Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

I Вольга адразу ажыла, бо здалося ёй, што сказала свайму кіраўніку самую галоўную праўду, перад якой яе невялічкая мана — дробязь, маладое свавольства перад сталым чалавекам.

— Колькі ты возьмеш?

— Многа, вядома, не возьмеш. Так, каб загарнуць у кофтачкі, у хусткі. У соль пакладу… Дзесятка паўтара хіба… То, можа ж, і гэта хлеб? — спытала яго словамі не вельмі ўпэўнена.

— Канечне ж, хлеб, Волечка, канечне, хлеб. Яны ж перадавалі, што з гранатамі ў іх туга, а ў мяне яны ржавеюць. Во атрымае Віцёк падарачак ад бацькі! — пацёр далоні і радасна засмяяўся, але тут жа асекся, зрабіўся сур’ёзны і зноў насцярожаны. — Чакай. А як жа тут, у горадзе? Падумала? Як іх забраць? Мой дом бобіку лепш не паказваць. Знойдуць самі, але няхай гэта будзе пазней…

— Я іх цяпер забяру.

— Як?

— Насыплю ў кош, а зверху бульбы.

— А каб табе добра было! Насыплю! Так проста! Рызыкоўная ты жанчына, Вольга. А калі спыняць?

— Удзень яны рэдка правяраюць. У мяне дык толькі аднойчы мяшок прымусілі вытрасці.

— Ну, вось бачыш. Не, так нельга. Рызыкаваць табой не маю права. I так трацім многа людзей, — ён зноў уздыхнуў. — Гранаты табе прынясуць.

— Хто?

— Хто-небудзь прынясе.

— Не ўсё адно каму рызыкаваць.

— Не трэба гарачыцца, Волечка. Не трэба гарачыцца. Дай добранька падумаць. Гэта табе не абы-што, са смерцю ў хованкі гуляем.

У Вольгі ёкнула сэрца: перадумаў стары, але не адмаўляе проста, знайшоў прычыну — ніхто гэтых гранат не прынясе; пасля скажа, што «добранька падумаў і — перадумаў».

Але ёй адступаць ужо няма як, трэба ехаць і трэба будзе без яго, Захаркавага, дазволу заехаць да Сіўца… Упарта падумала, што так, можа, нават лепш, менш рызыкі. Няхай пасля караюць яе за самавольства.

Не, не перадумаў Захар Пятровіч. Прайшоўся па прасторнай кухні, стукаючы дзеравяшкай, на печ чамусьці зазірнуў, у вокны паглядзеў, у адно, у другое.

— Запалы возьмеш цяпер, схаваеш далей, куды-небудзь, прабач, у рэйтузы. А гранаты прынясуць.

Выйшаў за дзверы ў недабудаваную палавіну. Вярнуўся з невялікім скруткам, разгарнуў прасмаленую анучу, і Вольга ўбачыла прыгожыя латунныя трубачкі, бліскучыя, новенькія, проста не верылася, што ў такіх цацках — смерць, з імі дзецям бы гуляць.

Захар Пятровіч адлічыў дзесятак, спытаў:

— Хопіць?

— Давайце паўтара.

Уздыхнуў, быццам яму шкада зрабілася гэтых трубачак.

— Усё табе мала. Цяжкі мяшок будзе.

— Не знаю, што тут мала, а што многа. Проста люблю патаргавацца, — Вольга засмяялася.

— Сама ты хоць умееш з імі абыходзіцца? Уставіць запал? Кінуць гранаты?

— Не-эк. Хіба я гранатамі калі гандлявала?

— А каб табе добра было! Во баец! Трэба табе ўмець. Усё можа спатрэбіцца. Я дык усё ўмею. Пашыць боты, змайстраваць раму, пачыніць гадзіннік, разабраць і сабраць нямецкі аўтамат… Хлопцы неяк прынеслі, каб я навучыў карыстацца… вывучыў тэхніку нямецкую. Праўда, за боты ды за рамы, дзіўлюся, як мяне дагэтуль не пабілі заказчыкі. Робяць скідку на маю нагу, — стукнуў пратэзам.

Гаворачы, Захар Пятровіч, не спяшаючыся, зноў паглядзеўшы на вокны, дастаў з-пад ватоўкі, з-за пазухі, «лімонку».

— Во. Глядзі. Во так устаўляем запал. Во так, пад прадахраніцель. А гэта — чака. Карацей кажучы, загваздка. Во так вырвала яе і тады ўжо хутчэй кідай. А сама — носам у зямлю, каб асколкі не дасталі, яны веерам разлятаюцца. Сцяміла? На, павучыся. Толькі чаку не чапай, а то загінем ля ўласнай печы.

Да навукі Вольга была спрытная. Адразу зрабіла ўсё, як паказваў стары, без адзінай памылачкі. Захар Пятровіч пахваліў:

— Табе ружэйным майстрам трэба быць.

Ад гэтай жартаўлівай пахвалы чамусьці балюча сціснулася сэрца: як многа яна магла б пазнаць у жыцці, дарога ж была адкрытая, як многім іншым, а яна прамяняла навуку на гарод і рынак, на тачку з салатай ды цыбуляй.

Пра гэта думала, ідучы ад Захара Пятровіча, несучы пад грудзьмі запалы. Зноў думала, як некалі будзе вучыцца. Ажно расхвалявалася, быццам бегла на прыёмны экзамен у інстытут. Ды не доўга прыйшлося памарыць: насустрач прайшлі бела-шэрыя, плямістыя нямецкія грузавікі, і салдаты на адным з іх з рогатам і галёканнем пачалі паказваць на яе пальцамі. У Вольгі памлелі ногі. А раптам грузавік спыніцца і яны абкружаць яе, пачнуць зрываць вопратку, адзенне?

Страх перад немцамі ўзнік зноў, калі збірала малую Светку, каб завесці да брата. Думала, што гэта самае простае, баялася хіба аднаго — свайго развітання з дзіцем. Але за ўвесь час акупацыі — і ўлетку, і ўвосень, і цяпер, зімой, — яна не выводзіла малую далей дома цёткі Марылі, праз тры двары ў іх завулку. Калі не лічыць тых двух ці трох немцаў, што заходзілі да яе з паліцаямі, акупанты не бачылі яе дзіцяці, яно жыло ў сваёй дзяржаве, па сваіх законах. А цяпер ёй трэба пасадзіць яе, захутаную, на саначкі і везці ажно на Старажоўку. Праўда, не па цэнтральных вуліцах, дзе большасць прахожых — немцы, але, можа, гэта яшчэ горш, што вуліцы глухія, ускраінныя, там калі гад які прычэпіцца, дык і абараніць няма каму. Бадай, ніколі за ўсю вайну яна не адчувала так сваю безабароннасць, як цяпер. Не разумела і дзівілася, чаму ёй прыйшло ў галаву завезці дзіця. Колькі разоў хадзіла ў вёскі, аднойчы дзён пяць блукала і ні разу не адводзіла малую да брата, пакідала з Марыляй. Чаму цяпер захацелася абавязкова завезці? Само такое рашэнне палохала, але пераадолець сваё жаданне не магла. Павезла. Трэба было спяшацца, каб пад вечар быць дома — прынясуць гранаты.

Усё прайшло добра. Нават развіталася са Светай лёгка, без душэўнага надрыву. Дзяўчынка хутка пасябравала з пяцігадовай стрыечнай сястрой, і гэта Вольгу парадавала. З Галяй, братавай, яна, тады яшчэ школьніца, дзяўчынка, дружыла, асабліва першы год пасля таго, як Казімір жаніўся. Але пасля маці неўзлюбіла нявестку, заеліся, перасварыліся, яна, падростак, безумоўна, падтрымала маці, хоць ніколі не адчувала да Галі асаблівай непрыязнасці, на брата большую крыўду мела.

Братавая неахвотна прыняла чужое, як яна сказала, дзіця, і гэта Вольгу нядобра кранула. Галя яўна хацела пасварыцца — адпомсціць за даўнія крыўды. Але здарылася дзіўнае: тое, як яна сварылася, ніколечкі не кранула Вольгу, не ўзлавала, наадварот, неяк узбадзёрыла, развесяліла і нават вярнула ранейшую прыязнасць да нявесткі.

Галя сказала:

— Усё лётаеш, усё гандлюеш? Усё з цябе мала? Людзі паміраюць, а ты багацееш. Ох, ненажэрная ў вас вантроба, праклятыя Ляновічы! Скруціце вы галовы. Пакінеце дзяцей сіратамі.

Біла не столькі па ёй, па Вользе, колькі па яе мінулым і па сваім мужу, які пайшоў на службу да гітлераўцаў. I гэта Вользе падабалася. Яна засмяялася і пацалавала здзіўленую Галю. Дадому вярнулася ў добрым гуморы. I рэшту дня думала і хвалявалася хіба пра адно: калі ж прынясуць гранаты?

Іх прынёс упрыцемку ўжо юнак у паліцэйскай форме, якога Вольга не паспела разгледзець.

Сказаў пароль, перадаў з рук у рукі ў цёмнай кухні цяжкую бляшанку і адразу нырнуў у дзверы, быццам баяўся, каб яго не пазналі ці не запомнілі ў твар.

Вольга адкрыла вечка высокага чатырохграннага вядра і адвярнула нос: поўна ванючай мазуты.

Хоць гранаты былі загорнуты ў парусіну, але мазута ўсё адно прасачылася, і Вольга вельмі акуратна і асцярожна, як вялікую каштоўнасць, працерла іх чыстымі анучамі, загарнула кожную паасобку ў купленыя і свае хусткі, сарочкі, кофтачкі, дзе ўсунула ў чаравікі, штук колькі ў торбу з соллю, не пашкадавала і тых рэчаў, якія ніколі не думала выменьваць, упакавала ўсё ў мяшок так, каб ніхто, ні Друцька, ні немцы на пастах, не мог намацаць цвёрдыя прадметы. Увесь мяшок мяккі.

Поделиться с друзьями: