй кашулі.

— Не стой так, падлога халодная. На валёнкі, я нагрэла іх.

— Аты?

— На печы мае сохнуць.

Яна аддала яму старыя бацькоўскія растаптаныя валёнкі, накінула на плечы нагрэты яе целам кажух. Валёнкі яна сапраўды ўзяла свае, маленькія, белыя фетравыя, абула іх. Але некаторы час стаяла ў начной сарочцы.

— Сядай побач. Мы накрыемся адным кажухом.

Узрадаваная, хуценька, што мышка, яна нырнула пад кажух, абняла Алеся, прыціснулася да яго і так замерла на нейкі міг, не то жадаючы зліцца з ім, не то прыслухоўваючыся да ўдараў яго сэрца ці, можа, нават імкнучыся пачуць яго думкі. Потым прыпала вуснамі да яго шчакі, прашаптала жаночае, адвечнае:

— Як хораша з табой.

Але ён не выявіў такой жа пяшчоты, ён быў больш стрыманы, чым калі.

— Што цябе трывожыць, Воля, што ты не спіш?

Яна чуць адсунулася ад яго і на кароткі міг задумалася. Сказаць яму, што яе трывожыць? Сказаць, каб ён не прыходзіў сюды, таму што яна баіцца за яго? Не, сказаць такое — гэта ўсё адно што забіць сваё каханне, сваю адзіную радасць.

— Я думала, як мы будзем жыць, калі скончыцца вайна, — і як бы схамянулася — паправілася: — Як я буду жыць.

Поделиться с друзьями: