Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Таемны Пакой

Роўлінг Дж. К.

Шрифт:

Дадлі неадкладна адступіўся з выразам дзікага жаху на тоўстай фізіяноміі.

– Н-нельга… Тата забараніў табе ч-чараваць…ён сказаў, што в-вышпурне цябе з д-дому… а табе больш няма куды ісці… у цябе нават сяброў няма, куды б…

– Колды-доўбні!
– люта замармытаў Гары.
– Фокус-покус, фіглі-міглі…

– МААААААМ!
– загарлапаніў Дадлі і, спатыкаючыся, панёсся да дома.
– МАААААМ! А ён… сама ведаеш што!

Гары дорага заплаціў за гэтую нявінную забаўку. Ні Дадлі, ні загарадзь не пацярпелі, так што цётка Пятуння разумела, што ніякага вядзьмарства не было, але Гары ўсё ж давялося ўварочвацца ад патэльні, якой яна жадала яго ўдарыць. Потым яна нагрузіла яго працай, сказаўшы, каб ён забыў аб ежы датуль, пакуль усё не выканае.

Дадлі сноўдаўся вакол і еў марозіва, а Гары памыў вокны ў доме, памыў машыну, падстрыг газон, прапалоў кветнікі, абрэзаў і паліў ружы, а таксама падфарбаваў садовы ўслон. Сонца бязлітасна паліла, абпальваючы ззаду шыю. Гары ведаў, што яму не варта было слухаць, што там казаў Дадлі, але той здолеў усё ж ткнуць у хворае месца… можа быць, у яго і праўда няма сяброў у "Хогвартсе"…

Шкада, што ніхто не бачыць знакамітага Гары Потэра зараз, люта думаў ён, раскладваючы гной на градкі, абліваючыся потам, знемагаючы ад болю ў спіне.

Была палова на восьмую, калі ён, стомлены, пачуў нарэшце, што яго кліча цётка Пятуння:

– Захадзі ў дом! І ідзі па газетах!

Гары з палёгкай увайшоў у прахалоду зіготкай чысціні кухні. На халадзільніку стаяў прызначаны для гасцей пудынг: вялізная шапка ўзбітых вяршкоў і цукровыя фіялкі. У духоўцы шыпеў вялікі кавалак свіной паляндвіцы.

– Давай ясі па-хуткаму! Мэйсаны хутка прыйдуць!
– гыркнула цётка Пятуння і шпурнула на сподак два кавалачкі хлеба і рэшткі сыра. Яна ўжо апранула вячэрнюю сукенку колеру ласося.

Гары памыў рукі і запіхаў у рот сваю небагатую вячэру. Ледзь толькі ён скончыў, цётка выхапіла талерку у яго з рук.

– Наверх! Хутка!

Праходзячы паблізу дзвярэй у гасціную, Гары мімаходам убачыў дзядзьку Вернана і Дадлі ў смокінгах. Ён толькі-толькі падняўся на лесвічную пляцоўку на другім паверсе, як пачуў званок, а твар дзядзькі з'явіўся поруч парэнч унізе.

– Запомні, хлопец - адзін раз пікнеш…

Гары на пальчыках пракраўся ў свой пакой, слізгануў унутр, зачыніў за сабою дзверы і звярнуўся да ложка з намерам паваліцца на яго без сіл.

Бяда ў тым, што ложак ужо быў заняты - на ім ужо хтосьці сядзеў.

— РАЗДЗЕЛ II —

Папярэджанне Добі

Гары толькі цудам утрымаўся і не ўскрыкнуў. У маленечкага стварэння на ложку былі вялікія, як у кажана, вушы і зялёныя вочы памерам з тэнісны мяч. Гары адразу ж здагадаўся, што менавіта гэтыя вочы глядзелі на яго з садовай загарадзі сёння раніцай.

Гары і візіцёр моўчкі ўтаропіліся адзін на аднога, а ў гэты час знізу данёсся голас Дадлі:

– Дазвольце ўзяць вашыя паліто, містэр і місіс Мэйсан?

Стварэнне сасклізнула з ложка і адвесіла паклон, такі глыбокі, што кончык яго доўгага, тонкага носу крануў дыван. Гары толькі зараз зазначыў, што няпрошаны госць апрануты ў штосьці накшталт старой навалачкі з неакуратна прадзёртымі дзіркамі для рук і ног.

– Эээ… добры дзень!
– нерашуча сказаў Гары.

– Гары Потэр!
– выклікнула істота пранізлівым голасам, які напэўна павінен быў дайсці да першага паверху.
– Даўным-даўно марыў Добі аб знаёмстве з вамі… Такі вялікі гонар…

– Дзя..дзякуй, - сказаў Гары, падышоўшы да крэсла каля пісьмовага стала і разгублена апусціўшыся на яго. Побач, у клетцы, моцна спала Хэдвіг. Хлопчык хацеў было спытаць: "Што вы за істота?", але падумаў, што гэта будзе занадта ўжо няветліва і таму абмежаваўся нявызначаным: "Хто вы?"

– Добі, сэр. Проста Добі. Добі - Хатні эльф, - адказаў госць.

– Праўда?
– выклікнуў Гары.
– Эээ… паслухайце, я не хацеў бы падацца няветлівым і ўсё такое, але… у мяне зараз такі момант… ну, не самы прыдатны час, каб прымаць Хатніх эльфаў у сваім пакоі.

Залівісты, фальшывы смех цёткі Пятунні дакаціўся з гасцінай. Эльф павесіў галаву.

– Не тое, каб я не быў рады вашаму візіту, - хутка дадаў Гары, - але, ммм… вы ж прыйшлі з нейкай асаблівай нагоды?

– О, так, сэр, - сур'ёзна сказаў Добі, - Добі прыйшоў сказаць вам, сэр… гэта нялёгка, сэр… Добі нават не ведае, з чаго пачаць…

– Прысаджвайцеся, - ветліва прапанаваў Гары, паказваючы на ложак.

Да яго найвялікшага жаху, эльф раптам вельмі гучна зарыдаў.

– П-п-прыса-а-а-джвайцеся…, - скуголіў ён, - ніколі… ніколі раней…

Гары пачуў, што галасы ўнізе на секунду сціхлі.

– Прабачце, - прашаптаў ён, - я зусім не хацеў вас пакрыўдзіць і наогул…

– Пакрыўдзіць Добі!
– захлынуўся эльф.
– Добі яшчэ ніхто ніколі не прапаноўваў сесці… ні адзін вядзьмак… як роўнаму…

Гары, спрабуючы адначасова казаць "шшш" і рабіць спачуваючы выраз твару, праводзіў Добі да ложка, дзе той сеў, ікаючы, падобны на вялікую выродлівую ляльку. Нарэшце ён здолеў узяць сябе ў рукі, і ўтаропіўся на Гары сваімі вялізнымі вачыма з выразам слязлівай любові.

– Напэўна, вам не часта сустракаліся прыстойныя ведзьмакі, - паспрабаваў падхрабрыць яго Гары.

Добі патрос галавой. Затым, без усякага папярэджання, ён ускочыў і прыняўся біцца галавой у шыбу з лямантамі: "Дрэнны Добі! Дрэнны Добі!"

– Не трэба - што вы робіце?
– сыкнуў Гары, падляцеўшы да эльфа і адцягнуўшы яго ад вакна - Хэдвіг прачнулася, выдала нейкі пранізлівы енк і забіла крыламі па клетцы.

– Добі павінен пакараць сябе, сэр, - растлумачыў эльф. Вочы ў яго злёгку з'ехалі да пераносся.
– Добі ледзь было не сказаў дрэннае пра сваю сям'ю, сэр…

– Сям'ю?

– Чароўную сям'ю, у якой Добі служыць, сэр… Добі - Хатні эльф… абавязаны служыць аднаму дому, вечна…

– А яны ведаюць, што вы тут?
– пацікавіўся Гары.

Добі здрыгануўся.

– О, не, сэр, не… Добі давядзецца балюча пакараць сябе за прыход сюды, сэр. За гэта Добі давядзецца прышчыкнуць сабе вушы дзверцамі духоўкі. Калі б яны толькі ведалі, сэр…

– Але хіба яны не заўважаць, што вы прышчыкнулі вушы?

– Добі сумняваецца ў гэтым, сэр. Добі часта даводзіцца караць сябе за што-небудзь, сэр. Яны лёгка мірацца з гэтым, сэр. Часам яны нават нагадваюць Добі, што таму варта пакараць сябе…

Поделиться с друзьями: