Гандлярка і паэт
Шрифт:
— Ты баішся?
— Чаго?
— Таго жыцця?
— О не! — Яна зусім шчыра засмяялася. — Калі я сённяшняга жыцця не баюся, то чаго мне баяцца таго! Я радуюся яму. Я цвёрда рашыла, што буду вучыцца. Як ты раіў. Што б ні здарылася — буду вучыцца. Я ляжала і думала, як буду хадзіць у школу. А пасля — у інстытут… А пасля — зноў у школу, але ўжо настаўніцай, я хачу вучыць дзяцей. — Пасля знаёмства з Янінай Восшаўнай яна думала пра гэта неаднойчы. — Верыш, што я магу стаць настаўніцай?
Алесь з удзячнасцю пацалаваў яе.
— Ты ўмееш хораша марыць, прыгожа.
— Я навучылася ў цябе.
Ён уздыхнуў.
— А я, здаецца, развучыўся. Я так рэдка мару цяпер. Нават чытаць не хочацца. Вершы асабліва. Гэта палохае мяне, Воля. Раней для мяне не было большай радасці, як добрая паэзія. Ты ведаеш, я сам пісаў вершы, лічыў сябе паэтам. I радаваўся — як я радаваўся! — што ўмею гэта, што нешта атрымліваецца ў мяне, што буду мець некалі прафесію, якая будзе радаваць многіх людзей. Са школы мае равеснікі рваліся ў ваенныя вучылішчы. Мне ніколі не хацелася стаць ваенным. Я таксама хацеў стаць настаўнікам і… паэтам. А цяпер… забіваю… Але ведаеш, чаму я не магу заснуць, што мяне непакоіць? Што няздатны я на гэта і не здолею вучыцца… Раблю і пакутую… Я забіў іх трох ужо… немцаў, фашыстаў… Ты помніш, як мяне калаціла пасля таго, першага. А пасяя — нічога, асаблівых пакут не было, так хіба… нервы… Ворагі самі шукалі сваёй смерці, яны прыйшлі, каб забіць цябе, мяне, знішчыць наш народ… Яны лютуюць, расстрэльваюць, вешаюць… Кроў за кроў!
Смерць за смерць! — гэта не словы. Гэта сэнс нашага жыцця цяпер. Яны думалі, што могуць скарыць нас… А ты паглядзі, як узнімаецца народ. Ты сама расказвала, што ў кожнай вёсцы толькі і гавораць што пра партызан. А ці тое яшчэ будзе! Гэта яшчэ кветачкі для гітлераўцаў. Ягадкі яны пабачаць. Мы пакажам яшчэ. Як я гэта разумею! Лепш чым хто разумею: чым больш мы іх знішчаем, тым хутчэй прыйдзе наша перамога. Але знаеш, што са мной здарылася? Я атрымаў заданне… Падпольны камітэт вынес прысуд аднаму здрадніку. Смерць! Я павінен выканаць гэты прысуд. Але знаеш што? Знаеш што? Ты толькі, калі ласка, зразумей, нікому іншаму я пра гэта не расказаў бы, толькі табе… табе я магу расказаць усё. Тыя — немцы, прышэльцы, я іх бачыў толькі ў твар, ды і то здалёк, я не знаю, што яны за людзі. Для мяне яны — не людзі. Яны прыйшлі забіць мяне — я забіў іх. А гэта — наш чалавек. Наш… беларус. Можа, было б прасцей, каб незнаёмы… Ато я знаю яго асабіста. Сядзеў за адным сталом… Разумею, што здраднік горш за любога фашыста. Але ўсё адно… усё адно забіць свайго чалавека мне цяжка. Не магу… Я баюся гэтага задання, Воля. Я не магу прыдумаць: як, дзе, калі… Не сплю другую ноч…
I пад цёплым кажухом яго пачало ліхаманіць, і хваляванне перадалося Вользе. Яна падумала, што здрадзіў нехта з падпольнай групы; ад гэтага зрабілася страшна: а раптам ён назаве імя чалавека, якога і яна ведае, з якім сустракалася, давяраючы яму не толькі адно сваё жыццё. А можа здарыцца яшчэ горшае: яны памыліліся і прысудзілі да смерці невінаватага.
— Хто гэта? — шэптам спытала яна.
— Друцька.
— Дру-уцька? — Вольга адчула пэўную палёгку: не хто-небудзь са сваіх — бобік, але і моцна здзівілася: самы рахманы з паліцаяў і самы ціхі, здавалася, саромеецца сваёй пасады, да яе яўна заляцаецца, але ніколі не нахабнічаў, як іншыя, ласкай і пакорай хоча прывабіць; таму яна не стрымала свайго здзіўлення, сказала: — Такі добры…
— Добры? — Алесь скінуў з плячэй кажух, падняўся, нібы вельмі абураны яе словамі. — Ты не знаеш, што гэта за гад. Ціхі, але хітры, як ліс. Нюхае — што сабака. Прадаваў камуністаў, расстрэльваў яўрэяў з гета… У прыгаворы запісаны ўсе яго чорныя справы.
Вольга прыгадала, як тыдзень назад Друцька быў у яе доме і яна частавала яго, а ён усё дапытваўся, куды знік яе пляменнік. Яна сказала, што паехаў да сябе ў вёску, на Капыльшчыну. А паліцай, калі падвыпіў, яшчэ разы два спытаў: «Дык куды, ты кажаш, ён паехаў? У якую вёску?» А яшчэ сказаў так, нібыта між іншым: «Не капыльская ў яго гаворка. Я пры Саветах усю Міншчыну аб’ездзіў». Тады Вольга не звярнула на гэтыя словы ўвагі, занятая іншым: Друцька прапаноўваў з’ездзіць з ім на яго радзіму, у Чэрвеньскі раён. «На кані паедзем, у вазку, як паны. Са мной не прападзеш. Будзеш выменьваць транты пад надзейнай аховай. Ніхто не прычэпіцца. I выменяеш больш чым дзе, ручаюся. Сястра мая паможа. Людзі ў нас нескупыя».
Прываблівая прапанова. I Вольга думала, шго варта параіцца з Захарам Пятровічам, як выкарыстаць паездку з паліцаем: ехаць жа трэба ў нашу партызанскую зону — так называў той раён стары падпольшчык. Ведала, на што спадзяецца паліцэйскі кот, але не баялася, верыла, што гвалтам браць не будзе, не дайшоў яшчэ чалавек да такога бандытызму, бо каб дайшоў, то даўно паспрабаваў бы гэта зрабіць тут, у яе доме, суседзяў не пабаяўся б, ды і не даклічашся суседзяў, хто цяпер кінецца на крык. А Друцька паводзіў сябе так, што Вольга нават удзячная была яму: ён як бы ахоўваў яе ад іншых паліцаяў і немцаў, іншыя наконт іх, яе і Друцькі, адпускалі салёныя жарты, а яна з хітрай сарамлівасцю падтрымлівала гэтыя жарты, ва ўсякім разе, не аспрэчвала, няхай думаюць, што яна жыве з Друцькам, не будуць чапляцца.
Цяпер, успомніўшы, як Друцька дапытваўся пра Алеся, Вольга адчула, што ёй зрабілася холадна і пад кажухом. Прыгадалася другое: іншыя паліцаі яўна баяліся ціхага Друцьку. Усе ўспаміны, як бы падагульненыя, пацвярджалі, што падпольны камітэт не памыліўся. Не, не бязвіннаму вынеслі прысуд.
Але яна разумела Сашу. Яму, летуценніку, паэту, мяккаму, добраму, належыць зрабіць такое!.. Сапраўды, адна справа — немцы, прышэльцы, акупанты, карнікі, тут вайна — хто каго! Але забіць свайго, ды яшчэ знаёмага…
Яна ўжо ведала, што гэта за людзі, падпольшчыкі. Яны, напэўна, захочуць, каб усё было па закону, недарэмна і прыгавор напісалі, напэўна, перад карай трэба будзе прачытаць яго асуджанаму. Дзе? Як? Калі?
— Ну, прастудзішся ж, — папракнула Алеся такім голасам, быццам толькі гэта і турбавала яе. — Залезь пад кажух.
Ён не паслухаўся, толькі спыніўся перад ёй, і Вользе здалося, што і ў змроку яна ўбачыла, які бледны яго твар — што кашуля.
— Не шкадуй яго, Вольга. Гэта вораг. Страшны. Небяспечны. Для ўсіх нас.
— Я не шкадую. Я памагу табе.
— Не! — рашуча запярэчыў Алесь. — Андрэй супроць таго, каб цябе ўцягвалі ў іншыя справы, акрамя сувязі.
XI
У знаёмага паліцая Вольга спытала на рынку, дзе жыве Друцька. Той гадзіны праз дзве прынёс ёй адрас дадому, каб атрымаць за гэта добрую чарку. Ледзь не сілком выпіхнуўшы п’янаватага паліцая, Вольга пайшла да Друцькі.
Ён жыў на Пралетарскай у трохпавярховым доме. Мела на ўвазе, калі паліцая не будзе дома, пакінуць яму пісьмо — запрасіць да сябе, не сумнявалася, што прыйдзе. Але Друцька сам адчыніў ёй, хоць Вольга не адразу пазнала яго, не адразу нават разабралася, хто перад ёй — мужчына ці баба. У доўгім квяцістым халаце, у чорнай шапачцы, у паласатых піжамных штанах, чалавек гэты быццам бы сышоў у цемнаваты калідор з экрана нямецкай кінакарціны, якую яна нядаўна глядзела: так параіў Захар Пятровіч: каб у кіно яна таксама хадзіла і яму расказвала, што там бачыла.
Пазнала Друцьку — не стрымалася, каб не зарагатаць:
— А-а, Хведарка, каб табе добра было! На каго ты падобны?
Паліцай крыху збянтэжыўся, засаромеўся і нейкі момант як бы раздумваў, ці трэба такую госцю запрашаць у пакой. Але тут жа морда яго расплылася ад спакуслівай ухмылкі, і ён гасцінна пакланіўся, як у кіно, рукамі развёў:
— Прашу, прашу, дарагая госця.
З калідора ўвайшлі ў светлы, з двума вокнамі, пакой, і Вольга спынілася, уражаная. Пакой быў загрувашчаны рэчамі. За ўсё сваё жыццё маці яе і сама Вольга, працуючы, што валы, на гародзе, цягаючы вырашчаны ўраджай на рынак і бясконца купляючы рэчы, адзенне, не накапілі і палавіны таго, што было ў паліцыянтавай кватэры. Два сталы, дзве канапы, мяккія і жорсткія крэслы, камод з чырвонага дрэва, шафа люстраная, лепшая за тую, што стаіць у яе і якой ганарылася старая Ляновічыха. Але больш за ўсё кідаліся ў вочы дываны на сценах, два вялікія персідскія, як называлі, квяцістыя дываны, яна, Вольга, на такія даўно зайздросціла, калі ў каго бачыла, даўно марыла набыць хоць адзін такі.
Тут не пазайздросціла, бо адразу падумала, што ўсё гзта не зароблена сумленнем, а нарабавана, можа, у забітых ім людзей, успомніла, што гаварыў Алесь пра Друцьку, завошта яму вынеслі прысуд. А яшчэ падумала па-свойму, па-камароўску: «Во, хапуга, усё на дармаўшчыну стараецца выпіць і закусіць, а сам гэтулькі дабра нацягаў, такім ужо цялём прыкідваўся».
Яму сказала:
— Ну, Хведар, жывеш ты, як князь!
Ён задаволена засмяяўся:
— А чым мы горшыя за князёў? Буду і я князем. Хочаш, і цябе княгіняй зраблю?